Знайсці
16.04.2019 / 19:246РусŁacБел

Беларускамоўны масажыст Алесь Абляк — адзін з лідараў брэсцкіх пратэстаў

Ужо другі год працягваецца пратэст жыхароў Брэста супраць пабудовы ля горада акумулятарнага завода. За гэты час у горадзе з’явіліся новыя грамадскія лідары, якія бяруць на сябе адказнасць і часцей за астатніх трапляюць пад затрыманні.

Адным з такіх з’яўляецца 28-гадовы Алесь Абляк. Хто ён такі і як прыйшоў да грамадскай дзейнасці?

Мужчына родам з Барысава. Калі скончыў школу, то хацеў паступаць на гісторыка, але медкамісія параіла гэтага не рабіць. Справа ў тым, што Абляк — інвалід па зроку, а на гістфаку даводзілася б чытаць шмат кніжак, працаваць з камп’ютарам. Хлопцу прапанавалі паступаць на масажыста або псіхолага. Алесю прыйшоўся даспадобы першы варыянт.

Так ён паступіў у Гродзенскі медыцынскі каледж на масажыста, вучыўся два гады. Потым працаваў у Рэспубліканскай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне пад Мінскам.

Мабыць, так бы і застаўся ў Мінску ці Барысаве, але сустрэў каханне. Дзяўчына была родам з Брэста, так і пераехаў у жончын горад. Жонка працуе бухгалтарам на прадпрыемстве «Санта-Брэмар».

У Брэсце спадар Абляк працаваў спачатку ў санаторыі, а пасля ў паліклініцы масажыстам. Кажа, што заробак ў паліклініцы складае не болей за 400 рублёў. У студзені ён сам звольніўся з працы. «Мяне ніхто не звальняў, я сам зразумеў, што доўга мяне тут цярпець не будуць праз актыўнасць», — кажа Алесь. Цяпер шукае новую працу.

Да 2017 года Абляк ніяк не прымаў удзел у грамадскай актыўнасці Брэста і краіны, але пасля здарыліся «дармаедскія» пратэсты, у якіх удзельнічаў і малады масажыст. Ён лічыць, што гэта стала пераломнай для яго кропкай.

«Калі пачалася гісторыя з акумулятарным заводам, то гэта быў такі ўздым для берасцейцаў, яны аб’ядналіся, пачалі разбірацца ў сітуацыі, зразумелі, што нешта тут не так, трэба гаварыць з кіраўніцтвам завода, чыноўнікамі», — расказвае Абляк.

Па ягоных словах, самым жорсткім штуршком былі дэбаты, якія адбываліся ў студзені 2018 у Тэльмах пад Брэстам. «На большасць пытанняў там і гарадскія ўлады, і кіраўніцтва завода не адказалі. Мы зразумелі, што трэба змагацца», — кажа берасцеец.

Пасля гэта пачалася краўдфандынгавая кампанія. «Было шмат народных грошай, людзі ахвяроўвалі на кампанію супраць акумулятарнага завода». Тады ж пачаўся збор подпісаў. Прычым збіралі не ў інтэрнэце, а на вуліцы. Збіраў і Алесь Абляк.

«За гадзіну магло распісацца па 50 чалавек. Казалі, што страшна, але ўсё адно, мы вас падтрымліваем, таму распішамся», — расказвае Алесь. Агулам тады было сабрана 38 тысяч подпісаў берасцейцаў. Усе яны былі накіраваныя ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Алесь расказвае, што першапачаткова існавала вялікая група людзей, якая была перакананая, што ніякіх пратэстаў не трэба, маўляў, усё гэта атрымаецца вырашыць шляхам судоў і зваротаў да чыноўнікаў. Напрыклад, з такіх быў Дзям’ян Лепясевіч, яшчэ адзін з лідараў пратэсту.

«Пасля яны зразумелі, што ніякага суда ў нашай краіне няма. Цікава назіраць за іх трансфармацыяй, у людзей нібыта расплюшчыліся вочы. «Вы нас самі зрабілі апазіцыянерамі», — часта цяпер яны кажуць чыноўнікам», — расказвае Алесь.

Калі стала ясна, што ўлада не пойдзе на саступкі, то быў абраны варыянт «кармлення галубоў» на плошчы, якія прапанавалі блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў. На першую акцыю ў лютым 2018 года прыйшло 30 чалавек.

У красавіку таго самага года ўлады адзіны раз дазволілі акцыю супраць акумулятарнага завода. Праходзіла яна ў парку Воінаў інтэрнацыяналістаў, на яе сабралася каля 2000 чалавек. Называлася акцыя «Берасцейкі супраць свінцу».

Пасля гэтага пратэстоўцы падавалі 112 заявак на правядзення падобных акцый, але ніводная з іх не была задаволеная.

Алеся Абляка двойчы затрымлівалі за «кармленне галубоў». Першы раз гэта адбылося ў кастрычніку летась. Яго выклікалі ў міліцыю ў нядзелю, там затрымалі і ноч пратрымалі ў ізалятары, а на заўтра аштрафавалі на 10 базавых велічынь. Другое ж затрыманне адбылося 14 красавіка. Дарэчы, там Абляк выказаўся і адносна крыжалому ў Курапатах.

Алесь Абляк прынцыпова карыстаецца беларускай мовай. Кажа, што цікавасць да гэтага абудзілі ўсе тыя ж акцыі «дармаедаў». «Было некалькі сяброў, якія натхнілі і дапамаглі», — кажа мужчына.

Размаўляў ён па-беларуску са сваімі кліентамі і ў паліклініцы. «Ніводнага разу не было праз гэта негатыўных інцыдэнтаў, людзі рэагавалі вельмі прыязна. Я абсалютна гарадскі хлопец, але хутка змог вывучыць беларускую», — кажа ён.

«Я рады, што надаў гэтаму пратэсту крыху беларускага гучання», — кажа Алесь Абляк.

Няглядзячы на ўсе пратэсты, акумулятарны завод, які знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад Брэста, хутка пачне працаваць. Змагары з заводам усё адно не адчайваюцца. «Не трэба здавацца. Можа, як адкрыецца, так і закрыецца. Я лічу, што сітуацыю могуць змяніць толькі пратэсты», — кажа Алесь.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930