Знайсці
04.05.2019 / 09:0911РусŁacБел

Як сёння беларускія дактары робяць аперацыі па карэкцыі зроку ў 3D-фармаце. Расказваем пра тэхналогію 2019 года

Афтальмалагічнымі мыліцамі рэфракцыйны хірург медыцынскага цэнтра «Новы зрок» Вадзім Мурашка называе акуляры і кантактныя лінзы. І гэта натуральна, бо доктар працуе ў клініцы, якая адкрывае новую эру ў лазернай карэкцыі зроку — 3D-LASIK.

«Давайце пачнём з таго, што пры сучасным узроўні лазернай карэкцыі, якая, я лічу, дасягнула дасканаласці, здзек над сваім здароўем — насіць афтальмалагічныя мыліцы», — безапеляцыйна заяўляе Вадзім Мурашка.

Вадзім Мурашка, загадчык падраздзялення лазернай мікрахірургіі вока, доктар-афтальмолаг, хірург вышэйшай катэгорыі клінікі «Новы зрок», ужо 20 год дапамагае людзям захоўваць здароўе вачэй.

Кантактныя лінзы падыходзяць не ўсім. Многія проста фізічна не могуць іх насіць — вочы чырванеюць, не праходзіць непрыемнае адчуванне рэзі. Акуляры — гэта проста нязручна: яны могуць пабіцца, іх можна згубіць. У халодны перыяд году яны замярзаюць, дажджом — мокнуць.

«Ды і наогул, навошта з сябе здзекавацца, калі вучоныя, дактары ўжо ўсё прыдумалі і вынайшлі такую тэхналогію лазернай карэкцыі зроку, як 3D-LASIK?» — звяртаецца Вадзім Мурашка.

Давайце ж разбяромся, што гэта за інавацыя.

Карэкцыя зроку па тэхналогіі 3D-LASIK.

Пры карэкцыі зроку метадам 3D-LASIK выкарыстоўваюцца відэакамеры з шырокім дынамічным дыяпазонам (HDR). Камеры перадаюць патокавае відэа аперацыйнага поля на апрацоўку — так звычайная аптычная сістэма ператвараецца ў лічбавую.

Апрацаванае відэа з’яўляецца на экране ў выглядзе шырокафарматнай выявы высокай дасканаласці са значна павялічанай глыбінёй рэзкасці, выразнасцю і каляровым кантрастам. Хірург выкарыстоўвае 3D-акуляры, якія дапамагаюць яму ўспрымаць стэрэаскапічную трохмерную карцінку і бачыць структуру вока больш дэтальна.

«Яшчэ не так даўно мы, дактары, былі прывязаныя да мікраскопаў і абследавалі вочы пацыентаў праз іх, — кажа Вадзім Мурашка. — Вядома, мікраскоп добра павялічвае, хірург можа разглядзець усё, што трэба, але варта разумець: у колькі разоў павялічваецца выява, у столькі разоў павінен быць большы ўзровень асвятлення. Уяўляеце, якое яркае святло вымушаны быў цярпець пацыент падчас аперацыі»?

Тэхналогіі сённяшняга дня дазваляюць праводзіць аперацыю ў камфортных умовах, прычым як для доктара, так і для пацыента.

Аперацыя на два вокі цяпер займае ўсяго пяць хвілін.

«Няма нічога больш камфортнага, чым не проста назіраць дасканалую 3D-карцінку, а быць непасрэдным удзельнікам усёй гэтай трохмернай прыгажосці. Да таго ж, 3D-аперацыйная выглядае фенаменальна: усе дактары працуюць у адмысловых акулярах», — кажа доктар-хірург. 

У аперацыях па лазернай карэкцыі зроку ўдзельнічаюць сам хірург, аперацыйная медсястра і тэхнічны асістэнт.

«У нашай клініцы дзяжурыць яшчэ анестэзіёлаг-рэаніматолаг, але непасрэднымі ўдзельнікамі аперацыі з’яўляюцца тры спецыялісты, — кажа Вадзім Мурашка. — Раней мы мусілі камунікаваць адзін з адным, тлумачыць, што адбываецца. Цяпер жа і медсястра, і інжынер бачаць, на якім этапе аперацыі знаходжуся я. Так больш спакойна і нам, бо не трэба думаць пра тое, ці правільна цябе зразумеюць, і, самае галоўнае, ад гэтага спакойна пацыенту».

У стрэсавай сітуацыі, сцвярджае доктар, вельмі важна, каб пацыент не хваляваўся.

«Паверце, калі пацыент ляжыць на аперацыйным стале, яго слых абвастраецца ў шмат разоў. І калі дактары размаўляюць між сабой, любая інфармацыя можа быць успрынятая пацыентам як нагода для хвалявання. Цяпер жа, дзякуючы таму, што мы ўсё бачым на экране, мы можам паміж сабой не перамаўляцца наогул».

Больш за тое, тэхналогія дае магчымасць запісваць увесь ход аперацыі на відэа. Пацыент можа быць упэўнены, што кожны этап аперацыі фіксуецца, кантроль якасці праводзіцца на самым высокім узроўні.

«Трэба зазначыць, што арганізм чалавека ў некаторых выпадках можа павесці сябе вельмі індывідуальна. Але мы гарантуем, што наш вопыт і ультрасучаснае абсталяванне дазволяць у любым выпадку атрымаць выключна станоўчы вынік. Мы маем велізарны досвед у лазернай хірургіі, праводзім аперацыі ад 2000 года.

Канечне, вы можаце спытаць: калі ўсё было так хораша раней, то што ж цяпер стала лепш? Я магу гэта параўнаць, хіба, з новым аўтамабілем. Вось у вас ёсць амаль новая, сучасная, бяспечная машына, якая вас цалкам задавальняе. Але раптам з’яўляецца яшчэ больш новая, больш дасканалая. Вось у гэтым і розніца: паспрабаваўшы аднойчы вадзіць такую машыну, наўрад ці захочацца перасаджвацца на старую», — праводзіць паралелі доктар.

На здымку — керататапограф. Гэта апарат для абследавання рагавіцы вока.

Вадзім Мурашка расказвае, што дзякуючы 3D-тэхналогіям стала магчымым праводзіць не толькі аперацыі па карэкцыі зроку, але і іншыя, якія яшчэ зусім нядаўна былі немагчымыя: выдаленне катаракты, імплантацыя крышталікаў, аперацыі на сятчатцы. Тое, што яшчэ не так даўно было прыгаворам, сёння дактары называюць звычайнай працэдурай.

Дыягнастычная лінія.

Спецыялісты медыцынскага цэнтра «Новы зрок» лічаць, што будучыня афтальмалагічнай хірургіі менавіта ў 3D-тэхналогіях.

«Пройдзе яшчэ некалькі год і 3D-аперацыі будуць успрымацца абсалютна паўсядзённа. Пакуль жа мы — адзіныя, хто выкарыстоўвае такія тэхналогіі ў Беларусі», — падсумоўвае Вадзім Мурашка.

Наталля Тур, фота Волі Афіцэравай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930