Знайсці
05.03.2019 / 12:266РусŁacБел

Віктар Марціновіч: Нацыяналісты болей не патрэбныя

«Шчырая размова» — фармат, які адрозніваецца ад колішніх олдскульных прэс-канферэнцый прыкладна гэтаксама, як фудблогер адрозніваецца ад Лары Кінга.

У Расіі гэты фармат выкарыстоўваецца не для таго, каб Пуцін сказаў нешта істотнае, а менавіта для таго, каб ён нечага не сказаў. У моманты, калі казаць асабліва няма пра што, добрых навін няма. Сімуляцыя працуе ідэальна: калі на фоне процьмы балючых праблем запусціць у вялікую залу табар шчаслівых дзядзечак у пінжаках, якія ўнутрана свецяцца сваім дзяржаўным дабрабытам, нават два праблемныя пытанні ад «ворагаў» агульны настрой не зменяць. Тым болей калі рабіць гэта з размахам, з жывымі ўключэннямі з Мурманска, Калугі і Уладзівастока, з грамадзянамі, якія сікаюцца ад шчасця, што зараз скажуць нешта Уладзіміру Уладзіміравічу. Краіна прасякаецца адчуваннем дабрабыту і стабільнасці. Ва ўсякім разе тыя яе месцы, што знаходзяцца ў радыусе 3-х метраў ад уключаных тэлевізараў.

Папярэднія беларускія «размовы» цалкам укладаліся ў фармат: сутнасна журналістам не было пра што распавядаць пасля.

Але гэтым разам праз сустрэчу быў распаўсюджаны яўны і просты мэсідж: згортванне беларусізацыі.

На маю думку, гэтая тэза была не толькі асноўнай, але і адзінай выразна артыкуляванай. Беларускі ўніверсітэт не патрэбны, у Курапатах ляжаць, магчыма, ахвяры нацыстаў, рэстарацыя ў Курапатах не парушае закона, у ёй можна памянуць забітых, а «белыя крыжы» могуць прыбраць.

Але галоўнае — яўны і просты адказ на пытанне пра Дзень Волі. Арганізатары шырокага святкавання 100-годдзя БНР былі ўпэўненыя, што сабатаж правядзення свята ў гэтым годзе на стадыёне «Дынама» — вынік баязлівасці чыноўнікаў. Выявілася, рашэнне прынятае на самым версе. Лукашэнка сказаў: на Бангалор.

І не трэба падманвацца, як гэта паспелі зрабіць некаторыя аглядальнікі. Маўляў, прэзідэнт не сказаў «не», ён сказаў «не цяпер». Ён не меў на ўвазе, што ён супраць універсітэта, БНР і беларускай мовы, ён меў на ўвазе, што з гэтым не трэба спяшацца, а дзейнічаць варта ціхенька, павольна, крок за крокам. Дык вось, як на мяне, больш яўнай і грубай адмовы, чым у пятніцу, выказаць немагчыма. Вас не адклалі на паслязаўтра. Вас паслалі, прабачце, на Бангалор. У беларускай палітычнай культуры гэта адна з самых крыўдных форм указання на месца. Як заўважыў іншы аглядальнік, Лукашэнка, разважаючы пра Пазняка, мову і БНР, нарэшце паказаў сябе такім, якім мы ўсе яго добра ведаем, без грыму і прыдумак дарадцаў з еўрапейскага вектара.

Бангалору, які наступіў у Беларусі, ёсць два магчымыя тлумачэнні.

Тлумачэнне першае: Аляксандр Рыгоравіч выдатна разумее, што, калі дапусціць шырокае святкаванне 101-годдзя БНР на стадыёне «Дынама» ў перадвыбарны год з нявырашанымі пытаннямі на знешнім кірунку, можа адбыцца якая-небудзь непрадугледжаная арганізатарамі неспадзяванка. Тут дастаткова тузіна раздзетых па пояс «нацыяналістаў», якія на тэлекамеры пазігуюць і пакрычаць што-небудзь дрэннае пра славянскіх братоў. А пасля сядуць у тыя ж мікрааўтобусы, на якіх прыехалі тэлекамеры, і знікнуць у невядомым напрамку. І ўсё, глеба для ратавання братоў на тэрыторыі суседняй Беларусі створаная, можна рыхтаваць ваеннае ўмяшальніцтва.

Ды і наогул: Кісялёву і Незыгару мусіць быць вельмі прыемна, што «на Беларусі» «папрыціскалі» нарэшце «нацыяналістаў». Ці не для таго ўсё рабілася?

Другая прычына можа быць выключна ўнутранай: у выбарчы год трэба прыбраць людзей з вуліц і прымусіць забыцца пра тое, што плошчы і стадыёны ў прынцыпе прыдатныя для вялікіх грамадскіх акцый ці палітызаваных святаў.

У сувязі з гэтым у 2019-м я вангую рэзкае абвастрэнне праблем з арганізацыяй канцэртаў на адкрытым паветры, усіх гэтых святаў ежы і добрай музыкі. Людзі мусяць сядзець дома і рыхтавацца да галасавання, няма чаго ім рабіць перад сцэнай у самым цэнтры горада, за тры крокі ад працоўнай рэзідэнцыі прэзідэнта, тым больш разагрэтымі алкаголем і басамі з калонак.

Збольшага ўсіх тых, хто шчыра тапіў за беларусізацыю, за нацыянальную адукацыю ўнутры краіны, за мову і культуру, чарговым разам скарысталі. Былі да часу — далі крыху свабоды. Прыйшліся не ў тэму — абазначылі маршрут на Бангалор. Што рабіць? Жыць далей.

Я ж упэўнены, што арганізатары святкавання БНР гэта рабілі не таму, што гэта можна. І агулам вельмі верна напісаў Зміцер Дашкевіч у сваім ФБ пра справы Божыя і справы людскія: «Трэба рабіць тое, што правільна і што ў тваёй моцы. Над тым жа, што не ў тваёй моцы, ёсць Каму чуваць».

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930