Знайсці
05.05.2019 / 13:464РусŁacБел

Што мы слухалі ў красавіку: дзясятка найбольш значных музычных альбомаў месяца

Як заўсёды, на пачатку месяца мы падбіраем дзясятку найбольш значных, на наш погляд, музычных навінак. Прыемна, што з іх тры — беларускай вытворчасці. 

AKUTE — V

Свой пяты альбом магілёўскі гурт ствараў і запісваў сваімі сіламі, вырашыўшы змяніць гучанне. Фірмовы гітарны саўнд саступіў месца іншым інструментам і новым музычным спробам.

У выніку атрымаўся вельмі нехарактэрны альбом, які, мяркуецца, публіка будзе доўга смакаваць і знаходзіць нешта для сябе новае.

Weyes Blood — Titanic Rising

Чацвёрты альбом амерыканкі Наталі Мерынг быў вельмі высока ацэнены музычнымі крытыкамі і слухачамі. Выбудаваўся нават спіс выканаўцаў, якімі натхнялася спявачка пры стварэнні новых песень — ад Боўі да LCD Soundsystem. 

Але ў той жа час, нават калі музыка Weyes Blood падобная да нечай, яна абсалютна аўтэнтычная. Паслухайце, але рабіце гэта сфакусавана і доўга.

alyona alyona — Пушка

 

Пра гэты рэліз і музычную з'яву пад назвай alyona alyona мы пісалі на пачатку красавіка. Але ў музычных выніках месяца ніяк нельга абысціся без галоўнай зоркі ўкраінскага рэпу.

Калі вы яшчэ не чулі, то паслухайце, а потым зацаніце кліпы. А тым, хто ўжо знаёмы з творчасцю Алены Саўраненка, — добрая нагода пераслухаць «Пушку».

LSD — Labrinth, Sia & Diplo Present… LSD

LSD — гэта музычны калектыў, які складаецца з брытанскага музыкі Labrinth, аўстралійскай спявачкі Sia і амерыканскага прадзюсара Diplo.

Аб'яднаўшыся летась для сумеснай творчасці, LSD запісалі шэсць сінглаў, а ў красавіку запісалі дэбютны альбом. Вясёлая псіхадэлічная вокладка ў стылі плытак 60-х намякае на разнажанравы калейдаскоп унутры.

Так яно і ёсць. Паслухайце:

 

The Chemical Brothers — No Geography

Запісваючы свой дзявяты альбом, «хімічныя браты» вырашылі адмовіцца ад усяго музычнага абсталявання, што накапілася за 20 год. Выкінуць баласт, які рабіў іх саўнд крыху прадказальным, і пазабаўляцца так, як яны рабілі ў маладосці.

Palina — Грустные песни

Раней Паліна Рэспубліка спявала свае пранізлівыя песні пад гітару. Цяпер Palina спявае сумныя песні пад электронныя рытмы, але пранізлівасць нікуды не знікла.

У альбоме, музыка якога складалася апошнія тры гады разам з расчараваннямі і эмоцыямі, Паліна застаецца максімальна шчырай.

Cage The Elephant — Social Cues

Як жа прыемна паслухаць добрае інды ў час бясконцых эксперыментаў, калі некалі культавыя калектывы скатваюцца то ў электроншчыну, то ў нешта накшталт папсы.

Але мэсэдж альбома не такі пазітыўны: ён запісаны пасля разводу фронтмэна Мэта Шульца, смерці ягонага стрыечнага брата і блізкага сябра. Таксама ў ім ёсць разважанні пра дэпрэсію і адваротны бок жыцця рок-н-рольшчыкаў.

Вася Обломов — Этот прекрасный мир

Шыкоўны ў сваёй беспрасветнасці альбом.

У ім можна адсачыць, як лінейны сюжэт аб жыцці чалавека ва ўмовах сучаснай Расіі ад нараджэння да смерці, так адсылкі да імпатэнцыі палітычнай барацьбы, дзе праціўнікі ўлады змагаюцца з ёй лайкамі і флэшмобамі, а таксама іранічныя песні пра суворую рэчаіснасць, у якой беларус таксама знойдзе шмат знаёмага.

Recha — Žyvak

Žyvak — песні, напісаныя гуртом Recha цягам 10 гадоў і запісаныя жыўцом за адзін вечар. Гэты альбом найбольш адпавядае канцэртнаму гучанню Recha перыяду 2009—2017 гадоў.

Цяпер гурт шукае новую мастацкую мову, стварае новы музычны матэрыял, але Žyvak застаецца эталоннай працай, творчым і жыццёвым падсумаваннем.

The Cranberries — In The End

15 студзеня 2018 года стала вядома аб смерці вакалісткі The Cranberries Далорэс О'Рыардан. 

Матэрыял быў запісаны за два тыдні да трагедыі. Гурту спатрэбіўся год, каб зрабіць з яго развітальны альбом і паставіць кропку ў сваёй творчасці. 

Нашы папярэднія агляды:

Піліп Каваленка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера