Знайсці
06.03.2019 / 12:119РусŁacБел

Толькі не нажы і не патэльні! Жанчыны расказваюць, якія падарункі на 8 Сакавіка ім падабаюцца, а якія — не

Напярэдадні свята «Наша Ніна» вырашыла спрасціць жыццё тым, хто ламае галаву над тым, што падарыць, і запытала ў саміх жанчын, якія падарункі яны не (!) чакаюць.

Ганна Бонд, тэлевядоўца:

«Самы жудасны падарунак — гэта крэм, на якім напісаны ўзрост. Ведаеце, прадаецца такі ў крамах: 35+, 50+. Я наогул не разумею, як сёння можна абмяжоўвацца нейкім стандартным наборам падарункаў. Якая касметыка? Якія «рафаэлкі»? Сёння столькі магчымасцяў для творчасці, для самарэалізацыі. Падарыце сваёй каханай сертыфікат у моташколу!

Сабе ж я хачу ў падарунак добры дарагі прас.

Проста мне ўпрыгожанні, кветкі дораць часта і без нагоды. А простым жанчынам я хачу пажадаць веснавога настрою, прыгажосці, дабрыні. Хаця прэзідэнт і сказаў, што мужыкоў нармальных няма, але я думаю, што калі жанчыны будуць квітнець, то і мужчыны з’явяцца сапраўдныя, і падарункі прыемныя.

І яшчэ адна парада для тых, хто не ведае, што падарыць. Цюльпаны цяпер, што прадаюць на вуліцы, каштуюць 90 капеек за адзін, у скрыні — 300 штук. Падарыце вы сваёй жанчыне скрыню цюльпанаў! Яна заставіць імі палову кватэры, і свята запомніцца».

Ірына Рубцэвіч, дырэктарка гімназіі № 1 Ліды:

«Матэрыяльны складнік падарунка — апошняе, на што я буду звяртаць увагу. Для мяне нашмат важней, якія словы скажа чалавек пры гэтым. Адносіны, шчырасць і ўвага — вось што самае каштоўнае ў падарунку. А самымі непажаданымі рэчамі я б назвала нажы, люстэрка — тое, што лічыцца непрымальным у якасці падарунка. Бяспройгрышны варыянт — кветкі.

Мой муж ведае, што я люблю незвычайныя кветкі, палявыя, тыя, якія не купіш у кожнай краме. І на свята ён абавязкова дорыць мне такія букеты».

Ганна Севярынец, настаўніца, літаратуразнаўца:

«Мне падаецца, што любы падарунак — асалода. Мне аднойчы — праўда, не на 8 Сакавіка — сусед падараваў машыну гною. Во падарунак быў дык падарунак!

Кацярына Хольцапфель-Варажун, беларуска, якая жыве ў Аўстрыі:

«Я не святкую такія святы. Кожны дзень мы павінны нешта рабіць, гаварыць, каб людзі вакол адчувалі павагу, дабрыню, радасць. Адно слова часам можа падтрымаць, даць надзею, веру.

Я хачу, каб людзям і мне было радасна, каб не толькі Возера радасці было, але моры, акіяны.

Праўда, муж сказаў, што павіншуе мяне са святам скрыняй з апельсінамі, замовіў пяць кілаграмаў у Іспаніі. Так што ў мяне будзе сваё апельсінавае Возера радасці». 

Наста Дашкевіч, грамадская дзяячка:

«Даўно я на 8 Сакавіка не атрымоўвала падарункаў. З год гэтак 10—12. Я спакойна стаўлюся да гэтага свята і да падарункаў на яго.

Па мне, хай штодня святкуюць 8 Сакавіка: і тыя, для каго гэта свята вясны, і тыя, хто змагаецца за жаночыя правы. Абы ўсім было хораша!»

Марына Паповіч, журналістка:

«Самы жудасны падарунак — гэта патэльня. Не так даўно спрачалася з сяброўкай, якая пахвалілася, што ёй муж на свята падарыў патэльню-грыль.

Але гэта жудасць, а не падарунак! Рэч, якой будзе карыстацца ўся сям’я. Сяброўка пакрыўдзілася, але я лічу, што падарунак павінен быць толькі для цябе адной».

Святлана Клімовіч, у дэкрэтным адпачынку:

«Самы горшы падарунак, які толькі можна сабе ўявіць, гэта калі муж скажа: «Я дару табе сябе». Лепш бы ўжо шампунь падарыў.

А самы лепшы падарунак — гэта ўражанні. Мужчыны, дарыце жанчынам конныя прагулкі, палёты на паветраным шары, падарожжа для дваіх. Усё тое, што зробіць яе дзень незабыўным».

Наталля Смірнова, менеджарка кампаніі «Фармлэнд»:

«Аднойчы ў інтэрнэце я ўбачыла падарунак, ад якога мне фізічна стала блага. Гэта кансервы такога ружовага «жаночага» колеру, у якія запакаваныя шкарпэткі.

Мне шкада той жанчыны, якая атрымае такі падарунак на 8 Сакавіка. Горш ужо дакладна не прыдумаеш. Мне здаецца, што бяспройгрышны падарунак — гэта кветкі. Вясной жа так хочацца прыгажосці!»

Лізавета Калюцік, спецыялістка па маркетынгу сеткі крамаў касметыкі і парфумы «Зорка»:

«Як па мне, то горшага падарунка за мультыварку цяжка прыдумаць. Ды і наогул, калі разабрацца, то ўсе падарункі, якія намякаюць на тое, што месца жанчыны на кухні, вельмі сумнеўныя.

Для мяне найлепшы падарунак той, што дазваляе падкрэсліць прыгажосць: парфума, памада, дарагая касметыка. Калі не ведаеце, што падарыць, дарыце сертыфікаты. Жанчына сама вырашыць, што ёй трэба. Толькі тут, галоўнае, не памыліцца з крамай».

Таццяна Кандыбовіч, маркетолаг нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж»:

«Найгоршы падарунак — гэта сертыфікат у краму бытавой хіміі. Таксама згодная з тымі дзяўчатамі, якія казалі пра тое, што прылады для кухні — дрэнны падарунак.

Што тычыцца асабіста мяне, то дрэнных падарункаў не атрымлівала, бо цягам года намякаю, што б хацела атрымаць».

Аксана Бацьё, цырульніца:

«Не бывае няўдалых падарункаў. Любы знак увагі — гэта прыемна. Я разумею, як цяжка дагадзіць жанчыне, выбраць падарунак самому, не пытаючыся ў сваёй каханай, як цяжка зрабіць сюрпрыз.

Таму нават калі гэта нешта «не моднае», «не таго колеру», «мне гэтага не трэба», усё адно парадуюся. Бо падарунак выбіралі для мяне».

Аляксандра Вярбоўская, смм-спецыялістка:

«Вагі! Ніколі не дарыце вагаў!»

Наталля Тур, фота з архіва гераінь 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930