Знайсці
12.06.2019 / 16:565РусŁacБел

Топ-5 крутых сайтаў ад беларускай каманды Pras. Сярод іх і «Наша Ніва»

Мінская кампанія з беларускай назвай PRAS распрацоўвае сайты і мабільныя дадаткі вось ужо больш за восем год. Каманда бярэцца за складаныя, незвычайныя і глабальныя задачы, як стварэнне старонкі для ахвотных вывучаць штучны інтэлект ці распрацоўка сайта, што змяшчае звесткі пра тысячы найважнейшых музейных скарбаў. Сучасны сайт «Нашай Нівы», дарэчы, — таксама рабілі прасаўцы.

Мы распыталі дырэктара кампаніі Мікалая Тамашэвіча і арт-дырэктара Аляксея Кульбіцкага пра найбольш адметныя анлайн-праекты і сэрвісы, створаныя PRAS.

Як стварыць сайт, каб ён паляцеў

Відаць, самы касмічны (у прамым сэнсе) праект прасаўцаў — старонка адных з першых курсаў па машынным навучанні Tensor.by. Калі максімальна проста і коратка, то студэнтаў гэтых курсаў вучаць ствараць алгарытмы, здольныя навучацца. Іншымі словамі, студэнты вучаць робатаў вучыцца — развіваюць іх штучны інтэлект. 

На курс абы-каго не бяруць — толькі дасведчаных праграмістаў. Прасаўцам трэба было стварыць такую старонку для праекта, каб прыйшлі патрэбныя людзі, гатовыя да новага. Таму яны і абралі касмічную тэматыку. 

Сайт гартаецца не як звычайна: скроліце старонку ўніз, а яна ляціць уверх. Пры кожным прагортванні ідзе зваротны адлік, нібы пры запуску касмічнага карабля.

«На кожным новым этапе мы адказваем на пытанні, якія ўзнікаюць у тых, хто вырашае, ці патрэбныя яму гэтыя курсы. І, як вынік, карабель нарэшце ляціць у космас», — расказвае пра задуму Аляксей.

«Наогул, мы любім тлумачыць усё на пальцах, гэта папулярны цяпер у Амерыцы і Заходняй Еўропе прынцып сторытэлінгу», — дадае Мікалай.

Што рабіць, калі ў адным праекце мэтавых аўдыторый больш за дзве

Возьмем Дзяржаўны каталог Музейнага фонду — так ён называецца афіцыйна. Там, безумоўна, ёсць і музеі, але асноўнае — музейныя аб’екты.

«Гэты сайт мусіць быць карысным як адмыслоўцам у музейнай галіне, так і тым, каму проста цікава, якія артэфакты захоўваюцца ў музеях Беларусі», — расказваюць кіраўнікі PRAS, якія ўзяліся стварыць такі глабальны анлайн-куфар.

Сёння ў каталог дададзена ўжо 200 тысяч аб’ектаў, толькі 2 700 даступныя для ўсіх. Астатнія схаваныя ад шырокай грамадскасці, але з імі могуць працаваць адмыслоўцы.

Гэта — толькі пачатак вялікай працы, бо паступова напаўняецца і сайт дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў. Калі ён запрацуе напоўніцу, кожны ахвотны зможа падрабязна разглядзець у выдатнай якасці друкаваныя выданні, якія можна аднесці да кніжных помнікаў: і Скарынаўскія старадрукі, і роспіс Радзівіла з яго калекцыі.

У 2016 годзе каманда PRAS выканала маштабную задачу для Нацыянальнага агенцтва па турызме: стварыла сайт і размясціла яго на шасці розных паддаменах. На кожным — свая моўная версія: беларуская, руская, англійская, кітайская, нямецкая і польская.

{NEWS}

«Усе гэтыя сайты могуць выглядаць абсалютна па-рознаму, але адмініструюцца яны з аднаго месца, — кажа Мікалай Тамашэвіч. — У англамоўнай версіі, напрыклад, падкрэсліваецца, што ў Беларусь можна прыехаць без візы. А ў кітайскамоўнай падрабязна распавядаецца пра савецкае мінулае Беларусі, бо акурат гэта ім цікава. Дарэчы, мы прапаноўвалі ў межах праекта дзяліць Беларусь не адміністрацыйна, а па традыцыйных рэгіёнах: Панямонне, Падняпроўе, Палессе. Але замоўцы вырашылі ўсё ж пакінуць адміністрацыйны падзел».

«Хоць гэта вельмі нязручна для іншаземцаў, бо праз тое, што, напрыклад, Мірскі і Нясвіжскі замкі знаходзяцца ў розных абласцях, іншаземец можа проста не зразумець, што знаходзіўся побач», — дадае Аляксей.

Працуюць у PRAS не толькі з беларускімі замоўцамі, але і з замежнымі кампаніямі.

«Швейцарская арганізацыя, што замовіла ў нас сайт, прысвечаны праблемам бежанцаў, сачыла за нашай працай пяць год, перш чым звярнуцца, — расказвае Мікалай. — Гэты праект з вялікім функцыяналам — наш гонар. Мала хто робіць падобныя сайты за тыя грошы, за якія робім мы».

Сайт Inkluso (цяпер ён на стадыі тэставання і запуску) — гэта фактычна сацыяльная сетка, у Швейцарыі яе называюць «платформай для сацыяльнай інклюзіі». Створаная яна для паляпшэння інтэграцыі бежанцаў у швейцарскае грамадства.

Платформа дазваляе знаёміцца, дапамагаць адно аднаму (напрыклад, швейцарцы могуць дапамагчы з афармленнем нейкіх дакументаў, а бежанцы — з вывучэннем арабскай мовы). Акрамя таго, на платформе можна шукаць жыллё і працу.

Падобнага партала ў Швейцарыі яшчэ не было. Існавалі сайты для знаёмстваў, былі спецыялізаваныя сайты для жылля. Але каб усё разам і для вузкай аўдыторыі — то не.

Чаго замежныя замоўцы чакаюць ад беларусаў

Швейцарыя — не адзіная краіна, з якой паспелі пасупрацоўнічаць прасаўцы. Звярталіся замоўцы са Швецыі, Літвы, Канады, Польшчы, Расіі.

«Адно можам сказаць дакладна: ніякія перамогі ў конкурсах, удзелы ў выставах на замовы не ўплываюць. Працуюць толькі рэкамендацыі», — запэўнівае Аляксей.

Звычайна буйныя праекты распрацоўваюцца на працягу года. Цяпер PRAS паралельна працуе над дзясяткам вялікіх замоў.

«Пачынаем з бізнэс-аналізу, вывучаем кліента і высвятляем яго чаканні. Затым адсочваем, што робяць у гэтай галіне канкурэнты, глядзім на сусветныя трэнды, пралічваем усе магчымыя рызыкі», — тлумачыць схему падрыхтоўчай працы Мікалай.

«Пасля распрацоўваем тэхзаданне, разбіваем работу на этапы. Ствараем прататып, прыкладную схему, як будзе выглядаць структура будучай старонкі», — працягвае Аляксей.

У PRAS каманда праграмістаў падабраная так, каб можна было выканаць практычна любую задачу. Паколькі сайты пераважна ствараюцца з нуля — гэта вельмі важна.

«Нам нецікава працаваць па гатовых шаблонах, таму наўрад ці мы возьмемся рабіць тыповы сайт для інтэрнэт-крамы, напрыклад. Ды і яны да нас хутчэй за ўсё не пойдуць», — дадае Аляксей.

Ёсць праекты, якія прасаўцы робяць, што называецца, для душы. Узяць тыя ж сайты «Жэле Беларусь!» ці «Вышышына».

Дарэчы, з-пад рук дызайнераў студыі PRAS выйшлі гульня «1514» і беларуска-літвінскія шахматы. Акурат тыя рэчы, у працы над якімі каманда проста адпачывае і атрымлівае асалоду.

Не можам не адзначыць, што менавіта прасаўцы працавалі над дызайнам партала NN.by і яго мабільнай версіяй, а таксама над нашым праектам Nina.nn.by.

««Наша Ніва» — сайт не хіпстарскі. У ім няма прыгожых карцінак не па тэме, таму на яго і хочацца вяртацца. Ты бачыш, што галоўнае — хуткасць рэагавання і чысціня інфармацыі, а не штучны эстэтызм падабраных малюнкаў», — тлумачаць кіраўнікі PRAS, на што арыентаваліся ў распрацоўцы дызайну партала NN.by. 

А вам падабаецца?

Наталля Тур

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера