Знайсці
19.03.2019 / 11:4117РусŁacБел

Ганна Севярынец апублікавала саркастычны адказ Віктару Марціновічу: «Піша Вам настаўніца з Расон»

Віктар Марціновіч, якога люблю і паважаю, сказаў надысь у інтэрв'ю, што профільная філалагічная адукацыя патрэбная хіба толькі затым, каб выкладаць літаратуру ў Расонах. Дык я напісала яму адкрыты ліст.

Здрастуйця, Віктар Валер’евіч! Піша Вам настаўніца з Расон.

Ну, не з саміх Расон, праўда, але ўсё, што не Вільня і не Вена, гэта адны суцэльныя Расоны, ну, што я вам тлумачу, вы ж і так ведаеце. Жывем мы ў Расонах хораша. Доім каровак, камбікорм набываем оптам, кормім курачак, улетку збіраем чабор на гарбату, ўзімку пляцем з ласкуцікаў дываночкі, адзін такі сплялі і для Вас, як будзеце ў Расонах — то ён Вас тут чакае, у падаруначак.

Мы вельмі любім чытаць Вас, Віктар Валер’евіч. Прыносім на ўрокі літаратуры вашы кнігі, расказваем дзецям, які вы ў нас таленавіты і вядомы. Праўда, не ведаю цяперака, ці можна расказваць ім, што вы паходжаннем з Ашмян, бо Ашмяны тыя ж Расоны, а ў Расонах, знача, цяпер жыць сорамна.

У нас тут у Расонах, куды не кінь — адны выпускнікі філфаку. Як хто скончыць філфак — яго міталям сюды, ў Расоны. І выкладаць. Літаратуру там, мовы розныя. Нават матэматыку выпускнікі філфаку выкладаюць, і труды, і хімію. Таму дзеці ў нас як што — адразу кніжкі чытаюць. Вашыя найперш. Там у вас, у сталіцах, у падручніках адны чэрві, а ў нас тут — кніжны рай. На геаграфіі вывучаем Азёры радасці, на біялогіі — Сфагнум, а во нядаўна факультатыў увялі, пра сямейнае жыццё, яго таксама ў нас выпускнік філфаку выкладае, дык там дзеці чытаюць Ноч. Добра ідзе.

Асабліва мы радуемся, калі чытаем, што вашыя кнігі экранізуюць і ставяць па іх спектаклі. Праўда, не ў Расонах, а ў нейкіх незнаёмых нам гарадох (географ у нас, самі панімаеця, філфак скончыў), дык мы б хацелі, канешне, папасці ў тыя гарады. Нам шмат ня трэба. Кавы мы там піць не будзем, па магазінах не будзем, мы б прыехалі, паглядзелі б ваш спектакль — і дадому, у Расоны. Куды нам. Нас на філфаках во толькі такому навучылі — курачкі там, дыванкі. Ня тое журфак, Віктар Валер’евіч. Там вучаць іншаму. З журфакаў у Расоны шчэ ніводнага разу ніхто не даехаў. Усё некуды туды. Ага.

Як будзеце наступным разам даваць аўтографы — міласціва прашу вас, перадайце дзяўчынцы, што будзе стаяць да вас другой ў чарзе, што мама ў Расонах для яе варэння наварыла. А той, што будзе стаяць за ёй, скажыця, каб заехала да цёткі Насты па курачку. Праз адну шчэ будзе дзяўчынка, то мая дачушка, проста перадайця ёй прывет. У вас жа там у чарзе ўсё вучні нашы будуць стаяць, з Расон. Дык памашыця ім ручкай, Віктар Валер’евіч. Няхай не забываюцца на свае Ашмяны, то бок, цьфу ты, Расоны.

Абдымаю Вас крэпенька і цалую, дай вам божанька здароўечка. Пра дыванок не забудзьцеся. Ці вам, мо, ў Вену даслаць?

Ганна Севярынец, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера