Знайсці
14.08.2019 / 12:421РусŁacБел

Мілае мінулае: якім спортам займаліся Радзівілы

Назіраючы трыумф беларускіх тэнісістаў Вікторыі Азаранка і Максіма Мірнага на Алімпіядзе 2012 года ў Лондане, я задумаўся: а калі ў нас у Беларусі з’явіўся першы тэнісны корт? І наогул, дзе шукаць вытокі алімпійскіх відаў спорту ў Беларусі? Піша гісторык з Нясвіжа Уладзімір Караленак.

Будучы нясвіжскі ардынат Альбрыхт Радзівіл з будучым давыд-гарадоцкім ардынатам Каралем Радзівілам з маленства гулялі ў тэніс. Фота: Галоўны архіў старажытных актаў у Варшаве.

Вядома, што ў канцы XIX стагоддзя спорт з захаплення арыстакратаў і багацеяў пачаў пераўтварацца ў справу для ўсіх. Нават беларускі селянін пачаў знаходзіць час для заняткаў спортам. Хоць фізічныя гульні былі ў беларусаў здаўна. Этнографы захавалі такія назвы, як гуські (зімовая гульня), апука (сялянскі бейсбол), гула (камандная гульня).

Гульцы ў мяч з бранзалетам (pallone col bracciale) у парку на пачатку ХVII стагоддзя.

І ў беларускіх арыстакратаў былі свае гульні. У адну з іх, pallone col bracciale, ці ў перакладзе з італьянскай «мяч з бранзалетам», дакладна гулялі і нашы Радзівілы. З’явілася гульня ў ХVI стагоддзі ў Італіі і патрабавала ад гульцоў умення карыстацца асаблівым драўляным бранзалетам, якім трэба было адбіваць мяч. Адзін з радзівілаўскіх камплектаў для гульні захаваўся да нашага часу, і я не здолеў адмовіць сабе ў задавальненні выкарыстаць яго па прызначэнні.

Аўтар артыкула паспрабаваў згуляць у мяч з бранзалетам.

Гульня была надзвычай папулярная ў Еўропе, а прафесійныя гульцы зараблялі больш, чым сённяшнія топавыя тэнісісты і футбалісты. Але менавіта з­за папулярнасці тэніса і футбола ў першай палове ХХ стагоддзя pallone col bracciale знікае. Сучаснаму чалавеку ўжо прыходзіцца паламаць галаву над тым, што гэта за дзіўны камплект супергероя.

Літаратура як спорт

Пасля віхуры напалеонаўскіх войнаў эпоха вялікіх паркаў пад Нясвіжам адышла ў нябыт. Толькі маўклівыя старажытныя дубы ўспаміналі пра святкаванні ў гонар апошняга караля Рэчы Паспалітай і прагулкі расійскага імператара Аляксандра І у Завушшы. Ды, можа, яшчэ старая таполя на дарозе ад Паповай горкі да замка нагадвала пра былыя часы, прыгорбіўшыся на краёчку эпохі. Не засталося і знаку ад парку тыпу квінкункс (пасадка дрэў у шахматным парадку або ў выглядзе ігральнай косці пяцёркі ) насупраць замка.

Між тым каля спусцелага замка віравала жыццё. Тут праходзілі знакамітыя кірмашы, куды збягаў з працы малады Людвік Кандратовіч, супрацоўнік ляснога аддзела радзівілаўскай адміністрацыі. Тут, сярод крамак, раіліся, як пчолы, гісторыі з усёй акругі. Пажылы архіварыус нясвіжскага архіва Рамуальд Сымановіч смяяўся, слухаючы пераказы анекдотаў з вуснаў будучага пісьменніка, і ўважліва прыглядаўся да яго замалёвак наваколля. Хто ж ведаў тады, што гісторыі радзівілаўскага стажора ­юрыста праславяць яго як вялікага пісьменніка Уладзіслава Сыракомлю.

Магчыма, пазней прыязджаў сюды з бацькам — галоўным арандатарам маёнткаў нясвіжскай ардынацыі Люцыянам Неслухоўскім — і малады Іван, будучы паэт Янка Лучына. А пра тое, што ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі вучыўся Канстанцін Міцкевіч — класік беларускай літаратуры Якуб Колас, — нагадвае яго бюст на алеі памяці побач з замкам.

Але Нясвіж слаўны не толькі тым, што натхняў паэтаў ды літаратараў. Нясвіж — гэта самы спартыўны заштатны горад Мінскай губерні ХІХ стагоддзя!

Мы нездарма зрабілі такі рэверанс у бок дзеячаў культуры! Мала хто ведае, але з 1912 да 1948 года на Алімпіядах узнагароджвалі не толькі спартсменаў. Галоўным пажаданнем бацькі алімпійскага руху барона П’ера дэ Кубертэна было гарманічнае спалучэнне спорту з мастацтвам. Менавіта таму ён прапанаваў увесці ў праграму Алімпійскіх гульняў мастацкія конкурсы. Разыгрываліся камплекты медалёў сярод архітэктараў, літаратараў, музыкаў, мастакоў і скульптараў. Дарэчы, сам П’ер дэ Кубертэн атрымаў залаты медаль па літаратуры за сваю «Оду спорту».

Радзівілы садзяць паркі і займаюцца спортам

Але вернемся ў Нясвіж! У 1870-­х, пасля доўгага перапынку, тут ізноў з’явіліся Радзівілы. Нібы птушкі, вылецелі яны са свайго шматгадовага гнязда — палаца ў Берліне, дзе жалезнай рукой кіраваў трынаццаты нясвіжскі ардынат Вільгельм Радзівіл. Пасля яго смерці ў 1870 годзе маладыя прадстаўнікі роду накіраваліся ў свае забытыя маёнткі на Беларусі і Украіне.

Гэтым скарыстаўся германскі канцлер і кіраўнік МЗС Ота фон Бісмарк, які доўгія гады тачыў зубы на берлінскія ўладанні Радзівілаў, бо радзівілаўскі парк разразаў клінам на дзве часткі парк яго міністэрства. Парк выкупіла дзяржава. А ў Нясвіжы пра тыя часы нагадвае непрыкметны камень ля ўвахода ў парк. На ім напісана, што першыя саджанцы былі прывезены з берлінскага парку Радзівілаў.

Зразумела, шукалі саджанцы таксама ў беларускіх лясніцтвах, аб гэтым сведчаць мемуары Марыі Дароты Радзівіл, жонкі ХІV нясвіжскага ардыната Антонія Вільгельма. Гэтыя першыя дрэўцы — прадвеснікі будучага выдатнага парку — можна пабачыць на карціне Напалеона Орды. Менавіта дзякуючы Марыі Дароце вакол замка з’явіліся паркі, па якіх турысты шпацыруюць і сёння. Францужанка была закаханая ў прыроду і часта сама падбірала расліны для сваіх тварэнняў — паркаў у Нясвіжы, Манькавічах (цяпер частка Століна) і Кленіцах (у гэтай «даліне Радзівілаў» у лукавіне ракі Одры Марыя Дарота правяла свае апошнія гады).

Што такое парк у ХІХ стагоддзі? Гэта найлепшая пляцоўка для спорту! Лозунгі француза П’ера дэ Кубертэна « О спорт, ты справядлівасць! О спорт, ты гонар! О спорт, ты радасць! О спорт, ты мір! О спорт, ты прагрэс!» былі абсалютна зразумелыя для францужанкі Марыі Дароты Радзівіл. У нясвіжскіх парках былі створаны пляцоўкі практычна для ўсіх дысцыплін першых Алімпійскіх гульняў, якія прайшлі ў 1896 годзе ў Афінах.

Першы тэнісны корт знаходзіўся пры замкавым рове

Нясвіж можна лічыць радзімай беларускага тэніса, бо яшчэ ў 1890­-х тут з’явіўся першы тэнісны корт на Беларусі. Як і pallone col bracciale, пра якую мы згадвалі ў пачатку артыкула, тэніс — даволі старая гульня, вытокі якой губляюцца ў Сярэднявеччы. У тыя часы ў тэніс гулялі ў памяшканнях. Самыя старыя залы для гульні ў тэніс захаваліся ў англійскіх і шатландскіх палацах ХVI стагоддзя. Лаўн-­тэніс, альбо па-­нашаму тэніс на лужку, з’явіўся толькі ў 1870­-я. Мадэрнізацыя, праведзеная англійскім афіцэрам Вальтэрам Клоптанам, дазволіла вывесці яго любімую гульню з душных залаў на свежае паветра.

Усяго праз дваццаць гадоў пасля стварэння першага корта для лаўн-­тэніса ў Англіі такі ж корт з’яўляецца ў Нясвіжы.

Мяркуючы па фотаздымках, першы корт у Нясвіжы быў тыпу хард, гэта значыць меў грунтавое пакрыццё. Праз сорак гадоў каля яго з’явіўся яшчэ адзін, які выкарыстоўваўся да канца 1930-­х. У савецкі час, калі ў нясвіжскім палацы быў створаны санаторый, на гэтай пляцоўцы гулялі ў валейбол.

А першы тэнісны корт знаходзіўся проста каля замкавага рова. У савецкі час ён быў забетанаваны і стаў танцпляцоўкай, а сёння там знаходзіцца летняя кавярня.

Што яшчэ

Акрамя тэніса, падчас першых Алімпійскіх гульняў у Афінах адбываліся спаборніцтвы па плаванні. Гэты від спорту Радзівілы таксама горача любілі. Каля палаца была купальня — абсталяваны пляж з добрым спускам у ваду і кабінкамі для пераадзявання. А бліжэй да горада мясцоваму яўрэю Фейгільману Радзівілы дазволілі збудаваць купальню для гараджан.

Для Радзівілаў было вельмі важным уменне добра кіраваць канём. Многія з іх маглі скакаць па валах нясвіжскага замка з заплюшчанымі вачыма. Для практыкаванняў у верхавой яздзе ў парку высаджвалі купкі дрэў, гэта добра бачна на здымку з аэраплана 1927 года.

Тут жа, у нясвіжскіх парках, нараджаўся беларускі веласпорт. Па дарожках рассякалі прадстаўнікі роду Радзівілаў, палохаючы гімназістак жаночага вучылішча мадам Розенберг, якія некалькі разоў на тыдзень разам з педагогамі адпраўляліся сюды на прагулкі.

Для самых маленькіх Радзівілаў на стайні жылі поні, на якіх можна было катацца верхам і ў спецыяльных брычках. На фота маленькія князі Альбрыхт і Караль ды іх поні. Фота: Галоўны архіў старажытных актаў у Варшаве.

А яшчэ ў нясвіжскіх парках займаліся фігурным катаннем. Доўгі час я не мог зразумець прызначэнне невялічкіх валоў на спартыўнай паляне. Аказваецца, яны служылі бартамі для коўзанкі. Акрамя гэтага, канькабежцы выходзілі трэніравацца на заледзянелыя ставы на рацэ Уша. А летам каталіся тут на лодках.

У часы апошняга нясвіжскага ардыната Леана Радзівіла ў 1936—1937 гадах у палацы з’явілася абсталяванне для гольфа.

З 1900 па 1936 год у праграму Алімпійскіх гульняў уваходзіла коннае пола. Яго вялікім аматарам быў князь Леан Канстанцін Радзівіл — прадстаўнік французскай галіны роду (на партрэце). У гонар Леана Канстанціна перад Першай сусветнай вайной у Канах нават праводзіўся турнір па конным пола.

Сёння спорт пераўтварыўся з арыстакратычнай забавы ў агульнанацыянальную мару. Мы ганарымся нашымі пераможцамі і з захапленнем назіраем за ўсім, што яны робяць. А алімпійскія прынцыпы сталі сэнсам жыцця для мільёнаў.

Маленькі Альбрыхт Радзівіл катаецца на ровары па нясвіжскіх парках. Фота: Галоўны архіў старажытных актаў у Варшаве.

З 1896 года алімпійскі спорт прайшоў шлях ад фізічных гульняў аматараў да сапраўднай індустрыі. Але нават калі вы не прэтэндуеце на высокія дасягненні, раю вам гэтым летам узяць ровар і праехацца па сцежках нясвіжскіх паркаў — проста і з усмешкай, як Радзівілы 130 гадоў таму.

 ***

Болей пра нясвіжскія паркі чытайце ў кнізе Уладзіміра Караленка «Нясвіж. Палацава­-паркавы ансамбль. Сады i паркi».

Уладзімір Караленак

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930