Даслаць навіну
Знайсці
22.04.2019 / 10:18 19

Хто такі Ігар Каламойскі, якога звязваюць з Уладзімірам Зяленскім? Топ-7 фактаў

18 красавіка акруговы адміністрацыйны суд Кіева прызнаў незаконнай нацыяналізацыю «Прыватбанка» апальнага ўкраінскага алігарха Ігара Каламойскага. Таксама імя Каламойскага рэгулярна ўсплывае ў апошнія месяцы ў кантэксце яго сувязяў з пераможцам прэзідэнцкай гонкі ва Украіне — Уладзімірам Зяленскім.

Хто такі Ігар Каламойскі? «Наша Ніва» сабрала топ-7 фактаў пра ўплывовага і экстравагантнага алігарха, які па сваіх акцёрскіх здольнасцях мала ў чым саступае Уладзіміру Зяленскаму.

Павялічыць выяву

1. Валодае найбуйнейшым медыяхолдынгам ва Украіне

Нягледзячы на канфлікт з прэзідэнтам Украіны і вымушаны ад'езд, Ігар Каламойскі захоўвае велізарны ўплыў ва Украіне на інфармацыйную сферу. Ён кантралюе не толькі найбуйнейшы ўкраінскі тэлеканал «1+1», пад яго кантролем знаходзіцца таксама аднайменная медыягрупа, у якую ўваходзяць 7 тэлеканалаў («1+1», «2+2», «ТЕТ», «ПлюсПлюс», «Бігуді», «УНІАН ТБ», «1+1 International»), вялікая колькасць прадакшн-студый. Апроч іх, групе належаць навінавыя сайты ТСН.ua, інфармацыйнае агенцтва УНІАН і «Главред», а таксама інтэрнэт-сайты «Телекритика» і «Дуся». Акрамя таго, медыягрупа валодае ўкраінскім аператарам спадарожнікавага тэлебачання «Viasat Украіна», а таксама займаецца дыстрыбуцыяй шматлікіх украінскіх і замежных тэлеканалаў.

Павялічыць выяву

Фота: telekritika.ua.

У 2018 годзе Каламойскі стаў інвестарам інтэрнэт-медыя «The Бабель», уладальнікамі якога былі менеджары «1+1».

2. Стварыў адзін з самых інавацыйных банкаў у Еўропе

У 1992 годзе ва ўкраінскім Дняпры (тады Днепрапятроўску) Каламойскі разам з бізнэс-партнёрам Генадзем Багалюбавым стварыў Прыватбанк — найбуйнейшы ўкраінскі банк, які з'яўляецца галоўнай артэрыяй для фінансавай сістэмы ўсёй краіны.

Банкаматы і тэрміналы Прыватбанка ёсць ва Украіне амаль на кожным кроку. Гэта сістэмаўтваральны банк, з дапамогай якога значная частка ўкраінцаў атрымлівае зарплаты, пенсіі і стыпендыі.

Нягледзячы на цяжкае эканамічнае становішча ва Украіне і праблемы з банкаўскай сістэмай, сам Прыватбанк з'яўляецца самым інавацыйным ва Украіне і адным з самых інавацыйных у Еўропе.

Яшчэ ў 1999 годзе банк прапанаваў сваім кліентам СМС-банкінг, у 2000 з'явіўся інтэрнэт-банкінг, у 2006 годзе Прыватбанк дазволіў пераводзіць грошы на картку праз інтэрнэт. У 2008 годзе з'явілася ўласная аплатная сістэма LiqРay, якой можна карыстацца ва ўсім свеце. У 2011 годзе з'явілася электронная інкасацыя, а ў 2012 — магчымасць атрымаць гатоўку ў банкамаце без карткі (дастаткова проста ў мабільнай праграме прасканаваць QR‑код з экрана банкамата). І гэта далёка не поўны пералік інавацый Прыватбанка.

Павялічыць выяву

Варта адзначыць, што такім інавацыйным і прасунутым банк зрабіў не Каламойскі, а сям'я Дубілетаў. Аляксандр Дубілет з'яўляўся кіраўніком праўлення, а яго сын Дзмітрый у 2010 годзе стаў IT-кіраўніком Прыватбанка.

Прыватбанк — адзін з галоўных актываў фінансава-прамысловай групы «Прыват» Каламойскага. У канцы 2016 года Украінская дзяржава нацыяналізавала Прыватбанк. Паводле Нацыянальнага банка Украіны, уладальнікі Прыватбанка выводзілі праз банк мільярды даляраў, даючы крэдыты направа і налева афіляваным асобам.

Гэта зрабіла Прыватбанк неплацежаздольным, што паставіла ўсю банкаўскую сістэму Украіны на мяжу калапсу. Нацыяналізацыю банка падтрымалі МВФ, ЕБРР, урады Вялікабрытаніі і ЗША. Дзяржава вымушана была ўкладаць вялікія грошы, каб уратаваць гіганта.

Але хутка ўсё можа змяніцца. 18 красавіка 2019 года акруговы адміністрацыйны суд Кіева задаволіў пазоў Ігара Каламойскага, пастанавіўшы, што рашэнне аб нацыяналізацыі банка было прынята з парушэннем заканадаўства. З абраннем новага прэзідэнта Украіны банк можа зноў вярнуцца ва ўласнасць Каламойскага.

Сам Каламойскі лічыць нацыяналізацыю Прыватбанка незаконнай. Паводле яго слоў, Парашэнку вельмі цікавіў кантроль над медыягрупай «1+1». У закладах Прыватбанка нібыта былі акцыі «1+1 прадакшн». Але «1+1 прадакшн» — не медыягрупа, а ўсяго толькі кампанія, якая робіць кантэнт. Па словах Каламойскага, Парашэнка пераблытаў «1+1» і «1+1 прадакшн», нацыяналізаваў Прыватбанк, але ў выніку так і не атрымаў кантролю над жаданым актывам.

Прыватбанк — толькі вяршыня айсберга фінансава-прамысловай групы «Прыват» Каламойскага. Туды ўваходзяць больш за 100 прадпрыемстваў. Актывы Каламойскага ацэньваліся ў некаторыя гады ў 6,5 мільярда даляраў. У 2018 годзе Forbes ацаніў яго актывы ў 1 мільярд даляраў.

Групе «Прыват» прыпісваюцца шматлікія выпадкі рэйдарскіх захопаў прадпрыемстваў. Украінскія журналісты сцвярджаюць, што ў «Прыват» уваходзяць ахоўныя прадпрыемствы, якія ўдзельнічаюць у сілавым прыкрыцці рэйдарскіх аперацый.

3. Іудзей, стварыў у Дняпры буйнейшы ў свеце культурна-дзелавы яўрэйскі цэнтр

Ігар Каламойскі нарадзіўся ў яўрэйскай сям'і. Ён адзін з тых, хто не толькі не ўтойвае свае яўрэйскае паходжанне, але ўсяляк яго падкрэслівае. Каламойскі апякуецца яўрэйскай суполкай у родным Дняпры, пабудаваў там найбуйнейшы ў свеце яўрэйскі культурна-дзелавы яўрэйскі цэнтр «Менора», з'яўляецца прэзідэнтам «Аб'яднанага яўрэйскага таварыства Украіны», уваходзіць у органы кіравання некаторых яўрэйскіх арганізацый у Еўропе. Таксама Каламойскі дапамагаў у рамонце тунэляў уздоўж Сцяны плачу і адраджэнні гістарычнай сінагогі «Хурва» у Ерусаліме.

Павялічыць выяву

Каламойскі на адкрыцці цэнтра «Менора».

Павялічыць выяву

Цэнтр «Менора».

4. Мае тры пашпарты, але не лічыць гэта парушэннем законаў

Ігар Каламойскі заявіў, што ў яго тры грамадзянствы — украінскае, ізраільскае і кіпрскае.

«Акрамя ўкраінскага? Ізраільскі і кіпрскі ёсць», — адказаў ён на пытанне журналістаў, пашпарты якіх краін у яго ёсць.

На ўдакладненне, наколькі гэта адпавядае ўкраінскаму заканадаўству, Каламойскі адказаў: «У Канстытуцыі напісана, што забаронена падвойнае грамадзянства. А патройнае — не забаронена».

5. Вядомы сваёй скандальнай манерай зносін з журналістамі і бізнэс-партнёрамі

Каламойскі — вельмі харызматычны алігарх, чые інтэрв'ю і гутаркі хутка разбіраюць на цытаты.

Часам ён не саромееца абмацюкаць журналістаў і сваіх партнёраў па бізнэсе. Вось толькі некаторыя відэа, якія паказваюць спецыфічную манеру зносін Каламойскага.

УВАГА! Некаторыя відэа змяшчаюць нецэнзурныя словы і выразы!

Каламойскі заўсёды быў аб'ектам жартаў на ўкраінскім тэлебачанні, у тым ліку ў «Вячэрнім Квартале», які выходзіць на канале Каламойскага «1+1». Каламойскага парадзіраваў Уладзімір Зяленскі.

6. Прапаноўваў $10 000 за галаву любога расійскага дыверсанта, чым уратаваў Дняпро і Адэсу ад стварэння там «народных рэспублік»

Павялічыць выяву

Фота: Європейська правда.

2 сакавіка 2014 года, у разгар так званай «рускай вясны», Каламойскі стаў губернатарам Днепрапятроўскай вобласці. Неспакойна тады было ва ўсіх абласцях Паўднёва-Усходняй Украіны, і было цалкам рэальна, што Украіна магла страціць кантроль над сітуацыяй у Днепрапятроўскай і іншых абласцях рэгіёну.

Днепрапятроўская вобласць — прамысловае «сэрца» Украіны, стратэгічна важны рэгіён, страту якога (як і Адэсы) Украіна магла б проста не перажыць. Там знаходзіцца вялікая колькасць актываў Каламойскага, у тым ліку ключавыя — Крэменчугскі НПЗ, Стаханаўскі, Запарожскі і Нікопальскі ферасплаўныя заводы. А праз Адэскі порт ідзе экспарт гэтых ферасплаваў. Таму Каламойскі меў асабістую зацікаўленасць, каб абараніць гэтыя вобласці ад расійскай агрэсіі.

Каламойскі ўтрымліваў Полк нацыянальнай абароны Днепрапятроўскай вобласці, дапамагаў фінансава добраахвотніцкім батальёнам тэрытарыяльнай абароны Міністэрства абароны Украіны і добраахвотніцкім спецбатальёнам МУС Украіны. Таксама ён меў на ўтрыманні шэраг уласных добраахвотніцкіх узброеных фарміраванняў, такіх як батальёны «Штурм» і «Днепр». Акрамя гэтага, Каламойскі плаціў па 10 тысяч даляраў за кожнага захопленага прадстаўніка так званых «ДНР» і «ЛНР».

Нават палітычныя праціўнікі Каламойскага прызнавалі, што яго роля ў стабілізацыі сітуацыі ў паўднёва-ўсходніх рэгіёнах была ключавой. На той момант бізнэс-інтарэсы Каламойскага цалкам супадалі з інтарэсамі ўкраінскай дзяржавы.

Але вясной 2015 года ўсё змянілася. У Каламойскага і ўкраінскай дзяржавы ўзнік канфлікт вакол «Укртранснафты», у якой структуры Каламойскага мелі 42% акцый. У сакавіку 2015 года Каламойскі зайшоў у будынак «Укртранснафты» з узброенымі людзьмі. Ён казаў, што такім чынам хацеў абараніць кампанію ад міфічных «рускіх дыверсантаў». 24 сакавіка 2015 года Пятро Парашэнка падпісаў указ аб адстаўцы Каламойскага з пасады Днепрапятроўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі.

Пасля гэтай гісторыі, а таксама пасля нацыяналізацыі Прыватбанка, Каламойскі неаднаразова заяўляў, што Парашэнка з'яўляецца яго асабістым ворагам. У апошні раз Каламойскі прыязджаў ва Украіну ў чэрвені 2017 года. Ён асцерагаўся, што калі вернецца ва Украіну, то можа адтуль ужо не з'ехаць.

Каламойскі неаднаразова заяўляў, што гатовы падтрымаць любога кандыдата ў прэзідэнты Украіны, акрамя Пятра Парашэнкі.

Павялічыць выяву

Парашэнка і Каламойскі. Фота: president.gov.ua.

7. Сувязі з Уладзімірам Зяленскім

Павялічыць выяву

Зяленскі парадзіруе Каламойскага.

Крытыкі пераможцы прэзідэнцкай гонкі ва Украіне Уладзіміра Зяленскага наракаюць, што беглы алігарх мае вялікі ўплыў на маладога і недасведчанага Зяленскага, які з'яўляецца яго марыянеткай. Такія падазрэнні ўзнікаюць у першую чаргу з-за таго, што шоу студыі «95-ы Квартал» Зяленскага выходзяць пераважна на тэлеканале Каламойскага «1+1».

Самі Зяленскі і Каламойскі гэта абвяргаюць. Каламойскі кажа, што Зяленскі — цалкам самастойная фігура, яго канал усяго толькі купляе тэлепрадукцыю Зяленскага, і што ён не мае ніякага ўплыву на шоўмэна. Зяленскі таксама кажа, што не працуе на Каламойскага, і запэўнівае — ён не вінаваты, што буйнейшыя ўкраінскія тэлеканалы належаць алігархам.

Але апошнія расследаванні ўкраінскіх журналістаў паказваюць, што Каламойскі калі і не мае ўплыву на Зяленскага, то дакладна з'яўляецца яго бізнэс-партнёрам.

Уладзімір Зяленскі на працягу двух апошніх гадоў мінімум 11 разоў лётаў у Жэневу, калі там жыў Каламойскі, а пасля яго пераезду ў Ізраіль яшчэ два разы злятаў у Тэль-Авіў.

Падчас кожнай другой паездкі шоўмэна суправаджаў юрыст алігарха Андрэй Богдан, які ў выніку стаў галоўным юрыдычным дарадцам кампаніі Зяленскага на выбарах прэзідэнта.

Зяленскі на працягу гэтага часу не раз лятаў на прыватных самалётах разам з бізнэс-партнёрамі алігарха — Генадзем Багалюбавым, Ігарам і Рыгорам Суркісамі, Цімурам Міндзічам.

Максім Маханькоў

0
Vic / адказаць
22.04.2019 / 19:33
Oliwer, Деньги не пахнут.
3
меркаванне / адказаць
22.04.2019 / 21:13
Serg, каб ты не бедаваў за ўкраінцаў.
"Один из ведущих российских новостных порталов, Lenta.ru, опубликовал первое в своем роде исследование российской элиты - с точки зрения ее этнических корней. 
По данным сайта, четверть российских миллиардеров – евреи, вместе они контролируют капитал на общую сумму 132,9 миллиарда долларов. 
В списке миллиардеров Ленты – 200 человек, но лишь 89 из них – этнические русские. В то же время доля русских в населении России составляет 81%, а евреев - 0,11%. "Средний" еврейский миллиардер располагает капиталом в 2,9 миллиарда долларов, в то время как русский миллиардер – лишь 1,9 миллиарда. 
Самым богатым евреем России назван Михаил Фридман, состояние которого оценивается в 17,9 миллиарда долларов. Другие богатые евреи – Виктор Вексельберг (17,2 миллиарда), Леонид Мизхельсон (15,6 миллиарда), Герман Хан (11,3 миллиарда), Роман Абрамович (9,1 миллиарда). 
0
PS.KOLTSOV / адказаць
19.05.2019 / 15:16
Я то думаю,что мне ICTV больше всего нравится.Надеюсь,что этот вазелин для Украинцев будет не долог.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31