Даслаць навіну
Знайсці
23.03.2019 / 09:36 4

Гродна, Мінск, Віцебск… 34 адрасы святкавання #БНР101 у Беларусі і за мяжой

101-я гадавіна абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі будзе адзначацца канцэртамі і культурніцкімі імпрэзамі, акцыяў пратэсту не запланавана.

Павялічыць выяву

Цэнтральны пункт: мітынг і канцэрт ля Каложы ў Гродне 23.03

У Беларусі цэнтрам святкавання гэтым разам стане Горадня — 100 гадоў таму менавіта яна была сталіцай БНР і акурат тут быў адзначаны першы Дзень Незалежнасці.

23 сакавіка ў Каложскім парку адбудзецца вялікі канцэрт, акцыя ўзгодненая з гарадскімі ўладамі. Кампанія #БНР101, якая летась ладзіла менскае «Свята Незалежнасці» каля Опернага тэатра, разглядае яго як асноўную імпрэзу.

Анансаваныя выступы Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, гуртоў Dzieciuki, «Дай дарогу» і «Крама».

Павялічыць выяву

Канцэрту будзе папярэднічаць богаслужэнне ў Каложы

Павялічыць выяву

Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій дабраславіў яго правядзенне. Яно распачнецца а 12-й гадзіне, непасрэдна перад канцэртам.

Павялічыць выяву

Пасля канцэрта пройдзе імша за Беларусь у Фарным касцёле 

Павялічыць выяву

Аднукнулася на Дзень незалежнасці і каталіцкая грамада горада. Пасля святкавання Дня Волі ў Каложскім парку пройдзе ўрачыстая імша ў Фарным касцёле Горадні. Набажэнства пачнецца а 17.30. 

Урачысты прыём у Мінску

23 сакавіка аргкамітэт святкавання гадавіны БНР арганізуе ўрачысты прыём у «Прайм-холе» гатэлю «Вікторыя». У гонар гістарычнай падзеі дасць канцэрт народны ансамбль «Тутэйшая шляхта». Запрашэнні разасланыя ад імя ганаровага старшыні Аргкамітэта акадэміка Радзіма Гарэцкага і дзейнага старшыні Міколы Купавы.

Публічная лекцыя ў парку імя Янкі Купалы

Таксама 23 сакавіка Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада» запрашае ўшанаваць памяць прэмʼер-міністра БНР і аўтара ІІІ Устаўной Граматы Антона Луцкевіча. Летась у скверы імя Янкі Купалы ў Менску быў пастаўлены памятны знак у гонар Антона і Івана Луцкевічаў — на месцы дамоў, якія належалі іхнай сямʼі. Аб 11-й гісторык Анатоль Сідарэвіч там правядзе публічную лекцыю пра іх.

Мітынг-канцэрт у Кіеўскім скверы ў Мінску 24 сакавіка

Павялічыць выяву

24 сакавіка пройдзе мітынг-канцэрт у Мінску — у Кіеўскім скверы: збор ад 12-й, пачатак канцэрту а 13-й. Арганізатарамі — палітычныя партыі. Для гэтага аб'ядналіся хрысціянскія дэмакраты, сацыял-дэмакраты, лібералы з Аб'яднанай грамадзянскай партыі і ліберальна-нацыянальны Рух за свабоду.

Запланаваныя выступы гуртоў N.R.M., KaS, «Разбітае сэрца пацана», «Няхай», «Водар» і «Дай дарогу».

«Школа БНР» у кавярні «Грай» 24 сакавіка

Павялічыць выяву

24 сакавіка ў кавярні «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33) пройдзе адукацыйна-культурная імпрэза «Школа БНР», прымеркаваная да ўгодкаў утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Уваход бясплатны, але трэба зарэгістравацца

Праграма:

15:00 Урок першы: лекцыя Сяргея Харэўскага «Віртуальны шпацыр па адрасах БНР»

16:30 Урок другі: лекцыя Андуся Унучака «Нашаніўскае адраджэнне - падмурак БНР»

18:00 Урок трэці: лекцыя Уладзіміра Ляхоўскага «Сімвалы БНР»

19:00 Урок музыкі: выступ NAKA, МУТНАЕВОКА,:B:N:

Падчас імпрэзы будуць адбывацца ўрокі малявання. Ілюстратарка Лізавета Ганчарова навучыць вас маляваць Пагоню — нацыянальны сімвал Беларусі.

Мерапрыемства бясплатнае, таму фінансава падтрымаць імпрэзу можна праз краўдфандынг.

З кветкамі да дому БНР у Мінску 25 сакавіка

Увечары 25 сакавіка шэраг апазіцыйных палітыкаў, сярод якіх Мікалай Казлоў, Віталь Рымашэўскі, Ігар Барысаў, збіраюцца прайсці ад Кастрычніцкай плошчы да дома на вуліцы Валадарскага (былая Серпухаўская), 9, дзе 25 сакавіка 1918 году была абвешчана незалежнасць БНР.

Воркшоп па маляванні «Пагоні» 23 сакавіка

23 сакавіка ў Мінску ў кавярні «На Леніна 9» пройдзе воркшоп па маляванні «Пагоні» ад мастачкі Лізаветы Ганчаровай. Падрабязнасці тут.

Адукацыйная вечарына ў гонар 101-х угодкаў стварэння БНР 25.03 

25 сакавіка ў Мінску — адукацыйная вечарына для дзетак у гонар 101-х угодкаў стварэння БНР ад адукацыйнага цэнтра «Крочым разам!». Падрабязнасці тут.

Акцыя «Вялікі супольны салют» 25.03

25 сакавіка, 21.00, любы пункт Зямлі. Прапаноўваецца самастойна набываць і запускаць святочныя феерверкі адначасова 25 сакавіка а 21-й гадзіне па беларускім часе, а затым дзяліцца фотаздымкамі і ўражаннямі ў сацыяльных сетках з хэштэгам #БНР101. Падрабязней тут.

Акцыя «Наш сцяг» 25.03

25 сакавіка, увесь дзень, любы пункт Зямлі. Прапаноўваецца вывешваць бел-чырвона-белыя сцягі на гаўбцах, у вокнах, сваіх аўто, офісах, дварах прыватных дамоў і любых іншых месцах, а таксама распавядаць гісторыі ўласных бел-чырвона-белых сцягоў у сваіх сацыяльных сетках з хэштэгам #НашСцяг. Падрабязней тут.

Святочны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча ў Віцебску 24.03

Павялічыць выяву

24 сакавіка ў Віцебску, у арт-пабе «Торвальд» (Талстога, 1) пройдзе святочны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча. Падрабязней тут.

Святочныя мерапрыемствы ў Магілёве 24.03

24 сакавіка ў Магілёве пройдзе святочнае мерапрыемства ў залі паседжанняў гасцініцы «Губернская». Падрабязней тут.

Святкаванне на сядзібе ТБМ у Русінах Баранавіцкага раёна 30.03

30 сакавіка ў вёсцы Русіны Баранавіцкага раёна пройдзе святкаванне на сядзібе ТБМ з 13-й да 16-й. Падрабязней тут.

Набажэнствы за Беларусь у Будславе 23—25.03

23—25 сакавіка ў Будслаўскім касцёле будуць маліцца за Беларусь. Расклад набажэнстваў тут.

#БНРквіз 27.03

27 сакавіка ў Мінску ладзіцца #БНРквіз — забаўляльна-лагічна-інтэлектуальная гульня. Рэгістрацыя і больш інфы тут.

Мастацкая выстава ў Бабрах (Крупскі раён) 25.03

Два дзясяткі гадоў у родным мястэчку Бобр Крупскага раёну ладзіць акцыі на Дзень Волі мастак Алесь Пушкін. Гэтым разам 25 сакавіка на цэнтральным пляцы ён арганізуе выставу апошніх працаў — будуць прэзэнтаваныя партрэты Станіслава Булак-Балаховіча і Вацлава Ластоўскага.

Павялічыць выяву

Алесь Пушкін з сваёй карцінай на плошчы ў Бабры, Дзень Волі — 2014

«Мая канцэпцыя такая: кожны актывіст — краязнаўца, літаратар, пасіянар — мусіць нешта зладзіць у цэнтры сваіх Крупак, Койданава ці Марʼінай Горкі. Выходзьце, ставайце, абірайце якую-хаця форму — канцэрт, чытаньне вершаў, кармленьне галубоў. Гэта і будзе ўнёсак у адзначэньне 101-й гадавіны нашай дзяржаўнасьці. Некалькі гадзін прысьвяціць, каб мінакі бачылі, што ёсьць такое сьвята. Мае аднавяскоўцы ўжо прызвычаіліся да штогадовых выставаў пад адкрытым небам».

Супольны забег беларусаў па ўсім свеце

4 сакавіка стартавала рэгістрацыя на «Вольны забег — 2019», які абʼядноўвае беларусаў свету з нагоды святкавання БНР-101. Арганізатары спадзяюцца, што сёлета агульнымі намаганнямі ўдасца скарыць 1000 кіламетраў.

Першы «Вольны забег» адбыўся летась: ён абʼяднаў 104 удзельнікаў з 16 краін, разам яны прабеглі 669 кіламетраў.

Каб узяць удзел у «Вольным забегу», трэба зарэгістравацца на сайце runbnr.org, прабегчы «вольную дыстанцыю» ды падзяліцца ў сацыяльных сетках фатаздымкам — зь бел-чырвона-белым сьцягам або гербам «Пагоня» і пазнакаю #belarus101run.

Асноўным днём вызначаная нядзеля 24 сакавіка — чакаецца, што менавіта ў гэты дзень да акцыі далучыцца найбольш бегуноў. Інфармацыя пра геаграфію і адоленую дыстанцыю зьявіцца непасрэдна ў дзень абвяшчэньня незалежнасьці БНР 25 сакавіка.

«Дзень Волі каля мора» 25.03

101-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьцуі БНР зьбіраюцца адзначыць у ізраільскім горадзе Ашдод на беразе Міжземнага мора. 25 сакавіка а 19-й гадзіне грамада ўскладзе кветкі да помніка Янку Купалу на скрыжаваньні вуліц Ротшыльд і Мота Гур.

Павялічыць выяву

Мэмарыяльны знак Янку Купалу ў горадзе Ашдод.

Гэтае месца становіцца традыцыйным адрасам сьвяткаваньня — імпрэза будзе ладзіцца ўжо трэці раз. Удзельнікі супольна прасьпяваюць патрыятычныя песьні і прадэклямуюць вершы.

Амбасада Беларусі ў Тэль-Авіве ня выявіла імкненьня падтрымаць Дзень Волі, усё робіцца на энтузіязьме актывістаў. 9 сакавіка, у дзень абвяшчэньня ІІ Устаўной Граматы БНР, ініцыятары акцыі зладзілі «малую акцыю» зь бел-чырвона-белым сьцягам каля Сьцяны Плачу ў Ерусаліме.

Шэсьце ў Варшаве 23.03

101-я ўгодкі абвяшчэньня БНР беларусы Польшчы заплянавалі адзначыць традыцыйным сьвяточным шэсьцем. Арганізатары заклікаюць згуртавацца ў суботу 23 сакавіка каля помніка Тадэвушу Касьцюшку на пляцы Жалезнай Брамы (Plac Żelaznej Bramy), збор а 14:00.

Маршрут шэсьця пройдзе вуліцамі Маршалкоўскай, Сьвентакшыскай і завершыцца ў Кракаўскім прадмесьці перад помнікам іншаму славутаму нараджэнцу Беларусі Адаму Міцкевічу.

«Незалежнасьць і свабода — гэта каштоўнасьці, якія яднаюць усіх нас», — галоўны лёзунг акцыі паводле арганізатараў. Адразу пасьля завяршэньня шэсця арганізатары запрашаюць на сьвяточную імпрэзу ў Беларускі дом у Варшаве (ul. Wiejska, 13-3), пачатак а 16-й.

Сяброўская сустрэча ў бары ў Варшаве 25.03

25 сакавіка запрашаюць на святочную сяброўскую сустрэчу беларусаў у бары PiwPaw Foksal у Варшаве. Падрабязней тут.

Урачыстасці ў Беластоку 24.03

24 сакавіка ў Беластоку пройдуць урачыстыя мерапрыемствы. Падрабязней тут.

Ушанаваньне памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні 23.03

Павялічыць выяву

23 сакавіка ў Вільні з ініцыятывы беларускіх арганізацыяў Літвы адбудзецца ўшанаваньне паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Збор удзельнікаў на вуліцы Сьвятога Ігната, 11 (Šv. Ignoto gatvė) а 13.30. Адтуль — шэсьце на Лукіскі пляц. Потым пройдуць круглы стол гісторыкаў, імша па-беларуску ў касьцёле сьвятога Барталямэя.

Павялічыць выяву

Дзень Волі ў Вільні — 2013.

На імпрэзу запрошаныя навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю, а другакурсьнік Мікалай, сын мастака Алеся Пушкіна, на чале калёны пранясе партрэт лідэра паўстанцаў аўтарства свайго бацькі.

Ад пачатку ў гэты ж дзень плянавалася перапахаваць удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863—64 гадоў, чые парэшткі знайшлі пазалетась на Замкавай гары. Аднак цырымонію адклалі на восень, да канчатковай працэдуры апазнаньня.

Дзень Волі на Майдане 24.03

24 сакавіка Беларускі цэнтар «Сябры», тактычная група «Беларусь» і міжнародны фонд «Валошка» адзначаць Дзень Волі ў цэнтры Кіева, на Майдане Незалежнасьці. Пра намер правесьці акцыю арганізатары паведамілі кіеўскім уладам: згодна з заканадаўствам, для масавых захадаў тут не патрэбны адмысловы дазвол. Атрымаўшы заяўку, мэрыя мусіць забясьпечыць грамадзкі парадак.

Як сказала адна з кіраўніц «Сяброў» Галіна Сарочык, плянуецца невялікі мітынг з вольным мікрафонам для віншаваньняў, а потым пераход да вуліцы Грушэўскага дзеля ўшанаваньня памяці Міхася Жызьнеўскага (забіты на Майдане гамяльчук) і ўскладаньня кветак да помніка Вячаславу Чарнаволу (трагічна загінулы лідэр Народнага руху Ўкраны).

Усеўкраінскі саюз беларусаў, які абʼядноўвае іншыя беларускія суполкі на тэрыторыі краіны і шчыльна супрацоўнічае з амбасадай, ня ладзіць акцыяў у гонар БНР. Традыцыйна Дзень Волі адзначаюць беларусы Львова і Чарнігава.

Святкаванне ў ЗША (Нью-Ёрк) 24.03 і 23.03

24 сакавіка ў нью-ёркскім раёне Бруклін (401 Atlantiс Av.) Беларуска-Амэрыканскае задзіночаньне ладзіць шэраг імпрэзаў у гонар 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Пачатак а 12.30 паводле мясцовага часу.

Павялічыць выяву

Катэдра Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку.

23 сакавіка ў Нью-Ёрку, у бары NUBLU, пройдзе святочны канцэрт. Падрабязней тут.

Святкаванне ў ЗША (Маямі) 24.03 

24 сакавіка пройдуць урачыстасці ў Маямі. Праграма святочнага мерапрыемства тут.

Святкаванне ў ЗША (Нью-Джэрсі) 24.03 

24 сакавік ў Нью-Джэрсі адзначаць Дзень Волі. Падрабязней тут.

Урачыстасці да Дня Волі ў Вялікабрытаніі 23.03

23 сакавіка ў Лондане адбудзецца святкаванне Дня Волі і ўручэнне мэдалёў Рады БНР. Падрабязней тут.

Свята Дня Волі ў Канадзе 24.03

24 сакавіка ў Таронта адзначаць Дзень Волі. У праграме — святочная імпрэза, гістарычная віктарына, пачастункі. Падрабязней тут.

Святочныя мерапрыемствы ад ЕГУ ў Вільні 22—25.03

22 і 25 сакавіка ў Вільні пройдзуць святочныя мерапрыемсты ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Падрабязней тут.

Малітва на магілах прэзідэнтаў БНР у Празе 24.03

У нядзелю 24 сакавіка ў беларускім грэка-каталіцкім душпастырстве Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы у Празе адбудзецца набажэнства.

Павялічыць выяву

Касьцёл сьвятых Кузьмы і Дзям’яна ў Празе.

А 10-й гадзіне ў царкве Святых Кузьмы і Дзямʼяна (Vyšehradská 49, Praha 2, уваход з вуліцы Na Slovanech) пройдзе Боская літургія — малебен за Бацькаўшчыну і Беларускі народ. Служыцьме а. Андрэй Абламейка.

Апоўдні будзе малітва на пражскіх Альшанскіх могілках, дзе пахаваныя два прэзідэнты Беларускай Народнай Рэспублікі — Пётра Крачэўскі (памёр у 1928 годзе) і Васіль Захарка (у 1943). Абодва па чарзе перахоўвалі ў эміграцыі мандат першага незалежнага беларускага ўрада.

5
Адвечным шляхам / адказаць
22.03.2019 / 13:21
А як жа Вольны горад Гомель? http://nashkraj.info/kudy-pajstsi-na-dzen-voli-u-gomeli/
5
Адвечным шляхам / адказаць
22.03.2019 / 13:24
А як жа Вольны горад Гомель?
http://nashkraj.info/kudy-pajstsi-na-dzen-voli-u-gomeli/
2
Зьмітрок Бядуля / адказаць
22.03.2019 / 17:37
Каму далёка ехаць у Ашдод,Сустракаемся ў Хайфе25 сакавіка ў 20:00На скрыжаваньні вуліц Хаім Вайцман і Ерушалаім
Згуртуемся, пазнаёмімся, пагутарым, пабавім час у добрай кампаніі, пасябруем, зробім карысныя кантакты!
Мой тэл. для сувязі на ўсялякі выпадак [Рэд. - выдалена] Ўацап і Тэляграм таксама

Грамада, падыміце ў топ, калі ласачка
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
май чэрвень ліпень
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30