Знайсці
03.03.2019 / 13:574РусŁacБел

Пяць серыялаў, якія варта глядзець у сакавіку

Найлепшыя шматсерыйныя стужкі, якія варта ўбачыць у першым месяцы вясны. У нашым спісе будуць як прэм’еры, гэтак і серыялы, якія вяртаюцца ў эфір пасля перапынку.

«Амерыканскія багі» (American Gods)

Фэнтэзі, драма. 2-і сезон, ЗША

Серыял зняты па культавай кнізе брытанскага фантаста Ніла Геймана. Вы думаеце багі вечныя? Яны не паміраюць, не жывуць у жабрацтве, не вымушаныя працаваць прастытуткамі і таксістамі, каб зарабіць на жыццё? Багі жывуць роўна да той пары, пакуль пра іх помняць людзі. Чарнабог, у серыяле, відаць, зборны вобраз славянскіх бостваў, працуе ў Чыкага мясніком, і адзіная ягоная забава — згуляць з кімсьці вечарам у шашкі на жыцці.

Стары прайдоха містар Серада (ён жа Одзін) збірае багоў мінулага (усе яны трапілі ў ЗША з мігрантамі з самых розных куткоў свету), каб сысціся ў апошняй бітве супраць багоў сучаснасці — інтэрнэту, супермаркетаў, шоу-бізнэсу. Дапамагчы ў гэтым яму мусіць былы вязень Цень Мун, які зусім нядаўна страціў жонку.

«Амерыканскія багі» — гэта сапраўдны постмадэрнізм. Падчас яго прагляду вам час ад часу давядзецца зазірнуць у Вікіпедыю, каб прачытаць пра афрыканскіх і ірландскіх бостваў. Ад «Амерыканскіх багоў» вы павінны атрымаць сапраўднае інтэлектуальнае задавальненне.

«Мільярды» (Billions)

Драма. 4-ы сезон, ЗША

Федэральны пракурор Нью-Ёрка Чак Роадс гатовы паставіць на карту абсалютна ўсё — сям’ю, каханне, грошы, кар’еры, — абы пасадзіць у турму мільярдэра Бобі Аксельрода. Асаблівую пікантнасць сітуацыі дадае тое, што жонка Чака працуе псіхолагам на кантору Бобі.

«Мільярды» з тых серыялаў, дзе няма і не можа быць станоўчых персанажаў. Так, Чак Роадс разумее, што Аксельрод — злодзей, што ягоныя грошы несумленныя, але і ён сам, каб дабіцца свайго, гатовы пераступаць праз усе маральныя прынцыпы і ўстаноўкі.

«Добрая барацьба» (The Good Fight)

Юрыдычная драма. 3-і сезон, ЗША

Дзіяна Локхарт (вы гэтую актрысу можаце памятаць па «Тэорыі вялікага выбуху» ў ролі мамы Леанарда) — паспяховы чыкагскі юрыст. Адзінае, пра што яна марыць, — гэта выйсці на пенсію ды весці спакойнае жыццё. Яна сыходзіць з фірмы, у якую ўклала ўсе свае сілы. Толькі вось аказваецца, што ўсе яе грошы знікаюць у фінансавай пірамідзе, у якую яна ўклалася па парадзе свайго добрага сябра.

У выніку Дзіяна ледзь не аказваецца ля разбітага карыта. Толькі адна юрыдычная фірма згаджаецца ёй дапамагчы з працаўладкаванне. Цікава, што ў памочніках Дзіяны — дачка таго самага дзялка, які прафукаў яе грошы. «Добрая барацьба» цікавая выдатнай ігрой жаночых персанажаў.

«Удава» (The Widow)

Драма, прыгоды. 1-ы сезон, Вялікабрытанія

А цяпер некалькі словаў пра прэм’еры сакавіка. Муж Джорджыі Уэлс некалькі гадоў таму загінуў у авіякатастрофе. Удава змірылася са смерцю свайго абранніка, але потым яна дазнаецца, што муж жывы. Пасля гэтага Джорджыя страчвае ўсялякі спакой. У пошуках мужа яна накіроўваецца ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга — адно з самых небяспечных месцаў гэтага свету.

Галоўную ролю ў фільме выканае папулярная брытанская акцёрка Кейт Бекінсэйл, яна вядомая выкананнем галоўнай жаночай ролі ў «Ван Хельсінгу», таксама яна здымалася ў стужках «Пёрл-Харбар», «Авіятар» і многіх іншых.

«Сёння апакаліпсіс» (Now Apocalypse)

Камедыя. 1-ы сезон, ЗША

Можна сказаць, што ўсю сваю кар’еру рэжысёр Грэг Аракі здымае фільмы пра псіхалогію падлеткаў. Адна з апошніх ягоных прэм’ераў, якая нарабіла шмат шуму, серыял пра дзяўчынку-суіцыдніцу «Трынаццаць прычын чаму».

На гэты раз у фільме будзе шмат наркотыкаў, сэксу, прыгодаў. Галоўны герой Уліс, які шукае сябе ў гэтым свеце, проста заблытаўся, ён не разумее, ці не стаў ужываць занадта шмат «травы», ці не стаў сведкам брыдкай змовы. І ўсё гэта адбываецца на фоне сонечнага Лос-Анджэлеса.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера