Знайсці
24.04.2019 / 10:45РусŁacБел

Варашкевіч: першы тэкст да «Слуцкай брамы» напісаў Анатоль Сыс

 

Гурт «Крама» запускае ў эфіры новыя песні, рыхтуе альбом, у абноўленым складзе і рэпетуе праграму да сольнага канцэрта 30 красавіка — усе погляды скіраваны ў будучыню. Але сёлета ёсць нагода згадаць і мінулае, вярнуцца на 25 год назад. Бо менавіта на «Рок-каранацыі-1994» званне самых першых «Рок-каралёў» Беларусі дасталося «Краме». І менавіта 25 год назад выйшаў адзін з найлепшых альбомаў калектыву «Гэй там, налівай!»

У інтэрв’ю Ігара Варашкевіча — і пра тыя легендарныя часы, і пра дзень сённяшні: перажыты крызіс, вяртанне драйву і пра тое, што ў жыцці здарылася ўпершыню.

 

— Давай паспрабуем вярнуццца на 25 год назад, у пераломны для краіны 1994-ы. Згадаем самы пік славы і творчасці «Крамы».

— Творчы пік, я думаю, быў усё ж бліжэй да 96-га, да «падзення», як я гэта напаўжартам называю, калі ў «Крамы»з’явіліся праблемы — Руслан Праўда сышоў, усё неяк пачало развальвацца, у мяне ў сям’і гора за горам.

А калі казаць пра прызнанне, нейкі поспех — то так, 94-ы год, «Рок-каранацыя», першае месца на фестывалі «Поколеніе» ў Маскве, песні ў эфірах, мы кшталту зоркі, і ў Англіі нас слухаюць…

Хаця альбом «Гэй там, налівай» я не лічу самым лепшым, у ім яшчэ было нямала розных творчых пошукаў, у тым ліку і маіх ваганняў паміж водгуллем «Бонды» 80-х гадоў і стылістыкай Dire straits, якую я потым прыбраў з музыкі, каб «Крама» гучала выключна арыгінальна.

Дарэчы, пасля «Гэй там, налівай» групу першы раз пакінуў Сяргей Трухановіч, і тады наш стыль змяніўся, наблізіўся да таго, у якім мы зараз іграем, стаў больш цяжкім і стаў менавіта блюз-рокам.

— Той перыяд, як мне падаецца, быў адзіным у гісторыі групы, калі калектыў максімальна наблізіўся да «правільнага», прафесійнага існавання папулярнай рок-банды. І працаваць было значна прасцей: усе імкнуліся дапамагчы.

— Пачнем з таго, што тады ў нас была студыя ў Палацы культуры прафсаюзаў, мы рэпетавалі кожны дзень па многа гадзін, і, натуральна, гэта давала свае вынікі. Да таго ж, у нас усе рэпетыцыі запісваліся, таму што быў свой гукарэжысёр, ён жа фатограф і прыкаліст Клаус — Алесь Белізяк, мы мелі магчымасць аналізаваць, паляпшаць. Такога ужо даўно няма, бо студыі здымаем за грошы, па гадзінах.

«Крама» на рэпетыцыі.

Тады ўсім была справа да музыкантаў, і ўстановы ішлі насустрач з рэпетыцыйнымі базамі, і на тэлебачанне з радыё не трэба было напрошвацца. Бо гэта была новая культура, якая нараджалася разам з новай дзяржавай. І была ж «Дайнова», якая проста рухала нашу музыку.

— Калі згадваеш, колькі фірма «Дайнова» з Адамам Палюховічам зрабіла для беларускай культуры…

— Так, у нас дагэтуль ёсць апаратура, што з’явілася дзякуючы гэтай кампаніі, і альбомы запісваліся ж небясплатна. І кліпы дзякуючы «Дайнове» здымаліся — вельмі неблагі кліп «Гомельскі вальс» з тэлеэфіра знялі, бо ўбачылі там рэкламу «Дайновы». Але гэта было не спонсарства, а сапраўднае мецэнацтва.

— А з чаго пачалася англійская гісторыя, якая ў выніку дала і англамоўны альбом, і вашыя песні ў эфірах Бі-Бі-Сі?

— Сама «Крама» пачалася з таго, што мы запісалі на студыі «Песняроў» чатыры кампазіцы — «Бяжы, хлопец», «Выпі са мной да дна», «Здраднік» і «За куфалем піва» — і яны пачалі гучаць. А ў Руслана Праўды быў сусед па лесвічнай клетцы Саша Карымаў, што працаваў перакладчыкам у англійскага мільянера Нэва Мэйса, які прыязджаў на мінскі завод купляць матацыклы. Потым у Англіі ён перарабляў іх у маленькія спартыўныя. Саша Карымаў даў Нэву паслухаць нашы запісы, яны трапілі ў Англію і там спадабаліся,

Потым быў жа цэлы лэйбл, падцягнулі туды і «Тарнада» з новай назвай Red dynamite, «Отражение» з Мазыра, іншыя нашы групы. Асаблівага працягу гісторыя не мела, але спроба была.

— Назву песні «Гэй там, налівай» вы зрабілі і назвай альбома. Англамоўны альбом у вас называўся Vodkaonice. Тады алкагольная тэматыка здавалася крутой, вясёлай?

— Музычна «Гэй там, налівай» пачалася з прыдумкі нашага барабаншчыка Толіка Горбача. Ён прапанаваў рыф і прыпеў, Сяргей Трухановіч прыдумаў гітарную партыю, а я куплеты. На працягу дзесяцігоддзяў кампазіцыя трансфарміравалася, стала больш фанкавай, цяпер яна па-іншаму гучыць. А тэкст, па вялікім рахунку, я дагэтуль не разумею (смех). У прынцыпе, ён ні пра што, адное што ў галаве круціцца «налівай ды выпівай».

«Крама» на фэсце «Пакаленне-94» у Маскве.

Праўда, у нас ёсць жарцік. На тым вялікім фестывалі ў Маскве «Поколение-94» да нас падыйшоў Раман Рабцаў з групы «Технология» і сказаў: якая клёвая песня! Але ж ён не мог правільна вымавіць наша беларускае «г», і атрымалася «Гей, налівай». З таго часу мы жартуем, што песня пра геяў.

У тыя часы, натуральна, мы ўжывалі, і нямала, эксперыментавалі з напоямі. Маладосць, рок-н-рол… Але звычайна я пераводжу стрэлкі на Лукашука — ён адказны за тэксты. Я, маўляў, проста спяваю, што мне напісалі.

Тады мы жылі на здымных кватэрах практычна камунай музыкантаў. У нас збіраліся натоўпы людзей, сяброў па рок-н-ролу — і Вольскі, і Кася, іншыя. Неяк так заўсёды атрымлівалася, што кватэры здымаў наш гукарэжысёр Клаус, а далей і астатнія намалёўваліся. На Пляханава, памятаю, была самая легендарная хата — каго там толькі не было, хто там толькі не «завісаў»!

Пілося ўсё і ў любых колькасцях. Зараз на падобнае здароўя, канечне, ужо няма. Хаця ў душы я застаюся гэткім жа баламутным, але з фізічным узростам нічога не паробіш. 

Многія «паліваюць» 90-я гады — а для мяне гэта быў цудоўны вясёлы час. Хоць і галодны, але вельмі творчы і насычаны.

Дарэчы, у альбоме шмат абсалютна іншых песень, лірычных і даўно забытых, кшталту «Канады», якую мы не выконвалі гадоў 25, і плануем зараз вярнуць у рэпертуар. Праўда, на бліжэйшы канцэрт 30 красавіка, мабыць, не паспеем, бо ў адсутнасць Трухановіча трэба і партыі памяняць, каб потым не было пытанняў з яго боку.

Ёсць цікавыя новыя песні, якія мы ўжо запускаем у эфіры.

 — Самая доўгажывучая песня з гэтага альбома — «Слуцкая брама» 1986 года — дагэтуль гучыць у кожным канцэрце.

— Так, гэта песня яшчэ групы «Бонда». Боршч — Сяргей Кныш — сядзеў і напяваў рэфрэнчык — «Лалалала», я прыдумаў мелодыю, гармонію для куплетаў, Ваня Маркаў нешта дадаў. Так што аўтар музыкі ў нас калектыўны.

А з тэкстам ёсць нюанс — першы тэкст напісаў Анатоль Сыс. Я нават памятаю пачатак:

Над Слуцкай брамай светлыя аблокі,
Пад Слуцкай брамай цёмныя муры,
І дзень і ноч я чую продкаў крокі,
 Пакуль стаяць на варце ваяры.

Не ведаю, ці магчыма зараз знайсці ўвесь тэкст Анатоля. Можа, ў Баранавічах дзе, сярод паперак з малюнкамі. Але нам тады нешта не спадабалася, і назва засталася — «Слуцкая брама», але Сяргей Кныш напісаў новы тэкст.

Анатоль Сыс калісьці ж назву і для «Бонды» прыдумаў, і слова «Крама» з яго спісу — ён падрыхтаваў для нас спіс з магчымых назваў. Мы абралі слова «бонда» і звярнуліся да Адама Мальдзіса, каб ён растлумачыў усе значэнні слова. А калі паўстала пытанне, што для «Рокіса» патрэбная новая назва, я прапанаваў іншае слова з сысаўскага спісу — «Крама».

«Слуцкая брама» — адна з дзвюх песень, якія нас заўсёды прасілі на «Басовішчы». Яшчэ і «Стэфка». Я часам жартую, што там толькі дзве нашы песні і ведаюць, і тыя групы «Бонда».

— Сёлета ты дастаткова весела адзначыў Дзень Волі, у прыемнай кампаніі даўніх сяброў па рок-н-роле. А звычайна ж не аматар спяваць на вуліцах…

— Мне напісалі, што ў Лявона ёсць ідэя пайсці паспяваць на пешаходнай вуліцы, я і пагадзіўся. Думаў, што нічога крымінальнага мы не плануем, і праблем не будзе ніякіх. Але на ўсякі выпадак узяў з сабой пашпарт (смех).

У мае 58 гадоў засталіся рэчы, якія я яшчэ не паспрабаваў, дык вось яно здарылася — першы раз у жыцці трапіў у міліцыю!

Мы там і не паспелі нічога зрабіць, да нас адразу падышлі з папярэджаннем, што калі вы зайграеце, то гэта будзе расцэньвацца як масавае мерапрыемства, а потым «прапанавалі» праехацца. Адвезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе мы дзве з паловай гадзіны стаялі ў дворыку ля сценкі.

— Уяўляю, якія шыкоўныя кадры там можна было зняць — кампанія славутых музыкантаў ля сценкі у РУУС.

— Тэлефоны загадалі адключыць, таму кадраў няма, я таксама пра гэта шкадую. Мы нават жартавалі, што, можа, нам стаць «лицом к стене, руки вверх». Але так выстаяць было б складана, да таго ж холадна. Я там асабліва не хваляваўся, проста шкадаваў, што не ўзяў з сабой ніяках лекаў, усё ж доўга стаялі. Да нас прывезлі Рымашэўскага, святар нейкі быў, і потым людзей падвозілі.

Насупраць міліцыянеры — мужчыны і жанчыны — моўчкі глядзелі на нас. Як потым апынулася — яны «нас ахоўвалі». Рымашэўскі спрабаваў з імі размаўляць: «А вы хоць разумеееце, хто тут стаіць?» Але тым нельга было размаўляць. А яшчэ і з вокнаў усе выглядвалі, цікава.

У нас жа кумпанія проста агонь была — Аракелян магутны ў сваёй чырвонай шапцы, Вайцюшкевіч у балахоне, Лявон такі крэатыўны, я ў скураной куртцы «Харлі Дэвідсан» — Джузэпэ, Ліса Аліса, Кот Базіліа…

А я гэтую куртку пазычыў у Андрэя Лявончыка, яна мяне проста выратавала там — цёплая. Пасля гэтай гісторыі я нават прымусіў Андрэя прадаць яе мне.

А потым склалі пратаколы гэтыя дурацкія: «Што рабіў?» — «Нічога». «А што потым?» — «І потым нічога». Ну дык можаце ісці.

— Ці перажыў ты ўжо гісторыю з сыходам гітарыста Сяргея Трухановіча?

— Я думаю, нам з Сяргеем Трухановічам даўно трэба было прыняць рашэнне расстацца, а не пакутваць разам. Я вельмі паважаю яго як прафесіянала, але мы былі занадта розныя нават па тэмпераменце.

У Сяргея, наколькі я ведаю, усё добра, ён і альбомы свае інструментальныя выпускае, і ў Маскве выступае, не прападзе — ён выдатны музыкант. Але ж і я цяпер магу рабіць тое, што даўно хацеў.

Я з-за сваёй нерашучасці многага не зрабіў у творчасці — нейкіх такіх вясёлых, непрадказальных рэчаў, якія падабаліся б людзям. А мы зашыліся ў нейкім кокане, у нас усё пабудавана было як у арміі. І такі парадак шмат у чым ішоў ад Сяргея. А я хацеў быў разняволеным, пажартаваць, адарвацца. Вось песня «Польскі бізнэс» — гэта маё, такое хуліганістае.

Цяпер ізноў з’явілася падобная атмасфера. На восеньскім канцэрце, калі мы ледзь не ў апошні момант апынуліся без Трухановіча, усе адзначылі, што «Крама» змянілася і стала больш свабоднай, атрымаўся надзвычай драйвовы рок-н-рольны канцэрт. Хаця згадаць, якіх нерваў мне гэта каштавала, які ціск у мяне быў перад канцэртам, колькі таблетак!

— У «Крамы» зараз ледзь не штогод будуць юбілеі, напрыклад, даўніх легендарных альбомаў. Ці думаў ты, што па жыцці ўпушчаны нейкі шанс, што лёс у групы мог быць больш шчаслівым?

 — Я неаднойчы спрабаваў адказаць сабе на гэтае пытанне. Заўсёды кажу, што, мабыць, я недастаткова таленавіты, калі так адбылося. Ці ў мяне не хапіла добрага голасу, бо вось каго любяць у Беларусі — «Акіян Эльзы», Scorpions, дзе спевакі. У мяне ж іншы выпадак. А, можа, гэта і недахоп настойлівасці, нахабства, ува мне гэта амаль адсутнічае.

Рускія і палякі па маім адчуванні больш жорсткія ў гэтым сэнсе, больш самаўпэўненыя, а ў мяне нейкі такі беларускі менталітэт, я люблю сузіраць. І ў мяне ніколі не было ніякіх канцэпцый, я да ўсяго стаўлюся імправізацыйна. На жаль. Вельмі многага я не зрабіў з таго, што было б варта. Чым ад мяне адрозніваецца не самы мой любімы персанаж Сяргей Шнураў — у яго няма тормаза, няма сумненняў, ён робіць тое, што прыйшло ў галаву. Як і Сяргей Міхалок. А я не рабіў, пастаянна азіраўся, размаўляў сам з сабою, камплексаваў, і цяпер шкадую.

— Тым не менш, мне падаецца, што лінія «Крамы» ізноў пайшла ўверх, настрой змяніўся.

— Менавіта, зараз творчы ўздым. Дарэчы, гэта перавага ўзросту, калі ты перастаеш звяртаць на яго ўвагу. Гадоў у 55 мяне «адпусціла», я раптам сказаў сабе, што гэта цудоўны ўзрост. Праз год будзе 60, а мне па барабане.

Здаецца, што 60 гэта ўжо і не так шмат — вось 70! А ў 70 гадоў мне будзе здавацца, што зараз сама тое, а вось у 80! Так што у запасе яшчэ ёсць час пагудзець.

Звычайна з узростам і вопытам пачынаюцца гэтыя бясконцыя самакапанні. Але зараз мы перайшлі нейкі бар’ер, ізноў усё стала весела. Я хвалююся перад канцэртам 30 красавіка, дзе мы і новыя песні будзем паказваць. Але хвалююяся менавіта таму, што нешта, можа, не да канца адрэпетавана. Магчыма, будзе нямала імправізацыі, але галоўнае, упэўнены, будзе — гэта драйв.

Гутарыла Надзея Кудрэйка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930