Знайсці
29.06.2019 / 14:2812РусŁacБел

«Гаварыце па-руску», або Як наша мова перажыла XVIII стагоддзе

У тыя часы мову Расіі, «маскоўскую», у нас адрознівалі ад «рускай». «Рускай» тады называлі беларускую і ўкраінскую. Яна страціла афіцыйны статус, але ёю працягвалі карыстацца ўніяцкія і праваслаўныя святары, расказвае кандыдат гістарычных навук Дзяніс Лісейчыкаў.

Святар царквы ў мястэчку Пагост Аршанскага павета Ян Нарановіч піша па-«руску» і кірыліцай (уверсе), і лацінкай (унізе). 1732—1733 гады. Фота: НГАБ.

«Пісар мает па-руску, літарамі і словы рускімі ўсі лісты, выпісы і позвы пісаці, а не іншым езыком і словы». Паняцця дзяржаўнай мовы ў XVI стагоддзі яшчэ не існавала, але Статут Вялікага Княства Літоўскага выразна вызначаў, якой мовай павінны карыстацца дзяржслужбоўцы. І на якой мове мусяць весці дакументы.

Руская мова Статута — гэта мова рускіх, русінаў, усходнеславянскага насельніцтва беларускіх і ўкраінскіх зямель. Розніца ў вымаўленні існавала, аднак на пісьме беларусы і ўкраінцы тады пісалі адной мовай.

З лёгкай рукі акадэміка Яўхіма Карскага рускую мову Вялікага Княства Літоўскага сталі называць «старабеларускай» — каб адрозніваць ад сучаснай яму мовы Расійскай імперыі. Нашы паўднёвыя суседзі называюць яе «стараўкраінскай».

І для гэтага таксама ёсць падставы: гісторыя Русі пачыналася з Кіева. Але як ні назавеш рускую мову Вялікага Княства (а многія гісторыкі мяркуюць, што менавіта так — рускай — яе і трэба называць, прычым нават без двукосся), бясспрэчна, што вытокі сучасных беларускай і ўкраінскай моў — у ёй.

Гавораць продкі

Неспрактыкаваны чалавек бачыць паміж сучаснай беларускай мовай і «старабеларускай» узору XVI—XVII стагоддзяў найперш адрозненні. Прычынай таму сённяшні фанетычны правапіс. Мы прывыклі чытаць так, як напісана — бо ж ведаем, што па-беларуску «як чуецца, так і пішацца». Але ў нашых продкаў было не так. Яны пісалі згодна з тагачаснымі правіламі (хоць далей пабачым, што часам ад іх маглі адыходзіць), і пры чытанні тэкст трохі адрозніваўся ад напісанага. А каб нам пачуць у тагачасным тэксце знаёмую беларускую, трэба проста замяніць у ім «и» на «і», «о» ў адпаведных месцах на «а», «е» на «э» ці «я». Карціна зменіцца на вачах.

Вось, напрыклад, «руская» мова ўзору 1676 года з кніг Полацкага магістрата з адпаведнымі карэкціроўкамі:

«Рэестр нам для памяці. Мне, Мікіце Чарнышу, і мне, Даніле Авсеевічу, як многа мы людзям вінны, і людзі нам, і грошэй гатовых па колька мы палажылі на умесный гандэль.

Мы поспалу злажылі па коп 20, то чыніць коп 40. У Полацку крамнікам за розный тавар засталі вінны [далей ідзедоўгі пералік грашовых сумаў].

У Полацкам ваяводстве на Рудзе Жгунов падданый Пятрок вінен коп 2, Галцяй Федзька пажычыл коп 3, на Ісцы Сідар, баярын на Піліпаве, вінен залатых 9, на Ісцы Горках Павлюк вінен залатых 2, там жэ на Горцы Іван пажычыл залатой 1, на Шалухове Васька пажычыл грошэй 36. Сусед яго Якуб грошэй 24».

Наша мова пратрымалася дзякуючы царкве

Мова нашых продкаў у 1696 годзе страціла афіцыйны статус. Усе дзяржаўныя дакументы адгэтуль павінны былі складацца толькі па-польску.

Святар у чоўне пераплывае раку Прыпяць каля царквы ў вёсцы Белая Сарока сённяшняга Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці. 1759 год. Малюнак з метрычнай кнігі. Фота: НГАБ.

Сапраўды, у дзяржаўным справаводстве XVIII стагоддзя мы старабеларускай мовы практычна не бачым. Хіба калі пісар робіць копію-выпіску з ранейшага дакумента. Але і называць XVIII стагоддзе бяспісьменным для беларускай мовы нельга: «русчызну» захоўвалі цэрквы грэцкага абраду — праваслаўная і ўніяцкая (грэка-каталіцкая). Абедзве мелі свае разгалінаваныя сістэмы справаводства, уласныя друкарні.

Так, апошняя кніга цалкам на «рускай» мове выйшла ў 1722 годзе ў друкарні беларускіх супрасльскіх базыльянаў. А ў 1732 годзе яе перавыдалі ўкраінскія базыльяне з Унева на Львоўшчыне.

Кірылічныя кнігазборы меліся пры кожнай праваслаўнай і ўніяцкай царкве. Святары чэрпалі адтуль кніжную мудрасць і на зразумелай мове даносілі яе да паствы ў час казанняў. Сетка парафій грэцкага абраду, праваслаўных і ўніяцкіх, адлюстроўвае тэрыторыю кампактнага пражывання «народу рускага», так званай русінскай этнаканфесійнай супольнасці — продкаў беларусаў і ўкраінцаў.

Карыстаючыся тэрміналогіяй аператараў мабільнай сувязі, плошча пакрыцця і шчыльнасць базавых станцый на нашых землях у XVIII стагоддзі былі самымі развітымі ва Уніяцкай царкве.

Але як адрозніваюцца ў розных мясцовасцях моц сігналу і якасць сувязі, так рознай была і сіла традыцыі «рускай» мовы. Ці ёсць у сённяшняга даследчыка магчымасць вызначыць моц гэтага сігналу? Ёсць! Дапамагаюць метрычныя кнігі.

Рэйды з праверкамі бываюць і на карысць

Доўгі час форма запаўнення метрычных кніг не рэгламентавалася — святары пісалі хто як хацеў, а часта ўвогуле ленаваліся пісаць. Для святароў Кіеўскай мітраполіі, куды адносіліся нашы праваслаўныя храмы, узор даў мітрапаліт Пятро Магіла ў «Трэбніку» 1646 года. Але распаўсюджання кніга не атрымала. Затое ўніяцкае «Сабранне прыпадкаў кароткае і духоўным асобам патрэбнае», што выйшла ў 1722 годзе, за кароткі тэрмін дайшло да большасці парафіяльных цэркваў.

Тытульны аркуш кнігі «Сабранне прыпадкаў кароткае і духоўным асобам патрэбнае». Супрасль, 1722 год. Гэта кніга не давала святарам забыць «рускую» мову. Фота: Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

«Чы трэба акрышчонага ў метрыкі ўпісаці? Трэба такімі словы: Аз, іерэй, …, Прэзвітэр Цэркве …, року, месяца …, дня …, акрэсціх у Цэркві … Раба Божыя …, раждзеннага ад радзіцеляў …. Радзіцеліе крэсныі пры Крышчэнні былі …».

«Сабранне прыпадкаў» мела ў XVIII стагоддзі вялізнае значэнне. У тагачасным спаланізаваным грамадстве кніжка нагадвала святарам, як чытаць і пісаць «па-руску», падказвала словы, выразы, царкоўныя тэрміны. Ёсць нават сведчанні, што на кніжку абапіраліся пры фальсіфікацыі дакументаў, нібыта датаваных пачаткам XVII стагоддзя.

Святар царквы ў мястэчку Пагост Аршанскага павета Ян Нарановіч піша па-«руску» і кірыліцай (уверсе), і лацінкай (унізе). 1732—1733 гады. Фота: НГАБ.

Царкоўнае начальства дбала пра захаванне «рускай» мовы, праяўляла ініцыятыву «зверху». Гэта відаць на прыкладзе святара з мястэчка Пагост (Пагост-Загародскі) на Піншчыне. Метрычную кнігу ён падпісаў па-«руску» лацінскімі літарамі: «Metrika duchownaia cerkwi Pohoskoy zaczata w roku 1750». Але вёў яе выключна па-польску. Да 1758 года, калі раптам кожны другі-трэці запіс святар пачынае рабіць па-«руску». У чым прычына такой рэзкай перамены? А ў тым, што ў 1758 годзе ў Пагост з епіскапскай праверкай прыехаў манах-базыльянін Тадэвуш Зарускі. Менавіта пасля праверкі ў метрычных кнігах сталі з’яўляцца запісы на «рускай» мове.

Святар царквы ў мястэчку Пагост-Загародскі Пінскага павета Ян Тарановіч пасля правядзення праверкі ў 1758 годзе пераходзіць у метрычнай кнізе з польскай на «рускую» мову. Фота: НГАБ.

Царкоўныя ўлады былі зацікаўленыя ў захаванні асаблівасцей сваёй канфесіі. Адной з іх было выкарыстанне кірылічных тэкстаў — і «рускіх», і царкоўнаславянскіх. Але ступень падтрымання мовы залежала і ад святара.

Пагосцкія кнігі зноў пачалі весціся па-польску пасля 21 снежня 1770 года. Стары святар Ян Тарановіч, які выкарыстоўваў «рускую» мову, памёр 26 студзеня 1771-га. Відавочна, час поўнага пераводу кніг на польскую супадае з пачаткам смяротнай хваробы Тарановіча. Ён адышоў ад спраў, а яго месца заняў ужо цалкам польскамоўны Адам Шамятыла.

Грыпіна, Ёўга і Яжэп

Паўстае пытанне: наколькі святары валодалі «рускай» мовай? Магчыма, меў месца фармальны падыход да справы? Ёсць патрабаванне весці нататкі «па-руску» — ёсць і адпаведныя запісы!

На справе большасць святароў, нягледзячы на ўплывы польскай культуры, простумову — было тады і такое яе акрэсленне — не забывалі. Гэта відаць з іх пісьмовых імправізацый: святары падганялі фармуляр запісу пад традыцыі жывога маўлення сваіх прыхаджан.

Напрыклад, амаль заўсёды царкоўнаславянская фармулёўка родітеліе крестныі замянялася звыклым кум і кума. Для пазначэння жыхароў вёскі Гарадзец Пінскага павета святар выкарыстоўваў словы тутэйшы і тутэйша. Ён жа сведкаў пры шлюбе называў сваты. Святары царквы ў вёсцы Грушнае Оўруцкага павета (цяпер Брагінскі раён) для пазначэння парафіян-сялян ужывалі тэрмін працавітыя.

А найбольш творча святары падыходзілі да напісання імёнаў. Не спрашчалі да царкоўнаславянскай нормы, а пакідалі тую форму, якой чалавека клікалі ў яго мясцовасці. Вось хто сустракаецца ў метрычных кнігах: Аўдоця (Аўдзюха), Агапа, Алена (Олена), Алеся (Олеся), Амялян (Омелян), Апанас, Арына (Орышка), Атрахім (Атрошка), Ахрэм, Васіль (Васька), Гаўрыла, Ганна, Гарасім, Грыпіна, Грышка (Грыц), Даніла, Яжэп, Ігнат, Ёўга, Кацярына (Кацюха), Кірыла (Кірыло, Курыла), Крыся, Ксеня, Лявон, Люба, Мікалай, Навум, Настася, Паўлюк, Палагея, Памфіла, Параска, Пятро, Прося, Саўка, Самусь (Самойла), Стахей, Сцяпан, Тася, Цярэшка, Цімох, Хведар (Хвеська), Хвеся, Хіма, Яўмен, Яўхім (Аўхім), Якім, Ярмола, Яська (Еська).

Жывая традыцыя русчызны праяўлялася і ў прозвішчах замужніх жанчын, якія пісалі паводле прозвішча ці імя мужа, але дадавалі традыцыйныя канчаткі —іха, —ыха: Алексіха, Бараніха, Багатырэвічыха, Балабаніха, Грыгорыха, Занюцічыха, Кірыковічыха, Казачыха, Комчыха, Коржыха, Кароліха, Любімчыха, Матвеіха, Наварычыха, Акунчыха, Алешчыха, Паўловічыха, Панцялеіха, Пракопіха, Равячыха, Рубасіха, Рудзіха, Саўчыха, Саковічыха, Сяменіха, Січэвічыха, Саланевічыха, Сухавершыха, Талабаіха, Цімошыха, Хвядорыха, Хведчыха, Хомічыха, Янковічыха, Ярмошыха.

І ў правапісе, і ў лексіцы прабіваліся рысы беларускай мовы. Сустракаецца: давъ шлюбъ, кумамъ бивъ. Святары вёскі Белая Сарока выкарыстоўвалі выразы дні неделніе і свята урочістые, пры апісанні месца пахавання ўжывалі выраз на могілках. Праяўляліся і асаблівасці вымаўлення: дзеканне (попадзя, дзевка), цеканне (Улиционок, Сцепан, Цимох), аканне (Барыс, Патап, Слабодка), яканне (Амялян, Чамяры), цвёрдыя р і ч (вступуючы, ГрышкаРабы, метрыка, Окунчыха). Перадача гука щ на пісьме часта ішла праз шч: Олешчыха, Шчука. Гук ф нярэдка перадаваўся праз спалучэнне хв: Никихвор, Пархвен, Хведор. Святар царквы ў мястэчку Пагост Аршанскага павета да сваёй жонкі ў метрычнай кнізе ўжываў азначэнне Арына, пападзя. Нібы сучасны чалавек прамаўляе, а не продак з XVIII стагоддзя!

Хто ўсе гэтыя людзі

Русчызна трымала моцныя пазіцыі перш за ўсё на землях Пінска-Тураўскай епархіі (Мазырскі, Пінскі і поўдзень Навагрудскага павета). Тут «руская» мова выкарыстоўвалася найдаўжэй. Апрача гэтага, святары епархіі засведчылі ўменне самастойна складаць «рускамоўныя» фармуляры для фіксацыі шлюбаў і пахаванняў. Святар царквы вёскі Азяраны Пінскага павета Якуб Грудніцкі распрацаваў асобную мілую форму для запісаў аб хрышчэнні ўласных дзяцей: «Року 1753 месяца юля дня 23 урадзілася мі дшчэр на імя Анна. Кумам быў Людвісь Арэшка, кумою Марыя Грудніцкая».

Многія ўсё ж паступова пераходзілі на польскую, процістаяць агульным тэндэнцыям было досыць складана — у XVIII стагоддзі польская ўжо стала мовай эліты, шляхты і магнатаў, а «руская» ўжывалася ўсё больш лакальна, паміж сваімі. Дакументы выразна паказваюць гэты драматычны пераход. Так, святар з Жыткавіч Рыгор Завітневіч вёў запісы па-«руску», але з 1762 года перайшоў на польскую. Тым не менш у яго пісьме застаюцца рудыменты русчызны: «Ja, yerey Hryhory» («Я, ерэй Грыгоры»). Але праз 8 гадоў ён ужо піша па-польску і сваё імя: «Ja, Grzegorz Zawitniewicz». Тым не менш доўгі час айцец Рыгор практыкаваў білінгвізм: запісы аб нараджэнні складаў па-«руску», а запісы аб бласлаўленні шлюбаў, якія не мелі вызначанага ўзору, па-польску.

Важнае пытанне: кім былі носьбіты пісьмовай традыцыі русчызны, гэтыя людзі, якія ўсё XVIII стагоддзе трымаліся сваёй мовы? Аналіз паказаў, што ўсе святары, якія пакідалі «рускамоўныя» запісы ў метрычных кнігах, былі прадстаўнікамі мясцовых святарскіх дынастый. Многія належалі да царкоўнай іерархіі сярэдняга звяна: былі пратапопамі (дэканамі) альбо гэтыя пасады займалі іх дзеці. То бок у параўнанні з астатнім святарствам узровень адукацыі ў іх быў даволі высокі, гэта не былі малаадукаваныя маргіналы, вымушаныя выкарыстоўваць «рускую» мову, паколькі іншай не валодалі. Гэта быў свядомы выбар.

Усё XVIII стагоддзе ўніяцкія і праваслаўныя святары захоўвалі моўную традыцыю на пісьме. У многім дзякуючы іх упартасці ў XIX стагоддзі руская мова Вялікага Княства развілася ў тую беларускую мову, якой мы карыстаемся цяпер.

 * * *

«Полска квітнет лаціною, Літва квітнет русчызною», — напісаў паэт Ян Казімір Пашкевіч, верагодна, ураджэнец Ашмяншчыны, у 1621 годзе.

Ніякіх звестак пра Пашкевіча не засталося, акрамя аднаго верша:

Полска квітнет лаціною,
Літва квітнет русчызною:
Без той в Полсцэ не прабудзеш,
Без сей в Літве блазнам будзеш.
Той лаціна езык дает,
Та без Русі не вытрвает…
Весялі ж се ты, Русіне,
Тва слава нігды не згіне!

У вершы ідзецца пра тое, што ў Вялікім Княстве немагчыма было не ведаць «рускай» (старабеларускай) мовы. Без яе будзеш блазнам, усе з цябе будуць смяяцца, заўважае паэт. «Радуйся, русіне, твая слава ніколі не згіне».

 * * *

Метрычная кніга, альбо ў побыце метрыка — дакумент, у якім настаяцель храма рэгістраваў нараджэнні, шлюбы і смерці парафіянаў. На нашых землях яны вяліся да 1920-х гадоў на ўсходзе і да сярэдзіны ХХ стагоддзя ў заходніх абласцях. Метрычныя кнігі — адна з асноўных крыніц для тых, хто шукае свае карані.

Найбольш метрычных кніг захоўваецца ў Мінску ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (Крапоткіна, 55). Самыя раннія запісы па каталіцкіх і кальвінісцкіх грамадах захаваліся за пачатак XVII стагоддзя, па ўніяцкіх — за 1630-я гады, па праваслаўных — за 1700-я гады. Мусульмане і іўдзеі на нашых землях уласныя метрычныя кнігі займелі толькі ў часы Расійскай імперыі — у 1820-я і 1830-я гады адпаведна.

На жаль, не ўсе метрычныя кнігі захаваліся. Сёння даследчыкі могуць працаваць з уніяцкімі метрычнымі кнігамі цэнтра і поўдня ВКЛ. Найлепш захаваліся кнігі Лагойскай, Мінскай, Навагрудскай, Палескай часткі Кіеўска-Віленскай мітрапаліцкай епархіі, Пінска-Тураўскай епархіі, часткова Полацкай архіепархіі (Барысаўскі і Чашніцкі дэканаты).

 * * *

Цікавая гісторыя двух пакаленняў святарскага роду Мігаёў — бацькі Лявона і сына Аляксея. Айцец Лявон у пачатку 1750-х быў святаром у Рэчыцы. Ён вёў метрычныя запісы па-«руску». Пазіцыі русчызны тут былі моцныя, і яна была запатрабавана не толькі сярод духавенства, але і сярод паствы. Пасля смерці айца Лявона яго сын Аляксей быў пераведзены ў вёску Грэбень на Пухавіччыне. Тут айцец Аляксей сутыкнуўся з зусім іншай моўнай сітуацыяй. Пазіцыі пісьмовай русчызны на поўдні Міншчыны былі ўжо страчаныя. Аляксей Мігай па-«руску» запоўніў тытульны аркуш, але ўсе метрычныя запісы грэбенскай царквы вёў ужо выключна па-польску (хоць у жыцці карыстаўся іншай мовай, мы ведаем гэта са шматлікіх ягоных «проб пяра», у тым ліку ў выглядзе прымавак).

 * * *

Выказваю падзяку Ганне Мажэйка, Змітру Віцько і айцу Расціславу Бандарэнку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Дзяніс Лісейчыкаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930