Знайсці
12.03.2019 / 10:5710РусŁacБел

Выбары ва Украіне: супраць Парашэнкі гуляе яго міністр унутраных спраў

Арсен Авакаў (злева) і Пятро Парашэнка.

Міністэрства ўнутраных спраў выявіла праслухоўванне Службай бяспекі Украіны будынка, дзе размяшчаецца перадвыбарны штаб Уладзіміра Зяленскага. Акрамя таго, МУС звінаваціў штаб Пятра Парашэнкі ў подкупе выбарцаў. У дадатак, шумную антыпарашэнкаўскую кампанію разгарнулі «Нацыянальныя дружыны» — праварадыкальныя групоўкі, у якія ўваходзяць шматлікія ветэраны вайны на Данбасе, у тым ліку з палка «Азоў», якія аддаўна апякаў Авакаў.

У выбарчай кампаніі міністр унутраных спраў Украіны працуе супраць уласнага прэзідэнта. Беларусам цяжка такое ўявіць: у нашай краіне міністр страціў бы сваю пасаду цягам 24 гадзін пры найменшым падазрэнні на такое. Не так ва Украіне, дзе міністраў зацвярджае Вярхоўная Рада.

Пазіцыя міністра ўнутраных спраў, якому падпарадкоўваецца вялізны апарат паліцыі, можа быць вырашальнай у краіне, дзе прававыя працэдуры дзейнічаюць не заўсёды.

55-гадовы Авакаў нарадзіўся ў Баку ў сям'і савецкага вайсковага лётчыка-армяніна і асяцінкі. А вырас ён і атрымаў пуцёўку ў жыццё ў Харкаве. Там ён займаўся бізнэсам і прыйшоў у палітыку ў часы прэм'ерства Юліі Цімашэнка. З яе партыяй «Бацькаўшчына» і звязаны быў яго ўзлёт на агульнанацыянальную палітычную арэну. Ён быў адным з галоўным каардынатараў Еўрамайдану і пасля яго перамогі стаў міністрам унутраных спраў.

Менавіта дзякуючы рускамоўнаму Авакаву Украіне ўдалося выбіць расійскіх штурмавікоў з Харкава — ключавога прамысловага і транспартнага цэнтра на ўсходзе Украіны між Данбасам і Кіевам.

Як расказаў былы дарадца Авакава Антон Герашчанка, міністр паслядоўна процістаяў спробам Пятра Парашэнкі «сканцэнтраваць усю ўладу над праваахоўнымі органамі» ў руках прэзідэнта.

Думаецца, гэта адлюстроўвае перадусім інтарэсы тых украінскіх палітычна-бізнэсовых кланаў, якія не хочуць «моцнай дзяржавы» і канцэнтрацыі ўлады ў нічыіх руках, каб нішто нават патэнцыйна не абмяжоўвала іх магчымасці нажывацца.

У часе перадвыбарчай кампаніі Авакаў гэтаксама паслядоўна заяўляе пра тое, што МУС «не дапусціць фальсіфікацыі выбараў». 

У студыі тэлеканала «1+1» быў падпісаны супольны мемарандум Юліі Цімашэнка, Анатоля Грыцэнкі ды шэрагу іншых кандыдатаў пра «недапушчэнне фальсіфікацый». Стварэнне шырокага «антыпарашэнкаўскага саюза» ў жывым эфіры канала алігарха Ігара Каламойскага, адсунутага Парашэнкам ад улады, стала, як піша партал «Украінская праўда», ідэальнай метафарай ўсёй прэзідэнцкай кампаніі.

Frontrunner-ам перадвыбарнай гонкі застаецца комік Уладзімір Зяленскі, за другое месца ў першым туры змагаюцца Пятро Парашэнка і Юлія Цімашэнка. Зяленскі працуе на канале Каламойскага, а Цімашэнка мае з Каламойскім даўнія сувязі. Калі ў другі тур выходзяць Зяленскі і Цімашэнка, гульня для Каламойскага і Авакава стане бяспройгрышнай.

Супраць Парашэнкі гуляе і Масква. Здаецца, Крамлю няважна, хто пераможа. Галоўнае, каб Парашэнка прайграў — каб паказаць украінскім палітыкам, што на правал прырэчаны кожны, хто не супрацоўнічае, не ідзе на кампрамісы з Расіяй.

Як паказвае сацыялогія, давер да ўсіх палітыкаў ва Украіне катастрафічна нізкі. Грамадзянская супольнасць Украіны аказваецца ў сітуацыі цяжкага выбару меншага зла. 

Як паказваюць апошнія апытанні грамадскай думкі, Зяленскі на сёння набірае 25% галасоў. У Цімашэнка — 18%, у Парашэнкі — 17%. Былы міністр абароны Анатоль Грыцэнка збірае 10% галасоў. Прарасійскі кандыдат Юрый Бойка — столькі ж.

Сяргей Гезгала; фота Pravda.com.ua

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера