Знайсці
24.04.2019 / 09:44РусŁacБел

Кансультантка па сне: «Вы змаглі б спакойна спаць, даведаўшыся, што можаце лятаць? Вось таму не спяць і дзеці!»

Прадстаўнікоў прафесіі Ірыны Савіч ва ўсёй Беларусі не так шмат. Ірына — кансультат па дзіцячым сне.

Пра тое, чаго нельга рабіць, каб дзіця добра спала, якія памылкі дапускала сама і як дапамагчы бацькам і іх дзеткам высыпацца — у гутарцы з «Нашай Нінай».

— Усё пачалося з таго, што я ў 22 гады сама стала мамай, — расказвае Ірына. — Да гэтага я працавала ў PR-кампаніі, планавала з’ехаць жыць у Амерыку, але жыццё склалася інакш. Нарадзіўся Мірон. А разам з ім мільён пытанняў, што ж рабіць з гэтым маленькім камячком.

Мірон вельмі дрэнна спаў ноччу. Дзіця магло прачынацца па 10—11 разоў за ноч.

«Нас педыятр папярэдзіў, што праз два тыдні жыцця ў дзіцяці пачнуцца колікі. Таму мы свае бяссонныя ночы спісвалі на іх. Каб не бегаць да калыскі па 10 разоў за ноч, сталі браць дзіця спаць разам з сабой у ложак. Пры гэтым дзіцяці давалі розныя лекі ад колікаў. Але Мірон спаць лепш ад гэтага не стаў. Так мы мучыліся да пяці месяцаў. Пасля вырашылі, што ў дзіцяці з’яўляюцца зубкі. Зубы «раслі» ў нас яшчэ тры месяцы. Калі Мірону споўнілася восем месяцаў, а спаў ён па-ранейшаму дрэнна, я задумалася, што нешта не так».

На дапамогу маладой маме прыйшоў… гугл.

«Я напісала запыт: «Чаму дзіця блага спіць?», і тут на мяне пасыпаўся цэлы вір спасылак, парадаў, кніг. У інтэрнэце я ўпершыню ўбачыла, што існуе такая прафесія — кансультант па дзіцячым сне», — кажа Ірына.

Адзіная праблема: прафесія існавала ў Расіі, а ў Беларусі нічога падобнага не было.

«Трохмодульная праграма навучання ў расійскім цэнтры дзіцячага сну і развіцця каштавала $1500, — дзеліцца Ірына, — але я дакладна ведала, што хачу гэтаму навучыцца, што такая праблема існуе і што маладыя мамы павінны ведаць, што пакутаваць ад бяссонніцы — гэта не норма. Мы з мужам нават крэдыт узялі для таго, каб я адвучылася на гэтых курсах».

Кансультант патрэбны для таго, каб падказаць бацькам, як правільна арганізоўваць сон дзіцяці і пазбегнуць праблем

«Кансультант па дзіцячым сне — гэта не доктар, — расказвае Ірына Савіч. — Мы не лечым дзіця і не карэктуем сон, які быў выкліканы нейкімі неўралагічнымі праблемамі. На першай кансультацыі мамы запаўняюць падрабязную анкету, дзе пішуць хваробы дзіцяці, умовы, у якіх ён засынае і гэтак далей», — расказвае Ірына.

Калі ў спісе хвароб кансультант бачыць нешта такое, што можа справакаваць дрэнны сон дзіцяці, просіць маму звярнуцца да доктара.

А вось паводзіны мамы і дзіцяці — гэта тое, з чым працуе кансультант па сне.

Самая распаўсюджаная праблема, з якой звяртаюцца мамы, — гэта тое, што дзіця засынае толькі на руках ці грудзях маці, а потым вельмі часта прачынаецца ноччу і патрабуе вярнуць звыклыя для яго ўмовы засынання.

«На што я адказваю: уявіце сабе сітуацыю, калі вы засынаеце ў сваёй пасцелі, а прачынаецеся раптам на падлозе ў кухні. Так і дзіця, прачнуўшыся, не разумее, чаму засынаць было цёпла і хораша і чаму падчас абуджэння ноччу таго камфорту больш няма», — расказвае кансультантка.

Ірына Савіч кажа, што ў дзіцяці да паўтара года адбываецца дзесяць скачкоў развіцця, падчас якіх сон можа псавацца.

«Гэта могуць быць незаўважныя змены, а могуць быць і сур’ёзныя іспыты для дзіцяці. Раптам дзіця пачынае гаварыць. І яго гэта бянтэжыць, ён не ведае, як з гэтым жыць. Уявіце сабе, што вы б раптам навучыліся лятаць. Змаглі б заснуць спакойна?» — тлумачыць Ірына.

Таксама немалаважны фактар здаровага сну дзіцяці — гэта наладжаны рытм сон-актыўнасць. Менавіта з яго аналізу і карэкцыі заўсёды пачынаецца работа над сном.

Для кожнага ўзросту дзіцяці ёсць спецыяльна разлічаная табліца з нормамі таго, колькі дзіця гуляе і колькі пасля гэтага павінна спаць.

«Вельмі важна, каб перад сном дзіця не перагуляла, не пераўзбудзілася, — працягвае кансультантка, — нервовая сістэма дзіцяці не сфарміраваная, дзіцячы арганізм як карусель: вельмі хутка запускаецца, а ў стан спакою прыходзіць вельмі павольна. Таму вельмі важна дапамагчы перад сном дзіцяці расслабіцца».

Калі дзіця зусім малое, не пажадана над калыскай вешаць шмат яркіх цацак, таксама трэба абмяжоўваць кантакты немаўля з мноствам людзей на працягу дня.

Тое, з чым яшчэ даводзіцца працаваць кансультантам па сне, называецца «асацыяцыі на засынанне».

«Тое, што дзіця засынае толькі на руках, — гэта адна з асацыяцый на засынанне. І іх вельмі шмат. Напрыклад, да мяне не так даўно звярнулася мама трохмесячнага дзіцяці з праблемай, што яе малое доўга спіць толькі на вуліцы, а дома часта прачынаецца. Сталі разбірацца ў прычынах.

Аказалася, што дзіцяці падабаецца рух, ён засынае тады, калі вазок коціцца і ёсць адчуванне скаванасці ў рухах. На вуліцы дзіця спала толькі ў цесных камбінезонах, а дома, калі рухі свабодныя, сон не ішоў», — тлумачыць Ірына Савіч.

Дарэчы, немаўляты да 4 месяцаў добра супакойваюцца, калі зрабіць наступнае: спавіць дзіця, пакласці яго на свой жывот, прапанаваць грудзі ці соску, пачаць калыхаць і гучна шыпець на вуха — усё гэта нагадвае малечы ўмовы ва ўлонні маці, і ён пачынае супакойвацца. 

Добрая асацыяцыя на засынанне — гэта мамін голас, таму калыханкі перад сном спяваць карысна.

«Але некаторыя мамы лянуюцца і ставяць дзіцяці класічную музыку, а гэтага рабіць нельга, — кажа Ірына, — бо класічная музыка, як завершаны твор, мае свой сюжэт, і дзіця на падсвядомым узроўні разумее гэта. Яно быццам пачынае абдумваць музыку, суперажываць. Які тут сон? А вось гукі прыроды, якія не нясуць ніякага сэнсу, на дзіця ўплываюць станоўча».

Ніякага гвалту ў засынанні дзіцяці быць не павінна

Ірына расказвае, што кансультантаў па сне, бывае, крытыкуюць за метады працы з дзіцем. Маўляў, усё проста: дастаткова адвучыць дзіця ад грудзей і, калі дрэнна засынае, даць яму праравецца.

«Сапраўды, такія метады ёсць, але я катэгарычна супраць такого падыходу, бо лічу яго жорсткім і бесчалавечным, — кажа спецыялістка. — У сваёй працы я выкарыстоўваю толькі мяккія метады, якія не здольныя разбурыць прыхільнасць паміж мамай і дзіцем. А што тычыцца груднога гадавання, то зусім не трэба адлучаць дзіця ад грудзей, каб не прачыналася па начах. Больш за тое, я ўпэўнена, што можна працягваць карміць дзіця і самой высыпацца».

Пры гэтым, працягвае кансультантка, яна не крытыкуе стыль бацькоў. Калі мама лічыць, што правільна ўкладваць дзіця спаць побач з сабой, кансультант не будзе казаць, што так нельга рабіць.

«Мая задача — зрабіць сон дзіцяці бяспечным, — тлумачыць Ірына Савіч. — І калі мама бярэ дзіця ў ложак, то я параю ёй накрываць дзіця асобнай коўдрай, а не той, што накрываюцца бацькі, не класці дзіця паміж дарослымі і гэтак далей. Калі ж мама кладзе дзіця спаць у дзіцячы ложак, то, зноў-такі, я папярэджу, каб у ложку не было безліч падушак, бо дзіця, калі ляжа ў іх, можа задыхнуцца, каб вяровачкі і стужкі, што ўпрыгожваюць ложак, таксама не нанеслі шкоду дзіцяці».

Ірына Савіч кажа, што ў працэсе прывучэння дзіцяці да правільнага сну ёсць тры асноўныя гульцы: кансультант, веды і методыкі кансультанта і бацькі дзіцяці. Само ж дзіця — невядомы ікс.

«Здаецца, толькі мы з бацькамі знойдзем падыход да дзіцяці, а ў яго з’яўляецца доўгачаканы першы зуб — і сон псуецца. І значыць, усю працу давядзецца перабудоўваць. Але калі праз некаторы час мама дзякуе за тое, што яна і дзіця выспаліся — гэта вялікая каштоўнасць», — падсумоўвае Ірына Савіч.

Дарэчы, Ірына не выключае таго, што наступным крокам у яе кар’еры будзе кансультаванне дарослых людзей. Бо здаровы сон і каляровыя сны павінны быць у кожнага, незалежна ад узросту.

Наталля Тур, фота Кацярыны Усік 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930