Знайсці
16.06.2019 / 17:471РусŁacБел

«Грамадзяне, абследуйце пасевы бульбы». Гісторыя змагання з каларадскімі ордамі

Гэтую гісторыю можна пачаць так: жыў сабе жук. Сімпатычны, з дзесяццю палоскамі на крылцах і знакам V на спінцы… Піша гісторык Андрэй Вашкевіч.

Упершыню апісаў гэтага жука амерыканскі энтамолаг Томас Сэй у 1824 годзе. Каларадскі жук быў названы дзесяціпалосым. Радзіма каларадскага жука — мексіканска-амерыканскае памежжа, самае сэрца паўночнаамерыканскага кантынента. А яго любімая бульба паходзіць з Паўднёвай Амерыкі і спачатку расла ў Андах. Таму пакуль на захад Паўночнай Амерыкі не прыйшлі пасяленцы, жук харчаваўся дзікімі і вельмі ядавітымі паслёнавымі, з такой кармавой базай канкурэнтаў у яго не было. І толькі ў 1840-я, калі каланісты прывезлі з сабой бульбу, жук пераключыўся на яе. Асабліва пацярпелі пасяленцы Каларада. Пасля гэтай шкоды жук і атрымаў сваё імя.

Каму вайна, а каму маці родная

У часы Грамадзянскай вайны жук дабраўся да ўсходняга ўзбярэжжа. Перабрацца праз Атлантыку яму таксама дапамагла вайна. У час Першай сусветнай амерыканцы разам з бульбай для сябе і галодных саюзнікаў прывезлі жука ў французскі порт Бардо. Адтуль ён і пачаў пераможнае шэсце па Еўропе, да канца 1930-х апанаваўшы Францыю.

Сярод пераможцаў Другой сусветнай быў і каларадскі жук. К 1945-му ён ужо атабарыўся ў Германіі, Польшчы ды Чэхаславакіі.

Тут і пачалася яго палітычная кар’ера.

Вораг міру, пасланец з Уол-стрыт, імперыялістычны забойца

Наглуха закрытая мяжа «сацыялістычнага лагера» для каларада не стала перашкодай — летам 1950-га ён дабраўся да СССР. Яго ўбачылі адначасова на Львоўшчыне, Валыні, Брэстчыне, Гродзеншчыне і ў Літве. Міністр сельскай гаспадаркі мусіў тэрмінова пісаць Лаўрэнцію Берыю тлумачальную запіску пра тое дзіва.

Кіраўніцтва хутка зразумела, што з гэтага шкодніка-бульбаеда можна атрымаць палітычныя бонусы. Усе галоўныя газеты СССР і краін сацлагера апублікавалі камюніке пра тое, што над іх тэрыторыяй амерыканскія самалёты рэгулярна рассейваюць каларадскага жука. Абвяшчалася, што гэта элемент вайны супраць СССР і саюзнікаў. Грамадства мусіла мабілізавацца.

Тут жа газеты запоўніліся карыкатурнымі жукамі, якія на парашутах спускаюцца з амерыканскіх самалётаў. Выпусцілі плакаты: з аднаго боку атамны выбух, з другога — каларадскі жук. Некаторы час у газетах яго нават называлі «амерыканскім жуком».

На смяротны бой з каларадскай ардой

Мой бацька расказваў, што па Гродзеншчыне ездзілі прапагандысты, якія мелі ў слоічках пару заспіртаваных жукоў і лічынак, ды паказвалі іх вяскоўцам як дзіва.

Дрэваапрацоўчая фабрыка ў Пінску надрукавала пачак запалак з выявай каларадскага жука і яго лічынкі (лярвы), каб калгаснік, прыкурваючы, меў ворага перад вачыма.

Людзі згадваюць, што за некалькі запалкавых пачкаў ці бутэлечку жукоў у той час можна было атрымаць ад калгаса прэмію!

У канцы 1950-х сітуацыя змянілася. Каларадаў стала заўважна больш, таму пра прэміі ўжо не згадвалі, а збіранне жука ўвайшло ў «праграму навучання» вясковых школьнікаў. Дзіця атрымлівала кіёк, каб адхінаць лісце бульбы, невялічкую ёмістасць з газай, каб тапіць там кузурак, і ішло ў поле. Некаторыя бацькі гідзіліся ад знешняга выгляду жукоў ды выдавалі сваім дзецям пальчаткі. Школьнае начальства выпісвала такім суровую вымову за «выхаванне ў буржуазным духу», а за нявыхад у поле на збор жука пясочылі на калгасных сходах.

Змаганне з жуком. Гродзеншчына, канец 1950-х — пачатак 1960-х гадоў.

Пра тое, як правільна збіраць жука, пісалі раёнкі. Была таксама прапанова ствараць спецыяльныя брыгады тэрмінам на 3 гады. Брыгады мусілі аглядаць пасевы бульбы, памідораў, тытуню тройчы за лета і закрываць знойдзеных жукоў у бутэльках з газай, фармалінам або растворам солі. Месца, дзе знайшлі жука, трэба было пазначаць спецыяльнай вешкай, і паведамляць пра гэта ў сельсавет або старшыні калгаса.

Людзі змагаюцца — жук пасміхаецца

Народнае збіранне каларадскага жука ўручную нічога не дало. У 1960-я жук апанаваў БССР і дайшоў да РСФСР, а ў 1980-я пераваліў за Урал. За працу ўзяліся біёлагі і хімікі, а ў бой з жуком рушылі не толькі школьнікі з кійкамі, але і пестыцыды. Асобная, не вельмі вясёлая старонка нашай гісторыі — суцэльнае паліванне палёў з самалётаў. Хіміі даставалася не толькі каларадскаму жуку, але і калгаснікам.

Сёння на барацьбу з жуком кідаюцца ўсё новыя сродкі. Навінка дзесяцігоддзя — спроба стварыць геннамадыфікаваныя сарты бульбы, якія былі б не да смаку каларадскаму жуку.

Жук пазірае на гэтыя намаганні з іроніяй. У пачатку ХХІ стагоддзя ён дабраўся да Хабараўскага края. Завяршыў пераможнае шэсце па паўночным паўшар’і і шчасліва жыве цяпер абапал Ціхага акіяна.

 * * *

Каларадскі жук (лац. Leptinotarsa decemlineata) — насякомае сямейства лістаедаў. Даўжыня да 12 мм. Цела авальнае, пукатае, жоўтае. Крылы ярка-ружовыя, на жоўтых надкрылах 10 чорных палос, на галаве чорная трохвугольная пляма. Лічынкі і жукі кормяцца лісцем, чаранкамі і сцёбламі бульбы.

Самкі адкладаюць яйкі на ніжні бок лістоў бульбы і іншых раслін сямейства паслёнавых (памідоры, баклажаны, перац). Лічынкі нараджаюцца праз 5—8 сутак і за перыяд развіцця (15—35 сутак) праходзяць 4 узросты. Найбольш пражэрлівыя лічынкі чацвёртага ўзросту — ружова-аранжавыя, з двума радамі чорных бугаркоў па баках, пакрытыя рэдкімі валаскамі.

Прайшоўшы ўсе ўзросты, лічынкі акукліваюцца ў глебе на глыбіні 5—12 см. Праз 15—20 сутак кукалка ператвараецца ў жука. Зімуюць жукі ў глебе на глыбіні 20—40 см. Марозныя зімы могуць змяншаць папуляцыю нават на 90%, але яна хутка аднаўляецца.

Каларадскі жук мігруе і за сезон можа праляцець 400 кіламетраў.

* * *

Анекдоты пра каларадскага жука

— Ну што, куме, паздыхалі жукі ад вашай атруты?
— Паздыхалі не паздыхалі, але здароўе ў іх ужо не тое.

* * *

На калгасным сходзе:
— У мінулым годзе пасадзілі 50 га бульбы — з’еў каларадскі жук. У гэтым годзе пасадзілі 100 га — зноў з’еў. У наступным годзе пасадзім 200 га — хай падавіцца!

* * * 

Сядзяць у пекле Гітлер і каларадскі жук.
Каларадскі жук:
— Ты за што тут сядзіш?
Гітлер:
— Хацеў увесь свет на калені паставіць. А ты за што?
Каларадскі жук:
— А я ўвесь свет ракам паставіў.

* * *

Два гады дзед апырскваў ГМА-хімікатамі каларадскага жука. На трэці год жук ужо сам дапамагаў дзеду абганяць бульбу.

* * *

Пытанне Армянскаму радыё:
— Якія дзве сілы вядуць самую жорсткую ў свеце вайну?
Адказ:
— Беларускія партызаны і каларадскі жук.

* * *

У мэтах барацьбы са шкоднікам Міністэрства сельскай гаспадаркі абвясціла, што за кожнага здадзенага каларадскага жука будзе плаціць капейку. Цяпер усе сяляне разводзяць каларадскага жука.

Андрэй Вашкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера