Знайсці
20.04.2019 / 20:5250РусŁacБел

Лукашэнка пра Курапаты: А ты, калі забіваў крыж, думаў пра тое, што там галава забітага чалавека?

Падчас суботніка Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра ўрочышча Курапаты, дзе пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, паведамляе БелТА.

фота Радыё Свабода

Пра грамадскі інтарэс да тэмы

«Людзі сёння занятыя на заводах, фабрыках, сеюць хлеб — разумеючы, што без гэтага нельга. Яны нават не ведаюць пра нашы хітраспляценні, нейкія дэбаты, градусы. А тыя, хто гэта чуе, задаюцца пытаннем: што, больш няма чаго рабіць? Іншыя пытаюцца, хто большы ў тэме: «Што, зноў»? Бо на Курапатах выраслі многія нашы апазіцыйныя палітыкі, — сказаў Лукашэнка. — І мне здавалася, што тэма Курапатаў стала той, якая павінна быць у грамадстве. Я ўжо думаў, што ніхто больш не будзе гэтую праблему палітызаваць, і ніхто не будзе нажывацца на гэтай тэме як палітыкі. Але не…»

Пра знос крыжоў у Курапатах

«Якія да мяне прэтэнзіі? Мяне папрасілі, запатрабавалі, мяне папракалі пастаянна, чаму там няма парадку. Але і на «Вялікай размове» я сказаў: «Добра, калі на тое пайшло, трэба прэзідэнту і тут парадак навесці, я паспрабую». Людзі, якім было даручана, з душой прыйшлі, вычысцілі гэтую тэрыторыю, абгарадзілі лёгкай агароджай. Там яшчэ не скончана. На плот мы вывесім кветкі, як на праспекце Пераможцаў на раздзяляльнай паласе. Мы зробім вароты, каб туды людзі маглі зайсці і выйсці».

Пра туалет у Курапатах

«Мне сорамна нават вам казаць, калі мне паказалі фотаздымкі, што там робіцца… Стаіць за дрэвам дзяцюк, «бел-чырвона-белы сцяг», і палівае гэта дрэва. Там жа ні прыбіральняў, нічога не было. Яны прыйшлі — хто пракалоўся, хто нанюхалiся гэтай брыдоты… Ёсць некаторыя, хто і па-вялікаму там. Але, самае галоўнае, не было абгароджана: людзі выгульвалі сабак па гэтых магілах, па галовах людзей, якія там ляжаць, якім не трэба гэтая палітыка. Сапраўдныя могілкі, дзе людзі пахаваныя, і ніхто не ведае, дзе тая магілка».

«А ты думаў пра тое, што там галава загінулага чалавека?»

«І паглядзіце, там крыжоў назабівалі на гэтых могілках больш, чым дрэваў. А ты, калі забіваў гэты крыж, думаў пра тое, што там галава загінулага чалавека, што ты заганяеш гэты крыж у яго цела або галаву. Калі ўжо хацелі гэтыя крыжы там прымацаваць, дык вазьміце гэтых каталікоў і праваслаўных, якія «пакутуюць», якія раптам ўзбудзіліся, прыйдзіце туды, асвяціце і прывяжыце гэты крыжык да дрэва, каб у галаву не ўбіваць гэты крыж там».

Пра ўсталяваныя крыжы

«Гэта што, для тых людзей?! Гэта палітыка, гэта трэба было паказаць. А што паказаць, я не разумею»

Пра розныя рэлігіі

«Таму я даручыў па-хрысціянску, па-мусульманску, па-іўдзейску (там жа розныя людзі). І хтосьці з мусульман правільна заўважыў, калі каталікі там пачалі абурацца: чаго вы, кажа, хвалюецеся, злуецеся — там жа і мусульмане, і габрэі, не толькі хрысціяне - праваслаўныя і каталікі».

Лукашэнка пра Курапаты: «Пачаў узбухаць Свёнтак!» А кардынал Свёнтак памёр 8 гадоў таму

Ахвяры «адтуль глядзяць і думаюць: пакіньце нас у спакоі»

«Я спрабаваў зрабіць ад душы. І гэта яшчэ не заканчэнне. Мы прывядзем у парадак гэта ўрочышча. Мы папросім прабачэння перад гэтымі людзьмі за тое, што мы варушылі іх прах. Яны ж адтуль на нас глядзяць і думаюць: «Людзі, навошта вы, пакіньце нас у спакоі». Яны гэтага хочуць. Любы памерлы чалавек, які знаходзіцца там, у зямлі, думае толькі адно: «Я сышоў, жывіце вы, доўга жывіце, толькі не варушыце мой прах». А мы кожны год палітызуем праблему, топчамся па іх галовах. Гэта ненармальна. Гэта мой пункт гледжання. Можа быць, у кагосьці іншы. Можа, нейкі іншы прэзідэнт прыйдзе і пачне шукаць нейкі кансэнсус і зноў перарые гэтыя магілы. Пакуль я прэзідэнт, гэтага не будзе».

«Трэба аддаць даніну павагі»

«Трэба аддаць даніну павагі тым, хто быў застрэлены ў 30-я, 40-я, яшчэ ў нейкія гады. Мы сёння нават не ведаем: гэта толькі сталінскія рэпрэсіі ці там хавалі і падзахоўвалі яшчэ кагосьці, ці там фашысты расстрэльвалі людзей. Мы ж гэтага не ведаем. І я не прыхільнік, каб зноў корпацца ад раскопак да архіваў. Трэба аддаць даніну павагі тым, хто там ляжыць. Не трэба іх дзяліць на габрэяў, украінцаў, рускіх, палякаў ці беларусаў. Гэта нашы людзі, нават калі іх туды прывезлі з Расіі, Украіны ці Аўстрыі. Не трэба іх варушыць. Ім трэба аддаць даніну павагі, як мы гэта робім у «Трасцянцы». Думаю, прыйдзе час. Мне трэба яшчэ сур'ёзна падумаць над гэтымі пытаннямі. І калі мы канчаткова ўладкуем гэты ўрочышчы, мы яшчэ на гэтую тэму пагаворым».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера