Знайсці
03.03.2019 / 09:3511РусŁacБел

Алена Ланская: «Я не хачу засноўваць сваю творчасць на лжэраманах і гнацца за лайкамі з праглядамі» 

Мы хацелі задаць заслужанай артыстцы Беларусі Алене Ланской шмат пытанняў: і пра стан беларускага шоу-бізнэсу, і пра дасягненні прадзюсерскага цэнтра «Спамаш» за 15 гадоў, і пра яе выступ на канцэрце ў гонар 100-годдзя ВЛКСМ, і пра тэарэтычную магчымасць ўдзелу ў святкаванні «БНР-101», і пра той самы здымак, дзе яна стаіць разам са сваякамі Аляксандра Лукашэнкі… Але на пытанні спявачка пагадзілася адказваць толькі пісьмова, таму мела права выбару. У выніку выйшла інтэрв'ю пра кар'еру і творчасць, трохі пра «Еўрабачанне». А яшчэ пра коцікаў.

Алена Ланская.

«НН»: Давайце адразу пачнём з адбору на «Еўрабачанне», дзе вы ў гэтым годзе былi адной з членаў фокус-групы праслухоўвання. Як вы лічыце, ці правільна, што адбіраць прадстаўніка краіны ў гэтым годзе дазволена толькі членам журы?

Алёна Ланская: Кожная краіна-ўдзельніца ўводзіць уласныя ўмовы адбору. У гэтым годзе кіраўніцтвам прынята рашэнне, што вызначаць пераможцу будуць толькі сябры журы. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з досведам папярэдніх адбораў, калі некаторыя канкурсанты арганізоўвалі сабе галасаванне гледачоў.

«НН»: У афіцыйнай суполцы «Еўрабачанне-2019» у апытанцы «Ці задаволеныя вы фіналістамі» 60 адсоткаў людзей прагаласавалі за варыянт «не». А вы задаволеныя? Ці ёсць у нас з кімсьці з гэтых людзей шанец на выхад у фінал «Еўрабачання»?

АЛ: Заўсёды ёсць дзве пазіцыі ацэнкі творчасці. Большасць людзей ацэньваюць музыку на эмацыйным узроўні: падабаецца ці не падабаецца. Ёсць яшчэ прафесійны пункт гледжання. Таму цалкам лагічна, што хтосьці задаволены, а хтосьці не. Я лічу, што ў гэтым годзе члены фокус-групы адбору ацэньвалі выканаўцаў максімальна аб'ектыўна, строга і цвяроза, зыходзячы з таго матэрыялу, які быў прадстаўлены.

Алена Ланская сама два гады запар спрабавала прабіцца на «Еўрабачанне». У 2012-м годзе яна перамагла ў нацыянальным адборы, але потым высветлілася, што галасаванне было купленае. У выніку прадстаўляць Беларусь паехаў гурт Litesound. У наступным годзе спявачка паспрабавала свае сілы ў нацыянальным адборы наноў: на «Еўрабачанні» спявачка заняла 16-е месца.

«НН»: Каго з фіналістаў вы асабіста можаце адзначыць?

АЛ: Мне вельмі спадабалася Зэна. Я ведаю яе яшчэ да ўдзелу ў новай «Фабрыцы зорак», калі яна была Зінай Купрыяновіч. Яна брала ўдзел у нашым сумесным з Настассяй Ціхановіч канцэртным туры «Пра галоўнае». Ужо тады было бачна, што гэта вельмі таленавітая дзяўчынка. Як цяпер памятаю, у перапынках паміж выступамі яна за кулісамі рабіла ўрокі, ёй даводзілася сумяшчаць навучанне ў школе з канцэртнай дзейнасцю. Зэна вельмі яркая і свабодная. Падчас выступу на адборы адчувалася, што яна разумее свой музычны матэрыял, напісаны Юліяй Кірэевай: гэта яе роднае.

А яшчэ мяне ўразіў Эмануэль Імагбе. У яго яркі вакал, зачаравальная энергетыка. Літаральна з першых трох фраз ён зачапіў публіку. Я лічу, яго музычны матэрыял цалкам зразумелы еўрапейскай публіцы. Думаю, яго б маглі ацаніць.

Вядома, шмат хто кажа, што краіну на конкурсе павінны рэпрэзентаваць толькі беларусы. Пагаджуся. Але калі не працуюць нашы звыклыя шляху выбару прадстаўнікоў на «Еўрабачанне», чаму б не паспрабаваць кардынальна змяніць падыход да гэтага конкурсу?

Трэба эксперыментаваць, бо гэта ў першую чаргу шоу. Перамагаюць смелыя артысты, якія гатовыя рызыкаваць.

«НН»: На каго вы самі арыентуецеся ў эстраднай музыцы? На якіх зорак і артыстаў (як мінімум, бачыла, што вам блізкае тое, як выглядае сёння Джэй Ло)?

АЛ: Я слухаю музыку розных стыляў, пастаянна адкрываю для сябе новыя імёны. Я не перастаю дзівіцца, наколькі творчая фантазія шматгранная. З апошняга, што мяне зацікавіла: музычны праект «Lo moon», Jordan Rakie, Isaac Nightingale, Claire Laffut.

«НН»: Патрыятычны кліп на беларускай мове «Куточак Беларусі» быў прэзентаваны восенню, на сёння на ютубе яго паглядзелі крыху больш за 150 тысяч разоў. Ці задаволеныя вы такімі лічбамі для 10-мільённай Беларусі?

АЛ: Нехта можа сказаць, што гэта мала, для кагосьці гэта шмат. Цяпер публіка вельмі разбэшчаная колькасцю відэакантэнту, музыкі.

На жаль, у сучасным свеце ўсё, што створана з дапамогай цёмнага боку свядомасці, прыцягвае больш увагі, чым светлае, добрае і шчырае. Я не хачу засноўваць сваю творчасць на «правілах шоу-бізнэсу»: штучна падаграваць да сябе інтарэс, ствараць лжэраманы, як робяць расійскія калегі, накручваць прагляды і займацца псеўдапіярам. У жыцці і так хапае хлусні і прычын для расстройстваў.

А мастацтва павінна натхняць чалавека, казаць пра добрае і вечнае.

Кожная кампазіцыя ў маім рэпертуары — гэта частка мяне, маёй душы. Я шчырая, я адкрытая свайму гледачу. Я не баюся прызнацца ў тым, што не ідэальная. Я не заўсёды пазітыўная. Бываюць сітуацыі, калі знаходзішся ў стрэсе, трэба яму даваць рады. Як і ўсе людзі, я сутыкаюся з такімі праблемамі.

Мне не цікава гнацца за праглядамі і лайкамі, значна важней, каб мае працы знаходзілі водгук у сэрцах слухачоў.

«НН»: Ці пазнаюць вас увогуле на вуліцах? Просяць аўтограф?

АЛ: Так, пазнаюць. Зусім нядаўна пасля чарговага канцэрта я заехала ў адзін з гандлёвых цэнтраў у Мінску. Пакуль выбірала падарункі, пачула за спінай: «Алена, гэта вы?» З тымі хлопцамі мы зрабілі некалькі сэлфi.

«НН»: Наколькі беларускія эстрадныя артысты здольныя самастойна праехацца з турам па Беларусі і сабраць поўныя залы, без загону гледачоў?

АЛ: Становішча цяпер вельмі складанае. Асноўная крыніца даходаў артыстаў (менавіта тых артыстаў, якія жывуць і працуюць у Беларусі) — гэта выступы на прыватных мерапрыемствах, карпаратывах. Што тычыцца канцэртаў, сітуацыя няпростая. Сярэдні кошт квітка, які рэальна могуць купіць людзі — 10—15 рублёў. Чысты прыбытак ад такіх канцэртаў невялікі. Але сапраўдны артыст заўсёды працуе для гледача. І гэта галоўнае.

АЛ: Як пажываюць вашы коткі Еўлампія і Маня? У вас дома толькі яны? Вас працягваюць даставаць пытаннем: калі вы зменіце іх на дзяцей і мужа?

АЛ: Мае кошкі — зоркі інтэрнэту. У іх нават ёсць фанаты, якія пільна сочаць за іх жыццём. Яшчэ ў дзяцінстве ў нашай сям'і жыла котка, якая пражыла з намі 17 гадоў, таму ў мяне з ранняга ўзросту паважлівае стаўленне да жывёл.

Па магчымасці я заўсёды імкнуся дапамагаць братам нашым меншым. Супрацоўнічаю з валанцёрамі, прыстройваю бяздомных.

Нядаўна вярталася з канцэрта, і на адной з заправак да маіх ног кінуўся кот. Я яго забрала, і дзякуючы маім падпісчыкам мы знайшлі яму новую сям'ю.

Мне здаецца, сёння ў Беларусі пытанне па абароне бяздомных жывёл стаіць вельмі востра. Вядома, можна прааналізаваць досвед іншых краін, пераняць нейкія важныя нормы. Напрыклад, увесці абавязковае чыпаванне. Але гэта толькі частковы выхад з сітуацыі. Рэч у тым, што многія ставяцца да жывёл грэбліва, як да неадушаўлёных прадметаў (набываюць жывёл выключна для бізнэсу, напрыклад).

Усё часцей можна прачытаць навіны, як дзесьці з акна выкінулі сабаку, павесілі… Становіцца жудасна і страшна! У галаву прыходзіць толькі адно: большасць серыйных забойцаў пачыналі менавіта з жывёл.

Мне здаецца гэтыя пытанні і праблемы значна важнейшыя за развагі на тэму, чаму ў маім доме жывуць коткі, і ці толькі яны.

«НН»: Пасля здымак у «Мухтары» ці плануюцца нейкія новыя акцёрскія амплуа?

АЛ: Гэта быў мой першы досвед здымак у кіно, я толькі пачынаю пазнаваць гэты шлях. Пасля завяршэння здымак мяне доўга не адпускала ўся гэтая гісторыя: роля была вельмі складанай, бо я грала артыстку цырка, якая трагічна загінула падчас выступу. У бліжэйшы час серыя павінна выйсці на тэлебачанні.

«НН»: У пачатку творчага шляху, каб трапіць у «Спамаш», вы скінулі лішнюю вагу, а на што ніколі не пайшлі б дзеля кар’еры?

АЛ: Я са звычайнай сярэднестатыстычнай беларускай сям'і, дзе на стале заўсёды былі дранікі, смажаная бульбачка, бліны, запяканкі, пюрэ. Была звычайнай дзяўчынай, якая ўсім цікавілася, наведвала гурток батанікі, вучылася вязаць кручком і пруткамі. Кожнае лета бавіла ў вёсцы.

Алена в детстве. Фото: 24smi.org.

15 гадоў таму, калі я прыехала ў Мінск, была пухлячкай. І мне сказалі: «Так, у вас ёсць талент, але вам не перашкодзіла б звярнуць увагу на сваю фігуру». Прафесія артыста, вядома, не зводзіцца толькі да знешніх дадзеных, але трэба ўмець трымаць сябе ў руках.

Каб скінуць вагу, я выкарыстоўвала кетадыету, а потым глабальна перагледзела свой рацыён. На дадзены момант ужо год не ем мяса. Лічу, што гэта прадукт з адмоўным энергетычным індэксам.

У цэлым я худнела не дзеля кар'еры, я так выхоўвала ў сабе волю і характар. Дзеля кар'еры я гатовая працаваць, эксперыментаваць, вучыцца. Але ніколі не гатовая паступацца маральнымі прынцыпамі, пераступаць праз людзей, падманваць, здзяйсняць подлыя ўчынкі. Я лічу, што самае галоўнае — заўсёды заставацца чалавекам і пры гэтым не здраджваць сабе.

«НН»: Якіх музычных навін бліжэйшым часам ад вас чакаць?

АЛ: Нядаўна выйшла мая новая песня «У мяне ёсць ты» (другая назва «Мужчына майго жыцця»). Тэкст там даволі шчыры, а Ланская ў гэтым материале ўжо крыху іншая: праяўляе сваю жаноцкасць. Мне было дзіка прыемна пасупрацоўнічаць з маскоўскім аўтарам Марыяй Крыловай, якая і напісала дадзеную кампазіцыю.

Так складваецца жыццё, што жанчына адказвае за нараджэнне і выхаванне дзяцей, камфорт, утульнасць, гармонію. А на плячах мужчыны ляжыць адказнасць за сваё гняздо. У жаночых вобразах мужчына павінен быць Героем, скалой, за якой можна схавацца, бо яна бярэ ўсе ўдары на сябе. Але якім бы моцным ні быў мужчына, трэба не забываць своечасова казаць «дзякуй» за яго старанні. Гэтая песня свайго роду падзяка ад усіх дзяўчат, жанчын, маці, жонак нашым мужчынам за іх цярпенне, каханне і ўчынкі.

Яшчэ некалькі пытанняў, якія мы адрасавалі артыстцы, але яны засталіся без увагі:

  • Як вы думаеце, чаму з прадзюсерскім цэнтрам «Спамаш», які працуе ўжо 15 год, такая сітуацыя? У мінулым годзе цэнтр разжыўся новым будынкам, там ёсць заняткі для дзетак, студыя, якую «адзначылі музыкі з Rammstein», але, калі выйсці на вуліцы і паказаць фоткі выхаванцаў вашага цэнтра, даць паслухаць іх песні мінакам, ніхто не назаве ніводнага імя з гэтай беларускай фабрыкі зорак…
  • Калі зноў згадваць кліп «Куточак Беларусі», ён здымаўся ў бацькоўскім доме Аляксандра Лукашэнкі ў Александрыі. Наколькі вы знаходзіцеся ў блізкіх адносінах з Лукашэнкам (пасля скандалаў, звязаных з Еўрафэстам-2012, ён вас падтрымліваў і заклікаў перад вамі выбачыцца, вы ёсць з яго сям’ёй на супольных фотаздымках)? 

  • Шмат шуму ў сацсетках нарабіў ваш супольны фотаздымак з цешчай Лукашэнкі. Як і калі быў зроблены той фотаздымак — раскажыце пра гісторыю яго стварэння?

  • У мінулым годзе вы выступалі на канцэрце, прысвечаным стагоддзю ВЛКСМ. Што для вас СССР і камсамол? Ці ёсць у вашым родзе раскулачаныя ці рэпрэсаваныя сваякі?

  • У гэтым годзе будуць святкавацца 101-я ўгодкі БНР, калі арганізатары запрасілі б вас праспяваць «Куточак Беларусі» на мерапрыемстве, пагадзіліся б?

Гутарыла Каця Карпіцкая, фота прадастаўлена артысткай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера