Знайсці
24.04.2019 / 16:192РусŁacБел

Ці праўда дарагая карэйская касметыка цудадзейная? Параўналі з беларускімі аналагамі

Карэйскія крэмы і маскі для твару сталі настолькі папулярныя, што прадаюцца ледзь не ў кожнай касметычнай краме. Каштуюць нятанна, але наколькі яны эфектыўныя? Мы прапанавалі касметолагу ўсляпую параўнаць склады пяці азіяцкіх сродкаў і іх танных беларускіх аналагаў. Спойлер: некаторыя вынікі аказаліся нечаканымі.

Пілінг-скатка

Беларускі варыянт — 3,41 руб. (75 мл), карэйскі — 31 руб. (150 мл).

— Ён працуе як мяккі скраб. Здымае паверхневы эпідэрміс, які ўжо памёр, але па нейкіх прычынах не злупіўся. Такі пілінг мы рэкамендуем пяшчотным тонкім скурам, якія не хочам траўміраваць вострым абразівам, — тлумачыць доктар-касметолаг, дэрматолаг першай кваліфікацыйнай катэгорыі цэнтра «Скінлюкс» Жанна Кудзіна.

Касметолаг Жанна Кудзіна.

У беларускім сродку спецыяліст адразу звяртае ўвагу на вялікую колькасць сінтэтычных складнікаў: гэта можа выклікаць алергію. Шмат PEG — гэты кампанент дадаюць для ўвільгатнення скуры і прадаўжэння тэрмінаў прыдатнасці касметыкі, але ён можа пранікаць унутр і накаплівацца ў нырках. Таму насіць такую касметыку пастаянна непажадана. Тым больш у складзе ёсць дыметыкон (ці сілікон), які пры рэгулярным выкарыстанні не дае скуры дыхаць і пагаршае яе стан.

З натуральных кампанентаў — цынк і пантэнол. Першы падсушвае, другі — увільгатняе. Не зразумела, для якога тыпу скуры падыдзе такі пілінг.

Карэйскі варыянт касметолагу падабаецца больш.

— Тут у вялікай колькасці знаходзіцца гліцэрын, які патрэбны для ўвільгатнення, добрае ўтрыманне натуральных кампанентаў. З негатыўнага — таксама ёсць PEG і ізапрапілавы спірт. Апошні можа выклікаць алергічныя рэакцыі і не вельмі добры для цяжарных, бо можа пранікаць у тканкі плода. Але тут гэтыя кампаненты ў канцы спісу.

Ачышчальная маска з вуглём

Беларускі варыянт — 2,08 руб. (75 мл), карэйскі — 36 руб. (100 г).

Такія маскі прызначаны, каб сарбіраваць скураное сала і таксіны: яны, як губка, убіраюць у сябе лішкі. Скура становіцца больш аксамітнай. Добры варыянт для тых, у каго нармальная ці камбінараваная скура, ёсць схільнасць да высыпанняў. А вось сухая скура горш пераносіць такі склад.

— Першы варыянт пачынаецца з PEG. Гэта вечны прэпарат, які можна захоўваць у ваннай і не баяцца, што там завядуцца мікраарганізмы: ім няма чым пажывіцца, — жартуе касметолаг. — Шмат аддушак, стабілізатараў і кансервантаў. Невялікую колькасць натуральных кампанентаў бачым толькі ў канцы спісу.

І задаемся пытаннем: а дзе ж вугаль? Я не знайшла. Гэта маска больш падсушвае, чым сарбіруе.

У карэйскай масцы таксама хапае шкодных кампанентаў. Але ў складзе адразу пасля вады стаяць бетаін і каалін — сарбенты, якія і даюць эфект губкі. Таму гэта маска будзе больш дзейсная. Плюс у ёй утрымліваюцца экстракты лаванды, рамонка і размарыну (яны супакойваюць раздражнёную скуру) і калаген з бентанітам (дадаткова ўвільгатняюць).

Крэм з муцынам смаўжа

Карэйскі варыянт — 31,90 руб (50 г), беларускі — 9,27 (50 мл).

Карэйскі крэм расчараваў: разрэкламаванага экстракту ў ім амаль няма. А ў беларускім аналагу цуда-інгрэдыенту не пашкадавалі — ён на трэцяй пазіцыі.

— Я як спажывец хачу смаўжа і плачу за яго, а не за незразумелыя кансерванты і масла, — кажа Жанна Кудзіна. — У гэтым крэме, канечне, шмат стабілізатараў, але з улікам таго, што тут шмат слізі, напэўна, гэта апраўдана, каб яе захаваць. Галасую за другі варыянт.

Асвятляльны крэм

Карэйскі варыянт — 35 руб. (50 г), беларускі — 3,58 руб (50 мл).

Каб крэм асвятляў пігментныя плямы, у ім павінны быць кіслоты. Яны ёсць і ў карэйскім, і ў беларускім сродку.

Але ў кожным з іх касметолаг знаходзіць недахопы. У першым — значная колькасць PEG і спіртоў. У другім, акрамя спіртоў, ёсць аксіды алюмінію: у Еўропе прэпараты з імі забараняюць, паколькі яны могуць правакаваць развіццё раку малочнай залозы. Плюс у складзе сілікон, які, нагадаем, не дае скуры дыхаць, — ён робіць скуру аксамітнай толькі пакуль на ёй ляжыць.

— Тут складана выбраць. Мне ні адзін, ні другі не падабаецца па сваім складзе. Але ў першым хоць ёсць масла шы, якое ўвільгатняе. Напэўна, з вялікай нацяжкай я б аддала перавагу гэтаму сродку, — кажа экспертка пра карэйскі крэм.

Патчы пад вочы з ліфтынг эфектам

Кітайскі варыянт, які ў краме выдалі за карэйскі, — 3,50 руб., беларускі — 1,50 руб.

— Першы варыянт я б купіла. На першых месцах — гліцэрын, калаген, якія добра ўвільгатняюць. Плюс тут ёсць гіалуронавая кіслата. Больш просты і натуральны склад, — каментуе Жанна Кудзіна.

Пару слоў пра гіалуронавую кіслату: яна кладзецца на скуру плёначкай і цягне ваду з глыбокіх слаёў у паверхневыя, тым самым іх увільгатняе. Але гэта бессэнсоўна, калі вы п’яце недастаткова вады ці часта сядзіце пад кандыцыянерам.

У беларускіх патчах ёсць бісабалол (ліквідуе цёмныя кругі пад вачыма) і экстракт арнікі (паляпшае кровазварот). Увільгатненне тут дасягаецца за кошт мачавіны. «Хоць пад вочы мне б не вельмі гэты кампанент хацелася», — усміхаецца касметолаг.

Што маем? Азіяцкія патчы адназначна лепш справяцца з ліфтынгам. Беларускія такога эфекту не дадуць. Затое дапамогуць прыбраць цёмныя кругі, мяшкі і ацёчнасць пад вачыма.

Каб раставіць кропкі над «і»: усе кансерванты і стабілізатары, якія мы ўбачылі ў касметыцы, дапушчаны да вытворчасці.

«Яны прымяняюцца нават у люксавых марках. Але па магчымасці лепш адмаўляцца ад сінтэтычных кампанентаў на карысць натуральных», — раіць Жанна Кудзіна.

Nina.nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930