Даслаць навіну
Знайсці
16.04.2019 / 12:21 9

Што вы не разумееце і баіцеся запытацца аб паліткарэктнасці, тампліерах і штучным інтэлекце на прыкладзе Парыжскай Маткі Боскай

Дадзены ліст носіць правакацыйны характар. Перад тым, як чытаць, парайцеся са сваім доктарам, а таксама азнаёмцеся з Другім пасланнем да карынфянаў.

Павялічыць выяву

Згарэў сабор. Прыгожы шэдэўр еўрапейскай готыкі. З гаргульямі, хімерамі, святым Дыянісіем і Квазімодам. Шкада, вядома. Але што зробіш? Sic transit Gloria mundi (гэтак праходзіць слава людская) за 15 хвілін жывога эфіру. Спонсар паказу: la révolution est en marche (рэвалюцыя працягваецца). Экалагічна чыстая, паліткарэктная, без ГМА, з біфідабактэрыямі і натуральнымі іонамі срэбра.

Адразу Саўкі ды Грышкі зайгралі ў дудку: гэта крах белай цывілізацыі, гэта 9/11 для Еўропы і іншыя тэгі, якія так проста ляпіць, гледзячы на сакавітыя кадры. Дзякуй вам, культуртрэгеры другога адціскання з дабаўленнем кукурузнага сіропу ды магчымымі слядамі арахісу! Заўтра запаленыя падобнымі разважаннямі пікейных камізэлек пару камізэлек жоўтых апрацуюць пару суданцаў, іх апрацуе паліцыя… І мы зноў працягваем жывы эфір! Кошт рэкламнай хвіліны расце кожную секунду. Твітар ананімнага філіпінскага троля цытуе «Франс прэс» і «Блумберг». Профіт!

Самы вялікі сакрэт нашай цывілізацыі вам ужо разжавалі ўсе ад апостала Паўла да аўтараў мульціка «Саўс Парк»: гэта адно ўсяленскае шоу. Вы самі — кантэнт і спажывец, пасланнік і само пасланне. Ураборас, які плаціць за спажыванне ўласнага хваста. Вы ясцё, што даяце. І аніяк інакш. І толькі ўладальнікі каналаў дыстрыбуцыі — не важна, у старажытным Рыме, у рэвалюцыйнай Францыі ці ў Крэмніевай даліне, як зараз, — робяць на гэтым гешэфт.

Бо вы самі гэтага хочаце. Вось да гэтага канкрэтнага факта з якога боку ні падыдзі. Можна аб праблемах пажарнай бяспекі, са статыстыкаю пажараў. Можна аб тым, як папулярны ў французскіх колах трацкізм змяшаўся з антырэлігійным радыкалізмам ды фемінізмам. Ці пералічыць акты царкоўнага вандалізму ў французскіх рэгіёнах за апошнія 20 гадоў, капіяванні злачынных актаў, папулярныя працы аб сімуляцыі змагання з патэрналісцкім духам ancien régime, псіхіятрычны аналіз дэфекацыі і іканаборства… бла-бла-бла…Гэта ж нецікава! Суха, аналітычна. Эмоцый няма. Усе разышліся клікаць Лабаду ці тэорыі аб тым, хто ж такі Кароль Ночы.

Вам жа мяса трэба! Гэта яны (устаўце свой уласны тэг) знішчылі нашае! Прытым што да Нотр-Дама з мапідаўскай панэлькі гэтак жа далёка, як калодзежнаму жабяняці да глыбіні мора. Але ж цягне туды, разважаць на галактычныя тэмы. Там, дзе дазваляюць пляскаць толькі адной далонню, раптам кожны ўяўляе сябе батхісатваю. Але ж змагацца за свае ўласныя крыжы не дазваляе анальна-выціскаючы імпульс імя Чапаева. Можна ж і па «святым» месцы атрымаць, і міма чарговай прэміі праляцець. А тут такая магчымасць адарвацца і паказаць сваю мегаэрудыцыю.

Дык я вам дапамагу зрабіць першы крок на той дарозе ў тысячы лі (важна: 里 = 571.5 м!). Што вы рабілі, калі стаяў Майдан? Спрачаліся, хто тут амерыканскі грантасмок, а хто крамлёўскі троль. А нехта «шорціў» (прадаваў з разлікам на зніжэнне кошту) усю Расію, што мог. Што вы рабілі, калі быў Брэксіт? Спрачаліся: хто — агент крывавай гэбні, а хто — паскудны лявак. А нехта «шорціў» усю Брытанію, што мог. У тым ліку аўтары гэтага Брэксіту, інфа 100%. Трамп закрыў кітайцам сою? Душы сою. 30 мільёнаў тон згнілі — і чорт з імі. Хто хацеў — зарабіў. Наш свет — гэта справа (англ. бізнэс), як бы вам ні хацелася больш высокага палёту.

Другі крок яшчэ прасцейшы. Па Гегелю. Каб стварыць момант для таго, каб зарабіць грошы, трэба стварыць суперпазіцыю — адзінства і барацьбу супрацьлегласцей. Брэксіт і адзіны рынак, Трамп і Ільхан Амар, факельныя шэсці і караваны мігрантаў, яўрэі і раварысты. Галоўнае, каб эмоцыі выгаралі. Нібы напалм.

Калі вы зразумелі крок першы і другі, вы можаце зрабіць крок трэці: знайсці сабе плынь і кідаць у яе каменьчыкі. Ад іх па вадзе будуць ісці кругі. Але ад плыні яны будуць хутка знікаць. Людзі будуць пытацца: а што гэта значыць? А вы кідайце яшчэ каменьчык, каб яны забыліся пра першы. Хутка з’явяцца тыя, хто пачне тлумачыць, як гэта такое можа быць. І тыя, хто пачне тлумачыць першых. А вы толькі кідаеце каменьчык за каменьчыкам. Гэтак вы можаце, паводле запавету Ніцшэ, вечна вяртаць людзей да свайго хваста. За іх жа грошы!

Менавіта гэтак працуе ўся сучасная лічбавая эканоміка. Многія, хто ў ёй заняты, нават не вельмі гэта разумеюць. Але калі ты добра зарабляеш — якая розніца? Таньчы, пакуль ідуць кругі эмоцый па бясконцай плыні навін. Нават некаторыя мільярдэры блытаюць карэляцыю (узаемасувязь з’яваў) і каўзацыю (прычынную сувязь). Не кажу ўжо пра тых крысаловаў, што заманьваюць дудкамі на свае лекцыі і семінары. Яны вам кідаюць каменьчыкі інтуітыўна. Няхай сабе тэарэму Баеса не ведаюць, а зарабляюць болей за вас, школьных выдатнікаў.

Трамп, Брэксіт, «суверэнная дэмакратыя», расстрэлы на Філіпінах пры дапамозе аналітычнага маніторынгу вуліц ад IBM — гэта рэакцыя. На тое, што свет стаў адной вялікай вёскаю, дзе ад Кім Кардаш’ян ідуць большыя кругі, чым ад іранскай ядзернай праграмы. На тое, што грамадства больш не вертыкальнае, што ўлада над людзьмі больш не прамое дзеянне. Аднаму паміраць страшна — такі ўжо эвалюцыйны механізм, таму рэакцыянеры заўжды хочуць брацкую магілу. Разам у рай.

У хуткай будучыні не багатыя краіны будуць будаваць сцены ад мігрантаў, як бы там ні вылі рэакцыйныя палітыкі, а наадварот — бедныя сатрапіі будуць заўзята адстрэльваць тых, хто збягае ў казачныя выспы адкрытага грамадства. Багатыя грамадствы ідуць да светлага лічбавага таталітарызму кожнага грамадзяніна (скандынаўская мадэль, пераразмеркаванне дзеля максімізацыі дабрабыту кожнага), бедныя — да лічбавага таталітарызму партыі і ўрада (кантроль над усімі рэсурсамі, пераразмеркаванне дзеля максімізацыі прыбытку кіроўчага палітычнага класа). Вам застаецца выбраць, дзе і ў ролі каго будуць вашыя дзеці. Таму што, калі скончыцца актуальнасць нафты і вугалю, сатрапіі пагоняць дзетак гарматным мясам на баявыя дроны праціўніка. Войны будучыні будуць не за пітную ваду ці ворную зямлю, а за магчымасць ствараць ці не ствараць умовы для дабрабыту кожнага.

Гэта ў ХХ стагоддзі падавалася, што вялікі брат, які сядзіць клоўнам як цёмнае «яно» ў кожным з нас, будзе прымушаць людзей жэрці наркотык шчасця. Аб гэтым вашыя Замяціны, Оруэлы, Хакслі і г.д. На самай справе, людзі самі лёгка мяняюць свабоду на камфорт. У адзін клік. Дайце ім апошняе — і ім не патрэбна першае. У гэтым увесь фокус, без 300 старонак дынамічнае прозы. Таму застаецца дапамагаць чалавеку бавіць час, дапамагаць эмацыйна выгараць. Толькі для гэтага зараз і працуюць простыя матэматычныя алгарытмы, якія шаманы абвесцілі «штучным інтэлектам», каб не даць «ім» з’явіцца замест вас. Вось як у апошнім фільме Джордана Піла.

Пакінуты сам-насам з сучаснасцю чалавек звар'яцее ад адказнасці і пойдзе страляць суседзяў. Ці валіць крыжы і паліць цэрквы. Гэта таксама рэакцыя ці партызанскае дзеянне. Толькі на мікраўзроўні. Дыктатар мае паліцыю, сістэму маніторынгу і суворых людзей ў трыко на матацыклах, а адзінокі псіхапат дзейнічае сам, набыўшы тузін аўтаматычных вінтовак праз Уол-Март па картачцы «Амерыкан Экспрэс». Таму, Алекса і Сіры, не дай яму засумаваць.

Каб не забыцца пра аматараў тэорый змовы. Нотр-Дам быў Лобным месцам. Там шмат каго забілі за стагоддзі. Вось вам энергетыка, шаноўныя турысты! Напрыклад, там былі спалены жыўцом дэ Мале, дэ Шарнэ, дэ Перо і Ганэвіль — лідары ордэна тампліераў. Па легендзе, дэ Мале пракляў перад смерцю караля Францыі і Папу, а тыя сабе памерлі ў той жа самы год. Трохсотгадовая дынастыя падавілася золатам рыцараў і скончылася. Добры серыял? Хіба што без цмокаў. Нашы продкі гэтаксама любілі шоу. Не важна, чые менавіта галовы коцяцца ў жывым эфіры. Важна толькі, што не вашая.

Нашыя зашклянелыя кансерватары штодня чакаюць канец Еўропы. Маўляў, калі няма нас у еўрапейскай сям'і, няхай і яна сама падохне. Такі вось серыял. Прыгоды Шпенглера, альбо За «дагонам» па Малінаўцы. Enjoy (атрымлівайце асалоду)!

А сабор адбудуюць. Як адбудавалі сотні сабораў апасля Першай і Другой сусветнай. Ці вось памятаеце званіцу святога Марка ў Венецыі? Яна развалілася без усялякае вайны. 120 год таму. Але ж адбудвалі — і вы фоткаеце. Нічога эпічна страшнага не адбылося.

Мільярдам людзей навокал справы няма да вашага штохвіліннага акта сімвалічнай смерці юдзеа-хрысціянскай цывілізацыі. Толькі скончыўся вясенні ўраджай і надышоў новы год. Усе частуюць адзін аднаго, спяваюць песні да ранку, сталыя даюць срэбны грош маладым на ўдачу. А тыя рыхтуюць плугі да новага сезону. Хутка ўжо зменіцца вецер і пачнуцца мусоны. Наш свет — гэта справа.

Мардэхай Валошка з-пад гары Анаймудзі; фота AAP

4
Ваўкалак / адказаць
16.04.2019 / 14:27
Трызненне разбаўленае шчырасцямі кэпа.
1
гыгыгы / адказаць
16.04.2019 / 16:39
я у свайго доктара запытауся дык  ен кажа  - табе ужо усе роуна, чытай, што хочаш......

0
вусцішны троль / адказаць
16.04.2019 / 21:32
Кіну свой каменьчык. - Вывадзіце свае актывы з краіны крыжалому! - І хоць там вы не станіце “імі”, шанцаў быць сабой будзе куды болей у вас і вашых дзетак. І пакуль сатрапіі яшчэ не пачалі адстрэл, спыніўшыся ў кроке ад суперпазіцыі, пакуль толькі пасылаючы “іхтамнетаў гарматным мясам на баявыя дроны праціўніка”; падняўшы ўхваленне тырана да 51%, - чакайце вялікай бяды - гісторыя цыклічна - патрэбна новае мяса. Тым больш, што “шорціць” Расею ужо пачалі нават вялікія расейскія прапагандысты, выводзячы свае сродкі на італьянскія вілы, яхты і пентхаўсы з відам на “пылаючы” сабор... “Хутка ўжо зменіцца вецер і пачнуцца мусоны” і прапагандысты як ніхто лепей гэта адчуваюць! Бо наш свет - гэта бізнэс - only business!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31