Знайсці
23.04.2019 / 23:2299РусŁacБел

Ажаніўся ў 50 гадоў, яму прысвяцілі рэп… 11 фактаў пра Зянона Пазняка, якому спаўняецца 75 гадоў

Зянон Пазняк на Дні Волі 1995 года ў Мінску. Photo.bymedia.net з архіва «Нашай Нівы».

24 красавіка святкуе 75-годдзе Зянон Пазняк. Правільна ён дзейнічаў ці памылкова — пра гэта спрачаліся аналітыкі і будуць спрачацца гісторыкі. Адно бясспрэчна: без Пазняка немагчыма ўявіць беларускую гісторыю найноўшага часу

Старэйшае пакаленне памятае раскацістае «Дэпутат Пазняк!» у зале Вярхоўнага Савета, шматтысячныя акцыі на мінскіх праспектах. Пазняк дагэтуль палярызуе: адны лічаць яго прарокам, да якога нацыя яшчэ не дарасла, другія — папулістам і дэмагогам, трэція — этнічным нацыяналістам-фундаменталістам. Пазняк ужо чвэрць стагоддзя не жыве ў краіне, але нават Лукашэнка згадваў яго, не называючы імя, у апошняй «Вялікай размове».

Для маладзейшага пакалення Пазняк — больш легенда, чым рэальная асоба. НН прапануе некалькі фактаў пра Зянона Пазняка.

Ніколі не бачыў бацькі

Зянон Пазняк нарадзіўся ў вёсцы Суботнікі (цяпер Івейскі раён Гродзенскай вобласці) ў 1944-м, яшчэ пад нямецкай акупацыяй. Ягоны бацька, Станіслаў Янавіч Пазняк, прызваны ў савецкае войска, загінуў на фронце ў снежні 1944-га, праз 8 месяцаў пасля нараджэння сына. А ў 1945-м згарэў у танку і яго дзядзька Ясь, мацерын брат.

Зянона выхоўвала маці Ганна Яўхімаўна, ён быў вельмі блізкі з ёй усё жыццё.

У школе быў непаслухмяны

«Яго дырэктар за рукаво цягнуў у настаўніцкую, а Пазняк ўчапіўся за парту і разам з партай ехаў. Яго тады нават выключылі на два тыдні… Вучыўся ён, вядома, вельмі добра. Чытаў і Маркса, усё чытаў. Але не слухаўся», — успаміналі ў размове ў «Нашай Нівай» аднакласніцы Зянона.

Як згадваў сам Пазняк, у пасляваенных заходнебеларускіх Суботніках мала хто з вучняў па добрай волі ішоў у піянеры, а ў камсамол ён падаў заяву толькі каб атрымаць атэстат. Паступіўшы ва ўніверсітэт, адразу выкінуў камсамольскі білет.

Мог стаць кінаакцёрам

Зянон марыў вучыцца на астранома — зоркі захаплялі яго. І пасля школы паехаў у Маскву паступаць на гэтую спецыяльнасць. Але не вытрываў чужога моўнага і ментальнага асяроддзя, вярнуўся ў Мінск. Ён паступіў у Тэатральна-мастацкі інстытут, адкуль яго двойчы выганялі за перакананні. Першы раз — на другім курсе з акцёрскага аддзялення. Другі раз — з мастацтвазнаўчага аддзялення, перад самым выпускам. Аднавіцца ўдавалася дзякуючы, сярод іншага, заступніцтву народнага паэта Беларусі, камуніста, былога палітвязня Максіма Танка.

Пазняк не шкадуе, што не ўдалося стаць акцёрам: «Акцёр — чалавек несвабодны».

Блізка ведаў Караткевіча

Беларускі інтэлектуальны асяродак у Мінску 1960-х быў зусім малы — цяжка было знайсці «сваіх». Гісторык Міхась Чарняўскі ўспамінаў, напрыклад, што Пазняк пазнаёміўся з ім, пачуўшы выпадкова беларускую мову з яго вуснаў.

Зянон блізка ведаў Уладзіміра Караткевіча: на яго 35-годдзе адшукаў у архівах невядомае раней фота Каліноўскага, павялічыў і падарыў пісьменніку з дарчым надпісам: «Няхай Тваё жыццё будзе вартым Ягонай смерці». У дзённікавых запісах Караткевіч называў Пазняка «маладым здольным хлопцам».

Пазняк і Караткевіч у экспедыцыі.

Класны фатограф

«Я — фатограф. Калі мяне звольняць з працы, я пайду, пад касцёл сяду, буду рабіць фотаздымкі бабак, яны мне будуць за гэта яйкі з салам даваць. Я пражыву», — казаў Пазняк Міхасю Чарняўскаму, калі яны, маладыя навукоўцы-дысідэнты, мелі праблемы з працаўладкаваннем.

Мы часта глядзім на здымкі, якія склалі класіку беларускай фатаграфіі і не ведаем, што яны — Зянона. Вось напрыклад:

Здымкі Зянона Пазняка з альбома «Браслаўшчына».

Фота з альбома «Мінск».

Максім Танк з маці. Фота Зянона Пазняка.

Прыдумаў слова «Курапаты», каб выкрыць фальсіфікацыі

Гісторыя нацыянальнага некропаля пачалася ўлетку 1988-га, калі Пазняк з інжынерам Яўгенам Шмыгалёвым апублікавалі ў газеце «Літаратура і мастацтва» артыкул «Курапаты — дарога смерці».

Зянон Пазняк і Біл Клінтан у Курапатах падчас візіту прэзідэнта ЗША ў Беларусь.

Той факт, што каля самага Мінска знаходзіцца вялізная брацкая магіла ахвяраў сталінскіх злачынстваў, ускалыхнуў грамадства. Спецслужбы скора «знайшлі» дакументы, згодна з якімі расстрэльвала ў «Курапатах» не НКВД, а нацысты ў час вайны. У адказ Пазняк дастаў доказы, што сапраўдных дакументаў са словам «Курапаты» быць не можа: ён першы так назваў гэтае ўрочышча. У 1930-я лясок паміж вёскамі Зялёны Луг і Цна Ёдкава, дзе расстрэльвалі людзей энкавэдысты, не меў назвы.

А пры канцы 1988-га, на Дзяды, урочышча Курапаты стала месцам першай масавай акцыі пратэсту.

Дзяды-1988. Выступае Зянон Пазняк. Фота з архіва «Нашай Нівы», аўтар неідэнтыфікаваны.

Стварыў Народны Фронт і павёў барацьбу за незалежнасць

У тым самым 1988-м Зянон Пазняк узначаліў Беларускі Народны Фронт — БНФ. І на доўгія гады гэтая абрэвіятура стала імем назоўным для любой непадкантрольнай уладам апазіцыйнай дзейнасці ў Беларусі.

Менавіта Апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ склікання ўтварыла ценевы ўрад, якім кіраваў Пазняк. Яна раскалыхвала дэпутацкае «балота» і дамаўлялася з камуністамі, прабіваючы законапраекты пра незалежнасць, дзяржаўны статус беларускай мовы, змену савецкай сімволікі на нацыянальную.

Ажаніўся ў 50 гадоў

У 1994-м, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, на якіх Зянон Пазняк заняў трэцяе месца, ён ажаніўся з аднапартыйкай Галінай Вашчанка. Для 50-гадовага Пазняка гэта быў першы шлюб.

Вясковая жанчына абдымае Галіну Вашчанка — жонку Зянона Пазняка. Фота Віктара Стралкоўскага з архіва «Нашай Нівы».

Чаму раней не знайшлося пары? Гэта было абумоўлена спецыфічнымі ўмовамі, у якія трапілі беларускія патрыёты ў 1960—70-я: «Практычна ўсе маладыя жанчыны з вышэйшай і сярэднеспецыяльнай адукацыяй (савецкі клас інтэлігенцыі) стоадсоткава былі зрусіфікаваныя. Ніхто з іх не гаварыў па-беларуску, — успамінаў Пазняк. — Для нас, маладых інтэлігентаў, гэта была сапраўдная жыццёвая трагедыя, банальная і прымітыўная — проста немагчыма было дабраць сабе пару. Пасля першага яе пытання — «почему разговаріваете по-белорусскі» — было другое: «зачем этот белорусскій язык?» Пасля другога трэцяе, такое ж. А потым пачынаўся галаўны боль».

Хоць сімпатыі, вядома, былі. Так, аднакласніцы згадвалі гімнастку Ядзю, якую ён кахаў у школе, а сябры ў маладосці хацелі яго ажаніць з дачкой Максіма Танка.

Выйграў суд у Лукашэнкі

Гэта адбылося ўжо ў часы, калі Аляксандр Лукашэнка быў прэзідэнтам. У студзені 1995-га, пасля ўварвання расійскіх войскаў у Чачню, Апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце выступіла ў падтрымку народа Чачні. Лукашэнка ў адказ заявіў, што Пазняк заклікае беларусаў ехаць ваяваць. Пазняк злавіў яго на слове і падаў у суд. Вярхоўны Суд прызнаў рацыю Пазняка і абавязаў Лукашэнку абвергнуць сказанае і выбачыцца. Зроблена гэта не было.

Пазняк і Лукашэнка ў дэпутацкія часы.

Зянон з Галінай выехалі з Беларусі ў 1996-м, калі ўзнікла пагроза жыццю лідара БНФ. Яны ўжо чвэрць стагоддзя жывуць у Варшаве.

Чарнобыльскі шлях-1996, пасля якога Пазняк вымушаны быў пакінуць Беларусь.

Апошняе фота, зробленае Зянонам Пазняком у Беларусі.

Яму прысвяцілі рэп

Іранічны «Зянон-хоп» з’явіўся ў 2006-м, пасля разгону Плошчы і разгрому апазіцыйных асяродкаў, на тле ўсеагульнай дэпрэсіі. Ён быў апублікаваны ў ананімнай старонцы ў інтэрнэце і дагэтуль невядома, хто яго склаў. Напісаны па-расейску, перасыпаны мацюкамі, ён ствараў каларытны і пазітыўны (наколькі можа быць пазітыўны ў рэпе гангстар) вобраз Зянона — супермэна, які прыйдзе і выратуе Беларусь ад дыктатуры:

— Руки за голову! — Как бы не так!
Врагу не сдается гордый Пазняк. 
Предъявить документы? Да … я вас в рот! 
Цель визита? Государственный переворот. 
Какое гражданство? … совсем? 
Что с собой? Так, …: два АК 47. 
На стволах гравировка: «Радзіма. Свабода». 
Резко валит с двух рук всю бригаду уродов, 
Пять секунд, …, и цуд некранутай прыроды, 
тишина и спокойствие на границе. 
… и гэбня, начинайте молиться.

і г.д.

Сам прататып такога рэспекту ад маладога пакалення не ацаніў. Пазняк сказаў, што каментаваць «Зянон-хоп» у культурным таварыстве немагчыма дзеля мацюкоў.

Галіна Пазняк каля беларускай мяжы.

Што трэба, каб вярнуўся ў Беларусь?

На гэтае пытанне Зянон адказвае каротка: «Ён павінен сысці».

Пазняк на мітынгу салідарнасці з беларускімі палітвязнямі ў Нью-Ёрку. Фота БАЗА.

Андрэй Скурко

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
2
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930