Знайсці
02.06.2020 / 17:564РусŁacБел

«Са слязьмі пакаяння»: як склаўся лёс паўстанца, які выдаў Каліноўскага

Піша даследчык паўстання Васіль Герасімчык.

На пачатку 1863 года Вітольд Парфіяновіч быў у Мінску, у сваякоў. Ён трапіў на здымак, зроблены ў фотамайстэрні Антонія Прушынскага на Францішканскай вуліцы (сённяшняя Леніна). На гэтым здымку ёсць таксама Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1) з дачкою Камілай (2). Тут жа — філолаг Фларыян Чапялінскі (3), паўстанцы Карл Бішаф (4), браты Канстанцін і Рамуальд Рагоўскія (5, 6), Гаўрыла Есьман (7). Вітольд Парфіяновіч сядзіць (8). Валасы зачасаныя назад па тагачаснай модзе. Тварам ён тут падобны да Каліноўскага, якога ўрэшце выдаў. Фота: Генадзь Кісялёў «Героі і музы».

5 снежня 1863 года ў Коўне схапілі Людвіка Дзічкоўскага, цывільнага начальніка Ковенскага ваяводства. Яго дапытваў Павел Шалгуноў, будучы мінскі і магілёўскі губернатар. Дзічкоўскі паведаміў, што паўстаннем кіруе Канстанцін Каліноўскі, дапамагае яму сакратар Ціт Далеўскі. Так пасля года беспаспяховых пошукаў жандары выйшлі на след «дыктатара Літвы», а самае галоўнае — здабылі адрасы, па якіх сустракаліся паўстанцы.

7 снежня Шалгуноў вярнуўся ў Вільню, а ўжо назаўтра на кватэры Паўліны Кандратовіч, удавы паэта Людвіка Сыракомлі, на вуліцы Скопаўка быў арыштаваны Ціт Далеўскі. Падчас арышту сакратар Каліноўскага назваўся спачатку Іосіфам Парфіяновічам, затым Іванам Малеўскім. Хутка, аднак, раскрылася праўда. Далеўскі адмовіўся выдаць Каліноўскага і 30 снежня 1863 года быў расстраляны на Лукішскай плошчы.

А следчыя ўчапіліся за два прозвішчы, якімі ён называўся. Яны выявілі, што сярод паўстанцаў і сапраўды быў уплывовы чалавек з прозвішчам Парфіяновіч.

Каго любіш?

Вітольд Парфіяновіч нарадзіўся ў сям’і мінскага чыноўніка Апанаса Гаўрылавіча Парфіяновіча 4 ліпеня 1844 года. Быў ён ахрышчаны як Вітольд Леў у драўляным касцёле на Залатой Горцы. Пасля заканчэння мінскай гімназіі сям’я пераехала ў Магілёў. Вітольд падаўся ва ўніверсітэт. Хутчэй за ўсё, першапачаткова пецярбургскі (узгадваецца ў пазнейшых дакументах), а затым перавёўся ў кіеўскі.

Да паўстанцаў Парфіяновіч далучыўся яшчэ ў лютым 1863 года, выконваючы распараджэнні камісара Мінскага ваяводства Міхала Аскеркі. У верасні Аскерка ўзяў Вітольда ў Вільню і пазнаёміў з лідарамі паўстання, у тым ліку з Каліноўскім. Парфіяновічу даручылі дамовіцца ў Пецярбургу пра выраб пашпартоў для кіраўніцтва мінскіх паўстанцаў. Вітольд выканаў даручэнне цягам тыдня. Такая спраўнасць зрабіла добрае ўражанне на Каліноўскага, і ён прапанаваў 19-гадоваму хлопцу пасаду камісара Магілёўскага ваяводства.

На Каляды Парфіяновіч у Вільні, пры сустрэчы з сувязной Юзэфай Баневіч ён кажа атрыманы ў Магілёве пароль:

— Каго любіш?

— Люблю Беларусь!

— То ўзаемна!

Гэты пароль вядомы нам з матэрыялаў следства менавіта праз паказанні Парфіяновіча.

І менавіта ў гэты калядны дзень Каліноўскі дапусціць памылку, якая будзе каштаваць яму жыцця, — запросіць Вітольда на сваю канспіратыўную кватэру.

Знайшоў падыход

А потым Вітольда Парфіяновіча арыштавалі. Здарылася гэта ў Бабруйску ў самым пачатку 1864 года, калі хлопец ехаў з Мінска ў Магілёў да бацькоў. Пры ім быў пачак друкаваных аб’яў, загад аб зборы грошай з насельніцтва на выпадак вайны або працягу паўстання і рэцэпт нябачнага чарніла. Пачалося следства.

Некалькі тыдняў Вітольд, седзячы ў турме, абсталяванай у мінскім бернардзінскім кляштары — цяпер там люксавы гатэль «Манастырскі», — не ішоў са следчымі на кантакт. Аднак палкоўнік Аляксандр Лосеў, любімымі сродкамі ўздзеяння якога былі «слёзы спачування і пацалункі», знайшоў падыход. Урэшце юнак зламаўся.

Пра гэта ён сам напіша ў 1871 годзе: «Два-тры словы, сказаныя штаб-афіцэрам корпуса жандараў у горадзе Вільні палкоўнікам Лосевым і старшынёй камісіі палкоўнікам Шалгуновым, прымусілі мяне са слязьмі дзіцячага пакаяння расказаць усе свае прыгоды». А сакратар Мураўёва Аляксандр Масолаў узгадваў: «Сярод асоб, з якімі меў справу палкоўнік Лосеў, аказаўся малады чалавек, дасведчаны ва ўсіх таямніцах мяцяжу. Палкоўнік Лосеў зразумеў гэта, абяцаў выхадайнічаць яму памілаванне і скарыстаўся з яго шчырых прызнанняў».

Адначасова з Парфіяновічам за кратамі сядзеў мінчук Цэзар Булынка, асуджаны на павешанне. Пакаранне паўстанца Булынкі прайшло ў Мінску 29 студзеня 1864 года. А ў ноч перад выкананнем прысуду Лосеў накіраваў у Вільню закадаваную тэлеграму: «На Святаянскай вуліцы ў Святаянскіх мурах жыве злачынец Каліноўскі, ваявода пад іменем Ігнат Вітажэнец, у Дамініканскім доме жыве спадарыня Баневіч, да яе звяртаюцца агенты з іншых гарадоў для ўказання месца жыхарства Каліноўскага і іншых. Яна ўсё ведае…» Назаўтра дзве роты акружылі Святаянскі квартал і схапілі Каліноўскага.

 Даўся запрэгчы — будзеш цягнуць

У ноч на 30 студзеня, а 1.43, Мураўёў адправіў Лосеву закадаваную тэлеграму: «Каліноўскі прызнаўся. Парфіяновіч усё ж такі патрэбен тут, і таму адправіць яго са строгай вартай у Вільню ў распараджэнне каменданта».

Шыфраваная тэлеграма пра Каліноўскага. Фота: ЛІТОЎСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ГІСТАРЫЧНЫ АРХІЎ. ФОНД 419, ВОПІС 2, СПРАВА 190, АРКУШЫ 60 — 60 АДВ.

2 лютага Вітольд ужо дае падрабязныя паказанні ў Вільні. 10 сакавіка 1864 года ў 10.30 на Лукішскай плошчы павесілі Кастуся Каліноўскага, а 12 сакавіка Парфіяновіч выдаў і яшчэ аднаго Каліноўскага — Юзафа, вайсковага інжынера. Той, як і Кастусь, быў асуджаны на смерць, але дзякуючы хадайніцтву ўплывовых сваякоў трапіў у ссылку. Юзаф Каліноўскі стане каталіцкім святаром і будзе кананізаваны.

А палкоўнік Лосеў па выніках размоў з Парфіяновічам даваў справаздачу: усяго па Мінскай губерні арыштавана 89 чалавек, секвестравана 28 маёнткаў; захопленыя пячаткі начальніка Мінскага ваяводства, ваяводскага камісара, начальніка горада Мінска, начальніка Мінскага павета, бюро Мінскага ваяводства.

 Асабіста імператару

16 красавіка 1864 года Мураўёў пастанавіў: «Прымаючы пад увагу чыстасардэчнае пакаянне, раскрыццё хаўруснікаў, з якіх многія ўжо арыштаваныя, а таксама прымаючы пад увагу маладыя гады Парфіяновіча, якіх яму 19, абвясціць яму ўсяміласцівае яго імператарскай вялікасці прабачэнне і адправіць на жыхарства ў Томскую губерню пад строгі нагляд паліцыі».

Адразу ж пасля прыбыцця ў Томск Вітольд Парфіяновіч перайшоў у праваслаўе, узяўшы імя Іосіф і ажаніўшыся з удавой Капіталінай Капыловай. Сімвалічна, што менавіта Іосіфам Парфіяновічам назваўся падчас арышту Ціт Далеўскі. Чаму Парфіяновіч адмовіўся ад свайго імя: хацеў пачаць з пачатку ці схавацца ад помсты?

Парфіяновіч не сядзеў без працы. Ён уладкаваўся пісарам у Томскую губернскую будаўнічую камісію. Губернатар Мікалай Радзянка, вядомы сваім змаганнем з карупцыяй, заўважыў маладога чалавека, які «можа служыць прыкладам для іншых».

У маі 1871 года Радзянка пайшоў на вялікую рызыку: ён хадайнічае перад міністэрствам унутраных спраў, каб узяць Іосіфа Парфіяновіча на дзяржаўную службу. Але ў міністэрстве тады не бачылі такой магчымасці. Усё ж Парфіяновіч — неафіт, былы паўстанец, ды не абы-які, а цэлы ваяводскі камісар. Даць адмову было тым прасцей, што ў лістападзе 1871 года Радзянка памёр.

Тады Парфіяновіч звярнуўся па дапамогу да новага губернатара Андрэя Супруненкі. І зноў адмова. Але, відаць, гэтым разам Іосіф атрымаў параду: напісаць асабіста імператару. Гэта ён і зрабіў.

Парфіяновіч жадаў «быць карысным і шчаслівым»: «Я яшчэ такі малады і моцны, што магу забяспечыць сябе, але мне балюча цярпець пагарду за даўно выкупленую віну, мне хочацца ў новым жыцці ўтапіць усё мінулае, якое я пакінуў». Свой сыход у паўстанне Парфіяновіч апраўдваў так: «У 1864 годзе, адразу пасля прыезду майго ў Сібір, я далучыўся да праваслаўя. Не дробныя разлікі, а тое варожае пачуццё, якое я меў да польскага грамадства, было падставаю гэтага ўчынку. Яму, а не сабе, я быў абавязаны сваім падзеннем: ува мне не было ніякіх перакананняў, усё маё дзяцінства прайшло не пад такімі ўражаннямі, каб у будучыні зрабіць з мяне злачынцу; злачынства з’явілася несвядома — гэта быў плён таго ўплыву, які так умела ўздзейнічаў на нас са школьнай лавы».

 «Ваше благородие»

У 1872 годзе Аляксандр ІІ дазволіў прыняць Парфіяновіча на дзяржаўную службу. Ужо ў чэрвені 1873 года ён сярод 131 прадстаўніка губернскай эліты ўдзельнічаў у заснаванні Томскага таварыства для дапамогі вучням. У гэты час быў ужо ў чыне калежскага рэгістратара. Хай сабе гэта і найніжэйшы чын, але ўжо вымушае звяртацца «Ваше благородие».

Парфіяновіч становіцца рэдактарам газеты «Томскія губернскія ведамасці», кіруе і мясцовай друкарняй. У 1877-м ідзе на чарговае павышэнне — уладкоўваецца на працу ў экспедыцыю аб ссыльных. Ён кіруе прыёмам, размеркаваннем, перавозкай людзей, турэмнай паліцыяй… Колькі таварышаў па паўстанні сустрэў на гэтай новай працы?..

А ў 1883 годзе былы паўстанцкі камісар становіцца паліцмайстрам, кіраўніком Табольскага гарадскога паліцэйскага ўпраўлення. «Благочиние, добронравие и порядок». У гэты час ён ужо ганарыцца, што 20 гадоў таму дапамог выкрыць таемную арганізацыю і прыпісвае сабе арышт не толькі Каліноўскага, але і яго сакратара. Хоць Ціта Далеўскага расстралялі яшчэ да арышту Парфіяновіча.

 ***

Якуб Гейштар, адзін з лідараў паўстання, — пра Вітольда Парфіяновіча

«Ён надта распытваў вязняў і тое, што даведваўся, паўтараў камісіі. Між іншым, пасадзілі яго з Мілевічам. Той быў у Гродне пры Каліноўскім, і Канстанцін вельмі яго цаніў. Потым выправіў яго ў Вільню, і ён дзейнічаў ужо пры мне; пасля майго арышту ён быў правай рукой Канстанціна. Арыштаваны ў Гродне, ён сядзеў тут і датуль добра спраўляўся. Ён быў знаёмы з Парфіяновічам, ведаў, што той у арганізацыі. Парфіяновіч сказаў яму, што павінен быць вызвалены, бо схапілі яго толькі на падставе пашпарта, дадзенага Ціту Далеўскаму. Прасіў пра загады: што далей рабіць, што распавесці і каму. Мілевіч распавёў яму пра розных асоб: Каліноўскага Юзафа, доктара Мацкевіча, Марыконі і іншых. Назаўтра камісія выклікала Мілевіча і сказала яму ўсё, што ён адкрыў Парфіяновічу. Мілевіч замест таго, каб адпірацца, прызнаўся і дадаў дзясяткі новых ахвяр».

Васіль Герасімчык

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера