Знайсці
10.03.2019 / 20:321РусŁacБел

Як жыве найстарэйшая жанчына Зямлі

Канэ Танака з Фукуока, Японія, была афіцыйна прызнаная кнігай рэкордаў Гінеса ў якасці найстарэйшага чалавека на Зямлі. На 9 сакавіка ёй споўнілася 116 гадоў і 66 дзён.

Канэ нарадзілася неданошанай 2 студзеня 1903 года, у тым самым годзе, калі браты Райт упершыню выпрабавалі лятальны апарат.

Канэ (першы шэраг, у цэнтры) са сваімі братамі і сёстрамі.

Сёмае дзіця Камакічы і Кумы Ота, Канэ выйшла замуж Хідэа Танака 6 студзеня 1922, праз чатыры дні пасля таго, як ёй споўнілася 19.

Хоць яны і не бачыліся да вяселля (у гэтым не было нічога незвычайнага для тагачаснай Японіі), Канэ і Хідэа займелі чацвёра сваіх дзяцей і яшчэ адно прыёмнае.

Хідэа кіраваў сямейным бізнэсам, вырабляў традыцыйныя японскія прысмакі, клейкі рыс і локшыну.

Злева стаіць Хідэа Танака, сядзіць з дзіцем на руках — Канэ.

 

Калі мужа забралі ў войска ў 1937, падчас Другой кітайска-японскай вайны, Канэ давялося і бізнэс весці, і дзяцей глядзець.

Яе старэйшы сын Набуа таксама быў прызваны ў войска ў 1943 годзе. Ён трапіў у палон, знаходзіўся ў Савецкім Саюзе і вярнуўся ў Японію ў 1947 годзе.

Цяпер Канэ жыве ў доме адпачынку ў Фукуока.

Яна звычайна прачынаецца ў 6-й раніцы, а днём часта займаецца матэматыкай або настольнымі гульнямі. У іх яна стала экспертам, часта разбіваючы ў пух і прах персанал дома адпачынку.

Падчас цырымоніі, на якой Канэ абвясцілі найстарэйшай жыхаркай Зямлі, ёй уручылі сертыфікаты і скрынку цукерак. Чэмпіёнка адразу ж адкрыла яе і пачала есці. Калі яе спыталі, колькі цукерак яна хоча з’есці сёння, яна жартам адказала: «Сто».

116-гадовая Канэ пакуль мае на шэсць гадоў меней за найстарэйшую ў гісторыі жыхарку Зямлі — францужанку Жанну Луізу Кальман, якая пражыла 122 гады 164 дні і памерла ў доме састарэлых у Арлі ў 1997.

Прэтэндэнта на званне найстарэйшага мужчыны планеты цяпер шукаюць, пасля таго, як японец Масаза Нанака памёр ва ўзросце 113 гадоў 179 дзён. Найстарэйшым у гісторыі мужчынам лічыцца таксама японец Дзіраэмон Кімура, што пражыў 116 гадоў 54 дні і памёр у 2013.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера