Знайсці
27.05.2020 / 21:2721РусŁacБел

Як дзяліць спадчыну Русі? І ці трэба?

Пра спадчыну Старажытнай Русі з пункту гледжання беларусаў разважае кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Насевіч.

Каля старога крыжа ў Тураве. Фота shutterstock.com, by Мakalex69.

Старажытнаруская дзяржава

Варта зразу адзначыць, што ў тагачаснай мове не існавала слова «дзяржава» ў тым сэнсе, як мы ўжываем яго цяпер. Калі трэба было пазначыць тэрыторыю, падпарадкаваную агульнай палітычнай уладзе і знітаваную адзіным заканадаўствам, ужывалі паняцце «зямля». Таму калі людзі гаварылі ці пісалі «Руская зямля», то мелі на ўвазе менавіта дзяржаву.

Факт яе існавання ў той час сумненняў не выклікаў. Нават калі ў кожнай частцы гэтай дзяржавы з’явілася свая ўлада і стала магчымым казаць пра асобныя Наўгародскую ці Полацкую землі, яны ўсё адно заставаліся часткамі Рускай зямлі. І для іншых краін, што суседзілі і ваявалі з гэтымі землямі, яны былі Руссю.

Мноства прыкладаў таму можна знайсці ў летапісах і замежных хроніках, у зборы заканадаўства, які паўсюдна называўся «Руская праўда», у літаратурных творах. Самы яскравы ўрывак дайшоў да нас з той пары, калі гэтая дзяржава ляжала ўжо ў папялішчах, разбураная татарскім нашэсцем. Называўся гэты твор — «Слова пра пагібель Рускай зямлі». Не Чарнігаўскай і не Кіеўскай, а менавіта Рускай: «ад вугор і да ляхаў, да чэхаў, ад чэхаў да ятвязі і ад ятвязі да літвы, да немцаў, ад немцаў да карэлы, ад карэлы да Усцюга, дзе там ёсць тоймічы паганыя, і за Дышачым морам; ад мора да балгар, ад балгар да буртасаў, ад буртасаў да чарамісаў, ад чарамісаў да мардвы».

І нават калі той дзяржавы не стала, нашчадкі яе яшчэ некалькі стагоддзяў называлі сябе рускімі, а суседзі звалі іх русінамі, рутэнамі ці ўрусамі. Так зваліся насельнікі Закарпацця ў складзе Венгерскага каралеўства, Галіччыны ў складзе Польшчы, так называлі палонных з нашых земляў на нявольніцкіх рынках Крымскага ханства.

У Ардзе і Літве

Асноўная ж тэрыторыя Рускай зямлі ў XIV стагоддзі аказалася падзеленай паміж дзвюма новымі дзяржавамі, якія коратка называліся Ардой і Літвой. Былі ў іх і больш доўгія афіцыйныя назвы. Арду яе заснавальнікі называлі «Улус Джучы», пазней «Улуг Улус» («Вялікая дзяржава»). Татарскія ханы захавалі ў якасці сваіх васалаў мясцовую дынастыю Рурыкавічаў і нават марыянеткавую пасаду вялікага князя ўладзімірскага. Гэта дало магчымасць рускім ставіцца да Арды як да чагосьці знешняга: маўляў, ёсць Арда, а ёсць побач з ёй Русь. Але ў палітычным сэнсе ўваходжанне Русі ў склад Арды сумненняў не выклікае.

Літва ж афіцыйна называлася спачатку Вялікім Княствам Літоўскім і Рускім, а з XV стагоддзя — «Вялікім Княствам Літоўскім, Рускім, Жамойцкім і іншых». Цяпер гісторыкі скарочана пішуць ВКЛ. Становішча рускіх княстваў у яе складзе было не такім, як у Ардзе. Імі кіравалі літоўскія князі, родзічы вялікага князя. І іх улада не абапіралася толькі на ваенную сілу.

Такая сітуацыя адпавядала і інтарэсам рускага насельніцтва. Альтэрнатывай было б падпарадкаванне Ардзе з яе больш жорсткім падатковым гнётам і пастаяннай пагрозай карных нашэсцяў. Літоўскія ж князі, лічачы нованабытыя землі сваімі вотчынамі, кіравалі імі больш ашчадна. Іх нашчадкі праз адно-два пакаленні русіфікаваліся і часам нават адстойвалі мясцовыя інтарэсы насуперак агульнадзяржаўным.

Іншымі словамі, стан Русі ў складзе ВКЛ ствараў падставы для паступовай інтэграцыі з карэннымі літоўскімі землямі. А стан Русі ў складзе Арды, наадварот, пакідаў надзею на аднаўленне палітычнай незалежнасці. Гэтая надзея была рэалізавана на працягу стагоддзя — ад Кулікоўскай бітвы 1380 года да канчатковага спынення выплаты даніны ў 1480-м. З часу пазбаўлення ад ардынскай залежнасці можна казаць пра існаванне новай дзяржавы — Вялікага Княства Маскоўскага.

У гэты перыяд змест паняцця «зямля» змяніўся. Яго сталі ўжываць для вызначэння рэгіёнаў, правінцый, таму і згадваліся «рускія землі» ў множным ліку. Саму дзяржаву ў ВКЛ вызначалі словам «гаспадарства», у Маскве — «государство», у Польшчы — «паньство».

Барацьба за спадчыну: сілавая і ідэйная

Тут і настаў час для падзелу гістарычнай спадчыны Русі паміж гэтымі трыма дзяржавамі. Акалічнасці барацьбы за рускую спадчыну сучаснаму чытачу зразумець складана. Узяць хаця б выпадкі, калі рускае (маскоўскае) войска было пабіта рускім (з ВКЛ) князем (кшталту Канстанціна Астрожскага) ці рускім ваяводам (кіраўніком Рускага ваяводства ў складзе Польшчы, з цэнтрам у Львове), якога, у сваю чаргу, білі рускія (украінскія) казакі.

Ваеннае супрацьстаянне ў выніку скончылася на карысць Маскоўскай дзяржавы, якая на той момант ператварылася ўжо ў Расійскую імперыю. Да 1795 года амаль уся тэрыторыя колішняй Рускай зямлі апынулася пад яе ўладай. Але барацьба за спадчыну Русі на гэтым не скончылася — яна працягвалася ў форме ідэйнай спрэчкі.

На той час у Расійскай імперыі ўжо існавала моцная навуковая супольнасць. Прадстаўнікі яе распрацавалі канцэпцыю, паводле якой імперыя была натуральным працягам Вялікага Княства Маскоўскага, а тое, у сваю чаргу, — адзіным спадкаемцам Рускай зямлі, якую пачалі называць Старажытнарускай дзяржавай. Прызнавалася існаванне адзінага рускага народа, а ўсе мясцовыя асаблівасці лічыліся другаснымі і падлягалі асіміляцыі.

Насуперак расійскай імперскай ідэалогіі паўстала ідэалогія польскага нацыяналізму, прыхільнікі якой імкнуліся да аднаўлення дзяржаўнасці Рэчы Паспалітай. Рускае (як, дарэчы, і літоўскае) насельніцтва гэтай адноўленай дзяржавы таксама павінна было страціць свае этнічныя адметнасці, засвоіўшы пры гэтым польскую мову і ўліўшыся ў склад польскай нацыі.

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя, калі ідэі нацыяналізму і нацыянальнай дзяржаўнасці апанавалі грамадскую думку па ўсёй Еўропе, адукаваныя выхадцы з Украіны і Беларусі пачалі прымяраць іх да сваёй сітуацыі. Для іх аднолькава непрымальнымі выглядалі як расійскі, так і польскі нацыянальныя праекты. Больш прывабнай падалася адбудова ўласных нацый.

Беларускі праект

У асяроддзі тых інтэлектуалаў, якія абралі для сябе беларускую ідэнтычнасць, паступова склалася пэўная гістарычная канцэпцыя. Беларусы прызнаваліся прамымі нашчадкамі полацкіх крывічоў, тэрыторыя рассялення якіх ва ўяўленнях ХІХ стагоддзя памылкова распаўсюджвалася на ўсю этнічную тэрыторыю беларусаў. Пачатак жа беларускай дзяржаўнасці звязваўся з Полацкім княствам, якое ўзнікла незалежна ад Русі і было толькі часова заваявана князем Уладзімірам. У далейшым полацкім князям, «Рагваложым унукам», нібыта ўдалося цалкам аднавіць незалежнасць.

Вакол гэтай канцэпцыі надалей і гуртаваўся беларускі нацыяналізм.

Не адчуваючы сябе, у адрозненне ад украінцаў, здольнымі змагацца з Расіяй за спадчыну Русі, нашы нацыянальныя дзеячы проста адмовіліся ад яе і засяродзіліся на барацьбе з літоўцамі за спадчыну Вялікага Княства.

Пэўныя вынікі такая стратэгія прынесла. Але фактычная адмова ад рускай спадчыны мела і шкодныя наступствы.

Удакладненне тэрыторыі рассялення крывічоў паказала, што з этнічнай тэрыторыяй беларусаў яна супадала толькі часткова. Гэтаксама і тэрыторыя Полацкага княства ніколі не ахоплівала такія беларускія рэгіёны, як Палессе, Берасцейшчына, ваколіцы Гомеля і Мсціслава. Наадварот, была відавочнай іх прыналежнасць да Рускай зямлі.

Казытлівым стала і пытанне, чаму незалежнае Полацкае княства, не з’яўляючыся часткай Рускай дзяржавы, тым не менш успрымалася як Русь. На такія нязручныя факты прыходзілася проста закрываць вочы. Што, у сваю чаргу, непазбежна адштурхоўвала ад нацыянальнай ідэі людзей, для якіх акурат рускі чыннік меў важнае значэнне.

Сёння наспеў час беларусам прыняць і засвоіць спадчыну Русі такой, як яна ёсць — сумеснай, але ў той жа час і своеасаблівай для кожнага народа-спадкаемцы.

Варта паспрабаваць здзейсніць нарэшце такі памяркоўны і ўзважаны падзел гэтай спадчыны, які б пайшоў на карысць, а не на шкоду.

Вячаслаў Насевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера