Знайсці
18.03.2019 / 15:3154РусŁacБел

Адэпт СССР паспрабаваў «арыштаваць» беларускую пракурорку. Цяпер яму пагражае 5 гадоў калоніі

Мінчук Іван Цырульнікаў трапіў за краты пасля даволі незвычайнай гісторыі. Ён разам з паплечнікамі па фрык-суполцы прыхільнікаў СССР прыйшоў у пракуратуру і паспрабаваў там правесці «грамадзянскі арышт» пракуроркі. Але ў выніку арыштавалі самога Цырульнікава.

Хто такі Цырульнікаў?

Івану Цырульнікаву 35 гадоў, ён жыве ў Мінску. Называе сябе бізнэсменам, але яго знаёмыя кажуць, што ён «звычайны іпэшнік».

Іван Цырульнікаў са сваім сабакам

Нядаўна Іван стаў героем публікацый шэрагу выданняў. Прычынай стаў яго візіт у «Карону» з маленькім сабакам: па версіі Цырульнікава, ахоўнікі жорстка затрымалі яго на пустым месцы, а пасля міліцыя забрала ў аддзяленне і пакінула на ноч за кратамі.

Ахоўнікі крамы тлумачаць: уваход з сабакам у краму забаронены. А галоўная прычына канфлікту з Цырульнікавым — яго хамства. Маўляў, на просьбу ўзяць сабаку на рукі Цырульнікаў сказаў ахоўніку: «Ты сам такі ж, як сабака», — а пасля спрабаваў уцячы.

У выніку Цырульнікаў атрымаў штраф 45 базавых (больш за 1100 рублёў).

Але цікава нават не гэта. Цяпер Іван Цырульнікаў знаходзіцца ў СІЗА. На яго заведзена крымінальная справа. З сабакам гэта ўжо не звязана, але гісторыя яшчэ больш захапляльная: мужчына паспрабаваў правесці «грамадзянскі арышт» пракурора непасрэдна ў будынку мінскай пракуратуры.

Што Іван рабіў у пракуратуры? Прыйшоў паскардзіцца, што яму не хочуць памяняць грамадзянства ў пашпарце. Цырульнікаў прасіў, каб у беларускім пашпарце яму паставілі грамадзянства Савецкага Саюза, бо ён член «Абшчыны Белай Русі».

«Жывыя чалавекі» з Савецкага Саюза

Суполка, сябрам якой з’яўляецца Цырульнікаў, называе сябе «Абшчынай Белай Русі» ці «Земствамі Белай Русі». Падрабязней пра іх дзейнасць чытайце тут.

Калі сцісла, то актывісты «Земстваў» адмаўляюць беларускае грамадзянства і лічаць сябе грамадзянамі СССР. Рэспубліка Беларусь, на іх думку, нелегітымная дзяржава, усім кіруе Захад, і гэтак далей. Карацей, сумесь канспіралогіі, камуністычных ідэй і звычайнага вар’яцтва.

Цікава, што сябе яны называюць не грамадзянамі, а «жывымі чалавекамі». У «Земствах» нават выдаюцца адпаведныя пасведчанні.

 

Гэта нагадвае дзіцячую гульню ў дарослую ўстанову: «земствы» прыдумваюць сабе разнастайныя дакументы, пасведчанні і дамовы, якія пасля з задавальненнем «выдаюць» адно аднаму. Таксама актывісты «Земстваў» вельмі любяць прад’яўляць гэтыя самаробныя дакументы падчас візітаў у дзяржаўныя ўстановы.

Апошні такі візіт — у пракуратуру — скончыўся для аднаго з актывістаў затрыманнем.

«Працуем над вызваленнем Цырульнікава па лініі МЗС СССР»

«3 сакавіка Івана Цырульнікава скралі», — упэўнена кажа Сяргей Созінаў, адзін з прадстаўнікоў тых «Земстваў». Ён быў з Цырульнікавым падчас візіту ў пракуратуру.

Па словах Созінава, усё адбылося ў фае гарадской пракуратуры.

«Іван хацеў трапіць на прыём да пракурора горада, падаць заяву, бо яму ў пашпартным стале адмовілі выправіць дадзеныя ў пашпарце. Ён хацеў змяніць беларускае грамадзянства на грамадзянства Савецкага Саюза. РБ ж казала, што яна правапераемнік СССР. Таму МУС абавязаны выдаваць дакументы ў адпаведнасці з пасведчаннем аб нараджэнні. А там стаіць Савецкі Саюз, — тлумачыць Созінаў. — Дарэчы, усе беларускія пашпарты — падробленыя дакументы, вы не ведалі?»

Падзеі, па словах Созінава, разгортваліся наступным чынам. У фае выйшла жанчына, якая назвалася пракуроркай. Яе нібыта папрасілі паказаць дакументы, яна адмовілася. Тады, кажа Созінаў, Іван Цырульнікаў абвесціў, што «правядзе грамадзянскі арышт» жанчыны. Прасцей кажучы, затрымае яе, бо, можа, яна і не пракурорка зусім.

Але, сцвярджае Созінаў, Цырульнікаў нібыта нават не дакранаўся да «затрыманай».

Праўда, скончылася ўсё арыштам самога Івана Цырульнікава, прычым зусім не грамадзянскім. Прыехала міліцыя, Івана адвезлі ў РАУС, затым у суд. Паплечнікі кажуць, што Івану далі 15 сутак, а далейшы яго лёс яны не ведаюць.

Жонка Цырульнікава таксама падрабязнасцяў гісторыі не ведае. Як не ведае дакладна, ці была заведзеная на Івана крымінальная справа.

«Я не ведаю, што адбываецца. Калі Івана затрымалі, мяне ў Мінску не было. Ведаю толькі, што спачатку яму далі 15 сутак, а пасля працягнулі знаходжанне пад вартай яшчэ на 10 дзён, — кажа Наталля, жонка Цырульнікава. — Івану прапанавалі бясплатнага адваката, ён адмовіўся. Не ведаю чаму. А на платнага ў мяне грошай няма».

Па яе словах, яна не ведае падрабязнасцяў пра «сяброўства» мужа з «грамадзянамі СССР». Сама Наталля кажа, што не плануе мяняць грамадзянства на савецкае. А па выхадзе на свабоду Івана Цырульнікава чакае размова. «Я хачу пагаварыць з ім пра яго погляды і стаўленне да сямейных каштоўнасцяў», — кажа жанчына.

Цырульнікава знайшоў у СІЗА анархіст Мікола Дзядок. Дзядка затрымалі на некалькі дзён, і ён апынуўся з Цырульнікавым у адной камеры. Іван нібыта распавёў сукамерніку, што на яго завялі яшчэ і крымінальную справу.

Пакуль Цырульнікаў пад вартай, яго паплечнікі абмяжоўваюцца лозунгамі. У прынцыпе, гэта ўсё, што яны робяць для яго вызвалення.

«Мы як прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў СССР патрабуем сустрэчы з Цырульнікавым. Выкрадзены замежны грамадзянін! Прычым гэта звязана з яго грамадзянскай пазіцыяй!» — кажа Сяргей Созінаў.

Самога сябе Созінаў называе «консулам МЗС Савецкага Саюза». Кажа, што МЗС і консульства разбіраюцца са справай затрыманага паплечніка.

«Мы ўжо аб’явілі Цырульнікава ў міжнародны вышук. Падключаныя Інтэрпол і Суд па правах чалавека ААН. Таксама працуем над вызваленнем Цырульнікава па лініі МЗС СССР — усё ж скрадзены грамадзянін Савецкага Саюза!» — рапартуе Созінаў.

Пытанне, ці нанялі яны адваката свайму «грамадзяніну», выклікае ў «консула» шчырае здзіўленне.

«Навошта яму адвакат? Цырульнікаў знаходзіцца пад аховай Міністэрства замежных спраў Савецкага Саюза», — адказвае Сяргей Созінаў.

Тым часам Следчы камітэт пацвердзіў, што на Цырульнікава завялі крымінальную справу. Яго падазраюць у гвалце ў дачыненні да пракурорскага работніка. Але мера стрымання не прымянялася — пакуль што Цырульнікаў пад вартай, бо адбывае пакаранне па адміністратыўным артыкуле.

Па крымінальнай справе праводзіцца раследаванне, Цырульнікаву пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930