Небанальныя вараныя яйкі — з начынкай з грыбоў, авакада і печані траскі
Немагчыма ўявіць сабе стол на Вялікдзень без яек — сапраўдных сімвалаў гэтага светлага свята. І кожная гаспадыня ўпэўнена, што іх на стале не павінна быць мала. Дык чаму б не зрабіць асарці яек з рознымі начынкамі? Тут вы знойдзеце рэцэпт як традыцыйнай грыбной начынкі, так і больш цікавыя варыянты. Але я ўпэўнена, што кожны падбярэ штосьці на свой густ.
Рэцэпт начынак разлічаны прыкладна на 5 яек (10 палавінак). Вараныя яйкі разразаем на палоўкі, дастаем жаўток і напаўняем начынкай.
Начынка грыбная:
- 100 гр. шампіньёнаў;
- палова цыбуліны;
- 1 ст.л. крэм-чызу;
- 1 ст.л. смятаны;
- 20 гр. сыру;
- соль, перац;
- некалькі галінак пятрушкі;
- алей.
Цыбулю і грыбы наразаем дробнымі кубікамі. На патэльні грэем 1 ст.л. алею, на ім спачатку смажым цыбулю, потым дадаем грыбы. Смажым хвілін 5-7. Наступнымі дадаем смятану, крэм-чыз і сыр і даем яшчэ некалькі хвілін патушыцца на агні. Здымаем з агню, дадаем соль, перац і нарэзаную пятрушку.
Начынка гуакамоле:
- 1 спелы авакада;
- 2 зубчыкі часнаку;
- 5-6 шт. памідораў чэры;
- 1-2 ст.л. лімоннага соку;
- соль, перац.
Авакада чысцім ад скуркі і косткі. Размінаем відэльцам у пюрэ і адразу дадаем лімонны сок, каб авакада не стала цёмным. Часнок рэжам дробнымі кавалачкамі (ці прапускаем праз часнакадаўку). Памідоры чэры наразаем вельмі дробнымі кубікамі. Змешваем авакада, часнок, памідоры, соль і перац. Для ахвотнікаў да вострых страў можна дадаць у соус нарэзаны чырвоны перац чылі.
Начынка з печанню траскі:
- 1 бляшанка печані траскі (прыкладна 120 гр.);
- 4 вараныя жаўткі;
- зялёная цыбуля па смаку;
- перац.
Печань траскі пераціраем відэльцам разам з жаўткамі. Залёную цыбулю дробна наразаем і дадаем да начынкі. Перчым па смаку.