Знайсці
15.04.2019 / 15:5211РусŁacБел

Пяць фактаў пра Віктара Лукашэнку

Старэйшы сын кіраўніка краіны Віктар Лукашэнка будзе выконваць абавязкі першага віцэ-прэзідэнта Нацыяльнага алімпійскага камітэта. Адбылося гэта напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія адбудуцца ў Мінску. Ён будзе спалучаць гэтую працу з пасадай памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы. «Наша Ніва» сабрала цікавыя факты пра Віктара Аляксандравіча.

Да мамы прыязджае раз на месяц

Віктар Лукашэнка (другі злева) з бабуляй па маме (на пярэднім плане). Фота tut.by.

Віктар Лукашэнка нарадзіўся ў 1975 годзе. У біяграфіях не пішуць ягонае месца нараджэння: па адных дадзеных — гэта Александрыя, па другіх — Шклоў, па трэціх — Магілёў. Дзяцінства правёў у Шклоўскім раёне, там скончыў школу.

Падчас аднаго з выступаў Аляксандр Лукашэнка расказаў, што біў у дзяцінстве сына. «Віктар, як старэйшы, часта атрымліваў ад мяне. Сярэдні, Дзіма, ужо бачыў, як Віцю трапляла, і роўненька стаяў побач. Малодшага, яму пятнаццаты год, я наогул ніколі не караў: ён гэтага не заслугоўваў», — расказваў Лукашэнка-старэйшы.

У адным з інтэрв’ю Віктар Лукашэнка прызнаваўся, што да мамы ў Шклоўскі раён прыязджае прыкладна раз на месяц, асабліва ў вясновы перыяд, калі трэба дапамагчы з гародам.

Навучаўся на факультэце міжнародных адносінаў БДУ. У час вучобы, напрыклад, пазнаёміўся з Усеваладам Янчэўскім, які ў будучыні адказваў за ідэалогію ў Адміністрацыі прэзідэнта, а цяпер узначальвае Парк высокіх тэхналогій. Пасля вучобы пайшоў на працу ў МЗС, працаваў у аддзеле, які займаецца адносінамі з Заходняй Еўропай.

Віктар казаў, што вольна размаўляе па-нямецку, англійская ў яго горшая, але можа таксама паразумецца і на ёй. У жыцці Віктар паслугоўваецца рускай мовай, але гаворыць з моцным беларускім акцэнтам.

Старэйшы сын Лукашэнкі падчас працы ў МЗС бываў у Германіі, Аўстрыі, Бельгіі, Нідэрландах, але кажа, што нідзе не мог затрымацца больш чым на месяц, паўсюль цягнула дадому.

Служыў у пагранічным спецназе

Віктар Лукашэнка (другі справа) з Рамзанам Кадыравым (першы справа) падчас візіту ў Чачню.

Пасля вучобы Віктар пайшоў служыць у войска. Трапіў у пагранічны спецназ (АСАМ). «У мяне старыя паняцці: лічу, што мужык павінен адслужыць. Доля цягі да прыгодаў, напэўна, таксама была. Увогуле ж хацелася прайсці гэты шлях, стаць сапраўдным мужыком», — расказваў сын кіраўніка краіны ў інтэрв’ю «Камсамолцы».

Пры гэтым Віктар скончыў вайсковую кафедру, быў лейтэнантам і мог у войска не ісці. У АСАМе пазней служыў і брат Віктара — Дзмітрый. Віктар запэўнівае, што служыў без аховы. Калі цяпер сына кіраўніка краіны бачыш у горадзе, то яго суправаджае адзін-два ахоўнікі.

«Ніколі не забуду сваю першую «камандзіроўку», так мы называлі разведвальна-вышуковыя мерапрыемствы. Выехалі на трое сутак. Канечне, бярэш з сабой па мінімуме, каб не цягаць на спіне. Адчуў, што такое, калі есці хочацца, калі піць хочацца, а было гэта зімой, было холадна. Ясна, што дапамагаць табе ніхто не будзе, бо ўсім цяжка. Мы там разумелі адзін аднаго з паўслова і паўжэста», — казаў Віктар Лукашэнка ў відэафільме пра АСАМ.

Пасля войска сын Лукашэнкі накіраваўся на працу начальнікам аддзела знешнеэканамічных сувязяў НДІ сродкаў камунікацыі «Агат». Кажуць, што там ён загадваў продажам зброі за мяжу.

Курыруе ўсіх сілавікоў

Скрын з фільма пра АСАМ.

У 2005 годзе 29-гадовага Віктара прызначаюць памочнікам прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы. На гэтай пасадзе ён працягвае знаходзіцца па сённяшні дзень, хаця чуткі адпраўлялі яго і старшынёй Брэсцкага аблвыканкама, і кіраўніком Памежнага камітэта.

Можна сказаць, што пасля гэтага часу Віктар Лукашэнка пачаў ствараць пад сябе каманду сілавікоў. Ніводнае прызначэнне ў сілавым блоку не адбываецца без прысутнасці Віктара.

За гэты час адбыліся істотныя змены ў гэтым блоку. Напрыклад, быў заснаваны Аператыўна-аналітычны цэнтр, які называюць галоўнай лукашэнкаўскай спецслужбай. Структура, якая адказвае за інтэрнэт, а таксама інфармацыйную бяспеку.

Быў створаны Следчы камітэт на ўзор амерыканскага ФБР, а пракуратура ператварылася ў кантралюючы орган. У асобную адзінку быў выведзены Камітэт судовых экспертыз. Істотна ўзрасла ролі Службы аховы Лукашэнкі, выхадцы з якой займаюцца высокія дзяржаўныя пасады.

Быў у клубе, дзе адбылася перастрэлка

На адкрыцці байкерскага сезона ў Мінску. Фота Сяргея Гудзіліна.

Вядома, што Віктар Лукашэнка гуляе ў хакей разам з бацькам. Любоў да хакея ўласцівая ўсёй сям’і кіраўніка дзяржавы, але гэта далёка не адзіная страсць, якая ўласцівая Віктару Аляксандравічу.

Віктар Лукашэнка — заўзяты байкер. Менавіта ён супольна з міністрам унутраных справаў Ігарам Шуневічам штогод адкрывае байкерскі сезон у Мінску.

Хуткасць прыцягвае яго не толькі ў матацыклах. Віктара неаднаразова бачылі на трыбунах падчас этапаў «Формулы-1» у ААЭ. У гэтую арабскую краіну Віктар наведваецца дастаткова часта, як з бацькам, так і без яго.

Была ў біяграфіі Віктара і вельмі цьмяная гісторыя. У 1998 годзе ў начным клубе «Макс-шоу» у цэнтры Мінска прагучалі стрэлы, у выніку якіх быў паранены вядомы хакейны спецыяліст Міхаіл Захараў. Некаторыя газеты ў той час напісалі, што страляў у Захарава менавіта сын Лукашэнкі.

Зрэшты, потым гэтую інфармацыю абвяргаў і сам Захараў, і суд. Віктар Лукашэнка сапраўды быў тады ў клубе. Але той стрэл здзейсніў крымінальны аўтарытэт Аляксандр Логінаў. Яму далі 12 гадоў зняволення. Тэрмін яму ўвесь час падаўжаюць. Аж да гэтага часу ён знаходзіцца ў зняволенні ў Ваўкавыску — ужо 21 год.

Бацька чатырох дзяцей

Віктар Лукашэнка з сям'ёй у дзіцячым доме ў Клічаве.

Жонка Віктара — Лілія, яна жыла ў той самай вёсцы Александрыя, як і сям’я Лукашэнкаў. Яна на чатыры гады маладзейшая за мужа.

У пачатку 2000-х Лілія працавала спецыялістам у «Белмастацкпромыслы». Праз нейкі час выплала інфармацыя, што Лілія ўзначальвае прадстаўніцтва кіпрскай кампаніі Eastleigh trading Ltd, якая належыла вядомаму бізнэсмену Уладзіміру Пефціеву, ён зрабіў свой капітал на гандлі зброяй.

Цяпер Лілія Лукашэнка ўзначальвае мастацкі салон «Арт Хаос», які знаходзіцца ў гандлёвым цэнтры «Дана Мол». Адзначаюць, што ў яе выдатныя адносіны з многімі беларускімі мастакамі.

Старэйшая дачка Віктара Вікторыя — студэнтка факультэта міжнародных адносін БДУ, яна паступіла туды ў 2016 годзе. У дзяцінстве дзяўчынка здымалася ў кіно. Прынамсі, яна сыграла галоўную ролю ў фільме «На спіне ў чорнага ката».

У Віктара і Ліліі яшчэ ёсць сын Аляксандр (14 гадоў), дачка Валерыя (9 гадоў), таксама сын Яраслаў (5 гадоў).

Сям’я Віктара з’яўляецца на тэлеэкранах, калі перад Новым годам вязуць падарункі ў які-небудзь дзіцячы дом.

Сам Віктар Лукашэнка ў ранніх інтэрв’ю заяўляў, што не хоча быць прэзідэнтам. Тое самае ўвесь час паўтарае Аляксандр Лукашэнка, што ніхто з яго дзяцей не хоча сабе такой долі.

Глядзі таксама: 

Як Віктар Лукашэнка купляў вышыванкі і прыглядаўся да вокладак з Пагоняй

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930