Знайсці
15.02.2020 / 22:028РусŁacБел

«1683». Адзін з самых старых у Беларусі помнікаў захаваўся ў вёсцы пад Ляхавічамі

На заходнім ускрайку вёскі Патапавічы, пры старым гасцінцы, што злучае Ляхавічы і Клецк, стаіць з дзясятак шэрых, па-майстэрску апрацаваных камянёў розных формаў. Калі прыглядзецца, можна пабачыць на іх крыжы ў лацінскай і грэчаскай традыцыі, а таксама надпісы «IHS» (варыянт запісу імя Ісуса Хрыста) і «MARIA». Загадку помніка разгадаў гісторык, кандыдат гістарычных навук Павел Булаты.

Камяні ў вёсцы Патапавічы на гістарычнай Наваградчыне (цяпер Ляхавіцкі раён).

Калі распытаць мясцовых пра гэтыя камяні, топавай будзе легенда, што калісьці там рос вялікі лес і адной цёмнай зімовай ноччу, пры моцнай завеі, праз яго ішлі манахіні. На іх напалі ваўкі і з’елі, а камяні — памяць пра іх.

Яшчэ можна пачуць аповед, што камяні паставілі ўдовы па сваіх мужах, якія пайшлі на вайну і не вярнуліся. Таксама кажуць, што гэта «шведская магіла». Цікавая праява народнай памяці! Шведскія войскі сапраўды стаялі тут у 1706 годзе падчас Вялікай Паўночнай вайны і адзначыліся жорсткім рабаўніцтвам. Але ўсё ж гэта фальклор.

Хоць у гістарычных дакументах пакуль не выяўлена звестак пра паходжанне помнікаў, ёсць адна нітачка. Гэта дата, выбітая на трох камянях: 1683.

У той год у Наваградскім павеце і Вялікім Княстве Літоўскім нічога векапомнага не адбывалася: працаваў сойм, суды выносілі рашэнні, краіна крок за крокам аднаўлялася ад цяжкай вайны з Расіяй… А вось у гісторыі Еўропы год 1683-і адзначаны эпахальнай падзеяй. 12 верасня 1683 года пад Венай адбылася вырашальная бітва паміж аб’яднанымі войскамі Святой Рымскай імперыі і Рэчы Паспалітай на чале з каралём польскім і вялікім князем літоўскім Янам III Сабескім і войскам Асманскай імперыі пад камандаваннем візіра Кара Мустафы.

Асманская імперыя на працягу стагоддзяў заваёўвала і падпарадкоўвала ўсё новыя і новыя землі. Туркі ўжо заваявалі паўднёва-ўсходнюю Еўропу, балканскія і румынскія княствы, зламалі супраціўленне Венецыі і захапілі Крыт, заваявалі частку Венгрыі, захапілі ў Рэчы Паспалітай Падолле (паўднёвы захад Украіны) з горадам Камянец-Падольскі.

У 1682 годзе на землях сучаснай Славакіі выбухнула паўстанне супраць імператараў Габсбургаў. Туркі скарысталі момант і рушылі на Вену. Ян Сабескі рушыў на дапамогу саюзнікам.

Вырашальная бітва пачалася 12 верасня 1683 года. А 4-й гадзіне раніцы туркі пайшлі ў наступ, але сустрэлі моцны супраціў аўстрыйцаў і немцаў. 12 гадзін шалі перамогі схіляліся то на адзін, то на другі бок… Усё вырашылася а 17-й, калі падзеленая на чатыры часткі кавалерыя ў 20 тысяч шабляў пад асабістым камандаваннем Яна Сабескага спусцілася з пагоркаў і разбіла шэрагі туркаў. У той жа момант гарнізон Вены рынуўся ў атаку. Еўрапейскія войскі пачалі рух на ўсход. З Венскай бітвы распачаўся заняпад турэцкай магутнасці.

Харугвы з паветаў Вялікага Княства Літоўскага ў самой Венскай бітве ўдзелу не бралі: яны ахоўвалі подступы да горада. Але ў Дунайскай кампаніі войскі з княства ўдзельнічалі і страцілі ў паходзе па гарах Венгрыі блізу 1 000 ваяроў… Толькі што звязвае падзеі гераічнай Венскай бітвы і камяні ў вёсцы Патапавічы?

За адказам выпраўляемся ў 1783 год. Адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай… У дзяржаве праводзіліся рэформы… Патрэбна было вялікае свята, якое б умацавала патрыятычны дух народа. І тут падаспела дата — 100-годдзе перамогі пад Венай, слаўнай перамогі сармацкай зброі, вялікай дзяржавы на чале са слаўным каралём-ваяром.

Такой нагодай грэх было не скарыстацца. І вось па загадзе караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага адбываюцца святкаванні, на якія было выдаткавана больш як 100 тысяч злотых.

Камяні ў Патапавічах з вялікай верагоднасцю з’явіліся якраз у той самы час. Віленскі каталіцкі біскуп Ігнацы Якуб Масальскі валодаў Ляхавіцкім графствам, на землях якога знаходзілася вёска. Ці мог біскуп зладзіць мемарыял у сваім маёнтку? Лёгка! Трэба меркаваць, што і ўрачыстасці ў верасні 1783 года ў маёнтку таксама адбываліся. І месца ўстаноўкі камянёў не выпадковае: якраз пры дарозе, якая вядзе з Ляхавічаў у загарадную рэзідэнцыю каталіцкіх саноўнікаў.

Ігнацы Якуб Масальскі — асоба досыць незвычайная. Ён праводзіў рэформы, выступаў за вызваленне сялян ад прыгону і падтрымліваў ідэю ўсеагульнай адукацыі. Заклікаў святароў служыць на роднай мове парафіян. У 1790-я быў прыхільнікам Расіі, не падтрымаў Канстытуцыю 3 мая і паўстанне 1794 года і па асабістым загадзе Касцюшкі быў павешаны ў Варшаве. Праз год яго прах быў перавезены ў віленскі Кафедральны сабор. Карціна Францішка Смуглевіча.

З тых часоў мінулі стагоддзі. Народу пра Венскую перамогу перасталі нагадваць, вось людзі яе і забылі… Толькі Патапавіцкія камяні пад замшэлым крыжам стаяць пры дарозе маўклівымі сведкамі мінулага.

Павел Булаты

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031