Знайсці
21.05.2019 / 15:031РусŁacБел

Як выбіралі герб БССР

У п’янкой атмасферы беларусізацыі нацыянал-камуністы намагаліся прыдумаць беларускі па духу сімвал, але ім далі па руках. Піша кандыдат гістарычных навук Уладзімір Ляхоўскі.

 1924 годзе быў зацверджаны герб СССР. Пасля таго атрымалі права займець новую сімволіку і рэспублікі. Але яна абавязкова мусіла адлюстроўваць непарыўную сувязь з цэнтрам праз серп і молат, чырвоную зорку, пралетарскі лозунг.

Нацыянальныя матывы дапускаліся хіба ў выглядзе прыродных і гаспадарчых аб’ектаў. Тым не менш нацыянал-камуністы Закаўказзя дабіліся, каб на іхніх гербах з’явіліся важныя гістарычныя сімвалы. Арарат на гербе Арменіі прывёў да міжнароднага скандалу, паколькі гара знаходзіцца на турэцкай тэрыторыі. А на гербе Азербайджанскай ССР разам з зоркай красаваўся паўмесяц як сімвал прыналежнасці да ісламскага і цюркскага свету.

Першы герб БССР адрозніваўся ад расійскага толькі асцём на каласках.

Прыклад закаўказцаў натхняў беларусаў. Іх ранейшы герб 1919 года цалкам паўтараў расійскі, толькі пшанічныя каласкі ў нашым варыянце замянілі на жытнія.

Герб у стылі мадэрн

Летам 1924 года пачалася палітыка беларусізацыі, а конкурс на новы герб абвясцілі яшчэ ў лютым. І ўжо вясной журы, у якое ўваходзілі чыноўнікі, міністры і навукоўцы, вызначыла тройку найлепшых. Два з трох варыянтаў належалі мастаку Генадзю Змудзінскаму, 27-гадоваму ўраджэнцу Іркуцкай губерні.

Герб складаўся з традыцыйнага геральдычнага шчыта ў бел-чырвона-белых колерах. У верхняй частцы было размешчана прамяністае сонца ў беларускім народным стылі на чорным фоне, які сімвалізаваў беларускую глебу. Ніжэй — галінкі дуба і сцябліны лёну. У верхнім і ніжнім сегментах шчыта — два снапы жыта і два дубы.

Другі варыянт доўгі час лічыўся згубленым і выпадкова знайшоўся на выставе да 100-годдзя БССР ў Гістарычным музеі.

Усе агульнасавецкія атрыбуты: серп і молат, абрэвіятура СССР, традыцыйны пралетарскі лозунг на чатырох традыцыйных мовах Беларусі — размяшчаліся па-за межамі цэнтральнай кампазіцыі і ўспрымаліся як другасныя.

Рашэнне рэспубліканскага журы стала нечаканасцю для мясцовага бальшавіцкага кіраўніцтва і яўна разыходзілася з яго планамі. ЦК КП(б)Б прымусіў ануляваць вынікі конкурсу і схаваць ад грамадскасці ўсю інфармацыю. Пытанне новага герба завісла на паўтара года.

Толькі ў пачатку лістапада 1925-га ЦВК БССР прыняў пастанову: «Папярэдні праект не зацвярджаць. Даручыць Інстытуту беларускай культуры больш адказна паставіцца да гэтага пытання». Цяпер распрацаваць новы герб мусілі супрацоўнікі Інбелкульта, папярэдніка Акадэміі навук. Палітычная адказнасць клалася на Наркамат асветы.

Ганарар — 6 625 даляраў

На першую палову 1927 года было запланавана прыняцце новай Канстытуцыі БССР. Герб патрэбен быў тэрмінова. Памятаючы, чым скончыліся спробы 1924 года, урад адхіліў ад справы Інбелкульт і даручыў яе Наркамату асветы. Наркам Антон Баліцкі мусіў «у месячны тэрмін падаць на зацвярджэнне новы праект герба БССР». Настойліва рэкамендавалася, каб у конкурсе ўзялі ўдзел не толькі беларускія аўтары, але мастакі з усяго Саюза.

Стваральніку герба паабяцалі ганарар у 500 новых савецкіх рублёў (па сённяшнім курсе — 6 625 даляраў). І ўжо праз месяц Наркамат асветы меў на руках каля 100 праектаў. Працы на конкурс даслалі вядомыя беларускія і расійскія майстры: Міхаіл Філіповіч, Георгій Башкін, Ісаак Лейзераў, Міхаіл Эндэ… Плакатыст Павел Гуткоўскі заявіў аж 8 эскізаў. Але абсалютны рэкорд паставілі выкладчыкі і навучэнцы Віцебскага мастацкага тэхнікума: яны накіравалі ў Мінск 34 праекты.

Не абышлося без выкарыстання «адміністратыўнага рэсурсу». Выкладчык віцебскага тэхнікума Аляксандр Грубэ (аўтар першага ў Саюзе прыжыццёвага помніка Леніну ў Краснаполлі) падаў свае 4 праекты праз добрую знаёмую, Соф’ю Шамардзіну, якая затым перадала іх мужу — кіраўніку ўрада Язэпу Адамовічу.

Але перамог не Грубэ, а ягоны калега Валянцін Волкаў — будучы народны мастак БССР, найбольш вядомы па карціне «Мінск 3 ліпеня 1944 года».

Чырвоная стужка без белых аблямовак

Волкаўскі варыянт герба, хоць і нагадваў агульнасавецкі, не абышоўся без «нацдэмаўскіх матываў». Традыцыйная чырвоная стужка мела бел-чырвона-белы кант, а абрэвіятура БССР была выканана ў старажытнаславянскім стылі.

На пасяджэнні ўрада ў лістападзе 1926 года разгарэлася вострая дыскусія. Язэп Адамовіч не адважыўся прыняць канчатковае рашэнне і прапанаваў пакінуць тры варыянты. Апошняе слова было за ЦК КП(б)Б. Апошні, здавалася, варыянт зацвердзілі 30 сакавіка 1927 года.

Але быў не канец: 6 красавіка мясцовае бальшавіцкае кіраўніцтва ўнесла праўкі, якія паставілі крыж на самабытным гербе. «Стыль літараў у абрэвіятуры БССР змяніць на больш просты; знішчыць элементы старажытнаславянскай альфабэты». 11 красавіка 1927 года быў зацверджаны новы герб, максімальна пазбаўлены нацыянальнай адметнасці. Са зменамі ён пратрымаўся да 19 верасня 1991 года і быў вернуты ў 1995-м.

Вырашылі замяніць «савет» на «раду»: за што знялі Чарвякова

У 1924 годзе на кароткі час афіцыйная назва Савецкай Беларусі была зменена на «Беларускую Радавую Сацыялістычную Рэспубліку». Слова «савет» замянялася словам «рада». Адпаведна змянілася абрэвіятура на старым гербе і сцягу: «Б.Р.С.Р.» замест «Б.С.С.Р.». Моўная «мікрарэформа» пацягнула за сабой аператыўную замену службовых пасведчанняў. Новыя пасведчанні работнікаў органаў улады былі выкананыя па эскізах Генадзя Змудзінскага.

Кіраўніцтва партыі прыйшло ў шал. Для рускамоўнай партыйнай вярхушкі словы «рада», «радавы» асацыяваліся з дзейнасцю Беларускай Народнай Рэспублікі. І ніякія аргументы мовазнаўцаў пра неабходнасць ачышчэння беларускай мовы ад штучных русізмаў не падзейнічалі. Тое, што было натуральным для «радянської» Украіны, у БССР інтэрпрэтавалася як контррэвалюцыйны акт. Да пачатку 1925 года «саветы» вярнулі ў мову і на пячаткі.

Ішоў 1924 год, а не 1937-ы, нікога не расстралялі. Але Аляксандр Чарвякоў быў зняты з пасады старшыні ўрада. За ім засталося, праўда, крэсла «ўсебеларускага старасты» (старшыні ЦВК БССР), аднак палітычная вага была куды меншай. Кіраўніком урада — Савета народных камісараў — быў прызначаны былы наркам па вайсковых справах Язэп Адамовіч, «чалавек надзейны, але тупы», як ахарактарызаваў яго дарадца Сталіна Станіслаў Пясткоўскі. Кіраўнік Сакратарыята ЦВК БССР Алесь Сташэўскі таксама на пасадзе не ўтрымаўся: у ліпені 1924-га ён быў пераведзены на працу ў Полацк. Старшыня Інбелкульта, былы беларускі эсэр Сцяпан Некрашэвіч атрымаў вымову, а былому сябру кампартыі Генадзю Змудзінскаму (выключаны ў 1921 годзе) больш праектаў і эскізаў, звязаных з афіцыйнай сімволікай, ніколі не замаўлялі.

Цікава, што пацярпелыя ўваходзілі ў склад журы па выбары герба, менавіта яны ў 1924-м і выбралі праект Змудзінскага.

 ***

1937 год. Скарэктаваны дэвіз: «Пролетарыі ўсіх краін, еднайцеся!» (бальшавікі пабачылі шкодніцтва ў спалучэнні літар «яд» у пачатку слова).

1938 год. З герба знятыя надпісы па-польску і на ідыш. Дубовая галінка заменена жытнімі каласамі. Зменена канфігурацыя сонечных променяў.

1949 год. Каробачкі лёну замененыя на кветкі (мастак Іван Дубасаў).

1958 год. Паводле новых правіл арфаграфіі, пралетарскі дэвіз па-беларуску стаў пісацца як «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!».

1981 год. Падкарэктаваны малюнак кветак лёну і сонечных променяў. Срэбны колер сярпа і молата стаў залатым.

***

Мастак Валянцін Волкаў (1881—1964) — рускі, нарадзіўся ў горадзе Ялец Арлоўскай губерні. І дзед, і бацька былі прафесійнымі мастакамі, а пасля імі сталі ягоныя сын і ўнук. У 1919 годзе Волкаў пераехаў у Віцебск, у 1929-м — у Мінск. З таго часу ягонае жыццё было звязана з Беларуссю. Самастойна авалодаў беларускай мовай, быў у добрых адносінах з нацыянал-камуністамі Язэпам Адамовічам, Язэпам Дылам, Аляксандрам Чарвяковым, Змітром Жылуновічам, Усеваладам Ігнатоўскім.

Не ўсе акалічнасці біяграфіі Волкава высветленыя. Так, падчас Другой сусветнай вайны ён заставаўся ў акупаваным Мінску, кантактаваў з Беларускім навуковым таварыствам. Тым не менш у пасляваенныя гады мастак не быў рэпрэсаваны, больш за тое — выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы і Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. А ў 1955 годзе яму было нададзена ганаровае званне Народнага мастака БССР.

Уладзімір Ляхоўскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930