Гарбузовы кары: сытна, разнастайна і ў адной каструлі
Мне падабаецца, калі смачную сытную страву можна прыгатаваць у адным рондалі: проста закінуць туды патрэбныя інгрэдыенты, пачакаць — і насалоджвацца смакам.
Адной з такіх страў для мяне з’яўляецца кары, водар і смак якога напаўняе ўсю кухню. Не пашкадуйце для яго пасты кары і какосавага малака, каб страва мела прыемную гастрату і цікавы арыентальны прысмак.
Паста кары традыцыйны ўжываецца ў тайскай кухні. Гэтая сумесь звычайна складаецца з чырвонага гострага перцу, часнаку, цэдры кафір-лайма, галангалу, куміну і іншых спецый.
Фота minimalistbaker.com
Нам спатрэбіцца:
- 1 вялікая цыбуліна
- 2 зубчыкі часнаку
- 1 ч.л. чырвонай пасты кары
- 400 гр. гарбуза
- 3 бульбіны
- 300 гр. квяцістай капусты
- 1 слоік какосавага малака
- 1 шклянка булёну (з гароднінай ці курынага)
- 200 гр. курынага філе (можна замяніць на 200 гр. варанага нуту)
- жменя арахісу ці кеш’ю
- кінза
- алей
У рондалі ці глыбокай патэльні грэем 2 ст.л. алею. Часнок і цыбулю дробна рэжам і дадаём да алею разам з кары пастай. Даём некалькі хвілін падсмажыцца.
Наступным дадаём кавалкі курынага філе. Смажым хвілінак 7. Калі замест курыцы вы выкарыстоўваеце нут, то дадаём яго разам з агароднінай.
Гэтым часам бульбу і гарбуз наразаем кубікамі. Дадаём у рондаль бульбу, гарбуз і квяцістую капусту, наліваем какосавае малако і булён. Даём закіпець, накрываем накрыўкай і тушым хвілін 25—30 на маленькім агні.
Падаём з арэшкамі, падсмажанымі на сухой патэльні, і галінкамі кінзы. Найлепшым гарнірам тут будзе прыгатаваны рыс, напрыклад басмаці.
Смачна есці!