Знайсці
16.03.2019 / 09:5942РусŁacБел

Аналітык: Пасол Бабіч планамерна парыруе ўсе базавыя тэзісы Лукашэнкі

Інтэрв'ю Бабіча для агенцтва РІА Навіны «стала адказамі Крамля на аргументы Лукашэнкі, агучаныя ім 1 сакавіка падчас так званай «Вялікай размовы», — піша палітолаг Андрэй Елісееў.

На думку Елісеева, гэта «не проста адказы Бабіча на пытанні журналістаў. Гэта адказ менавіта Крамля на аргументы Лукашэнкі па тэматыцы расейска-беларускіх адносін».

«У часе «Вялікай размовы» адзін з асноўных тэзісаў Лукашэнкі, які з сямігадзіннага дзейства пракруцілі па ўсіх дзяржаўных тэлеканалах, заключаўся ў тым, што ніякага субсідавання Беларусi, з боку Расеі не адбываецца: «Спыніце нас вінаваціць у нахлебніцтве. Мы ў вас ніколі не былі нахлебнікамі і ніколі не будзем. Калі мы гэта чуем, асабліва я, не хочацца ніякіх саюзаў».

А вось вытрымка ў адказ з інтэрв'ю Бабіча: «Але калі, пачынаючы з 2000 года па 2010 год, узровень штогадовай фінансавай падтрымкі Беларусі ці выпадаючых даходаў РФ у нашых эканамічных адносінах знаходзіўся ў дыяпазоне ад сотняў мільёнаў даляраў да 2—3 мільярдаў, а цяпер гэта ўжо 5—6 мільярдаў у год, прававых і фінансавых магчымасцяў хапала, каб забяспечыць той узровень эканамічнай і прамысловай інтэграцыі, які мы маем».

Іншымі словамі, Крэмль вуснамі Бабіча парыраваў: не, баценька, вы — нахлебнікі», — піша Елісееў.

Палітолаг звяртае ўвагу, што гэта ўжо не першы выпадак, калі пасол Бабіч адказвае на асноўныя аргументы Лукашэнкі папунктава. Расейскі амбасадар, піша палітолаг, першы раз раз'юшыў Аляксандра Лукашэнку і яго асяроддзе яшчэ сваім інтэрв'ю 17 снежня 2018 года для агенцтва ТАСС.

Сутнасць снежаньскага інтэрв'ю заключалася ў адказах Крамля па ўсіх асноўных аргументаў Лукашэнкі, якія ён выкарыстаў на прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў. 

У тым снежаньскім інтэрв'ю Бабіч нагаварыў больш за ўсё нязручнага і прынцыповага для Лукашэнкі, чым яго папярэднік Сурыкаў за 12 гадоў знаходжання на пасадзе амбасадара.

Асноўныя пункты Бабіча / Крамля былі такія.

— Датацыі Беларусі з боку Расеі сёння складаюць $ 4—4,5 млрд за год. Тое, што цяпер Лукашэнка жадае па газу і нафце, — гэта дадатковыя $ 3—4 млрд штогод. Гэта дорага, і гэта запатрабуе абсалютна канкрэтных саступак: «Гэта новы эканамічны пакет … у гэтай сітуацыі аказваць падтрымку па нейкіх паняційных сыравінных мадэлях проста немагчыма». І яшчэ ясней: «рэсурс падтрымкі … у сыравінных формах датацый сябе вычарпаў».

— Увесьчасныя спасылкі на «няроўныя ўмовы», «эканамічную дыскрымінацыю» недарэчныя, «апошнім часам мы загуляліся з гэтымі словамі і пачынаем выхалошчваць сутнасць гэтага паняцця». Лукашэнку варта спыніць гэтыя маніпуляцыі на сваім, а тым больш на расійскім інфармацыйным полі: «Трэба пазбавіцца рознага роду маніпуляцый грамадскай думкай».

