Знайсці
13.03.2019 / 09:4742РусŁacБел

«Я бандэраўцаў не кармлю!» — Сяржук Бахун судзіўся з работнікам кавярні ў Івацэвічах

У судзе Івацэвіцкага раёна разглядалася скарга мінскага прадпрымальніка Сержука Бахуна на работніка прыдарожнай кавярні, які адмовіўся абслугоўваць яго, называючы «бандэраўцам», піша Радыё Свабода.

Інцыдэнт адбыўся 14 студзеня, калі Сяржук Бахун разам з непаўнагадовай дачкой вяртаўся з каляднага падарожжа з Украіны. Ён спыніўся каля прыдарожнай кавярні ў Івацэвіцкім раёне, дзе і адбылася дыскусія з работнікам установы.

Пасля гэтага Сяржук Бахун звярнуўся ў міліцыю з просьбай прыцягнуць гэтага чалавека да адміністрацыйнай адказнасці. Аднак суд 12 сакавіка не выявіў доказаў правапарушэння паводле артыкула аб дробным хуліганстве.

«Я хацеў бы вярнуцца ў Савецкі Саюз»

Першым у судзе выступаў работнік кавярні. Ён растлумачыў, што яго справакаваў Сяржук Бахун.

«Я нецэнзурна не казаў. Павышаны тон быў, але абсалютна ніякае не брыдкаслоўе. Ён (Бахун) пачаў пытаць пра Савецкі Саюз, а я яму сказаў, што я хацеў бы вярнуцца ў Савецкі Саюз, калі былі заробкі аднолькавыя, вучоба бясплатная, ахова здароўя бясплатная. І перайшло гэта ў палітыку. Разумееце, пра што я кажу, што яны загуляліся ўжо. Да такой ступені загуляліся, што яны хочуць краіну разваліць, ужо яны практычна развалілі яе. Што яны хочуць?.. Дзед мой у НКВД служыў? Мой дзед ляжыць пад Кёнігсбергам. Хатынь хто спаліў? Бандэра спаліў… І я сказаў — я бандэраўцаў не кармлю, усё!» — казаў пра сваю пазіцыю работнік кавярні, які працуе кухарам.

«Валіце адсюль, хахлы, бандэраўцы»

Сяржук Бахун распавёў у судзе, што дыскусія з работнікам кавярні пачалася пасля таго, як ён пажартаваў са сваёй дачкой наконт мовы меню.

«Дачка доўга выбірала ў меню, я яе папрасіў хутчэй і пажартаваў, што можа ёй на беларускай мове трэба, каб лягчэй чытаць было. Яна нічога не паспела адказаць, як гэты мужчына кажа, што тут хутка не будзе Беларусі, а будзе СССР. Я падумаў, ён пажартаваў, і сказаў, што калі б быў СССР, то не было б і прыватнага бізнэсу, адпаведна і гэтай кавярні», — распавёў Сяржук Бахун у судзе.

Пасля гэта, кажа Бахун, ён спрабаваў спыніць гэтую размову.

«Аднак гэты мужчына спытаў, што я маўляў, хачу як ва Украіне? Я спытаў, што ён мае на ўвазе, бо мы якраз з Украіны едзем. Ён як пачуў словы, што мы з Украіны едзем, кінуў асадку аб стол і сказаў «Валіце адсюль хахлы, бандэраўцы». Я яму сказаў, навошта ён нацыянальную варажнечу распальвае, бо мы, беларусы, да ўсіх нацыяў цярпіма ставімся. А ён: «Усё, я вас не буду абслугоўваць, валіце адсюль, хахлы, бандэраўцы», — казаў Сяржук Бахун у судзе.

Спадар Бахун казаў, што спрабаваў запярэчыць на тэзу работніка кавярні пра тое, хто спаліў Хатынь.

«Казаў, што бандэраўцы Хатынь спалілі, я яму казаў, што Сцяпан Бандэра да 1944 года знаходзіўся ў нямецкім канцлагеры, а Хатынь у 1943 была спаленая, і што яшчэ савецкі суд вызначыў вінаватых у гэтай трагедыі і пакараў вінаватых», — тлумачыў у судзе Бахун

Сяржук Бахун казаў, што патрабаваў кнігу скаргаў, але, паводле яго словаў, яму яе спачатку не давалі, а калі далі, то без асадкі і ён не змог зрабіць запіс. Ужо калі прыехаў у Мінск, ён напісаў скаргі ў Івацэвіцкі райвыканкам і пракуратуру, потым — і ў міліцыю.

Рашэньне суду Бахуна не задаволіла

Івацэвіцкі суд спыніў справу аб адміністрацыйным правапарушэньні па артыкуле 17.1 КоАП Беларусі (дробнае хуліганства) за адсутнасьцю складу правапарушэння.

Сяржук Бахун кажа, што ня выключае, што будзе зьвяртацца ў міліцыю яшчэ раз, бо не згодны, што міліцыянты распачыналі справу за дробнае хуліганства, а не за абразу.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930