Знайсці
07.06.2019 / 00:521РусŁacБел

Як і чаму Захад перамог Усход

Яшчэ ў пачатку XV стагоддзя думка пра тое, што некалі Захад будзе дамінаваць над рэштай свету, здавалася вар’яцкай. Але так сталася. Як? Адказ спрабаваў знайсці брытанскі гісторык і журналіст Ніл Фергюсан у кнізе «Цывілізацыя. Захад і рэшта свету».

Кніга была перакладзена на дзясяткі моў, выйшла па ўсім свеце. Цікава паглядзець, якія розныя вокладкі выбралі выдаўцы. Гадзіннік, іранічны компас са стрэлкай на захад, джэнтльменскі капялюш (Нідэрланды, Украіна, арабскі свет). Сучасныя белыя каўнерыкі, сярэднявечныя купцы і «Кантора бавоўны ў Новым Арлеане» Эдгара Дэга (Францыя, Румынія, Бразілія). Галандскі «Партрэт маладога чалавека з чэрапам», што нагадвае пра хуткаплыннасць жыцця (фіны), ды вечная Старажытная Грэцыя (японцы). Кітайцы, як заўжды, сціплыя.

Фергюсан вылучае шэсць сфер, стаўленне да якіх вызначае поспех аднаго грамадства і заняпад іншага.

1. Канкурэнцыя

Калі б вы трапілі ў Кітай у пачатку XV стагоддзя, вы б здзівіліся, наколькі гэта тэхналагічна развітая дзяржава. Вялікі кітайскі канал, які будаваўся каля дзвюх тысяч гадоў, расцягнуўся больш чым на 1 700 кіламетраў. Кожны год па ім перавозілі 12 тысяч баржаў са збожжам. Для параўнання: самы знакаміты і доўгі канал у Еўропе на той час, Венецыянскі, не меў і 4-х кіламетраў удоўжкі.

Дамінаваў Кітай таксама ў навуцы. Друкарскі станок з наборным шрыфтам у Кітаі вынайшлі яшчэ ў XI стагоддзі, за 400 гадоў да Гутэнберга. Сеялка, якая з’явілася ў перадавой і адносна заможнай Паўночнай Італіі ў XVI стагоддзі, была вядомая кітайцам з II стагоддзя да нашай эры. Запалкі, магнітны компас, зубная шчотка… Спіс кітайскіх інавацый можна працягваць бясконца. Кітайцы, якія лічылі еўрапейцаў варварамі, мелі на гэта ўсе падставы. Але далей нешта пайшло не так.

Фергюсан лічыць, што праблемай Кітая была адсутнасць канкурэнцыі.

Пакуль дробныя еўрапейскія дзяржавы ваявалі і канкуравалі паміж сабой, распрацоўвалі новыя тэхналогіі ў мараплаванні і іншых сферах, заможны цэнтралізаваны Кітай не меў патрэбы ў замежным гандлі. Імператары не жадалі гандляваць з «варварамі»: у Кітаі і так усё было. І калі марскі гандаль стымуляваў тэхналагічнае развіццё Еўропы, Кітай застаўся на месцы.

Фергюсан знаходзіць прычыны гэтага ў асаблівасцях канфуцыянскага светапогляду. Кітаем кіравала прафесійная бюракратыя. Чыноўнікаў бралі на службу пасля складанай сістэмы экзаменаў.

Асаблівую ўвагу надавалі вывучэнню чатырохкніжжа класікаў канфуцыянства, з якога трэба было вывучыць 431 286 знакаў.

Такая сістэма абсалютна не спрыяла інавацыям і выхоўвала кансерватыўную эліту, не здольную мысліць стратэгічна. Гэтае чыноўніцтва пахавала марскія магчымасці Кітая.

У той час Еўропа, падзеленая на шматлікія маленькія дзяржавы, стала арэнай велізарнай канкурэнцыі, у тым ліку на моры. Партугальцы, іспанцы, англічане, галандцы будавалі караблі, стваралі гандлёвыя шляхі і каланізавалі землі. Невялікія еўрапейскія дзяржавы, дзякуючы матэрыяльным перавагам гандлю і каланізацыі, апярэдзілі вялікія цывілізацыі Усходу.

2. Навука

Адна з прычын дамінавання Захаду — імклівае развіццё навукі. Але так было не заўсёды.

Стагоддзямі наперадзе тут былі ісламскія дзяржавы. Менавіта яны змаглі захаваць для чалавецтва творы аўтараў Антычнасці. Мусульманскія матэматыкі стварылі алгебру (з арабскай «аль-джабр» — складанне разбітых частак). А першай ВНУ можна лічыць універсітэт Аль-Караўін, адкрыты ў Марока ў 859 годзе. Але чаму мусульманская навука пачала адставаць?

Аўтар мяркуе, што шлях Еўропы да навуковай рэвалюцыі мае вытокі ў хрысціянскім вучэнні пра аддзяленне царквы ад дзяржавы. А Каран настойвае на еднасці любой улады, заснаванай на ісламе. Пакуль у Еўропе буяла навуковая рэвалюцыя, ісламскія святары вырашылі, што вывучэнне грэчаскай філасофіі несумяшчальнае з вывучэннем Карана. Антычныя кніжкі спальвалі, медрэсэ сканцэнтраваліся выключна на багаслоўі.

Імклівы штуршок развіццю навук дало вынаходніцтва друкарскага станка. А ў мусульманскім свеце друкарства не віталася. Для асманаў пісанае ад рукі лічылася святым — існавала нават рэлігійнае блаславенне для пяра. Мусульманскія навукоўцы, якія раней натхнялі еўрапейцаў, цяпер аказаліся адрэзанымі ад апошніх даследаванняў. (Напрошваюцца паралелі з сучаснымі нападкамі на інтэрнэт і электронныя кнігі.)

Пакуль асманскі клір тармазіў навуковы прагрэс, еўрапейскія валадары стымулявалі развіццё вальнадумства і навукі. Асабліва яскрава гэта праяўляецца ў асобе прускага манарха Фрыдрыха II, у часы кіравання якога Прусія перажывала сапраўдны культурны бум. Адкрываліся салоны, дыскусійныя клубы, кнігарні, часопісы, навуковыя таварыствы…

Развіццё навукі закранула і вайсковую справу. Яшчэ да Венскай бітвы 1683 года еўрапейскія і асманская арміі мелі прыкладна аднолькавы тэхналагічны ўзровень. Але ў XVIII стагоддзі Захад перажыў рэвалюцыю ў балістыцы, стварыўшы артылерыю, здольную біць прыцэльна, у параўнанні з якой асманская была неэфектыўнай.

Асманскія кіраўнікі ўсведамлялі адсталасць сваёй дзяржавы і шчыра імкнуліся імпартаваць еўрапейскія практыкі і тэхналогіі. Аднак рэформы заставаліся павярхоўнымі, што прывяло да поўнага заняпаду Асманскай імперыі, на рэштках якой з’явілася Турцыя, якую ўсур’ёз мадэрнізаваў толькі Атацюрк у ХХ стагоддзі.

3. Уласнасць

Цэнтрам сучаснага заходняга свету з’яўляюцца ЗША, заснаваныя брытанскімі каланістамі. Але чаму лідарам сталі яны, а не, напрыклад, паўднёваамерыканскія дзяржавы, заснаваныя іспанскімі — таксама еўрапейскімі — каланістамі? Фергюсан лічыць, што прычына ў структуры і арганізацыі ўласнасці.

Брытанская адміністрацыя прапаноўвала сваім каланістам акры зямлі. Англія забяспечвала неймаверную сацыяльную мабільнасць. Пасяленец мог прыехаць у Амерыку ні з чым, а на працягу некалькіх гадоў стаць уласнікам і выбарцам.

Высокая доля землеўласнікаў была характэрная не толькі для Паўночнай Амерыкі, але і для іншых брытанскіх калоній, такіх як Аўстралія і Новая Зеландыя. Менавіта вяршэнства права як спосаб абароны ўласнікаў і мірнага вырашэння маёмасных спрэчак лягло ў аснову ўстойлівага прадстаўнічага праўлення.

А вось у іспанскіх калоніях усё было інакш. Маёнткі перадаваліся канкістадорам у кіраванне, але не ва ўласнасць. Гэта была сістэма даніны ў выглядзе рабскай працы і бязлітаснай эксплуатацыі карэннага насельніцтва. Як вынік — паўднёваамерыканскія дзяржавы, стаўшы незалежнымі ў пачатку XIX стагоддзя, не мелі традыцыі прадстаўнічага праўлення, затое мелі глыбокую няроўнасць у размеркаванні зямлі ды міжрасавую варожасць, цесна звязаную з эканамічнай няроўнасцю.

4. Медыцына

Ніл Фергюсан мяркуе, што еўрапейцы проста не змаглі б пабудаваць свае гіганцкія каланіяльныя імперыі без развіцця медыцыны.

XIX стагоддзе праходзіла пад сцягам каланізацыі Афрыкі. Заходняя Афрыка нездарма мела рэпутацыю могілак для белых. Помнік на востраве Гарэ ў Сенегале 21 французскаму лекару, які загінуў пры ўспышцы жоўтай ліхаманкі ў 1878 годзе, красамоўна нагадвае пра рызыку, якой падвяргаліся еўрапейцы ў Афрыцы. Калі б паказчыкі смяротнасці заставаліся такімі ж высокімі, еўрапейскі каланіяльны праект у Афрыцы мог загінуць у зародку. Будучыня імперыялізму залежала ад мікраскопа, навукоўца і доктара.

У французскіх лабараторыях вывучалі халеру, малярыю, шаленства і воспу. Гэтыя спробы былі заснаваныя на наватарскіх працах Луі Пастэра, які распрацаваў мікробную тэорыю ў 50—60-я гады XIX стагоддзя. У канцы стагоддзя французскія каланіяльныя ўлады пачалі распаўсюджваць медыцынскую сістэму на ўсю Французскую Заходнюю Афрыку. Такім чынам смяротнасць змяншалася не толькі сярод каланіяльнай адміністрацыі, але і сярод тубыльцаў — іх працягласць жыцця расла нават большымі тэмпамі, чым еўрапейцаў.

Сам погляд аўтара на каланізацыю Афрыкі можа падацца правакацыяй. Мэйнстрымнае меркаванне зводзіцца да таго, што каланізацыя была адназначным злом. Але Фергюсан лічыць інакш: нягледзячы на ўсе недахопы і злачынствы брытанскай і французскай каланіяльных адміністрацый, якасць і працягласць жыцця тубыльцаў расла.

5. Спажыванне

Як мяркуе Фергюсан, адна з прычын дамінавання Захаду — культура спажывання, якая заўсёды рухала тэхналогіі і інавацыі. Прага людзей да спажывання як мага большай колькасці прадукцыі вяла да аптымізацыі вытворчых працэсаў.

Асабліва яскрава гэта прасочваецца на прыкладзе адзення. І тут нічога дзіўнага: прамысловая рэвалюцыя бярэ свой пачатак менавіта ў тэкстыльнай прамысловасці. Прамысловая рэвалюцыя не адбылася б без развіцця грамадства спажывання з амаль бясконцым попытам.

Замена адзення на еўрапейскае стала атрыбутам кожнай вестэрнізацыі: рэформы Пятра І у Расіі, Атацюрка ў Турцыі альбо Мэйдзі ў Японіі. Рэфарматары разумелі, наколькі магутным рухавіком перамен было заходняе адзенне. Гэта больш, чым проста змена іміджу.

Фергюсан піша, што менавіта грамадства спажывання дазволіла перамагчы ЗША ў халоднай вайне супраць СССР.

Калі б халодная вайна перайшла ў «гарачую» фазу, вельмі верагодна, што перамога засталася б за СССР. Палітычная сістэма Савецкага Саюза была значна лепш прыстасаваная да вайны і ваенных страт, а эканоміка ідэальна падыходзіла для масавай вытворчасці складанага ўзбраення. Але ЗША прапанавалі больш прывабнае мірнае жыццё. Цэнтралізаванае эканамічнае планаванне, эфектыўнае ў ядзернай гонцы, не задавальняла штодзённыя патрэбы спажыўцоў.

Невыпадкова сімвалам вестэрнізацыі ў СССР таксама выступала заходняе адзенне — джынсы.

6. Працоўная этыка

Апошняя прычына дамінавання Захаду, на думку Фергюсана, — працоўная этыка. Звязаная яна ў першую чаргу з рэлігіяй.

Пасля Рэфармацыі эканамічны полюс Еўропы зрушыўся на паўночны захад, у пратэстанцкія краіны. Да Рэфармацыі хрысціянскую набожнасць бачылі асобна ад матэрыяльных спраў, святасць была ў адмове ад мірскога. Пасля Рэфармацыі ўсё змянілася. Пратэстанцкія рэлігійныя плыні, наадварот, расцэньвалі працавітасць, ашчаднасць і настойлівасць як форму набожнасці. Пратэстантызм бачыў у гэтым ратаванне чалавека.

Акрамя таго, пратэстанцкая этыка забяспечвала капіталістаў добрасумленнымі работнікамі, якія глядзелі на працу як на жыццёвую мэту, пажаданую Богам.

Тэзіс пра ўзаемасувязь пратэстанцкай этыкі з развіццём эканамічных адносін даволі спрэчны. Напрыклад, у Германіі самыя багатыя землі — паўднёвыя, а яны пераважна каталіцкія. У той час як пратэстанцкая Паўночная Германія з’яўляецца адносна беднай. Дый сам капіталізм пачаў зараджацца ў гарадах-дзяржавах Паўночнай Італіі яшчэ да з’яўлення пратэстантызму. Але факт застаецца фактам: агулам пратэстанцкія краіны развіваліся хутчэй. Прычыну Фергюсан бачыць яшчэ і ў тым, што пратэстантызм заахвочваў пісьменнасць (дзеля магчымасці самастойна вывучаць Біблію) і масавае кнігадрукаванне. Разам з навуковымі дасягненнямі гэта спрыяла эканамічнаму развіццю.

У той жа час «этыка стабільнасці» кітайскага канфуцыянства прывяла да адмовы ад новаўвядзенняў і заняпаду Кітая. Тое ж адбылося і ў ісламскім свеце, дзе «нязменнасць» душыла любыя перамены.

Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930