— Газу для Беларусі па цане для Смаленска ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза не можа быць у прынцыпе, бо «ў Расіі працуе складаная мадэль перакрыжаванага субсідавання … і вось гэтая перакрыжаваная мадэль у межах расійскага заканадаўства фарміруе цану ў Смаленску $ 70. Але гэта не значыць, што такі яго сабекошт».

— Падатковы манеўр у нафтавым сектары — «суверэннае права РФ», і абавязку кампенсаваць яго Беларусі няма. Расея мае намер кампенсаваць грошы сваім НПЗ у рамках мадэлі «адмоўнага акцыза», але да Беларусі яна аўтаматычна ўжыта быць не можа, бо ў Беларусі свае падатковыя, мытныя, тарыфныя, акцызныя правілы. Каб прэтэндаваць на мадэль для расійскіх прадпрыемстваў, Беларусі давядзецца ўніфікаваць гэтыя рэжымы (тое, што прапісана ў Дагаворы 1999 года).

— Ніякага дысбалансу ва ўзаемным гандлі ў сувязі з абмежаваннямі з боку Масквы няма: калі адняць кошт энергарэсурсаў, то экспарт з 140-мільённай Расіі ў Беларусь меншы, чым імпарт з 9,5 мільённай Беларусі: «не проста няма дысбалансу, а ёсць адмоўнае сальда для расійскіх вытворцаў».

— Нягожа беларускім чыноўнікам скажаць інфармацыю, трэба было б ім гэтага надалей не рабіць: «На саюзным Саўміне ў Брэсце з вуснаў намесніка міністра замежных спраў прагучала, што нібыта 55 беларускіх прадпрыемстваў на бягучы момант цалкам закрыты для паставак, а 18 — зачыненыя часткова … усё праверылі. Высветлілася, што ўсяго тры прадпрыемствы зачыненыя цалкам і сем — часткова».

— Праз гадоў 5—7 Расея зможа сама задаволіць свае патрэбы ў малочнай прадукцыі, і тады беларускі экспарт накрыецца: «У каго ў Расіі зможа падняцца рука на ўласнага вытворцу на карысць хай братняй, але замежнай дзяржавы?»

— Даваць беларускім прадпрыемствам доступ да рынку дзяржзакупак у рамках заказаў расейскага вайсковага ведамства не будуць: «Што тычыцца дзяржабаронзаказу, то гэта абаронены артыкул выдаткаў ва ўсім свеце … у гэтым пытанні ніякія эксперыменты не дарэчныя».

Цяпер што чакаецца ад Беларусі, дакладней, ад «гаранта незалежнасці» (як прамым тэкстам, так і паміж радкоў).

— Узгадніць з Расіяй памеры акцызаў на тытунёвую прадукцыю: «расійскі бюджэт недаатрымлівае мільёны даляраў».

— Спыніць рээкспарт заходняй санкцыйнай прадукцыі.

— Пусціць расійскі капітал у малочную прамысловасць.

— Правесці рэвізію сумесных прамысловых праектаў, бо ранейшы спіс (МАЗ / КАМАЗ ды інш.) ужо састарэў і не актуальны.

— Правесці інвентарызацыю Дамовы пра саюзную дзяржаву 1999 года і вызначыцца з дарожным планам па ўніфікацыі мытнай, падатковай, грашова-крэдытнай палітыкі, калі хочацца атрымаць значныя кампенсацыі: «трэба вызначыцца, у якой мадэлі мы развіваемся: альбо па правілах Саюзнай дзяржавы, альбо па правілах ЕАЭС».

Палітолаг падсумоўвае:

«Выходзіць, што планамернае абвяржэнне Крамлём аргументаў Лукашэнкі з праводжаных ім вялікіх прэс-канферэнцый становіцца рэгулярнай дадзенасцю. Ды яшчэ і ў перыяд прэзідэнцкай кампаніі, калі вялікія канферэнцыі і папулізм асабліва дарагія. Рэакцыя Лукашэнкі не прымусіла сябе доўга чакаць».

nn.by; фота kremlin.ru

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930