Знайсці
10.05.2019 / 11:0245РусŁacБел

У чым Львоў можа даць фору Мінску

І даходы людзей ва Украіне здаганяюць беларускія, і многія ўрбаністычныя рашэнні хочацца пераняць.

Чытайце таксама: Нетурыстычны Львоў: што трэба ведаць падарожніку, які хоча вырвацца за межы «турыстычнага цэнтра»

Калі пачытаць пра недахопы Львова, якія праяўляюцца за межамі турыстычнага гістарычнага цэнтра горада, альбо паслухаць незадаволеныя водгукі львавян пра свой горад, можа скласціся ўражанне, што Львоў гэта сапраўднае пекла.

Але не ўсё так дрэнна. Нават калі не браць у разлік шыкоўную архітэктуру і вельмі развіты турыстычны сектар, Львоў мае шэраг плюсоў для звычайных гараджан (не турыстаў!) у параўнанні з Мінскам і беларускімі абласнымі цэнтрамі. Якія яны?

Больш развітая сфера паслуг і гандлю

Пасля прыезду ў Львоў, а потым пасля вяртання ў Беларусь цяжка не заўважыць, што сфера паслуг і гандлю ў Львове больш разнастайная. Тычыцца гэта як дробнага бізнэсу, так і буйных гандлёвых сетак і службаў. Амаль ва ўсіх сферах. Прышыць гузік, з’есці смачную свежую булку з кавай, схадзіць у мультыплекс-кінатэатр, знайсці школу танцаў і гэтак далей… Усё гэта, вядома, можна зрабіць у Мінску альбо ў Гомелі. Але ў Львове вы гэта зробіце хутчэй, танней, з большым выбарам у асартыменце, нават калі вы жывяце ў спальным нетурыстычным раёне.

Напрыклад, калі вы працуеце ў другую змену і вяртаецеся дадому з працы ноччу, у любым спальным раёне горада, там, дзе турыстаў амаль ніколі не бывае, вы без праблем знойдзеце якое-небудзь кругласутачнае бістро ці пякарню, дзе можна перакусіць за вельмі дэмакратычныя грошы. У Мінску і тым больш у іншых беларускіх гарадах часам нават днём узнікаюць з гэтым цяжкасці, асабліва, калі гэта не цэнтр горада.

Аналагічна і з гандлем. Мінчукі наракаюць, што ў горадзе набудавалі ўжо зашмат гандлёвых цэнтраў. Але вось цікавы факт. Буйных сучасных гандлёвых цэнтраў з шырокім спектрам паслуг і тавараў, з фудкортамі, кінатэатрамі, дзіцячымі гульнявымі пакоямі і г.д., у 750-тысячным Львове (Forum Lviv, King Cross Leopolis, Victoria Gardens) сувымерна з 2-мільённым Мінску (Dana Mall, Galleria Minsk, Замак). У абласных беларускіх гарадах такіх гандлёвых цэнтраў увогуле няма.

Фота: rau.ua.

Альбо іншы прыклад — сучасныя мультыплекс-кінатэатры. У Львове першы IMAX-кінатэатр адкрыўся яшчэ ў 2010 годзе. У Мінску яго дагэтуль няма, і няясна, калі ён з’явіцца. На 750-тысячны Львоў дзейнічае 4 сучасныя мультыплексы — як і на 2-мільённы Мінск. А вось, напрыклад, у 536-тысячным Гомелі, блізкі да Львова па маштабах горад, мультыплекс-кінатэатраў няма і, здаецца, нават не плануецца.

У Беларусі большасць кінатэатраў — камунальныя прадпрыемствы, якія падпарадкоўваюцца галоўным ўпраўленням ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовых выканкамаў. Прыватныя пачалі з’яўляцца толькі ў Мінску, і ў вельмі абмежаванай колькасці — нават у вялікіх абласных гарадах прыватнікі не будуюць сучасныя кінатэатры.

Ва Украіне іншая сітуацыя — значная частка мясцовых кінатэатраў, у тым ліку ў Львове, гэта сучасныя мультыплексы, якія належаць буйным прыватным кампаніям. Галоўнымі канкурэнтамі тут з’яўляюцца «Планета Кіно» і «Multiplex», якія маюць сеткі кінатэатраў па ўсёй Украіне. Дзяржаўных кінатэатраў амаль не засталося.

Фота: weekend.zone.

Ёсць у Львове і такія сэрвісы, якіх у Мінску, і, тым больш, у абласных гарадах Беларусі, проста няма. Напрыклад, вось так выглядае сістэма гарадскога грамадскага велапракату кампаніі Nextbike. Пампуеш мабільную праграму, прывязваеш да яе банкаўскую картку — і можаш за невялікія грошы карыстацца гарадскімі веласіпедамі. У Львове існуе больш за 20 пунктаў такога грамадскага велапракату.

Больш даступныя для жыхароў Львова і імпартныя тавары, асабліва імпартныя прадукты. Базавыя мясцовыя прадукты (мяса, хлеб, яйкі, малако, сыр і іншыя) каштуюць у Львове і Мінску амаль аднолькава. Але цэны на імпартныя экзатычныя прадукты (кшталту іспанскага хамону альбо французскіх сыроў) значна ніжэйшыя, чым у Мінску. Часам такія тавары ў Мінску ў некалькі разоў даражэйшыя (калі яны ўвогуле ёсць у Мінску), чым у Львове.

Развітая сфера грамадскага харчавання

Асобна варта сказаць пра грамадскае харчаванне: сталовыя, бістро, рэстараны, кавярні. У Львове, у параўнанні з вялікімі беларускімі гарадамі, гэтая сфера на дзве галавы вышэйшая. Прычым гаворка ідзе не пра турыстычныя ўстановы, куды ходзяць турысты, кшталту «Криївкі» ці «Мазох-кафе», а пра самыя звычайныя ўстановы харчавання, куды ходзяць самыя звычайныя гараджане. У Львове не праблема знайсці камфортнае бістро са смачнымі стравамі, прычым дазволіць сабе там нармальна паесці можа любы чалавек, нават з адносна невысокім украінскім заробкам. Калі бачыш, што кава ў сучасным львоўскім кафэ таннейшая ў паўтара разу, чым звычайная кава на вынас у Мінску, пачынаеш задумвацца пра эфектыўнасць беларускай эканамічнай мадэлі.

Кава на вынас у Мінску.

Кава ў папулярнай кавярні ў Львове.

Мінску і іншым беларускім гарадам якасных устаноў харчавання з дэмакратычнымі цэнамі вельмі бракуе.

Нават нягледзячы на ўмацаванне грыўні за апошні год, паесці ў Львове значна танней, чым у Беларусі. І гэта пры тым, што сярэднія даходы ўкраінцаў набліжаюцца ці нават перавысілі беларускія. Укрстат паведамляе, што сярэдні заробак у Львоўскай вобласці ў лютым 2019 года складаў 8368 грыўняў ($311 у эквіваленце). Але рэальныя сярэднія заробкі вышэйшыя, чым гэтая лічба.

Па-першае, ва Украіне распаўсюджана практыка, калі работнік атрымлівае дзве зарплаты: «белую» (афіцыйную) і «шэрую» (у канверце). Паводле ацэнак эканамістаў, ад 40% да 70% эканомікі Украіны знаходзіцца ў цені. Папулярны сайт Work.ua на аснове рэальных вакансій падлічыў, што сярэдняя зарплата ў Львове — 11100 грыўняў ($412).

А па-другое, ва Украіне палову даходаў складае не зарплата, а даходы ад бізнэсу, дапамогі ды іншыя крыніцы. Гэта нашмат больш, чым у Беларусі.

Лаўкосты

Пакуль перспектыва прыходу лаўкостаў у Беларусь застаецца вельмі туманнай, ашчадныя беларусы вымушаны альбо чакаць зніжак ад «Белавіі», альбо, як у старыя і добрыя часы лятаць праз Вільню і Варшаву. У Львове, як і ў іншых буйных украінскіх гарадах, танныя авіяпералёты сталі нормай жыцця.

Фота: Wikimedia Commons.

З Львова ўсяго за некалькі дзясяткаў еўра вы без праблем зможаце паляцець у 14 гарадоў Еўропы: Лондан, Капенгаген, Берлін, Франкфурт, Дортмунд, Дзюсельдорф, Варшава, Кракаў, Гданьск, Уроцлаў, Катавіцы, Вільня, Браціслава, Мемінген. І гэта толькі наўпроставыя рэйсы, без перасадак.

Напрыклад, Ryanair прадае квіткі на рэйс Львоў — Лондан на канец мая ўсяго за 14,99 еўра (такая цана была на момант напісання артыкула). І гэта не акцыя ці зніжка, а звычайная цана на рэйс.

Прыход лаўкостаў даў другое жыццё мясцоваму аэрапорту. Толькі за 2018 год пасажырапаток львоўскага аэрапорта вырас на 48% — ён абслужыў 1,59 мільёна пасажыраў.

Інфраструктура і транспарт

Калі параўноўваць гістарычны цэнтр Львова, Кракава, Прагі і Вены, львоўскі застаецца вельмі занядбаным і абшарпаным. Варта прызнаць, што тут нейкага істотнага паляпшэння няма. Рэстаўрацыя старых будынкаў патрабуе вялікіх грошай, якіх у горада проста няма.

А вось спальныя раёны, пабудаваныя яшчэ ў часы СССР і незалежнай Украіны, за апошнія некалькі гадоў рэальна змяніліся. І дынаміка тут, у адрозненне ад Мінска, станоўчая.

Вось так, напрыклад, выглядаюць некаторыя вуліцы пасля рэканструкцыі.

Фота: orikzz.blogspot.com.

Фота: orikzz.blogspot.com.

Фота: orikzz.blogspot.com.

Фота: Wikimedia Commons.

Мінчукі добра памятаюць скандальную рэканструкцыю Камсамольскай вуліцы, калі ўздоўж пешаходнай зоны павесілі ланцугі, дрэнна зрабілі сістэму сцёку вады (ад якой вуліцу тапіла першыя тыдні), а люкі аказаліся не тых памераў і пакрыліся ржой.

У Львове такое ў прынцыпе немагчыма сабе нават уявіць. У горадзе існуе вельмі моцнае лобі прафесійных урбаністаў, якія рэальна ўплываюць на працэс прыняцця рашэнняў у горадзе. Усе праекты добраўпарадкавання і рэканструкцыі праходзяць этап грамадскага абмеркавання, і яно рэальнае, а не фіктыўнае.

Таксама існуе такі інструмент, як грамадскі бюджэт гарадскіх ініцыятыў, які дазваляе любому жыхару ўзяць удзел у тым, як і дзе бюджэтныя сродкі будуць выкарыстоўвацца для паляпшэння жыцця горада. Кожны чалавек можа прадаць свае праекты і галасаваць за цікавыя ідэі. Праекты, якія больш за ўсё падтрымаюць жыхары, рэалізоўваюцца з гарадскога бюджэту.

З транспартам у Львове пакуль што горш, чым у Мінску, але і тут дынаміка пазітыўная. Грамадскі транспарт Львова складаецца з дзвюх частак: камунальны і прыватны. Прыватныя маршруткі — сапраўднае пекла. У іх фактычна адсутнічае расклад руху, кіроўцы рэгулярна хамяць, у маленькіх аўтобусах заўсёды цесна і спякотна, самі аўтобусы знаходзяцца проста ў жахлівым тэхнічным стане. А вось камунальны транспарт за апошнія гады вельмі змяніўся — ён мала чым саступае мінскаму, а ў нечым і апярэджвае яго. Доля прыватных аўтапаркаў у Львове скарачаецца, а камунальных — расце.

Камунальныя аўтапаркі за апошнія гады абнавілі свой транспарт і закупілі нармальныя сучасныя аўтобусы (пераважна, дарэчы, беларускія МАЗы, а таксама аўтобусы львоўскага аўтобуснага завода «Электрон»).

Фота: Твоє Місто.

Абнаўляецца і трамвайны парк — пераважна, новымі мясцовымі «Электронамі», з Wi-Fi, разеткамі і кандыцыянерамі, у якіх праезд можна аплаціць бескантактнай карткай ці QR-кодам. За некалькі гадоў горад закупіў 16 такіх трамваяў. Праезд у такім трамваі каштуе 5 грыўняў (каля 40 капеек). Ільготнікам — 2,50 (20 капеек).

Фота: Wikimedia Commons.

Фота: anderver.livejournal.com.

Адной з галоўных праблем Львова заўсёды было транспартнае злучэнне з вялікім спальным раёнам «Сыхаў». Гэту праблему, нарэшце, вырашылі, праклаўшы туды трамвайныя рэйкі і пусціўшы трамваі.

Свабода

Свабода — тое, чаго валам у Львове і чаго так бракуе беларускім гарадам. І «свабода» — гэта не нейкае абстрактнае ўзвышанае паняцце, а цалкам практычная рэч. Калі ты бачыш, як ва ўмовах свабоды і канкурэнцыі функцыянуюць розныя грамадскія ініцыятывы, валанцёрскія і студэнцкія рухі, як развіваецца масавая культура і публічныя дыскусіі, як дробны бізнэс, нягледзячы на цяжкую эканамічную сітуацыю, праяўляе гнуткасць, разумееш, што існаванню Украіны больш нічога не пагражае.

Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930