Знайсці
06.03.2019 / 15:2927РусŁacБел

Драгічынскія ўлады патлумачылі, чаму па школах раёна гастралююць псеўдаказакі з халоднай зброяй

Не прайшло яшчэ месяца з разні ў Стоўбцах, як на сайце беларускіх псеўдаказакаў kazak.by з'явілася справаздача аб дзейнасці «ваенна-патрыятычнага клуба Перасвет» у Драгічыне.

«За перыяд студзень-люты 2019 г. было прынята рашэнне правесці не менш за 10 мерапрыемстваў па ваенна-патрыятычным выхаванні вучняў Драгічынскага раёна», — пішуць яны на сваім сайце

Сутнасць мерапрыемстваў у тым, што людзі, якія называюць сябе казакамі, ездзяць па школах раёна і дэманструюць дзецям розную зброю, уцягваючы дзяцей у свой незразумелы рух.

Выступленне ў адной са школ Драгічынскага раёна, фота kazak.by

Кіраўнік драгічынскага «Перасвета» Цімафей Клімчук ніякага дачынення да казацтва не мае — гэта былы выкладчык матэматыкі і інфарматыкі. У нейкі момант апрануў на сябе камуфляж, а на галаву — папаху, і сышоў з работы ў гістарычным музеі.

Клімчук не хавае таго, што ён — сябра арганізацыі «Казацкі спас».

Выступленне ў адной са школ Драгічынскага раёна, фота kazak.by

«Казацкі спас» вызнае расійскую імперскую ідэалогію. Гэтыя людзі вядомыя сваімі правакацыямі, напрыклад, з расійскім імперскім сцягам у Сапоцкіне, калі давялося апраўдвацца пагранічнікам і праваслаўнаму святару. 

«Казацкі спас» падчас хроснага ходу ў Сапоцкіне з расійскімі імперскімі сцягамі і гербам Расійскай імперыі

Актывістаў «Казацкага спасу» адхілілі ад заняткаў з дзецьмі ў шэрагу «ваенна-патрыятычных» клубаў на Гродзеншчыне пасля таго, як стала зразумела, якому канкрэтна патрыятызму яны вучаць падлеткаў (пераважна — з цяжкіх сем'яў). 

Чытайце таксама: «Воіны Хрыста»: як асобныя святары і афіцэры на Гродзеншчыне рыхтуюць салдатаў «рускага свету»

Чаму такія гастролі па школах яшчэ засталіся на Брэстчыне?

Пра гэта «Наша Ніва» спытала ў начальніцы аддзела ідэалогіі Драгічынскага райвыканкама Іны Праневіч. Па яе словах, сустрэчы праводзіліся ў рамках патрыятычнага выхавання.

«Яны [«казакі»] паказваюць валоданне шабляй, але дзецям не даюць карыстацца макетамі. Атрыбутыку — шапкі — узялі, каб было зразумела, прычым тут шабля. Калі б яны проста ў вайсковай форме, то гэта было б нікуды не варта.

Яны супрацоўнічаць з камісіяй па справах непаўналетніх, часта бяруць у паходы дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы», — тлумачыць Праневіч.

Фота kazak.by

Чыноўніца двойчы падкрэсліла, што Клімчук — псеўдаказак. 

«Ён не казак, не-не, гэта правераны чалавек! Ён педагог па адукацыі, доўга працуе ў сістэме. Гэта не той чалавек, які будзе з імперскімі замашкамі… Разумееце, тут згуртаванне маладых людзей. Па патрыятычнай лініі — догляд помнікаў, пахаванняў. Ніякім чынам не праскоквае ні расійская, ці тым больш казацкая тэматыка», — даводзіць Іна Праневіч.

Па яе словах, у «Перасвеце» удзельнічае да 12 дзяцей.

Клімчук ў камуфляжы справа, фота kazak.by

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера