Знайсці
03.04.2019 / 14:20РусŁacБел

Біл і Бола, Харланчук і Хітрык вяртаюцца! Выходзіць аўдыякніга паводле класікі шведскай дзіцячай літаратуры

2 красавіка Саюз беларускіх пісьменнікаў прэзентаваў свой новы праект — дыск «Суперкніга пра Біла з Болай»: як і аўдыякнігі пра Пэтсана і Фіндуса, агучылі яго акторы Павел Харланчук і спявачка Ганна Хітрык.

Для найвядомейшай кнігі Гунілы Бэргстрэм Ганна Хітрык запісала і адмысловае музычнае суправаджэнне. Прадакшн-менеджаркай і прадзюсаркай запісу выступіла перакладчыца і выдавец Надзея Кандрусевіч.

У хлопчыка Біла з’яўляецца маленькая сястрычка Бола — нагода для радасці, весялосці і гонару. Але час ідзе, і паступова сям’я пачынае разумець, што яна зусім не размаўляе. Кніга ў вершаванай форме распавядае пра жыццё маленькай дзяўчынкі, якая ніколі не будзе як усе. Пра звязаныя з гэтым радасць і гора, надзею і роспач. Пра тое, наколькі мы гатовыя жыць побач з тымі, хто не падобны да нас. Але найперш гэтая кніга пра любоў і здольнасць прымаць.

«Суперкнігу пра Біла з Болаю» Гунілы Бэргстрэм падрадкова пераклалі на беларускую мову Надзея Кандрусевіч і Алеся Башарымава, а беларускі паэт Андрэй Хадановіч зрабіў так, каб пераклад загучаў напоўніцу — эмацыйна і кранальна.

У 2017 годзе кніга для дзяцей пабачыла свет у серыі «Каляровы ровар» Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве «Кнігазбор».

Аўтарка кнігі — шведская пісьменніца Гуніла Бэргстрэм. З 1971 года яна напісала каля 40 дзіцячых кніг, якія сама і праілюстравала. Яна пісала гісторыю Біла і Болы са сваёй уласнай сям’і: у яе двое дзяцей, а ў малодшай дачкі аўтызм.

Кнігі пра Біла і Болу — класіка шведскай літаратуры, яны шырока чытаюцца ў каледжах і навучальных установах. Паводле іх знятыя анімацыйныя фільмы і зробленыя тэатральныя пастаноўкі. А ў 2012 годзе на кніжным кірмашы ў Гётэборгу Гуніле Бэргстрэм уручылі залаты медаль «за новы падыход у напісанні і афармленні дзіцячай кнігі з бездакорным адчуваннем дзіцячага светапогляду».

lit-bel.org

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930