Знайсці
03.04.2019 / 18:3014РусŁacБел

Прадстаўнікі інтэлігенцыі прыгадалі Зяленскаму жарт пра Украіну-«порнаактрысу»

Прадстаўнікі ўкраінскай інтэлігенцыі звярнуліся да грамадзян Украіны з заклікам не аддаваць свае галасы за шоўмена Уладзіміра Зяленскага ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў. Адкрыты ліст распаўсюджваецца ў сацсетках, перадае «Украінская праўда». 

«Украінская грамада! Мы бачым, як у грамадстве шырыцца, як эпідэмія, захоп сумніўным прэтэндэнтам на ролю Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ВСУ», — гаворыцца ў звароце.

Прадстаўнікі інтэлігенцыі звяртаюць увагу на той факт, што большасць насельніцтва памылкова асацыююць артыста Уладзіміра Зяленскага з выдуманым героем серыяла «Слуга народа» Галабародзькам.

У звароце ўказваецца, што кандыдат у прэзідэнты Зяленскі з'яўляецца «праектам адыёзнага алігарха Ігара Каламойскага, які раскраў мільярды даляраў «Прыватбанка» і, ратуючыся ад украінскіх праваахоўных органаў, збег за мяжу».

Па словах падпісантаў, цяпер алігарх падрыхтаваў на прэзідэнцкія выбары цэлы шэраг кандыдатаў-марыянетак, каб зноў атрымаць магчымасць паразітаваць на дзяржаўным бюджэце.

Яны звяртаюць увагу, што кантраляваны Каламойскім тэлеканал «1+1», «парушаючы журналісцкія стандарты, ператварыўся ў агенцтва па піяры Зяленскага».

«Заклікаем вас усвядоміць, што кандыдат у прэзідэнты Зяленскі — гэта зусім не смешна, бо не можа быць смешным тое, што нясе трагедыю для Украіны», — падкрэсліваюць аўтары звароту.

На іх думку, Зяленскі сваім ладам жыцця, інфармацыйным і бізнес-рэсурсам залежыць ад Каламойскага, яго тэлеканалаў, юрыстаў, рэжысёраў і паліттэхнолагаў.

Па словах падпісантаў, Зяленскі кпіў са святых рэчаў і самой дзяржавы Украіна, выяўляючы яе ў вобразе порнаактрысы, а самых украінцаў як «дурных гуцулаў» і «хахлоў-салаедаў».

«Заяўляў са сцэны, што лозунг «Слава Украіне» — гэта для галіцкіх прыбіральняў. І Зяленскаму ні разу не прыйшло ў галаву папрасіць прабачэння за гэта перад украінскім народам. Замест гэтага ён станавіўся на калені перад пуцінскім катам Рамзанам Кадыравым. І лічыць, што варта дамагацца міру, стаўшы перад Пуціным на калені і задаволіўшы яго патрабаванні і патрэбы», — кажуць аўтары звароту.

Зяленскаму таксама нагадалі пра жарты «Квартала 95» часоў Еўрамайдану: «Калі «Беркуту» выдаць эбанітавыя палачкі, а мітынгоўцаў апрануць у шарсцяную вопратку — так мы зможам здабываць электраэнергію!»

«Выбраць гэтага чалавека прэзідэнтам — значыць ператварыць Украіну ў аб'ект кпінаў для ўсяго свету», — кажуць прадстаўнікі інтэлігенцыі.

«Не аддавайце свой голас «па прыколе» за падманную маску, марыянетку карупцыйнага алігарха. Украінцы! Заклікаем паставіцца да свайго выбару сур'ёзна. Пры цяперашніх сацыялагічных раскладах каштоўным з'яўляецца кожны голас. Таму абдумайце наступствы. Менавіта ад вашага волевыяўлення залежыць лёс усёй краіны», — гаворыцца ў звароце.

Ліст падпісалі Вячаслаў Брухавецкі, Юрый Бурак, Юрый Віннічук, Пётр Вальвачоў, Любоў Галота, Багдан Гарынь, Мікалай Жулінскі, Аляксандр Ірванец, Тарас Кампанічэнка, Дзмітрый Ломачук, Надзея Лук'яненка, Павел Моўчан, Раіса Недашкоўская, Мікалай Несцярчук, Уладзімір Панчанка, Аляксандр Панамароў, Міхаіл Ратушны, Ірэн Раздабудзька, Вадзім Скуратоўскі, Кірыл Стэценка, Мікалай Цімошык, Леанід Фінберг, Алена Фінберг, Мікалай Цымбалюк, Юрый Шчарбак і Уладзімір Яварыўскі.

Да ліста далучана асобная думка Івана Дзюбы. «Я не захапляюся гумарам «95-га квартала», з прычыны чаго і не ведаю, ці Зяленскі такі таленавіты, як пра яго кажуць яго прыхільнікі. Можа. Веру. Веру нават Л. Краўчуку, які захоплена сказаў, што ў яго «талент аж іскрыць», дай Бог, хай іскрыць, на сцэне. А як будзе іскрыць на чале дзяржавы, то можа і сябе спаліць, і дзяржаву», — лічыць Дзюба.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера