Знайсці
11.07.2019 / 10:53РусŁacБел

Войцех Пуслоўскі, першы капіталіст Беларусі, і яго неардынарныя дзеці

Сустрэцца з першым нашым капіталістам можна хоць заўтра, варта толькі прыехаць у Вільню і зайсці ў палац Хадкевічаў на вуліцы Вялікай (па-літоўску Didžioji, 4). Цяпер у палацы — Літоўскі мастацкі музей, сярод партрэтаў шляхты ёсць выява і Войцеха Пуслоўскага. З партрэта Валенція Ваньковіча глядзіць пажылы мужчына, хударлявы і падцягнуты, піша Аксана Данілевіч.

Войцех Пуслоўскі. Аўтар Валенцій Ваньковіч.

Пескі — радзіма Войцеха Пуслоўскага. Напалеон Орда, 1865 год.

Войцех (1762—1833) быў сынам рэчыцкага падстолія Францішка Пуслоўскага і ягонай другой жонкі Саламеі Грабоўскай.

Нарадзіўся ў маёнтку Старыя Пескі Слонімскага павета (сёння вёска Пескі ў Бярозаўскім раёне).

Каля 1799 года, маючы 37 гадоў, Войцех ажаніўся з дачкой пінскага кашталяна Францішка Друцкага-Любецкага. Гаспадарлівая, з жывым розумам і практычным складам мыслення, да таго ж прывабная і з багатым пасагам, Юзэфа стала надзейнай памочніцай мужу ва ўсіх справах. Нарадзіла яму сямёра дзяцей: дзвюх дачок (адна з іх памерла ў дзяцінстве) і пяцёра сыноў.

Каля 1799 года, маючы 37 гадоў, Войцех ажаніўся з дачкой пінскага кашталяна Францішка Друцкага-Любецкага. Гаспадарлівая, з жывым розумам і практычным складам мыслення, да таго ж прывабная і з багатым пасагам, Юзэфа стала надзейнай памочніцай мужу ва ўсіх справах. Нарадзіла яму сямёра дзяцей: дзвюх дачок (адна з іх памерла ў дзяцінстве) і пяцёра сыноў.

Авечкі, за якіх іспанцы забівалі

Першы досвед гаспадарання Войцех Пуслоўскі набыў у Слонімскай эканоміі, якую арандаваў у Агінскіх. У тых жа Агінскіх ён купіў мястэчка Хомск (цяпер у Драгічынскім раёне) і заклаў у ім суконную мануфактуру. У пачатку ХІХ стагоддзя на заходніх абшарах Расійскай імперыі працавала шмат падобных прадпрыемстваў, але менавіта Пуслоўскі паставіў на сваіх суконных фабрыках першыя паравыя рухавікі.

Для патрэб фабрык у Хомску і Косаве Пуслоўскі стаў разводзіць авечак пароды мерынос. Гэтыя авечкі меншыя за звычайных, але іхняя воўна ўдвая танчэйшая, мяккая і пры гэтым вельмі трывалая. Да таго ж, калі звычайная авечка можа даць 7 кг воўны ў год, то з мерыноса можна састрыгчы 15! У Еўропе да ХVIII стагоддзя манапалістам па развядзенні мерыносаў была Іспанія, прычым вываз авечак з гэтай краіны доўгі час караўся смерцю.

Пісьменнік Юльян Урсын Нямцэвіч, наведаўшы ў 1819 годзе фабрыку Пуслоўскага, засведчыў: гэта «найзначнейшая ў Літве суконная рукадзельня», якая дае працу больш як 300 людзям і вырабляе 1500 скруткаў сукна ў год. У 1829-м у Пецярбургу на Усерасійскай прамысловай выставе прадукцыя фабрыкі была ўганаравана малым залатым медалём.

Зарабляў як мог

Многія шляхціцы ў надзеі на аднаўленне Вялікага Княства ў 1812 годзе пайшлі ў войска Напалеона. Многія, але не Пуслоўскі. Наадварот, ён зарабляў на пастаўках для расійскай арміі. Не ісці на канфрантацыю з уладамі — першая ўмова бізнэсу.

Пуслоўскі ўмеў зарабляць. У 1805—1812 гадах ён удзельнічаў у перабудове Віленскага ўніверсітэта і дзеля гэтага пад Вільняй заснаваў цагельню (завод, дзе вырабляюць цэглу) і склады драўніны. Для патрэб студэнтаў і выкладчыкаў у Кучкурышках пад Вільняй вырабляў паперу. Папрактыкаваўшыся, адкрыў і другую — у Шылавічах пад Слонімам, на рацэ Іса. Абслугоўвалі папяровую фабрыку ў той час усяго сем чалавек. Прадпрыемства на Ісе існуе і сёння: цяпер гэта Слонімскі кардонна-папяровы завод «Альбярцін».

Пэўны час Войцех займаўся ўтрыманнем коней на паштовых станцыях. Тады гэта быў важны сродак сувязі паміж рознымі мясцовасцямі. Падарожнікі, каб паскорыць сваё перамяшчэнне па краіне, пастаянна мянялі на спецыяльных пунктах, што зваліся паштовымі станцыямі, стомленых коней на свежых — натуральна, плацячы за гэта іх гаспадарам.

Таксама Пуслоўскі зарабляў на аперацыях з нерухомасцю: танна набываў і перапрадаваў маёнткі, што знаходзіліся ў складаным становішчы.

Гаспадарчая імперыя

Дзякуючы энергіі, таленту і паслядоўнай праўладнай пазіцыі, Пуслоўскі займеў такую гаспадарку, якой не меў на Беларусі ніхто. Прадпрыемствы Пуслоўскага прыносілі пастаянны прыбытак і дазвалялі разбудоўваць гаспадарчую імперыю.

Войцех меў паўтара дзясятка маёнткаў, а ў іх — млыны, смалярні, вінакурні, бровары, вытворчасць шкіпінару і цвікоў. У Слонімскім павеце, акрамя двара ў Слоніме, яму належалі Пескі, Шылавічы, Косава, Сынковічы, Міхалін і Шулякі, у Гродзенскім — Свіслач, у Кобрынскім — Хомск, у Пінскім — Плянта, Целяханы і Кужылічын, у Троцкім — Жыжморы, у Віленскім — Кучкурышкі, а ў самой Вільні — Антокаль.

Першы на Беларусі прамысловы комплекс вырас у ягоных Шылавічах. Акрамя паперні — суконная фабрыка і чыгуналіцейны завод. З 1832 года — фабрыка дываноў (такая ж была ў Косаве).

Сваім ладам жыцця Войцех Пуслоўскі паламаў стэрэатып, што гандаль, прамысловасць і гаспадарка — не шляхецкая справа. Менавіта гаспадарка ператварыла яго ў мільянера і забяспечыла старт Войцехавым дзецям.

Набожны дзялок

Сучаснікі Пуслоўскага адзначалі яго набожнасць і здзіўляліся гэтай рысе чалавека-дзялка. На сродкі Пуслоўскага было пабудавана і адрэстаўравана каля 60 храмаў і капліц, прычым трох канфесій.

На ўласныя грошы ён штогод адпраўляў у павятовыя школы, гімназіі і ўніверсітэт некалькі хлопчыкаў са службы і беднай шляхты (пазней тое ж рабіў ягоны сын Уладзіслаў, адзін час ён аплачваў утрыманне ажно 20 навучэнцаў).

Меў Войцех Пуслоўскі і яшчэ адно захапленне — любоў да прадметаў даўніны і мастацтва. Сабраў багатую бібліятэку, якой дазваляў карыстацца сябрам. А каб сябры не забывалі, каму кнігу вяртаць, замовіў пячатку з аб’яднанымі гербамі — сваім і жонкі Юзэфы з Друцкіх-Любецкіх.

Пячатка Войцеха Пуслоўскага.

Цяпер кнігазбор Пуслоўскіх знаходзіцца ў Гродне: у 1927 годзе яго ўнучка Марта Красінская падаравала Дзяржаўнаму музею сваю бібліятэку з маёнтка ў Свіслачы — каля 10 тысяч тамоў. Сярод іх ёсць і кнігі, набытыя дзедам, хоць, праўда, працэнт іх невялікі.

Кунтушовы старац

Бібліятэка, дабрачыннасць — Пуслоўскаму важна было не толькі дасягнуць поспеху, але і прадэманстраваць яго. Таму любіў і апранацца адпаведна, статусна. Пры гэтым ніхто не мусіў забываць, што Пуслоўскі хоць і дзялок, але высакародны.

Магчыма, менавіта ўсведамленне ўласнага поспеху ўмацоўвала ў ім жаданне апранацца назнарок па-шляхецку — у жупан і кунтуш, падперазаны слуцкім поясам.

Прыгожай адзежы хацеў мець як найбольш. Казалі, што калі ў 1821 годзе Войцех выдаваў дачку Генавэфу за Рудольфа Тызенгаўза, то да вяселля справіў сабе столькі ж багатых шаўковых кунтушоў, колькі дачка сукенак. Мабыць, менавіта тады Пуслоўскага і сталі называць «кунтушовым старцам». Нават на парадным партрэце крыж расійскага ордэна Святой Ганны красуецца на старасвецкім кунтушы.

Будучы на дзяржаўнай службе, ён мог бы прызвычаіцца да расійскіх мундзіраў. Але проціпастаўляў сябе расіянам. Сваім багатым, старой моды ўборам паказваў: глядзіце, я такі ж высакародны, як вы, але я не адзін з вас. У такім выглядзе ён нават прымаў у сябе ў Міхаліне Аляксандра І, нягледзячы на тое, што мусіў вымольваць прабачэнне сыну-дуэлянту.

Альбярцін у гонар бацькі

Заснавальнік імперыі памёр 3 сакавіка 1833 года. Асноўным прадаўжальнікам яго справы стаў сын Уладзіслаў (1801—1859), які пераняў ад бацькі талент бізнэсоўца ды смеласць прамыслоўца-наватара. Ён ажаніўся са стрыечнай сястрой Генавэфай (забытае цяпер імя тады ў Беларусі было вельмі модным) і цалкам аддаўся кіраўніцтву бізнэс-імперыяй.

Флігель у Альбярціне. Фота: shutterstock, by Сhamille White.

Замест старой драўлянай сядзібы, якая згарэла неўзабаве пасля смерці Войцеха, малады Пуслоўскі пабудаваў велічны палац, флігель, стайню, аранжарэю і заклаў вялікі парк.

Палац Пуслоўскага ў Альбярціне: так ён выглядаў у 1926 годзе, а так ён выглядае цяпер.

Адразу ж, у 1833-м, у памяць бацькі ён перайменаваў мясцовасць, дзе знаходзілася сядзіба Пуслоўскіх, з Шылавічаў у Альбярцін: Адальберт (Альберт) было другім іменем святога Войцеха. Цяпер Альбярцінам завецца адзін з мікрараёнаў Слоніма, бо ўжо ў савецкія часы, у 1965 годзе, пасёлак зліўся з горадам.

Інтэр’еры палаца ў Альбярціне, 1915—1918 гады.

Вандалін, малодшы сын

Успадкаваў ад бацькі прадпрымальніцкія здольнасці і малодшы Вандалін (1814—1884). Ён па ўсім краі меў цагельні, суконныя і дывановыя фабрыкі. У Свіслачы пад Гроднам разводзіў племянных коней арабскай пароды.

Вандалін Пуслоўскі, які адбудаваў сядзібу Касцюшкі ў Мерачоўшчыне і збудаваў побач свой Косаўскі палац.

Атрымаўшы ў спадчыну Косаўскі ключ, Вандалін заклаў тут велічны палац і парк. Пляцоўкай для забудовы абраў узгорак каля сядзібнага дома ў Мерачоўшчыне, дзе ў 1746 годзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. У той час маёнтак знаходзіўся ў занядбаным стане, і Вандалін аднавіў дом Касцюшкі ды зрабіў там музей. Выявы гэтага дома друкаваліся нават на тагачасных паштоўках.

Чыноўнік, паўстанец і хімік

Зрабілі кар’еру і іншыя трое сыноў Войцеха Пуслоўскага, хоць да гаспадарчых спраў сэрца ў іх не ляжала. Старэйшы, Францішак (1800—1859), усё жыццё аддаў дзяржаўнай службе. Ён быў правадзейным стацкім саветнікам, камергерам расійскага двара, маршалкам шляхты Гродзенскага павета, потым Гродзенскай і Віленскай губерняў, пэўны час служыў пры пасольстве Расіі ў Парыжы.

Адам Ціт (1803—1854) абраў шлях вайскоўца. Ён служыў у Александрыйскім гусарскім палку расійскай арміі, у званні карнета пайшоў у адстаўку і пасяліўся ў маёнтку Плянта ў Пінскім павеце. У 1830—1831 гадах узяў удзел у паўстанні супраць царскай Расіі, сабраў уласны атрад у 1000 чалавек, а пазней узначаліў паўстанцкія атрады ўсяго Пінскага павета. У адной з бітваў аддзел Пуслоўскага быў разбіты. Сам ён, паранены, здолеў дабрацца да Валыні, адкуль выехаў на эміграцыю.

Урэшце, Францішак Ксаверы (1806—1874) набыў вядомасць як вучоны-хімік, а таксама калекцыянер ды мецэнат. У 1849-м ён выкупіў у Радзівілаў палац у Крулікарні пад Варшавай і ператварыў яго ў сваю летнюю рэзідэнцыю. Тут ён сабраў калекцыю карцін, скульптур, гравюр, абразоў, габеленаў, а таксама каштоўную бібліятэку, якую папаўняў разам з жонкай, стрыечнай сястрой Юліяй.

У 1851 годзе ён перадаў частку гаспадарчых пабудоў Крулікарні на патрэбы дзіцячага прытулку і ахвяраваў сродкі на новы будынак. Таксама перадаў вялікі надзел, каб выхаванцы маглі вучыцца земляробству і садоўніцтву. Гэтая тэрыторыя была названа па імені ахвярадаўцы — Ксавераў. Назва дажыла да нашых дзён, так называецца вуліца і частка раёна Макотаў у Варшаве.

Сумны леў пад палацам у Альбярціне чакае сваіх гаспадароў. Фота: shutterstock.сom.

Як у сям’і першага нашага капіталіста і вернага падданага цара выраслі настолькі розныя і такія яркія дзеці? Нечага яшчэ мы не ведаем пра гэтага чалавека. 

Аксана Данілевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930