Знайсці
12.02.2020 / 21:2222РусŁacБел

Як Рэч Паспалітая стала рэфармавацца, калі было ўжо запозна

Пра Станіслава Аўгуста Панятоўскага і яго каманду піша магістр гісторыі з Гродна Дзмітрый Станкевіч.

Панятоўскі на чале войска. ХІХ стагоддзе. Аўтар невядомы.

Першы падзел Рэчы Паспалітай быў шокам. Падзялілі — і нават піскнуць не паспелі. Стала ясна, што сітуацыя з дзяржавай — крытычная.

У краіне хаос, а манархі суседніх дзяржаў маюць большы ўплыў, чым уласны кароль.

Найперш трэба было ўпарадкаваць дзяржаўнае кіраванне. Права вета, калі любы пасол сойма мог накласці забарону на любы закон, прывёў да катастрофы. За першую палову XVIII стагоддзя не было прынята аніводнага істотнага закона. Дзяржаўная казна пусцела. Дзяржава мусіла павялічваць падаткі, якія клаліся на плечы мяшчан і сялян.

Спадзяванне на сябра

Шляхта меркавала, што кіруе краінай яна. Але кароль бачыў, што рэальная ўлада належыць некалькім магнацкім групоўкам: Чартарыйскім, Радзівілам, Браніцкім, Сапегам. Папярэднія каралі з саксонскай дынастыі (Аўгуст II Моцны і Аўгуст III) клапаціліся толькі, як выцягнуць больш рэсурсаў з гэтай чужой краіны, сядзелі ў Дрэздэне, а кіравалі тым часам магнаты.

Панятоўскі стаў думаць, што можа змяніць. Да партыі сваіх сваякоў — «Фаміліі» — ён ставіўся з недаверам: ёю кіравалі Чартарыйскія, якія мелі ўласныя палітычныя амбіцыі. Пачаўшы шукаць іншую апору, Станіслаў Аўгуст знайшоў яе ў асобе маладога падскарбія Антонія Тызенгаўза, не проста адукаванага чалавека, але і свайго найлепшага сябра. На аснове гэтага сяброўства і ўзнікла ў Вялікім Княстве пракаралеўская партыя. Дзякуючы Тызенгаўзу каралеўская адміністрацыя змагла рэалізаваць многія праекты, у тым ліку адукацыйныя.

Андрэй Вашкевіч у артыкуле «Апошні план паратунку Рэчы Паспалітай: чаму ўсё пайшло не так» («Наша гісторыя» №1 за 2018 год) раскрыў эканамічна-сацыяльны бок рэформаў Антонія Тызенгаўза. Гродзенскі стараста адразу падпарадкаваў сабе мясцовую ўладу — павятовыя соймікі. Ён раздаваў пасады блізкім, а многія соймікі папераносіў у свае рэзідэнцыі — Гродна і Паставы. Яму ўдалося атрымаць падтрымку 19 з 22 соймікаў, не скарыліся толькі Слонім, Ліда і Коўна. Дзякуючы Тызенгаўзу каралеўская партыя здолела кантраляваць усю тэрыторыю ВКЛ.

Супраць такіх метадаў склалася апазіцыя. Не раз каралю прысылалі на Тызенгаўза скаргі. Урэшце і сам Панятоўскі засумняваўся ў правільнасці курсу колішняга фаварыта. І не столькі з-за эканамічных правалаў, колькі з-за іміджавых страт. Аўтарытарныя метады маглі падарваць давер да каралеўскай улады, таму, прыкрываючыся праваламі ў эканамічнай палітыцы, кароль у 1780-м адлучыў былога сябра ад дзяржаўнага апарату.

Сучаснікі не заўсёды былі задаволеныя Антоніем Тызенгаўзам, але цяперашнія гарадзенцы дзякуюць яму за архітэктурную спадчыну, што ўпрыгожвае Гродна.

Іншая лінія: Храптовіч

Іншым надзейным чалавекам, які ўвасабляў каралеўскую палітыку ў ВКЛ, быў Іаахім Храптовіч. Пасля 15 гадоў хатняй адукацыі ён яшчэ 7 адвучыўся ў Рэчы Паспалітай (Нясвіжскі калегіум, Віленская акадэмія) і за мяжой. У выніку стаў чалавекам энцыклапедычных ведаў.

Іаахім Храптовіч, найбліжэйшы паплечнік караля. На яго сядзібе меўся надпіс «Мір і свабода». Мастак Іосіф Грасі. 1795 год.

Да 1780-х Храптовіч ужо паказаў сябе як дасведчаны палітык. У 1764 годзе, падтрымаўшы кандыдатуру Панятоўскага, ён атрымаў пасаду сакратара Вялікага Княства Літоўскага. Калі Барская канфедэрацыя выступіла супраць умяшання Расіі ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай, сам магнат трымаў нейтралітэт. Але як сакратар ён не дазваляў паслам адкрыта прасіць дапамогі ў еўрапейскіх краін. Улады імкнуліся не дапусціць іншыя дзяржавы да канфлікту: выступленне канфедэрацыі магло ператварыцца ў чужую вайну.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай кароль прызначыў Храптовіча падканцлерам, а ў 1793-м — канцлерам. Натхнёны ідэямі Асветніцтва, той стварыў дзяржаўную сістэму асветы і першае ў Еўропе міністэрства адукацыі — Адукацыйную камісію. Таксама павялічыў колькасць школ розных узроўняў і надаў навучанню свецкі характар.

За агульнадзяржаўнымі справамі Храптовіч не забываўся пра малую радзіму і адначасова з палітычнай дзейнасцю займаўся мадэрнізацыяй свайго маёнтка ў Шчорсах на Наваградчыне, стварыўшы ўзор панскай капіталістычнай гаспадаркі па прынцыпе «добра працуе той, хто зацікаўлены ў выніку». Можна сказаць, што са сваіх маёнткаў ён зрабіў прыбытковае прадпрыемства: сыры, піва, хлеб — усё гэта ішло на экспарт. На будынку сядзібы Храптовічаў нават красаваўся надпіс «Мір і свабода». Гэта быў прынцып тых, хто імкнуўся зрабіць жыццё іншых лепшым.

Паляўнічая дыпламатыя

Сярод дыпламатычных заслуг Храптовіча — поспех сойма 1784 года. Гэта быў першы сойм Панятоўскага, які праводзілі ў Вялікім Княстве Літоўскім, у Гродне (кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай павінен быў праводзіцца менавіта тут).

Кароль надаваў гэтаму сойму вялікае значэнне, а таму нават паездка на яго была нестандартная. Па дарозе Станіслаў Аўгуст наведаў магнацкія рэзідэнцыі Сапегаў у Ружанах, Агінскіх у Слоніме. Але найбольш важным пунктам быў радзівілаўскі Нясвіж, дзе кароль прабыў 6 дзён. Пісьменнік Юзаф Ігнацы Крашэўскі прысвяціў гэтай сустрэчы цэлую кнігу.

У Нясвіжы Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку зладзіў для караля вялікі баль. Гісторык Адам Нарушэвіч, які вёў дзённік падарожжа Панятоўскага на сойм, адзначае, што караля найбольш уразіла Радзівілава багацце і спектакль «Узяцце Гібралтара» з сапраўдным войскам і сапраўднымі баявымі дзеяннямі. Сюжэт апавядае пра аперацыю англійска-галандскага флоту па захопе іспанскай крэпасці Гібралтар у 1704 годзе.

І для «літоўскага каралька» Радзівіла, і для караля Панятоўскага гэтая сустрэча была вельмі важнай. Пасля яе варожыя дагэтуль бакі збольшага памірыліся. Пане Каханку, праўда, так і не стаў прыхільнікам караля, але, спрыяючы апазіцыі, ён не падтрымліваў ідэю сілавога ўмяшання ў працу Вялікага сойма 1788—1792 гадоў.

А сойм 1784 года паказаў, што большасць дэлегатаў ставіцца да караля прыхільна. Магчыма, на гэта дадаткова паўплывала паляванне ў Белавежы, куды манарх запрасіў амаль усіх дэлегатаў. Каралеўскае паляванне ў той час — справа фешэнебельная, і арганізаваць такое мерапрыемства каштавала вялікіх грошай, мільёны злотых пайшлі з казны. Але затое потым ніводзін ягоны ўдзельнік не выказваўся кепска пра караля і яго палітыку, а некалькі чалавек перад выступленнем нават выказалі падзяку! Гэты сойм узмацніў статус караля і стаў пунктам адліку для наступных рэформ.

Спроба пасябраваць з апазіцыяй

Для Станіслава Аўгуста было важна прыцягнуць не толькі прыхільнікаў, але і апазіцыю. Прыклад — Казімір Несцер Сапега.

Маці Альжбета і дзядзька Францішак Ксаверый Браніцкі выхоўвалі ў ім непрыняцце каралеўскай палітыкі (і такое выхаванне можна назваць тыпова магнацкім). Найперш з яго гадавалі вайскоўца, а гэта 5 гадоў у Рыцарскай школе ў Варшаве, падобнай да сённяшняга Сувораўскага вучылішча. У першай палове 1770-х ён падарожнічаў па Парыжы і вывучаў вайсковую справу, філасофію і права.

Казімір Несцер Сапега прытрымліваўся старых поглядаў, хадзіў на соймы ў жупане, не прымаючы новыя тэндэнцыі еўрапейскай моды.

Палітычная дзейнасць Казіміра Сапегі — паказальнік яго цвёрдай грамадзянскай пазіцыі, прывітай з дзяцінства. Ужо з 1784 года Сапега ўзначальваў апазіцыйны блок. Ён прытрымліваўся старых сармацкіх поглядаў, хадзіў на пасяджэнні ў традыцыйнай шляхецкай вопратцы — жупане, не прымаючы новыя тэндэнцыі еўрапейскай моды.

Ён адстойваў самастойнасць ВКЛ: напрыклад, на сойме 1778 года выступаў за захаванне асобнага войска. Яго амбіцыйнасць і ўменне трымацца на публіцы выклікалі давер. На Вялікім сойме 1788—1792 гадоў Сапега стаў маршалкам канфедэрацыі ВКЛ — прадстаўляў інтарэсы ўсяго Вялікага Княства. І вельмі актыўна: прасіў слова 760 разоў.

Але кароль Рэчы Паспалітай працаваў і з такімі. У 1790-я Панятоўскі падорыць маладому палітыку Брэсцкае староства і атрымае падтрымку самага аўтарытэтнага прадстаўніка велікакняскай шляхты. У выніку актыўны прыхільнік самастойнасці ВКЛ таксама падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791 года, якая аб’ядноўвала Карону і Княства.

І ўсё адно не збераглі

Паміж першым і другім падзеламі Рэч Паспалітая здолела стаць на шлях рэформ. Такія рэформы маглі аб’яднаць краіну і нейтралізаваць уплыў знешніх сіл.

Але неабходнасць змен разумелі адзінкі — маладыя магнаты ды шляхта, выхаваныя ў духу асветніцкіх тэндэнцый. Старыя шляхціцы баяліся страціць свае палітычныя правы, але ўрэшце страцілі іх разам з дзяржавай.

Дзмітрый Станкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031