Знайсці
25.04.2019 / 12:3816РусŁacБел

Курс на далейшую ўкраінізацыю: Вярхоўная Рада ўхваліла бескампрамісны закон пра ўкраінскую мову

За апошнія некалькі гадоў украінская мова істотна палепшыла свае пазіцыі ва Украіне дзякуючы новым законам.

Быў прыняты новы закон «Аб адукацыі», паводле якога школы нацыянальных меншасцяў (у першую чаргу рускіх, румын і венграў) з 5-га класа амаль цалкам пераводзяцца на ўкраінскую мову навучання.

Увялі моўныя квоты на радыё і тэлебачанне. Для радыё — мінімум 35% песень і 60% перадач дзяржаўнай мовай, а на тэлебачанні — мінімум 75% перадач з 07 да 22 гадзін.

У справаводстве, адукацыі, на радыё і тэлебачанні пазіцыі ўкраінскай мовы ўжо даволі моцныя, але яна застаецца ўсё яшчэ ўразлівай у сферы друкаваных СМІ, інтэрнэт-СМІ і кнігадрукавання.

У апошнія тыдні прэзідэнцтва Пятра Парашэнкі, каб яшчэ больш умацаваць пазіцыі дзяржаўнай мовы, Вярхоўная Рада 25 красавіка ўхваліла даволі жорсткі і бескампрамісны закон «Аб забеспячэнні функцыянавання ўкраінскай мовы як дзяржаўнай». «Наша Ніва» разбіралася, што гэта за закон, і як ён будзе будзе папулярызаваць украінскую мову.

Фота: Українська правда.

Хто будзе гаварыць па-ўкраінску?

Усе грамадзяне Украіны і тыя, хто хоча стаць грамадзянінам Украіны. Сярод службовых асоб па-ўкраінску свабодна павінны размаўляць, напрыклад, прэзідэнт, старшыня парламента і яго намеснікі, прэм'ер-міністр і віцэ-прэм'еры, кіраўнікі ўсіх міністэрстваў і дзяржаўных устаноў, дэпутаты, дзяржслужбоўцы, службовыя асобы органаў мясцовай улады, суддзі і адвакаты, выкладчыкі і медработнікі.

Калі чалавек захоча быць чыноўнікам, ён будзе абавязаны здаваць экзамен.

На якія сферы распаўсюджваецца новы закон?

Публічная прастора, дзяржаўны і камунальны сектары, сфера абслугоўвання, подпісы і маркіроўкі тавараў і паслуг. Тэатральныя спектаклі і дубляж кінафільмаў. Тэлебачанне, інтэрнэт, друкаваныя СМІ. Дзяржава гарантуе права на атрыманне адукацыі на дзяржаўнай мове.

СМІ і сайты могуць выдавацца на некалькіх мовах. Але ў першую чаргу — на дзяржаўнай мове.

У кожным месцы распаўсюджвання друкаваных СМІ ўкраінамоўных газет і часопісаў павінна быць не менш за 50% назваў друкаваных СМІ.

Можна выдаваць газету ці часопіс у дзвюх або больш моўных версіях, адна з якіх павінна быць на дзяржаўнай мове.

Сайты спачатку павінны загружаюцца на ўкраінскай мове, але могуць мець таксама іншыя версіі. Пры гэтым украінская версія павінна быць па аб'ёме не меншай за версію на іншай мове.

Выдавец павінен выдаваць на ўкраінскай не менш за 50% ад усіх выдадзеных ім на працягу года кніжных выданняў. Калі кліент установы просіць кантактаваць з ім па-ўкраінску — гэта просьба павінна быць выканана. Калі кліент просіць абслугоўваць яго на іншай мове, якая з'яўляецца прымальнай для абодвух бакоў — гэтая просьба можа быць выканана.

На якія сферы не распаўсюджваецца новы закон?

Закон не распаўсюджваецца на мову прыватных зносін і рэлігійных абрадаў.

Хто будзе сачыць за яго выкананнем? Як будуць караць?

З'явіцца пасада — упаўнаважаны па абароне ўкраінскай мовы. Гэты чалавек будзе займацца абаронай украінцаў, якія хочуць, каб з імі размаўлялі па-ўкраінску.

То-бок, калі дзяржслужачы будзе адказваць чалавеку не па-ўкраінску, як ён гэтага хоча, чалавек можа напісаць зварот упаўнаважанаму, а ён павінен на працягу 10 дзён адказаць.

Упаўнаважаны будзе ліквідоўваць абмежаванні ў выкарыстанні ўкраінскай мовы і будзе адстойваць правы ўкраінцаў на атрыманне інфармацыі і паслуг ва ўсіх сферах грамадскага жыцця на ўсёй тэрыторыі Украіны на дзяржаўнай мове.

Чыноўнікаў, дэпутатаў, іншых службовых асоб, калі яны не карыстаюцца на працы дзяржаўнай мовай, будуць штрафаваць. За публічную абразу ўкраінскай мовы ўводзіцца крымінальная адказнасць — пазбаўленне волі да трох гадоў.

За невыкананне патрабаванняў закона прадугледжаны штрафы. Ёсць і больш жорсткія спосабы пакарання.

Спробы ўвесці двухмоўе ці шматмоўе, альбо даць афіцыйны статус любой іншай мове ва ўсёй краіне ці ў асобным рэгіёне — усё гэта прыраўноўваецца да спробы звяржэння канстытуцыйнага ладу. За гэта можна атрымаць да 10 гадоў турмы ў адпаведнасці з артыкулам 109 Крымінальнага кодэкса Украіны.

Што рабіць грамадзянам Украіны, якія не ведаюць украінскай?

Вучыць украінскую мову. Асобам, якія адносяцца да карэнных народаў (украінцы, крымскія татары, караімы, крымчакі, грэкі Прыазоўя), нацменшасцям (рускія, венгры, румыны і іншыя), замежнікам і асобам без грамадзянства дзяржава створыць належныя ўмовы для вывучэння дзяржаўнай мовы.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930