Знайсці
20.03.2019 / 22:4411РусŁacБел

Аўтаблогер адседзеў 14 сутак ні за што, але ў выніку выйграў справу ў Вярхоўным судзе

Аўтаблогер Аляксандр Максіменя сутыкнуўся з беззаконнем наўпрост пад дзвярыма суда. Летась 28 чэрвеня спадар Аляксандр прыйшоў у суд Маскоўскага раёну сталіцы, каб падтрымаць свайго сябра, які судзіўся з ДАІ, паведамляе «Белсат».

Аляксандр Максіменя. Скрыншот: Белсат.

«Я выйшаў з суда, вось тут быў прыпаркаваны мой аўтамабіль. Мне трэба было дастаць некаторыя дакументы. Пад’ехаў сіні «Ford Transit» з цывільнымі нумарамі дзяржрэгістрацыі», — распавёў нам аўтаблогер.

Аляксандр бачыў, як той мікрааўтобус ехаў за ім па дарозе да суда і адразу западозрыў нядобрае. Ён кінуўся да будынку, за ім пагналіся людзі ў цывільным. Як выявілася пазней — гэта былі прадстаўнікі АМАПу.

«Адзін амапавец схапіў мяне за руку. Я адной рукой хацеў дастаць тэлефон, каб уключыць запіс. Другі амапавец забраў адразу тэлефон. І ўсё, яны пад рукі пацягнулі мяне ў гэны мікрааўтобус», — узгадвае Аляксандр.

Запіс тых падзеяў захаваўся на відэарэгістратары Аляксандра Максімені. Але, нягледзячы на відэазапіс, суд прыняў версію міліцыянтаў. І пакараў аўтаблогера арыштам на чатырнаццаць сутак — за непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыянтаў.

Помста міліцэйскіх чыноўнікаў?

Калі Аляксандр выйшаў з ізалятару, абскардзіў пастанову суда. Пры чарговым праглядзе запісаў з рэгістратара ён зразумеў: мікрааўтобус з амапаўцамі ў той дзень пераследаваў яго да суда Маскоўскага раёну ад самага дому.

Аўтаблогер лічыць, што стаў ахвяраю помсты з боку міліцэйскіх чыноўнікаў.

Летась узімку Аляксандра аштрафавалі за здымку размовы з начальнікам ДАІ. Мужчына змог давесці сваю правату і скасаваць штраф, дайшоўшы да Вярхоўнага Суда. Рашэнне агучылі незадоўга да ягонага затрымання ў чэрвені.

Таксама Аляксандр Максіменя дамогся ў Вярхоўным Судзе адмены пастановы пра адміністратыўны арышт.

Хаця два суды папярэдніх інстанцыяў пакідалі рашэнне ў моцы. Цяпер блогер патрабуе працягнуць разгляд ягонае справы, каб пакараць тых, хто яе сфабрыкаваў.

«Трэба давесці гэтую справу да канца, знайсці, хто гэта арганізаваў і навошта гэта ўсё», — лічыць Аляксандр.

Але дзейнічаць трэба хутка. Аляксандр можа страціць магчымасць падаць пазоў на кампенсацыю маральнае шкоды, а галоўнае — прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Юрыст Аляксей Лойка звяртае ўвагу, што Вярхоўны Суд пакуль толькі адмяніў рашэнне суда Маскоўскага раёну сталіцы. Канчатковы вынік справы будзе на новым судовым разборы.

«Я б параіў чалавеку, які апынуўся ў гэткай сітуацыі, зрабіць аўдыязапіс наступнага працэсу. І на падставе ўсіх матэрыялаў, якія ён мае задакументаваць, звярнуцца ў пракуратуру, каб яна праверыла, ці няма ў дзеяннях прадстаўнікоў АМАПу, якія давалі паказанні, адміністратыўнага правапарушэння, якое прадугледжвае адказнасць за непраўдзівае сведчанне», — раіць юрыст.

Белсат

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера