Знайсці
27.03.2019 / 13:1911РусŁacБел

«Нацыя кампрамісаў? Гэты выраз смярдзіць крывёй»: пра што гаварылі Бахарэвіч і Марціновіч

Нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч асцярожна крытыкавалі, што ў свой інтэлектуальны клуб яна шмат запрашае гасцей з Расіі, а вось беларусаў ігнаруе. Пісьменніца прыслухалася да гэтых парадаў. І першымі гасцямі новага сезона сустрэч сталі вядомыя пісьменнікі — Віктар Марціновіч і Альгерд Бахарэвіч.

Віктар Марціновіч, Святлана Калінкіна, Альгерд Бахарэвіч і Святлана Алексіевіч.

Дыскусія адбывалася ў будынку пасольства Літвы. Спачатку прапускалі ўсіх выключна па спісах, калі пабачылі, што ў час не паспеюць пусціць усіх, то прапускалі проста, калі ў чалавека быў пашпарт.

Здавалася б, сустрэліся два вельмі розныя аўтары. Прыхільнікі Бахарэвіча нярэдка кпяць з Марціновіча праз «нізкі ўзровень яго твораў». Прыхільнікі Марціновіча могуць адказаць на гэта пра наклады і любоў чытача. Можна было б чакаць, што дыскусія будзе вострай і бескампраміснай. На жаль, не. Усё было пяшчотна. Хаця сама лаўрэатка прадставіла Віктара і Альгерда як «дуэлянтаў». Яна чакала «жорсткай і сапраўднай размовы».

Тэмай гутаркі Святлана Алексіевіч на пачатку абвясціла «кампраміс»: ці павінны творцы, людзі, якія не згодныя з сённяшнім станам у краіне, ісці на кампрамісы?

«Калісьці я прачытала артыкул Марціновіча аб кампрамісах. Што гэты час надоўга і трэба шукаць нейкія формы кампрамісаў, каб нешта рабіць.

Я ўспомніла свой дыялог з Пазняком гадоў 15 таму, што ў гэтую краіну не трэба ўвозіць ніводнай таблеткі, нягледзячы, што дзеці хварэюць, бо так хутчэй падзе дыктатура. У мяне іншае меркаванне, калі выратуюць аднаго-двух дзяцей, то гэта важней.

Я бачу, як абліваюць брудам Чулпан Хаматаву, якая вымушана быць у кантакце з уладай. Я чалавек барыкаднай культуры, я не здольная пайсці на кампраміс. Яўна, што гэты змрок, які ў нас сёння, надоўга. Дыктатура робіць нас бяссільнымі, мы няшмат можам. Мне хацелася б падняць гуманітарную праблему. Будуць новыя часы, ніводзін дыктатар час не спыніў. І да гэтага часу трэба захаваць сябе, маладых людзей, пласт грамадства, які б супраціўляўся», — сказала ў сваім уступным слове Святлана Алексіевіч.

Віктар Марціновіч кажа, што кампраміс магчымы толькі ў сітуацыі, калі ёсць роўныя бакі, што супрацьстаяць адно аднаму. «З нашага боку ёсць думкі і мастацкія вобразы, з іншага — сіла ўлады з яе рэпрэсіўным апаратам, вертыкаллю. Гэта не сітуацыя кампрамісу, а нядаўна абвешчанай вайны», — адзначыў Марціновіч.

Альгерд Бахарэвіч пачаў з цытаты Гётэ: «Здаровыя кампрамісы пераўтвараюць канфлікты ў хранічныя хваробы». «У кампрамісах ёсць заўжды нядобрае. Кампрамісы ні да чаго добрага не вядуць. Я чалавек 90-х. Неяк мы паціху забыліся пра разгон Вярхоўнага Савета і іншыя ганебныя рэчы. Кампраміс — гэта дараванне таго, што было. Мы нібыта згодныя заплюшчыць вочы ў абмен на нейкія падачкі. Гэта ўлада пашлякоў. Якія кампрамісы могуць быць з пашлякамі? Кампрамісы магчымыя толькі, калі іншых шляхоў няма, калі ёсць вузкая сцяжына, калі ты можаш застацца сабой, то ніякіх кампрамісаў быць не можа».

Што рабіць простым людзям: ісці на кампрамісы ці не? Альгерд Бахарэвіч прапанаваў жыць паводле хрысціянскіх каштоўнасцяў. «Мяне пяць разоў запрашалі на дзяржаўнае тэлебачанне, я ні разу не пайшоў. Мне было б брыдка», — казаў Бахарэвіч.

Вядучая вечара Святлана Калінкіна адрэагавала, што хадзіла на тэлебачанне і казала, што думала, у выніку студыю пакідала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, а Аляксандру Лукашэнку яна сказала, што ён хлусіць.

«У мяне бацька праваслаўны, а маці была каталічкай. Я адчуваў гэтую мяжу. У Глуску пяклі тоўстыя бліны, а ў Ашмянах — тоненькія. Мы можам разумець і рускіх, і еўрапейцаў», — адзначыў Марціновіч.

«Сам выраз «нацыя кампрамісаў» смярдзіць крывёй. За гэтымі словамі стаіць не толькі талерантнасць, але і паслухмянасць, рабская псіхалогія, комплекс ахвяры. Усё гэта міфы і штучныя канструкцыі. Паглядзіце, як у Беларусі ставяцца да ўцекачоў з Чачні, да геяў і лесбіянак», — адгукнуўся Бахарэвіч.

На ягоную думку, аб’яднаць беларусаў магла б хіба ідэя Еўропы. Альгерд лічыць, што месца Беларусі не на памежжы, а толькі ў сям’і еўрапейскіх народаў.

«З беларусамі лёгка размаўляць у турмах. Беларусы, як інтраверты, у турмах як дома, яны маюць там сваю невялікую жыццёвую прастору. Расейцам ці ўкраінцам, людзям шырокай душы, цяжэй сядзець у турмах, яны там пакутуюць. У беларусаў змаганне за свабоду цяжкае, бо яны прасцей пачуваюць сябе ва ўмовах абмежавання свабоды. Але я б не стаў на гэтым будаваць нацыянальную ідэю», — уклініўся ў дыскусію былы палітвязень Павел Севярынец.

Журналіст Віталь Цыганкоў спытаў, чаму і Марціновіч, і Бахарэвіч пазбягаюць палітыкі, калі Быкаў, Барадулін, тая ж Алексіевіч ніколі не цураюцца палітыкі. «Чаго вы баіцеся?» — спытаў Цыганкоў.

«Я не імкнуся чымсьці кіраваць, хіба што сваёй коткай. Магчыма, я вузка ўспрымаю палітыку». «Абсалютна няправільна казаць, што мы пазбягаем палітыкі. Літаратура сама па сабе ёсць палітычным заняткам.

«Я б не стаў удзельнічаць у круглым стале з уладамі. І паспрабаваў бы адгаварыць сваіх сяброў-інтэлектуалаў у ім удзельнічаць», — пазіцыя Бахарэвіча.

На жаль, сапраўднай вострай дыскусіі так і не атрымалася. Пісьменнікі шмат у чым пагаджаліся адзін з адным, не спрачаліся. Таму некаторым гледачам відавочна станавілася сумна. Яшчэ да сканчэння клуба шмат хто сышоў з залы.

Наступнай сустрэчай Алексіевіч анансуе спатканне з вядомым айцішнікам Віктарам Пракапенем.

Ганна Севярынец. Развагі пасля інтэлектуальнага клуба

Пасяджэнне Клуба Святланы Алексіевіч абяцала быць вострым: сустрэліся два антыподы АНЛАЙН

Зміцер Панкавец, фота Волі Афіцэравай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера