Знайсці
23.04.2019 / 13:318РусŁacБел

Што рабіць з Курапатамі? Канструктыўныя прапановы гісторыка

Расказвае па пунктах Зміцер Дрозд, перадае «Салідарнасць». Патрэбна толькі палітычная воля на самым версе.

Днямі кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык агучыў: «На жаль, вось так адназначна даць адказы на пытанні, хто там (у Курапатах) ляжыць па прозвішчах, немагчыма. Гэта немагчыма…»

Паколькі Вакульчык адказваў на пытанне журналіста аб адкрыцці архіваў КДБ, то яго словы можна разумець так, што ў да сёння закрытых фондах гэтай сілавой структуры не захавалася патрэбных нам дакументаў. Такіх, з якіх можна было б пэўна сказаць, хто з рэпрэсаваных і дзе пахаваны. І тым больш — у якой менавіта яме.

Аднак са зместу гэтага інтэрв'ю можна зрабіць, як мінімум, адну важную выснову: сёння для беларускага КДБ няма сумненняў у тым, што ў Курапатах ляжаць менавіта ахвяры чэкістаў, а не нацыстаў. Праблема толькі ў персанальнай ідэнтыфікацыі гэтых парэшткаў, якая нібыта немагчымая. Ці так гэта?

Афіцыйны мемарыял — без адзінага імені ахвяр рэпрэсій

Сапраўды, досвед цалкам адкрытага для даследчыкаў архіва СБУ (былы архіў КДБ Украіны) паказвае, што ніякіх карт пахаванняў з дакладным указаннем, дзе спачывае прах кожнага канкрэтнага расстралянага, не існуе. Або, хутчэй за ўсё, яны проста не захаваліся. У большасці ж актаў аб прывядзенні прысуду ў выкананне месца пахавання не ўказваецца.

Архіў СБУ: «Труп, паводле вызначаных правілаў, перададзены зямлі»

Праўда, ёсць і выключэнні, як у дакуменце, які прыводзім ніжэй, дзе такім месцам названы гарадскія могілкі. Без указання канкрэтнага ўчастка.

«Трупы перададзены зямлі на гарадскіх могілках, згодна з існуючым на гэты конт правіламі»

Здавалася б, што гэта ставіць крыж на ідэі ідэнтыфікацыі… Але гэта не так.

Сучасныя спосабы генетычных даследаванняў пакідаюць нам амаль стапрацэнтныя шансы вызначэння асобаў усіх, хто знаходзіцца ў расстрэльных ямах або пахаваннях. Праўда, гэта нятанна і няхутка, але гэта рэальна. Што можна зрабіць?

1. Вызначыць дакладныя месцы і межы месцаў расстрэлаў і пахаванняў і канкрэтныя ямы, дзе знаходзяцца парэшткі ахвяр. Падобная праца праводзілася ў Курапатах, але, як паказалі раскопкі, не заўсёды правалы ў зямлі аказваліся месцамі пахаванняў, часам яны насілі натуральны характар.

Аднак сучасныя тэхналогіі дазваляюць праводзіць падобныя даследаванні без раскопак кожнай падазронай ямкі. Ужо існуе тэхніка, якая можа вызначць не толькі тое, ці з'яўляецца гэтая яма пахаваннем, але і пры дапамозе аналізу глебы вызначыць прыблізную колькасць цел.

Наколькі я ведаю, падобнай тэхнікі ў Беларусі няма, але яна ёсць, напрыклад, у Польшчы. І польскі Інстытут нацыянальнай памяці гатовы прадаставіць яе разам са спецыялістамі для даследавання Курапатаў.

Праўда, Беларусь пакуль не зацікавілася такой прапановай.

2. Вызначыўшы дакладныя межы пахаванняў, можна зэканоміць сілы і час пры эксгумацыі парэшткаў. Эксгумацыя выконваецца для ўзяцця ДНК, якая добра захоўваецца ў касцях і зубах. Нават пасля пажараў і авіякатастроф, калі ад цел мала што застаецца, такія тэсты дазваляюць высветліць асобы загінулых.

Гэта таксама трэба для пошуку новых прадметаў, здольных дапамагчы ў ідэнтыфікацыі. Так падчас апошніх раскопак былі знойдзены даведкі з гарадзенскай турмы з прозвішчамі двух расстраляных: Мойша Крамер і Мардухай Шулескес.

Яма, дзе былі знойдзеныя дакументы двух цяпер вядомых ахвяраў Курапатаў

3. Аналізы ДНК бяруцца таксама ў нашчадкаў і блізкіх сваякоў расстраляных. Чым бліжэй сваяцтва, тым лепш. Аўтасомны тэст дакладна пакажа сваяцтва толькі да чатырох пакаленняў. Але калі ў мяне быў расстраляны брат прадзеда па мужчынскай лініі Мікалай Дрозд, то аналіз нашых ДНК і ў першую чаргу Y-храмасом пакажа наша блізкае сваяцтва.

Для параўнання ДНК і пошуку сваякоў можна таксама выкарыстоўваць ужо існуючыя базы дадзеных. Напрыклад, у некаторых катэгорый грамадзян у Беларусі ДНК бярэцца ў абавязковым парадку. Акрамя таго, існуюць замежныя камерцыйныя арганізацыі, якія робяць ДНК-тэсты. Кошт іх узораў ужо ідзе на мільёны. І звесткі даступныя для параўнання.

4. Праца ў архівах КДБ для выяўлення максімальнага ліку актаў аб прывядзенні ў выкананне смяротных прысудаў. У такім дакуменце адзначаецца: хто, калі і кім быў расстраляны. З вялікай доляй верагоднасці ў адной яме будуць знаходзіцца людзі з аднаго акта або актаў за адзін дзень, паколькі магілы нельга было пакідаць незакапанымі надоўга.Такія акты захаваліся ў архівах Украіны, павінны быць і ў беларускіх. Колькасць расстраляных за адзін дзень вагаецца ў межах ад аднаго чалавека да некалькіх соцень. У адной з самых вялікіх ям у Курапатах, раскапанай у 1997—1998 гадах, было выяўлена крыху менш за 400 цел.

Самая вялікая з даследаваных на гэты дзень расстрэльных ям у Курапатах

Гэтыя (а таксама некаторыя іншыя, як напрыклад, колькасць жанчын і мужчын) дадзеныя можна параўноўваць з колькасцю выяўленых у ямах цел, ужо па самым блізкім супадзенням, мяркуючы па даце расстрэлу, а па ёй — вызначаць імянны спіс расстраляных.

5. Ідэнтыфікацыя нават аднаго або ідэальна некалькіх цел з кожнай ямы дазволіць дакладна вызначыць дату расстрэлу, а, значыць, і ўсіх людзей, чые целы знаходзяцца менавіта тут. З часам, па меры знаходжання новых супадзенняў ДНК, гэтыя дадзеныя будуць удакладняцца і карэктавацца.

Адно з галоўных пытанняў такой праграмы — цана. Сёння цана ДНК-тэстаў, якія дазваляюць вызначыць сваяцтва, нават у камерцыйных арганізацыях складае каля 50 даляраў. Па розных разліках колькасць людзей, расстраляных у Курапатах, вагаецца ад 7 да 30 тысяч, што нават па камерцыйных расцэнках дае нам, максімум, цалкам пасільныя для Беларусі паўтара мільёна даляраў.

Калі ж гэтыя тэсты будуць выконвацца беларускімі лабараторыямі, то кошт будзе істотна ніжэйшы. Акрамя таго, значных выдаткаў запатрабуе і праца па саміх раскопак, хоць тут можна будзе скарыстацца бясплатнай працай валанцёраў або арміі.

Аднак, калі сама Беларусь не знойдзе сродкаў на гэту высакародную справу, то, напэўна, з просьбай аб фінансавай падтрымцы можна будзе звярнуцца да Польшчы (у пошуку ахвяр некарэктна названага «беларускага катынскага спісу»), Ізраіля (калі ёсць нават 0,1% верагоднасці, што там — ахвяры Халакосту) ці Германіі.

Такім чынам, высвятленне імёнаў тых, хто спачывае ў Курапатах і іншых месцах, тэхнічна магчыма.

І ад Беларусі спатрэбіцца толькі палітычная воля на самым версе, каб мемарыял не выглядаў як ганебны безназоўны помнік «невядомым рэпрэсаваным». Яны невядомы толькі таму, што для цяперашняй улады гэта не так важна, як яе дарагія цацкі.

А «ніхто не забыты, нішто не забыта» — гэта, відаць, толькі для ахвяр першай катэгорыі — ахвяраў вайны. Памяць жа пра ахвяраў рэпрэсій камусьці так і хочацца пакінуць безасабовай, безназоўнай, схаваць далей ад вачэй. Каб незнарок курапацкія крыжы не нагадалі, што не толькі акупанты, але і родная ўлада ў адносінах да сваіх грамадзянаў бывае злачыннай.

Зміцер Дрозд, gazetaby.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930