Знайсці
03.04.2019 / 21:4121РусŁacБел

Суд у Івацэвічах пакараў кухара за фразу: «Я бандэраўцаў не кармлю»

Сяржук Бахун.

Івацэвіцкі суд аштрафаваў на 76,5 рубля кухара кавярні Канстанціна Гарчакова, які адмовіўся абслугоўваць менскага прадпрымальніка Сержука Бахуна, называючы яго «бандэраўцам», паведамляе «Радыё Свабода».

Прысуд не набыў моц, яго можна абскардзіць цягам 10 дзён.

Канфлікт здарыўся 14 студзеня, калі Сяржук Бахун са сваёй дачкой спыніўся ў прыдарожнай кавярні каля Івацэвічаў. Там у яго выйшла спрэчка з кухарам.

«Дачка доўга разглядала мэню, выбіраючы. Каб яна хутчэй вызначылася, я жартам спытаў: можа, табе трэба на беларускай мове мэню, каб хутчэй выбраць? Дачка нічога не пасьпела адказаць, як Канстанцін сказаў, што тут хутка ня будзе Беларусі, тут будзе Савецкі Саюз. Я падумаў, што ён пажартаваў, і сказаў, што вашай кавярні таксама б не было, бо ў СССР не было прыватнай уласнасьці», — распавядаў у судзе Сяржук Бахун.

Паводле Бахуна, кухар называў яго «хахлом, бандэраўцам, фашыстам» і адмовіўся абслугоўваць.

«Хахлы, бандэраўцы, фашысты — ён некалькі разоў так казаў. Што спалілі Хатынь… Казаў эмацыйна, гучна, пераходзячы на крык у наш бок. Валіце адсюль, казаў, зараз выкіну вас. Я зразумеў, што лепей сысьці, каб канфлікт не разгарэўся, тым больш са мной была дачка», — апавядаў у судзе Сяржук Бахун.

Канстанцін Гарчакоў распавёў у судзе, што спрэчку пачаў Сяржук Бахун.

«Замова яшчэ не паступіла, і пачынаюцца размовы — быў бы Савецкі Саюз, не было б твайго бізнэсу. Я кажу — пры Савецкім Саюзе ўсё было цудоўна. І праца была, і справядлівасьць, і заробкі былі аднолькавыя. Вось і пайшло… Размову першым пачаў Бахун. Я яму так і сказаў — вунь што ў суседзяў робіцца, хочаце, каб і тут такое было? Развалілі краіну, і тут хочуць разваліць. І сказаў, што карміць ня буду, таму што іх я не кармлю», — казаў кухар.

Судзьдзя перапытаў, каго менавіта Гарчакоў меў на ўвазе.

«Бандэраўцаў, якія прыяжджаюць, альбо тых, хто іх думку падтрымлівае. Ведаеце, колькі іх заяжджае? Іх вельмі шмат заяжджае», — кажа кухар.

Пасьля інцыдэнту Сяржук Бахун напісаў скаргі ў Івацэвіцкі райвыканкам, пракуратуру, а таксама заяву ў міліцыю, каб кухара кавярні прыцягнулі да адказнасьці за распальваньне нацыянальнай варажнечы.

Аднак пасьля праверкі распачынаць крымінальную справу адмовіліся, а Сержуку Бахуну параілі зьвярнуцца з новай заявай паводле Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Бахун так і зрабіў, але міліцыянты склалі пратакол не за абразу, а за дробнае хуліганства. 12 сакавіка суд Івацэвіцкага раёну адмовіўся пакараць кухара за дробнае хуліганства, не знайшоўшы складу правапарушэньня.

Сяржук Бахун зьвярнуўся ў міліцыю з новай заявай аб абразе. 3 красавіка суд прызнаў, што працаўнік кавярні Канстанцін Гарчакоў абразіў Сержука Бахуна, называючы «хахлом, бандэраўцам, фашыстам».

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930