Знайсці
09.03.2019 / 16:395РусŁacБел

Жонка сышла ад яго, ён паехаў разбірацца — што вядома пра трайное забойства пад Лунінцом, якое здарылася 8 сакавіка

8 сакавіка ў Лунінецкім раёне скончылася трагічна. У адной з вёсак здарылася бяда: 66-гадовы мужчына ў цешчыным доме забіў траіх чалавек, а пасля стрэліў сабе ў галаву, але застаўся жывы.

Вядома, што здарылася ўсё ў вёсцы Азярніца Лунінецкага раёна.

Чытайце таксама: Жыхар Лунінца расстраляў жонку, цешчу і швагра, а затым спрабаваў забіць сябе

Афіцыйную версію здарэння пакуль што не агучваюць. Але мясцовыя жыхары кажуць, што мужчына не быў у гасцях у цешчы, а прыехаў разабрацца з жонкай.

Забойцу завуць Васіль Ж. Яму 66 гадоў. Жыў мужчына ў Лунінцы, раней працаваў майстрам на заводзе «Палессеэлектрамаш». Там жа працавала і Галіна Б., жанчына родам з вёскі Азярніца.

У Васіля з Галінай закруціўся раман. Ажаніліся. Для Васіля гэта быў другі шлюб.

У пары нарадзіліся двое сыноў.

Пазней, за некалькі гадоў да пенсіі, Васіль звольніўся з завода, пачаў працаваць забойшчыкам скаціны. У 60 гадоў выйшаў на пенсію. Жонка таксама змяніла працу, была рабочай на хлебакамбінаце.

Васіль з Галінай жылі нармальна, кажуць іх знаёмыя, праблем з алкаголем мужчына не меў. Нярэдка прыязджалі да цешчы ў Азярніцу, вырошчвалі сёе-тое на гародзе.

Але, па чутках, апошнім часам жонка пачала здраджваць Васілю.

«Кажуць, яна здраджвала, ён ведаў. Людзі расказваюць, што перад трагедыяй яны пасварыліся, і Галіна сышла з адной сумачкай, сказала мужу, што ўсё яму пакідае і сыходзіць ад яго, — кажуць у вёсцы. — Жанчына прыехала ў Азярніцу да маці. У матчыным доме жыў і брат Галіны, 50-гадовы Міхаіл. Ён нідзе не працаваў, часам выпіваў».

Што дакладна здарылася ў вясковым доме — невядома.

Але мясцовыя кажуць, што 8 сакавіка Васіль узяў стрэльбу і паехаў у Азярніцу. Прычым машыны ў яго не было, то-бок ехаў ці то на аўтобусе, ці то на спадарожных машынах.

Прычым, у той жа дзень у вёску прыехаў сын Васіля і Галіны разам са сваёй жонкай і цешчай. Але Васіль у той час ці то яшчэ не даехаў да Азярніцы, ці то чакаў недзе, пакуль сын і сваякі з’едуць.

Увечары ў доме засталіся толькі Галіна, яе 50-гадовы брат і іх 78-гадовая маці, цешча Васіля. Той увайшоў у дом.

Кажуць, мужчына адразу застрэліў сваю жонку Галіну. Цешча паспела схапіць тэлефон і выклікаць міліцыю, але ад хвалявання пераблытала адрас, назвала не той нумар дома.

Цешчу Васіль застрэліў каля тэлефона.

Міхаіл, брат жонкі, спрабаваў збегчы, але на ганку ўпаў — Васіль стрэліў мужчыну ў спіну. Пасля падышоў і стрэліў яшчэ адзін раз, у галаву.

Пасля стрэліў у галаву сабе.

Знаёмы Васіля, які калісьці працаваў з ім на заводзе, кажа, што гэтая гісторыя — поўная нечаканасць. «Ніхто ніколі бы не падумаў, што Васіль такое зробіць», — кажа суразмоўца.

Цяпер Васіль у бальніцы пад канвоем. Ён застаўся жывы. На яго завялі крымінальную справу, высвятляюцца абставіны здарэння.

Адкуль у Васіля была незарэгістраваная зброя таксама пакуль што невядома. Але ў Азярніцы кажуць, што, нібыта брат Васіля працуе егерам, мужчына мог узяць стрэльбу ў яго.

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930