Знайсці
18.04.2019 / 17:401РусŁacБел

Прайшла канферэнцыя да 75-годдзя вызвалення Беларусі: чым розняцца беларускі і расійскі погляды на Вялікую Айчынную вайну?

17—18 красавіка ў Мінску адбываецца VI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Вызваленне Беларусь. Памяць скрозь гады», прымеркаваная да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нацызму. Канферэнцыя праходзіць на базе Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі таксама Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Інстытут гісторыі НАН РБ і расійскі фонд «Гістарычная памяць».

На адкрыцці канферэнцыі з прывітаннямі выступіў прадстаўнік «Россотрудничества» ў Беларусі Леанід Макураў, які адзначыў, што народы сённяшніх постсавецкіх краін адстаялі сваю незалежнасць у вайне, у якой «зламаліся» амаль усе народы Еўропы. Макураў падкрэсліў, што ў гэтай вайне перамаглі не Расія і не Беларусь, а шматнацыянальны савецкі народ, які складаўся з прадстаўнікоў сённяшніх суверэнных дзяржаў. Згадвалася таксама аб патрэбе супрацьдзейнічання спробам перапісвання гісторыі з боку заходніх гісторыкаў і аб планах інтэграцыі і супрацоўніцтва, прынятых падчас сумеснай калегіі міністэрстваў культуры і адукацыі Расіі і Беларусі, якая адбылася нядаўна ў Маскве.

Дырэктар Фонда «Гістарычная памяць» Аляксандр Дзюкаў адзначыў, што погляд на падзеі вызвалення Беларусі з расійскага і беларускага пункту гледжання адрозніваецца тым, што з Масквы вызваленне Беларусі бачыцца толькі адным з этапаў вызвалення Усходняй Еўропы, а з Мінска — як пазбаўленне ад бесчалавечнага рэжыму акупацыі, які ставіў пад пагрозу існаванне народа.

У сваю чаргу беларускія гісторыкі ў выступах на канферэнцыі падкрэслілі, што погляд на падзеі вайны з Беларусі сапраўды адрозніваецца ад расійскага. Так, загадчык аддзела вайсковай гісторыі Інстытута гісторыі НАН РБ Аляксей Літвін адзначыў, што ў дачыненні да падзей 1944 года варта прапанаваць новы, больш дакладны тэрмін — «поўнае вызваленне», бо вялікія тэрыторыі партызанскіх зон былі вызваленыя ад нямецкіх захопнікаў яшчэ з 1942 года.

А загадчык кафедры гісторыі Беларусі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесар Уладзімір Здановіч падчас агляду гістарыяграфіі па тэме акупацыйнага рэжыму нават назваў састарэлым тэрмін «постсавецкі перыяд» і прапанаваў ужываць замест яго ў дачыненні да Беларусі азначэнне «беларускі перыяд». Здановіч таксама звярнуў увагу на тое, што доўгі час трагічныя старонкі акупацыі замоўчваліся, тымчасам як падкрэсліваўся толькі масавы гераізм. Дарэчы, беларускія гісторыкі выступалі на канферэнцыі па-беларуску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930