Знайсці
22.03.2019 / 20:2318РусŁacБел

У сілавых органах спеюць перастаноўкі: хто куды пойдзе і каго заменіць? Варыянты

Тое, што ў сілавых органах вельмі хутка адбудзецца ратацыя, ужо не сакрэт: пра гэта ў адкрытую гавораць унутры ведамстваў. 

З чым тое звязанае? Сакратар Рады бяспекі Станіслаў Зась мяркуе перайсці на работу ў АДКБ, яшчэ некаторыя кіраўнікі выходзяць на пенсію або цяжка хварэюць. Вынікам стане ланцуг перастановак. 

Праўда, Арменія, якая ўперлася рогам і не пагаджаецца на Зася, разлічвае пасадзіць свайго чалавека, трохі паблытала карты беларускім сілавікам — многія ўжо паспелі прымерыць чужыя пагоны і ўявіць сябе ў новых крэслах, як раптам армяне заявілі, што лічаць Зася «лабістам Азербайджана», бо пры ім Беларусь прадала Баку «Паланэзы». 

Такім чынам, вырашаная справа раптам пераўтварылася ў няпэўную, з магчымасцю перагульванняў. Дык хто тады куды? Мы склалі невялікі спіс найбольш імаверных пераемнікаў цяперашніх кіраўнікоў сілавых ведамстваў. 

Рада Бяспекі: Караеў, Арчакоў і Вакульчык

У Раду Бяспекі патрэбны такі чалавек, чыя кампетэнцыя не замыкалася б на нейкай адной сілавой спецыялізацыі: ваеннай ці спецслужбісцкай — і ў той жа час чалавек, у якога не могуць раптам разгарэцца палітычныя амбіцыі. 

З гэтай пазіцыі ідэальнай у вачах Аляксандра Лукашэнкі выглядае кандыдатура генерал-маёра Юрыя Караева, які цяпер узначальвае Унутраныя войскі МУС. 

У намесніках міністра ўнутраных спраў Караеў з 2012 года, ён прафесійны спецназавец. 

Пра тое, што Караеў пойдзе на павышэнне ў Раду бяспекі, чуткі хадзілі ўжо даўно, калі ніхто не мог прадказаць рэвалюцыю ў Арменіі і наступнае адкліканне іх прадстаўніка ў АДКБ. 

Вядома, што Юрый Хаджымуратавіч нарадзіўся ў Асеціі, а ў Беларусь трапіў пасля савецкай вучэльні. 

«Нашай Ніве» ён неяк расказваў, што ва Унутраных войсках салдатам расказваюць пра гісторыю Беларусі, яе слаўнае мінулае. 

Караеў выглядае самай моцнай кандыдатурай, але скласці яму канкурэнцыю могуць некалькі чалавек. Сярод іх цяперашні кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык. 

Вакульчык таксама мае досвед гвардзейскай службы, а не толькі спецслужбісцкай. Ён добры арганізатар, што засведчыў у новаствораных Аператыўна-аналітычным цэнтры і Следчым камітэце.

Яшчэ адным імаверным пераемнікам Зася можа выглядаць Уладзімір Арчакоў, прызначаны намеснікам кіраўніка Рады бяспекі ў лютым 2014-га. 

Уладзімір Арчакоў.

З таго часу Арчакоў даслужыўся з палкоўніка да генерала. Ён з'яўляецца адным з аўтараў прынятай нядаўна Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі. Арчакоў часта з'яўляецца ў СМІ — нядаўна ён даў доўгае інтэрв'ю для сюжэта аднаго з дзяржаўных каналаў. 

Гэты чалавек нарадзіўся ў Екацярынбургу, першую вайсковую адукацыю атрымліваў там жа. 

Па водгуках тых, хто меў з Арчаковым асабісты кантакт, гэта чалавек прарасійскіх поглядаў. 

МУС: Барсукоў, Дарошка

Пераемнікам Шуневіча можа стаць ягоны намеснік, генерал-маёр Аляксандр Барсукоў.

Барсукоў трапіў у намеснікі з пасады начальніка мінскай міліцыі, якую цяпер узначальвае Сяргей Дарашко. 

Вось гэты Дарашко таксама лічыцца моцным кандыдатам у крэсла Шуневіча. 

Раней ён быў начальнікам службы выканання пакаранняў, менавіта яму прыпісваецца ідэя стварыць у Беларусі калгасы, дзе б працавалі асуджаныя і тыя, хто выйшаў, але не знайшоў сябе. 

Унутраныя войскі: Сяргей Хаменка

У пераемнікі Караева, калі той пойдзе ў Раду бяспекі, прагназуецца Сяргей Хаменка, начальнік дэпартамента аховы.

Хаменка нарадзіўся ў Данецкай вобласці. 

КДК: Вакульчык

Калі Валерый Вакульчык не будзе прызначаны ў Раду бяспекі, то ён можа трапіць і ў Камітэт дзяржкантролю, які пакуль узначальвае немалады ўжо Леанід Анфімаў. 

Вакульчык ужо набіў сабе руку на лоўлі карупцыянераў і выяўленні злоўжыванняў дзяржаўнай маёмасцю, таму спецыфіка работы наўрад ці будзе для яго новай. 

КДБ: Паўлючэнка, Шуневіч

Узначаліць Камітэт дзяржаўнай бяспекі, калі адтуль раптам сыдзе Вакульчык, можа Андрэй Паўлючэнка, які сёння ўзначальвае самую загадкавую беларускую спецслужбу Аператыўна-аналітычны цэнтр. 

Паўлючэнка мае вялізны давер Аляксандра Лукашэнкі: ён быў начальнікам службы аховы прэзідэнта, а на мерапрыемстве ў Оперным да 100-годдзя дыпламатычнай службы, напрыклад, сядзеў побач з Віктарам Лукашэнкам, асобна ад іншых сілавікоў. 

Яшчэ адным імаверным пераемнікам Вакульчыка можа выглядаць Ігар Шуневіч, які мае досвед работы ў КДБ. 

Праўда, кажуць, што праз пэўныя абставіны, Шуневіч сам не хоча новых высокіх пасад. 

Чакаюцца змены і на чале судзейскага корпуса. Як пісаў тэлеграм-канал «Кульгавы д'ябал», чые прагнозы нярэдка спраўджваліся, Канстытуцыйны суд можа ўзначаліць Ала Бадак. А ў кіраўнікі Вярхоўнага Суда замест немаладога ўжо Валянціна Сукала могуць перасесці або генпракурор Канюк (працаваў жа ён некалі суддзёй), або старшыня Еўразійскага эканамічнага суда Аляксандр Федарцоў, або дасведчаны намеснік Сукала Калінковіч.

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера