Знайсці
20.02.2019 / 16:4213РусŁacБел

Lenta.ru: На аб'яднанне з Беларуссю змарнаваныя мільярды, але выніку няма

Сёлета Саюзнай дзяржаве Расіі і Беларусі спаўняецца 20 гадоў. Расійскае выданне Lenta.ru высвятляла, на якім этапе знаходзіцца сёння працэс інтэграцыі і колькі гэта каштуе расійскім плацельшчыкам падаткаў.

Фота: president.gov.by.

Папулярны рэсурс адзначае, што Саюзная дзяржава (СД) Расіі і Беларусі да апошняга часу заставалася выключна дэкаратыўным утварэннем. Яна існавала як бы незалежна ад рэальных узаемаадносін дзвюх дзяржаў. Аднак усё змянілася з сярэдзіны мінулага года, калі Расія пачала так званы падатковы манеўр.

«Адначасова Уладзімір Пуцін у якасці ўмовы далейшай эканамічнай дапамогі намякнуў на паглыбленне інтэграцыі з Беларуссю па лініі той самай дэкаратыўнай Саюзнай дзяржавы»,

— піша Lenta.ru.

Той фармат інтэграцыі, цікавасць да якога праяўлялі абедзве краіны ў 1999 годзе, ужо да сярэдзіны 2000-х страціў актуальнасць.

Сайт піша, што палітычная інтэграцыя краін так і засталася на ўзроўні дэкларацыі 1999 года, калі Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісвалі дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

«Адзіны парламент, урад, суд, грамадзянства і гэтак далей рэальна не існуюць. Саюзная дзяржава — а дакладней, яе апарат — ператварылася ў ідэальную структуру, адзінай мэтай якой з'яўляецца падтрыманне ўласнага існавання»,

— піша расійскі журналіст.

Lenta.ru адзначае, што на падтрыманне работы саюзнай бюракратыі марнуецца прыкладна 80% бюджэту СД (большую частку якога аплачвае Расія).

У якасці прыкладу абсурднасці гэтага бюджэту выданне прыводзіць праграму СД «па падтрымцы інавацыйнага развіцця вытворчасці бульбы і тапінамбура». Для яе выканання на 2013-2016 гады ў саюзны бюджэт заклалі больш за сем мільярдаў расійскіх рублёў (па цяперашнім курсе гэта больш за 100 мільёнаў даляраў).

Тапінамбур. Фота: pixabay.

«Дзіўна, але нягледзячы на важнасць праблемы і актуальнасць пастаўленых задач, мільярды, што выдзяляюцца, так і не былі да канца асвоены. Паводле справаздач за 2017 год, сродкі на стварэнне інавацыйнага тапінамбура зрасходаваны толькі на 65%»,

— піша Lenta.ru.

Цалкам натуральна, што неэфектыўны фармат інтэграцыі Беларусі і Расіі не атрымаў асаблівай папулярнасці на постсавецкай прасторы.

У 2018 годзе Масква пачала рэвізію адносін з Беларуссю ў рамках Саюзнай дзяржавы, лічыць выданне. І ўбачанае, відавочна, расчаравала прадстаўнікоў расійскага боку.

«У той час як з Кітаем Лукашэнка адкрывае тэхнапаркі, а з ЗША, падобна, абмяркоўвае правядзенне ваенных вучэнняў, Расіі ён прапануе вырошчваць інавацыйную бульбу, кошт якой робіць гэту прапанову проста непрыстойнай»

— робіць выснову папулярны расійскі сайт.

ММ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера