Знайсці
02.07.2019 / 11:211РусŁacБел

«Прымі прывітанне, якое прыносіць Табе, правадыр, беларускі народ…». Да якіх неймаверных прыніжэнняў сістэма прывучала цэлыя народы

Летам 1936 года быў створаны адзін з найбольш знакамітых артэфактаў беларускай таталітарнай культуры — «Пісьмо беларускага народа вялікаму Сталіну». Пра публічныя і ценявыя бакі яго ўзнікнення піша доктар гістарычных навук Аляксандр Гужалоўскі. Чытаючы, не перастаеш здзіўляцца, да якіх неймаверных прыніжэнняў прывучала савецкая сістэма цэлыя народы.

Апошні аркуш «Пісьма…» з аўтографамі аўтараў і шоўкавай вышыўкай. Фота Віталя Скалабана.

Стварэнню «Пісьма беларускага народа вялікаму Сталіну» папярэднічала з’яўленне ў лютым 1936-га ў газеце «Літаратура і мастацтва» аналагічнага твора грузінскіх паэтаў, складзенага па ініцыятыве тагачаснага сакратара ЦК КП(б) Грузіі Лаўрэнція Берыі і перакладзенага на беларускую мову Андрэем Александровічам, Петрусём Броўкам, Пятром Глебкам і Кандратам Крапівой. Сталін ацаніў падарунак, бо студэнт Тыфліскай духоўнай семінарыі Іосіф Джугашвілі ў свой час і сам пісаў някепскія вершы.

Найлепшых паэтаў вазілі на дачу

Вершаваны ліст грузінскіх паэтаў стаў штуршком для стварэння падобных твораў у іншых рэспубліках. Згодна з правіламі ідэалагічнай гульні, «ініцыяваць» іх павінны былі працоўныя масы. У Савецкай Беларусі з падобнай «ініцыятывай» у маі 1936-га выступілі калгаснікі Бабруйскага раёна, якія прапанавалі скласці паэтычны зварот да правадыра, прычым пазначылі і канкрэтную дату, да якой ён павінен быць скончаны, — 11 ліпеня. На самай справе, гэты праект ад пачатку да канца курыраваў першы сакратар ЦК КП(б)Б Мікалай Гікала.

Мікалай Гікала з жонкай Наталляй на адкрыцці Дома ўрада ў Мінску. Фота: naviny.by.

Успаміны мастака Яўгена Ціхановіча дазваляюць нам у агульных рысах рэканструяваць працэс вырабу гэтага калектыўнага твора. У канцы мая 1936 года была створана аўтарская група, куды ўвайшлі Янка Купала, Якуб Колас, Андрэй Александровіч, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка і Ізі Харык. Кіраўніком групы прызначылі не класікаў, а найбольш палітычна падрыхтаванага Александровіча.

Кожны з паэтаў распрацоўваў уласную тэму. Напрыклад, Янка Купала апісваў цяжкае дарэвалюцыйнае жыццё беларусаў і вершаваў «песні жальбы».

Усё напісанае падлягала жорсткай цэнзуры, у выніку якой радкі касаваліся дзясяткамі.

Перыядычна ўдзельнікаў групы прывозілі на лецішча ЦК, дзе партыйныя кіраўнікі слухалі напісаныя кавалкі, давалі па іх заўвагі і парады.

Падпісаў — давай грошы!

Адразу пасля ўхвалення партыйным кіраўніцтвам вершаванага тэксту, якому далі назву «Пісьмо беларускага народа вялікаму Сталіну», пачалося яго абмеркаванне і падпісанне ў працоўных калектывах рэспублікі. Галоўнай мэтай гэтай кампаніі было ўмацаванне народнай веры ў правадыра. Але была і больш прагматычная мэта. З выкарыстаннем мабілізацыйных магчымасцяў паэзіі меркавалася размясціць дзяржаўную ўнутраную пазыку чацвёртага года другой пяцігодкі.

Людзі, ставячы подпіс пад «Пісьмом…», адначасова адмаўляліся ад адна-, двух- ці трохдзённага заробку ў абмен на аблігацыі пазыкі. Для рэалізацыі гэтай палітыка-эканамічнай кампаніі на месцах былі выдзеленыя адказныя раённыя работнікі — партыйныя і камсамольскія функцыянеры, начальнікі аддзелаў міліцыі, загадчыкі фінаддзелаў.

Абмеркаванне «Пісьма…» на Мінскай абутковай фабрыцы імя Кагановіча. Фота з часопіса «Работніца і калгасніца Беларусі» (1936, № 14).

Мы можам уявіць, як гэта адбывалася, дзякуючы дакладной на імя Гікалы, складзенай па гарачых слядах загадчыкам сельгасаддзела ЦК КП(б)Б Аляксандрам Картуковым. Першая частка дакумента мае відавочна публіцыстычна-літаратурны характар, у ёй чытаецца жаданне партыйнага чыноўніка дагадзіць аўтару і кіраўніку праекта. Картукоў сцвярджае, што сяляне ў цэлым ахвотна падпісваюць ліст, і ілюструе гэта кранальнымі ў сваёй прастаце і шчырасці прыкладамі.

У калгасе «Новае жыццё» Уздзенскага раёна калгасніцы-стаханаўкі, 72-гадовая Е. Кароль і 56-гадовая М. Кароль, на сходзе нібыта заявілі, што «ў лісце паказаны яшчэ не ўсе дасягненні, на самай справе іх значна больш», і падпісаліся на 50 рублёў.

А 65-гадовую непісьменную калгасніцу Хайкіну з калгаса «Другая пяцігодка» Мсціслаўскага раёна дзеля далучэння да вялікай справы спецыяльна навучылі распісвацца.

«Лепш падпісаць ліст цару, чым Сталіну»

Другая частка дакладной Картукова зафіксавала процілеглыя, пратэстныя настроі, што існавалі ва ўжо калектывізаванай беларускай вёсцы. Так, у калгасах «Чапаеў», «Германскі пралетарыят», «Каменка», а таксама імя Варашылава Круглянскага раёна падпісанне ліста было цалкам сарвана.

У калгасе «Гарадзец» Сенненскага раёна 40% прысутных на сходзе калгаснікаў адмовіліся падпісваць ліст.

У калгасе «Пуцілавец» Пухавіцкага раёна ад удзелу ў прапагандысцкім мерапрыемстве адмовілася ў поўным складзе адна паляводчая брыгада.

У калгасе «Другая пяцігодка» Віцебскага раёна са 120-ці чалавек, што прысутнічалі на сходзе, ліст падпісалі толькі 49. Астатнія пагадзіліся далучыцца да «вялікай народнай справы» толькі пасля з’яўлення на сходзе сакратара райкама партыі Башмачнікава.

У калгасе імя Кірава Пухавіцкага раёна «кулак» С. Карнейчык заявіў, што «ў Германіі правадыры бываюць часцей сярод народу, чым у нас». Падчас абмеркавання ліста ў калгасе «Свабода» Старобінскага раёна калгасніца М. Сіваблоцкая заявіла: «Жанкі, хадземце дахаты, нам няма што падпісваць, бо мы ў гэтым не разбяромся. Хай мужыкі мяркуюць, трэба падпісваць ці не. Тут напісана шмат таго, чаго ў рэчаіснасці няма».

У калгасе імя Варашылава Кіраўскага раёна А. Канавалаў катэгарычна адмовіўся ад подпісу, сказаўшы: «Раней на хутарах нам жылося лепей, а цяпер у нас усё забірае дзяржава».

У саўгасе «Габрыэлева» Пухавіцкага раёна ліст адмовіліся падпісваць усе, за выключэннем дырэктара і яго намеснікаў.

У калгасе «Зарэчча» Хоцімскага раёна адмовіўся падпісваць ліст старшыня калгаса Пяцеркін, за што яго адразу ж знялі з працы.

У калгасе «Х з’езд Саветаў» Смілавіцкага раёна калгаснік Н. Мазоўка казаў: «Бачыце, бальшавікі не дурні. Ім трэба цара абраць. Вось зараз збіраюць подпісы, а потым скажуць: вы яго, Сталіна, абралі».

Падобную думку выказала работніца калгаса «Парыжская камуна» Чэрвеньскага раёна М. Бялевіч: «Лепш падпісаць ліст цару, чым Сталіну».

У калгасе «Сцяг Кастрычніка» таго ж раёна калгаснік Ю. Няхай заявіў на сходзе: «Нам не трэба падпісваць ліст таварышу Сталіну, бо ён у нас забірае хлеб, мяса і малако».

Цытаваны дакумент не ўтрымлівае якой-небудзь лічбавай інфармацыі. Таму праверыць афіцыйна агучаную ў СМІ лічбу, што ў чэрвені — ліпені 1936 года «Пісьмо…» падпісалі 3 мільёны жыхароў БССР, немагчыма. Аднак згаданыя ў ім шматлікія факты адмовы ўдзельнічаць у прапагандысцкім мерапрыемстве дазваляюць казаць пра бездань, якая да 1936 года ўтварылася паміж уладай і часткай прымусова калектывізаванага сялянства.

Пісьменнікам — дом, а Купалу — лецішча

У святочны дзень 11 ліпеня 1936 года (гадавіна вызвалення Мінска ад польскіх войскаў у 1920 годзе тады адзначалася як дзяржаўнае свята) «Пісьмо беларускага народа вялікаму Сталіну» надрукавалі ў газетах і перадалі па радыё. «Пісьмо…» з’яўлялася эпічна-быліннай стылізацыяй, пра што сведчылі ўжо першыя яго радкі:

З-пад пушчаў Палесся, з-пад Нёмана, Сожа,
З-пад Пцічы, Дняпра і Заходняй Дзвіны,
З-пад стыку са светам чужым і варожым,
Прыйшлі мы, Савецкай краіны сыны.

«Пісьмо…» ўтрымлівала ўвесь набор сталінскіх ідэалагем: шчасце фабрычна-заводскай і калгасна-саўгаснай працы, нянавісць да капіталістычнага атачэння, у першую чаргу да «фашысцкай Польшчы», звядзенне ўсёй беларускай гісторыі да класавай барацьбы і, канечне, абагаўленне народам правадыра.

Гэтыя ідэалагемы былі ўвасобленыя ў прафесійна складзеных 97 чатырохрадковых (калектыўных) і 40 двухрадковых (купалаўскіх) строфах. Заканчваўся твор прыніжана-рабскім народным паклонам Сталіну:

Хай смутак вачэй тваіх добрых не росіць,
Ці сонейка захад, ці сонейка ўсход.
Прымі прывітанне, якое прыносіць
Табе, правадыр, беларускі народ.

Да часу з’яўлення «Пісьма беларускага народа вялікаму Сталіну» ў друку Мікалай Гікала ўжо выканаў сваю частку негалоснай дамовы з яго аўтарамі.

Праўленне Саюза пісьменнікаў атрымала 26 тысяч рублёў на будаўніцтва шасцікватэрнага дома. Яшчэ 25 тысяч рублёў былі выдаткаваныя на пабудову лецішча для народнага паэта Янкі Купалы.

І найлепшыя вышывальніцы

Праект Гікалы не абмяжоўваўся стварэннем паэтычнага «шэдэўра», ён прадугледжваў пераўтварэнне «Пісьма…» ў артэфакт культуры, які б адпавядаў велічы адрасата. Найперш

было вырашана вышыць вершаваны тэкст залатымі, чырвонымі, блакітнымі, зялёнымі, шэрымі і карычневымі ніткамі на 24 шаўковых аркушах, дзеля чаго ў Мінск з розных куткоў Беларусі былі дастаўленыя 37 найлепшых вышывальніц. Іх адбор уключаў праверку не толькі прафесійных здольнасцяў, але таксама сацыяльнага паходжання, нацыянальнасці і cямейнага становішча.

Да восені праца была скончана і шчодра аплачана. Перад ад’ездам дамоў вышывальніцам асабіста падзякаваў сам Гікала, а на развітанне атрымаў ад жанчын вышыванку.

Бабруйская вышывальніца Л. Лебель працуе над тытульным аркушам «Пісьма…». Фота з часопіса «Работніца і калгасніца Беларусі» (1937, № 19).

Адначасова з вышывальніцамі ў Мінску працавала брыгада з васьмі найлепшых у Беларусі сталяроў-разьбяроў пад кіраўніцтвам народнага майстра з вёскі Недашоў Магілёўскага раёна Арлова. У выніку іх намаганняў быў выраблены ўнікальны куфар для захавання тканага «Пісьма…».

Звонку куфар упрыгожылі выявамі ордэна Леніна, прамысловых прадпрыемстваў, калгасных палеткаў, памежнікаў, выкананымі паводле эскізаў найлепшых беларускіх мастакоў. Падчас работы сталяры выкарысталі 110 тысяч кавалкаў дрэва розных парод.

Драўляны куфар для захавання «Пісьма…», выраблены найлепшымі беларускімі майстрамі. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

Адрасат не ўразіўся

20 лістапада 1936 года «Пісьмо беларускага народа вялікаму Сталіну» ў выглядзе вялікай шаўковай кнігі, пераплеценай стужкамі з беларускім арнаментам, а таксама скрыня былі выстаўленыя ў Доме ўрада, у асобным пакоі па суседстве з залай пасяджэння надзвычайнага ХІІ з’езда Саветаў БССР. Побач са скрыняй стаяў футарал для яе, выраблены з чырвонага дрэва і абабіты шаўковымі пухоўкамі. У пакоі знаходзіўся кіраўнік работ Арлоў, які даваў дэлегатам з’езда неабходныя тлумачэнні. Праз тыдзень артэфакт быў дастаўлены ў Маскву, дзе пачаўся надзвычайны VІІІ Усесаюзны з’езд Саветаў, скліканы для разгляду і зацвярджэння праекта новай Канстытуцыі СССР.

На чацвёрты дзень працы з’езда, 28 лістапада 1936 года, пасля выступлення работніцы-стаханаўкі мінскай фабрыкі «Кастрычнік» Дусі Кісялёвай прадстаўнікі беларускай дэлегацыі ўнеслі куфар з «Пісьмом…» у залу і падышлі з ім да прэзідыума, дзе сядзеў Сталін. Дуся дастала «Пісьмо…» з куфра, паказала яго прысутным, пасля чаго яго разам з куфрам перадалі ў прэзідыум.

Беларуская дэлегацыя перадае «Пісьмо…» ў прэзідыум VІІІ Усесаюзнага з’езда Саветаў. Фота з часопіса «Работніца і калгасніца Беларусі» (1936, № 23).

У Сталіна падарунак беларусаў не выклікаў вялікіх эмоцый. У той час ён атрымліваў падобныя «калектыўныя творы народаў СССР» ледзь не штотыднёва. Як і іншыя падарункі, «Пісьмо беларускага народа вялікаму Сталіну» перадалі ў Музей рэвалюцыі СССР (цяпер Музей сучаснай гісторыі Расіі), дзе яно захоўваецца да сённяшняга дня.

Двух аўтараў рэпрэсавалі

У Савецкай Беларусі «Пісьмо…» прапагандавалася як найвышэйшае дасягненне нацыянальнай літаратуры і мастацтва. Пасля першага выдання ў 1936 годзе кожны перадваенны год яго перавыдавалі вялікімі накладамі.

На замову беларускага партыйнага кіраўніцтва група расійскіх паэтаў у складзе Аляксандра Безыменскага, Міхаіла Галоднага, Міхаіла Ісакоўскага і Аляксея Суркова зрабіла пераклад «Пісьма…» на рускую мову.

Калектыў вядучых беларускіх кампазітараў у складзе Васіля Залатарова, Ісака Любана, Аляксея Туранкова, Мікалая Аладава, Яўгена Цікоцкага, Міхаіла Іванова і Самуіла Палонскага да свята 7 лістапада 1936 года напісаў кантату на словы «Пісьма…» — «для выканання сімфанічнымі аркестрамі, харамі, салістамі і на беларускіх інструментах».

Белдзяржкіно прысвяціла «Пісьму…» дакументальны фільм. З’явіліся грамафонныя запісы песень кампазітара С. Палонскага на асобныя фрагменты гэтага твора. Прыкметай палітпісьменнасці аўтараў стала выкарыстанне радкоў «Пісьма…» ў якасці цытат і эпіграфаў да артыкулаў. Нарэшце, твор уключылі ў школьную праграму.

Як і большасць твораў беларускай савецкай літаратуры, «Пісьмо беларускага народа вялікаму Сталіну» мае ўласную цэнзурную гісторыю.

Пасля арышту ў верасні 1937 года Ізі Харыка ягонае прозвішча знікла з пераліку аўтараў. Падобным чынам з калектыву аўтараў пасля арышту ў ліпені 1938 года знік Андрэй Александровіч. А пасля падпісання ў 1939 годзе пакта Молатава — Рыбентропа сталі непатрэбнымі радкі пра «фашыстаў-бандытаў», якія ў першай рэдакцыі павінны былі «касцямi палегчы на пагост».

Плакат з першай паласы святочнага нумара газеты «Звязда» за 11 ліпеня 1939 года.

 * * *

Фрагменты «вялікага твора»

Прамову тваю, правадыр наш, мы помнім
Пра ўзняты вялікі стаханаўскі рух,
Мы кожнае слова прачулі і сёння —
Адзін вырабляе, што некалі ўдвух.

Растуць нашы сілы за працаю плённай,
Не вырве ў нас вораг наш сталінскі руль,
І неба ў нас крэпасць сваёй абароны,
І ў небе ў нас ходзіць крылаты патруль.

Беларускі мужык чалавекам стаў звацца,
Ён пазбыўся навечна нядолі шнуроў.
Мы за год ад зямлі маем столькі багацця,
Колькі мелі раней за дзясяткі гадоў.

Ходзяць нашы каровы, авечкі гуртамі,
І штогод усё большы прырост маладых.
Коні сытыя горача б’юць капытамі,
Першы маршал нам скажа — мы сядзем на іх.

Мы поспехі нашы ў баях здабывалі,
Да радасці партыя нас прывяла,
Вучылі вялікія Ленін і Сталін,
А дружба народаў нам сілу дала.

Разбіць ланцугі і пазбыцца былога
Нам рускі рабочы, як брат, дапамог,
І наша краіна з братэрскай падмогай
Няспынна да новых ідзе перамог.

Яна ўпершыню расцвіла як дзяржава,
Ад шчырага сэрца ўдзячна табе,
Бо ты даў ёй гэта законнае права,
Бо ты ўзгадаваў і стварыў КПБ.

А гэтая партыя воляй адзінай
Здзяйсняла нязменна ўказы твае,
І наша балотна-лясная краіна
Сягоння ў чароўнай красе паўстае.

Праз тры рэвалюцыі, бітвы, паўстанні
Ты вёў разам з Леніным нашы рады…
Ты нашых садоў і палёў красаванне,
Ты наша вясна — дарагі правадыр.

Табе — наша радасць, любоў і адданасць,
Табе — пяе славу сусветная шыр.
Вядзі нас, любімы, табой мы з’яднаны,
Ты наша жыццё — дарагі правадыр!

Аляксандр Гужалоўскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930