Знайсці
02.05.2019 / 23:0714РусŁacБел

«Будзем звяртацца ў Канстытуцыйны суд». Ад арганізатараў мітынгаў патрабуюць аплачваць паслугі міліцыі

«Ёсьць думка дайсьці з гэтай гісторыяй да Камітэту правоў чалавека ААН, бо яна відавочна даказвае, што ніякая Беларусь не прававая і не дэмакратычная краіна, калі ў ёй гэтак проста парушаюць права на свабоду сходаў, а суды гэта пакрываюць», — кажа Ігар Барысаў.

Суд Цэнтральнага раёну Менску аштрафаваў на 765 рублёў старшыню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава. Палітыка пакаралі за адмову аплочваць паслугі міліцыі падчас сьвяткаваньня Дня Волі 24 сакавіка, піша «Радыё Свабода».

Тады ў Кіеўскім сквэры сталіцы адбыўся мітынг і сьвяточны канцэрт з нагоды 101-х угодкаў БНР. Ігар Барысаў быў адным з заяўнікаў мерапрыемства, якое паводле дамовы мусіла ахоўваць міліцыя.

Але плаціць за паслугі міліцыянтаў арганізатары ня сталі, бо ў зоне аховы невядомыя ў цывільным без прычыны затрымалі двух выступоўцаў, Зьмітра Дашкевіча і Віталя Рымашэўскага. Таксама некаторых наведнікаў міліцыянты затрымлівалі за бел-чырвона-белыя сьцягі і сымболіку.

Усяго заяўнікаў было чатыры:

  • Ігар Барысаў (старшыня «Грамады»),
  • Юрась Губарэвіч (лідэр руху «За свабоду»),
  • Вольга Кавалькова (сустаршыня БХД),
  • Мікалай Казлоў (лідэр АГП).

Кожнага зь іх у выніку аштрафавалі на 765 рублёў (30 базавых велічынь).

Як і іншыя заяўнікі, Ігар Барысаў будзе абскарджваць прысуд. Ён дадаў, што ягоная партыя зьвернецца ў Канстытуцыйны суд, каб зьмяніць закон «Аб масавых мерапрыемствах».

«Калі на арганізатараў закон ускладае адказнасьць, прымушае іх заключаць пэўныя дамовы са службамі, якія фактычна аказваюць паслугі, дык павінен быць і мэханізм абскарджваньня гэтых паслуг на выпадак, калі яны не выконваюцца. Але такі мэханізм у законе адсутнічае», — адзначыў ён.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера